Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сянкевіч Генрык

Шрифт:

— Цырк згарэў увесь, таксама акружаючыя яго дамы й крамы, — інфармаваў Юній. — Авентын і Цэліус у вагні. Полымя, ахапіўшы Палатын, перакінулася на Карыны… Тут Юній, які на Карынах меў стройную інсулю, перапоўненую мастацтвам, якім любаваўся, схапіў у шчопці дробнага пылу і, пасыпаўшы ім голаў, пачаў енчыць роспачным голасам. Вініць скалатнуў яго за плячо.

— І мой дом на Карынах, — кажа. — Дык калі гіне ўсё, хай гіне й ён.

Але, прыгадаўшы сабе, што Лігія магла скарыстаць з ягонай прапановы і перанесціся да Аўлаў, спытаў: — А Вікус Патрыцыюс?

— У вагні! — адказаў Юній.

— А Затыбра?

Юній з подзівам паглядзеў на яго.

— Хрэн з ім! — кажа, сціскаючы збялелую галаву.

— Мне даражэйшае Затыбра, чым твой цэлы Рым! — адазваўся гвалтоўна Вініць.

— Дык туды дабярэшся хіба праз віа-Портуэнсіс, бо вобак Авентыну жага цябе ўдушыць… Затыбра?.. Не ведаю. Агонь не мог туды шчэ хіба перакінуцца, але ці ў гэтым моманце яго там няма, ведаюць адны багі… Тут Юній на хвіліну сумеўся, пасля кажа прыцішным голасам: — Ты ж мяне не звядзеш хіба, дык скажу табе, гэта не абы-які пажар.

Цырку ратаваць не дазволена… Я сам чуў… Як дамы пачалі кругом агнём займацца, тысячы галасоў гарланіла: «Смерць ратаўнікам!» Нейкія спагудныя людзі бягуць праз горад і шпурляюць у дамы жмакі вагню… З другога боку

народ бурыцца і крычыць, што горад гарыць па загаду. Нічога больш не скажу. Гора цэламу месту, гора нам усім, гора і мне! Што там чаўпецца, таго людскою моваю выказаць нельга. Народ гарыць у вагні або мардуецца ўзаемна ў суталоцы… Гэта канец Рыму!..

Ды зноў бедаваў: «Гора! Канец гораду і нам!»

Вініць сеў зноў на каня і шмыгануў далей Апійскаю дарогаю. Але тут ужо была не язда, тут трэ было прапіхвацца праз раку людзей і вазоў, што плыла з места. Горад бачыў Вініць, як на далоні, быў абняты морам агню… Ад полымя і дыму біла страшэнная жага, а людскі вераск не мог заглушыць шуму і гуку полымя.

XLIII

Чым болей Вініць збліжаўся да места, тым болей паказвалася, што лягчэй было прыехаць у Рым, чым дастацца ў ягоную сярэдзіну. Праз Апійскую дарогу трэ было праціскацца з пакутаю, такі быў натаўп людзей. Поле, дамы, магільнікі, агароды і святыні наабапал дарогі ператварыліся ў табарышчы. У святыні Марса, тут жа, ля Порта Апія, натаўп адбіў дзверы, шукаючы прытулішча для начлегу. На магільніках загаспадаравана большыя грабавікі, і то часамі з крывавым боем і сваркамі. Выгляд Устрынума быў толькі слабым наўзорам таго, што рабілася пад самым горадам. На права, на ўладу, на сужэнства, ветлівасць, павагу і розніцу стану — ніхто і вухам не вёў. Нявольнікі дубасілі кіямі грамадзян. Гладыятары, набраўшыся разрабаванага ў Эмпорыюме віна, збіраліся ў грамады, перабягалі з дзікім крыкам прыдарожныя пляцы, разганялі людзей, дратавалі, абдзіралі. Мноства выстаўленых на продаж барбараў паўцякала з гандлёвых будаў. Пажэжа і загуба гораду была для іх канцом няволі і гадзінаю помсты, вось жа, калі сталыя жыхары, трацячы маёмасць, выцягалі да багоў рукі ў роспачы, молячы ратунку, яны з выццём радасці буянілі, сцягаючы з людзей вопратку і хапаючы маладзіц. Лучыліся з імі нявольнікі, служба, валацугі, не маючыя нічагутка на целе апрача ваўнянае апоны на бёдрах, злыдні з завулачных начных нораў, не спатыканыя сярод белага дня, існавання якіх цяжка было і дадумацца ў Рыме. Гэты натаўп азіятаў, афрыканаў, грэкаў, тракаў, германаў і брытанаў галёкаў усімі мовамі, дзікі й разбуяны, шалеў, адплачваючы так сабе за даўгагадовае бяздолле. Сярод гэнай расхваляванай людской сумятні ў бляску дня й пажогі мігацелі каскі прэторыянаў, пад апеку якіх тулілася спакайнейшае мяшчанства і якія ў многіх мясцох мусілі ўступным боем разганяць азвярэлы зброд. Вініць бачыў не раз у жыцці штурмаваныя гарады, але вочы ягоныя ніколі яшчэ не бачылі такога відовішча, дзе б роспач, слёзы, боль, енк, дзікая радасць, шалёнасць, закатнасць і разнузданасць змяшаліся разам у такі страшэнны хаос. А над гэнай абязглузджанай шалёнай людской масай гудзеў пажар, гарэў на ўзгорках найбольшы й найпрыгажэйшы ў свеце горад, ахінаючы суталаку сваім вагністым подыхам, дымнаю затхай ды закрываючы блакітнае неба. Малады трыбун з найбольшай натугай ды небяспекай жыцця дабраўся ўрэшце да Апійскай брамы, але тутака ўбачыў, што праз квартал Порта Капэна не толькі не магчыме прапхацца ў горад з-за натаўпу, але й з-за страшэннае жагі, ад якое тут жа за брамаю аж дрыжала паветра, прытым мост пры Порта Трыгенія, насупраць святыні Бонэ Дэа, шчэ не існаваў, і хто хацеў прабрацца за Тыбар, трэ было дабірацца аж да мосту Субліцыя, гэта значыць, праехаць каля Авентыну, праз частку гораду, залітую адным морам полымя. Гэта было зусім немагчыма. Вініць сцяміў, што мусіціме вярнуцца да Устрынума, там звярнуць з Апійскай дарогі, пераправіцца цераз рэчку ніжэй гораду і выехаць на віа-Портуэнсіс, якая вяла проста на Затыбра. І гэта не было лёгка зза сумятні, штораз большае на Апійскай дарозе. Трэба прабіваць сабе дарогу хіба мячом, а Вініць не меў зброі, бо выехаў з Анцыюма так, як вестка застала яго ў вілле цэзара. Але вось пры ручаі Мэркура злавіў вокам знаёмага цэнтурыёна прэторыянаў, які з колькідзесяццю людзьмі пільнаваў святыні, і загадаў яму ехаць за сабою, а той, пазнаўшы трыбуна і аўгустыяніна, не смеў спрачацца.

Вініць сам пачаў камандаваць аддзелам і, адлажыўшы на хвіліну навуку Паўла пра міласць бліжняга, пёр і расцінаў перад сабою натаўп з хуткасцю смерцяноснаю для многіх, хто ў пару не паспяваў даць дарогу. Кідалі ім наўздагон камення і праклёны, але ён не зважаў на гэта, жадаючы хутчэй выдабыцца на вольнае мейсца. Аднак жа льго было прабірацца ўперад толькі з вялікаю натугаю.

Людзі, якія разлажылі ўжо табар, не хацелі ваяком саступаць з дарогі, крычма клянучы цэзара і прэторыянаў. У некаторых мяйсцох грозна супраціўляліся. Да Вініціевых вушэй даходзілі крыкі, якія абвінавачвалі Нэрона за падпал Рыму. Адкрыта пагражалі смерцю яму і Папеі. Вокрыкі: «Sannio!», «Нistriо!» [58] , «Маткабойца!» — разлягаліся навокал. Некаторыя крычма дамагаліся ўтапіць яго ў Тыбры, іншыя раўлі, што Рым даволі ўжо цярпеў. Было відавочным, што тыя прыгрозы могуць змяніцца ў адкрыты бунт, які мог разгарэцца ў гэты момант, абы толькі знайшоўся праваднік. Прымеж таго, азвярэласць роспачнае масы спаганяна была на прэторыянах, якія і таму шчэ не маглі выдабыцца з ціжбы, што загрувашчана была кучамі рэчаў, у спешцы вынесеных з пажару: скрыні, бочкі з емінай, даражэйшае знадоб’е, дзіцячыя калыскі, пасцель, вазы і ручныя ношы. Сям-там давялося распраўляцца зброяй, але прэторыяне лёгка давалі раду безабароннаму натоўпу. Перацяўшы з цяжкасцю ўпоперак дарогу — Лацінскую, Нуміцыйскую, Ардэйскую, Лювінійскую і Остыйскую, — акружаючы віллы, сады, магільнікі й святыні, Вініць у канцы даехаў да мястэчка Вікус Аляксандра, за якім пераправіўся праз Тыбр. Было там ужо свабадней і менш дыму. Ад уцякаючых, якіх тут было нямала, даведаўся, што некаторыя толькі завулкі Затыбра гараць, але пэўна не ацалее нічога ад агню, бо нейкія людзі знарок падкладаюць агонь ды не дазваляюць тушыць, крычачы, што робяць гэта па загаду. Малады трыбун не сумняваўся, што гэта цэзар іставетна загадаў падпаліць Рым, і помста, якой заклікалі на яго пагарэлыя, была рэчаю слушнаю і справядліваю. Што ж горшае мог зрабіць для Рыму Мітрыдат або іншы які ягоны найзаўзятшы вораг? Мера была перабраная, шалёнасць сталася занадта вялікай, а людское жыццё занадта немагчымым. Вініць верыў таксама, што прыйшла пара на Нэрона, што гэныя румовішчы няшчаснага места павінны ды мусяцімуць прываліць агіднага блазна разам з ягонымі ўсімі злачынствамі. Калі б знайшоўся адважны павадыр на чале збалелае адчайнае народнае

масы, магло б гэта стацца ў працягу некалькіх гадзін.

58

«Блазан!», «Актор!» (лац.).

Адчайныя і мсцівыя думкі абселі, як вараннё, голаў Вініція. Ну, а каб гэта яму спрабаваць? Род Вініціяў, які аж да апошняга часу меў шэрагі консулаў, даволі знаны быў у Рыме. Народу патрэбнае толькі прозвішча. Адыж раз ужо ледзь не дайшло да бунту за кару смерці чатырохсот нявольнікаў прэфекта Пэданія Сэкунда, а што ж было б сяння, падчас найбольшае злыбяды, перавышаючае амаль усе, якія Рым на працягу васьмі вякоў перажываў? Хто возьме пад зброю квірытаў, думаў Вініць, той бессумніўна зваліць Нэрона і сам убярэцца ў пурпуру. Дык чаму б яму гэтага не даканаць? Быў дужэйшым, бадзёршым ды малодшым за іншых аўгустыянаў… Нэрон меў пад загадам, праўда, трыццаць легіёнаў, раскватараваных на рубяжох дзяржавы, але ці ж і гэныя легіі ды іхнія правадыры не ўзбурацца на вестку аб спаленым Рыме і ягоных святынях?.. А тады ён, Вініць, стаўся б цэзарам. Адыж хадзіў у сваім часе сярод аўгустыянаў пошапт, быццам нейкі вяшчун варажыў пурпуру Атону. Чым жа ён горшы? Можа, і Хрыстус памог бы яму сваёю Боскаю магутнасцю? Можа, гэта ад Яго натхненне? «О, каб так сталася!» — гаварыў у душы Вініць. Адпомсціў бы тады Нэрону за небяспеку Лігіі і за сваю згрызоту, уладзіў бы панаванне справядлівасці і праўды, пашырыў бы Хрыстову навуку ад Еўфрату аж да ймглістых берагоў Брытаніі, а і Лігію прыадзеў бы ў пурпуру, зрабіў бы яе валадаркаю зямлі.

Але думкі гэныя, выбухнуўшыя з ягонай галавы, бы сноп іскраў з палаючага дому, так і загаслі хутка, як тыя іскры. Перад усім трэ было як найхутчэй Лігію ратаваць. Прыглядаўся цяпер бядзе зблізку, дык зноў апанавала яго трывога, а бачачы мора вагню й дыму, бачачы страшэнную рэчаіснасць, тая надзея, што Пётр выратуе Лігію, замерла зусім у ягоным сэрцы. Роспач агарнула яго зноў, дык, выкараскаўшыся на віа-Портуэнсіс, вядучую проста на Затыбра, апамятаўся аж у браме, дзе пачуў тое самае, што казалі яму ўцекачы: большая частка таго кварталу не была абнята яшчэ пажарам, хоць агонь у некалькіх мяйсцох перакінуўся ўжо за рэчку.

Затыбра, аднак, было поўнае дыму і ўцякаючага народу, праз які цяжэй было пралезці ў глыбіню, бо людзі, маючы больш часу, выносілі й ратавалі больш маёмасці. Галоўная Партовая дарога была ў многіх пунктах зусім ёю завалена, а каля Наўмахіі Аўгуста высіліся аж цэлыя стосы. Цяснейшыя завулкі, у якіх тоўпіўся гусцейшы дым, былі проста недаступныя. Жыхары ўцякалі адтуль тысячамі. Вініць спатыкаў па дарозе страшэнныя эпізоды.

Не раз дзве людскія ракі, плывучыя з процілеглых бакоў, спаткаўшыся ў цесным праходзе, напіралі адна на другую і змагаліся з сабою назабой. Людзі біліся й талачылі адны другіх. Сем’і ў сумятні губляліся, маткі роспачна заклікалі дзяцей, Вініцію валасы ўставалі на ўспамін, што мусіла дзеецца бліжэй агню. Сярод вераску і суталакі цяжка было чаго дапытацца або допыты зразумець. Час ад часу каціліся новыя хвалі дыму з-за ракі, чорнага і так цяжкага, поўзаючага па зямлі, закрываючага дамы, людзей і ўсю рухлядзь так, як закрывае цёмная ноч. Але вецер, выкліканы пажарам, развяваў яго, і тады Вініць мог прабірацца далей да завулку, на якім стаяў дом Ліна. Гарачыня ліпнёвага дня, уздвоеная жагою ад пажару, сталася невыноснаю. Дым выгрызаў вочы, у грудзёх займала дух. Нат і тыя жыхары, якія не спадзяваліся, што пажар перабярэцца цераз раку, ды сядзелі дагэтуль у дамох, пачалі ўцякаць, і сумятня пабольшвалася з кожнай часінай. Вініціевы прэторыяне засталіся ззаду. У натоўпе нехта параніў молатам яму каня, які пачаў кідацца з закрываўленым лбом, станавіцца дуба й наравіцца. Пазналі па багатай вопратцы аўгустыяніна, і зараз жа пачалі разлягацца крыкі: «Смерць Нэрону й ягоным падпалячом!»

І вось прыйшла хвіліна грознае небяспекі, сотні кулакоў паднялося супраць Вініція, але спуджаны конь вынес яго, драсуючы людзей, а хутка нахлынула новая хваля чорнага дыму, ахінаючы цемраю вуліцу. Вініць бачыць, што не праедзе, дык саскочыў з каня і пабег пехатою, туляючыся каля сцен ды ўстрымоўваючыся, каб уцякаючы натоўп яго мінаў. У душу лезла думка, што гэныя натугі дарэмныя, Лігіі можа ўжо ў горадзе й няма, магла таксама ўцячы: лягчэй было знайсці шпільку на беразе мора, чым яе ў гэнай суталацы й хаосе. Намагаўся, аднак, хоць бы за цану жыцця дабрацца да дома Ліна. Сюд-тут затрымоўваўся і праціраў вочы. Адарваўшы рог тунікі, засланяў сабе нос і вусны ды бег далей. Чым больш набліжаўся да ракі, тым страшней узмагалася гарачыня. Вініць, ведаючы, што пажар заняўся ля Вялікага Цырку, думаў спачатку, жага тая б’е ад ягонага папялішча ды ад Форум Боарыюм і ад Вэлябрума. Гарачыня станавілася ўсё больш невыноснай. Нейкі ўцякач, апошні, якога Вініць згледзеў, стары, на мыліцах, крыкнуў: «Не падыходзь да мосту Цэста! Уся атока ў вагні!» Сітуацыя рабілася безнадзейнай. На закруце да Вікус Юдаэарум, на якім стаяў дом Ліна, малады трыбун дагледзеў у хмары дыму полымя: гарэла не толькі атока, але й Затыбра, а прынамсі другі канец вулачкі, дзе жыла Лігія.

Вініць, аднак, памятаў, што дом Ліна быў у садочку, за якім ад боку Тыбру было невялічкае незабудаванае поле. Гэная згадка прыдала яму льгі.

Агонь мог затрымацца на пустой прасторы. Гэная надзея гнала яго далей, хоць кожны подых ветру прыносіў ужо не толькі дым, але тысячы іскраў, якія маглі ўзнавіць пажар з другога канца завулка і загарадзіць паварот.

Урэшце, аднак, дагледзеў праз дымную хмару цыпрысы ў агародзе Ліна.

Дамы за недабудаваным полем гарэлі ўжо, бы кастры дроў, але малая інсуля Лінава стаяла шчэ некранутай. Вініць глянуў з удзячнасцю ў неба і лучыў да яе праз гарачую задуху. Дзверы былі прычынены, піхануў іх і ўскочыў у сярэдзіну. У садку не было жывое душы, і дом выглядаў быццам зусім парожны.

— Можа, памерлі ад дыму й жагі, — падумаў Вініць. І пачаў клікаць: — Лігія! Лігія!

Маўчанне. Толькі гук далёкага вагню чуцён быў у цішы.

— Лігія!

Раптам чуе той жудасны рык, які чуў ужо раз у гэным садку. На недалёкай атоцы загарэўся, няйначай, віварыюм ля святыні Эскулапа, у якім усялякая зверына пачала з перапуду выць. Вініція праняла жудасць. Другі вось ужо раз, калі цалкам гарэў думкаю пра Лігію, адзываўся гэны злавесны рык, моў спагудная варажба.

Але гэта было кароткае мігавое ўражанне, бо страшнейшы ад звярынага рыку гук пажару выклікаў іншую думку: Лігія не адгукнулася, праўда, але магла быць у загрожаным будынку абамлелая або прыдушаная дымам. Вініць ускочыў у сярэдзіну дому. У малым атрыюме была пустата й цемра ад дыму. Шукаючы вобмацкам дзвярэй да кубікулаў, прыкмеціў мігатлівую лямпачку і, падыйшоўшы, бачыць лярарыюм, у якім замест ляраў быў крыж. Пад тым крыжам палаў святлічок. Праз голаў маладога катэхумена маланкаю прабегла думка, што гэны крыж ссылае яму той светачык, з якім магчыме знайсці Лігію, дык узяў яго ды пачаў шукаць кубікулаў. Знайшоўшы адно, адсунуў заслону — няма нікога.

Поделиться с друзьями: