Quo Vadis
Шрифт:
Вініць быў пэўны, што гэта быў кубікулюм Лігіі, бо на сценах вісела ейная вопратка, на ложку ляжаў капітыюм [59] . Вініць схапіў яго, пацалаваў і, закінуўшы на плечы, пайшоў далей шукаць. Дамок быў малы, дык хутка перагледзеў усе каморы, а нат і падзямелле. Нідзе нікога ані духу. Было аж надта відавочным, што Лігія, Лін і Урсус разам з іншымі мяшчанамі гэнага кварталу мусілі ўцякаць ад пажару. «Трэ шукаць іх у натоўпе, за брамамі гораду», — праімчалася праз голаў Вініцію.
59
Самая сподняя кашуля, якую жанчыны насілі на голым целе (заўвага аўтара).
Не здзівіла яго надта тое, што не спаткаў іх на віа-Портуэнсіс,
Час было сапраўды яму ўцякаць, ратавацца, бо хваля агню шугала з боку атокі штораз бліжэй, а клубы дыму амаль зусім прысланілі завулак. Святлік, з якім рабіў пошукі ў доме, згас ад прахвату паветра. Вініць, выскачыўшы на вуліцу, бег прытка цяперака да віа-Портуэнсіс, у той самы бок, адкуль прыйшоў, а пажар, казаў бы, даганяў яго сваім агністым подыхам, то ахутваючы дымам, то абсыпаючы іскрамі, якія падалі яму на валасы, на шыю, на вопратку. Туніка ў некалькіх мяйсцох пачала жаляць, але ён не звяртаў на гэта ўвагі і бег далей, баючыся, каб не задыхнуцца ад дыму. У вуснах чуў смак сажы й смаліны, горла і лёгкія пяклі з гарачкі, як агнём. Кроў падшыбала яму да галавы так, што часамі рабілася ажно ўваччу ўсё чырвоным. Тады казаў сабе ў душы: «Гэта жывы агонь! Лепш мне кінуцца на зямлю й загінуць». Бег мучыў яго штораз больш. Галава, шыя і плечы абліваліся потам, а той пот паліў яго, бы гарачы вар. Каб не імя Лігіі, якое паўтараў сабе ў думцы, каб не ейны капітыюм, якім абкруціў сабе вусны, не вытрымаў бы.
Цераз некалькі хвілін пачаў, аднак, ужо не пазнаваць завулка, кудою бег.
Паволі траціў прытомнасць, памятаў толькі, што трэба ўцякаць, бо на адкрытым полі чакае яго Лігія, якую абяцаў яму Апостал Пётр. І нагла агарнула яго нейкая дзіўная, напаўгарачкавая, падобная да перадсмяротнай візыі, пэўнасць, што мусіць яе ўбачыць, павянчацца, а потым адразу памрэ. Бег ужо як п’яны, сланяючыся. Нараз у страхотным вогнішчы штосьці змянілася. Усё, што дагэтуль толькі тлела, шуганула, відаць, адным морам полымя, вецер перастаў наганяць дым, а той, што клубіўся ў завулках, сагнаў шалёны гон распаленага паветра. Подых той гнаў цяпер мільёны іскраў так, што Вініць бег у плойме іх; затое лепш бачыў усё перад сабою і ў моманце, калі меў ужо ўпасці, згледзеў канец завулка. Гэта прыдало яму сіл. Абмінуўшы нарожную камяніцу, сыйшоў у вуліцу, якая вяла да віа-Портуэнсіс і да Кадэтанскага поля. Іскры перасталі яго даганяць. Уявіў сабе, што калі ўздужае дабегчы да Партовае дарогі, дык уцалее, хоць бы й прыйшлося яму там абамлець.
У канцы вуліцы бачыць зноў як бы хмару, загароджваючую выхад. «Калі гэта дым, — падумаў, — дык ужо не прайду». Бег астанкамі сіл. Скінуў з сябе туніку, загарэўшуюся ад іскраў, якая пекла яго, бы сарочка Насусава, і ляцеў нагі, маючы на галаве толькі капітыюм Лігіі. Дабегшы бліжэй, распазнаў, што гэна не быў дым, толькі хмара пылу, з якое далятаў людскі крык.
— Зброд абкрадае дамы, — кажа сабе.
Бег туды. Усё ж такі былі там людзі, дадуць яму помач. Спадзеючыся яе, пачаў, бегучы, крычаць ратунку. Але гэта ўжо была ягоная апошняя натуга: уваччу яму пачырванела шчэ горш, у грудзях не хапіла зяхання, у касцях — сілы. Упаў.
Дачулі, аднак, яго, а дакладней — дагледзелі, і двух чалавек падбеглі на помач з вадою. Вініць, які ўпаў ад знямогі, але не страціў прытомнасці, хапіў аберуч судзіну з вадою і прагавіта выпіў да паловы.
— Дзякую… — кажа. — Пастаўце мяне на ногі, далей сам пайду!
Другі чалавек абліў яму вадою голаў, разам удвух паднялі яго з зямлі й панеслі ў сваю грамаду, дзе абступілі яго іншыя, аглядаючы кругом, ці не скалечыўся надта. Спагадная іхняя рупнасць зацікавіла Вініція.
— Людзі, — спытаўся, — хто вы такія?
— Разбураем дамы, каб пажар не мог дайсці да Партовае дарогі, — адказаў адзін з работнікаў.
— Успамаглі вы мяне ў бядзе. Дзякую вам.
— Нам не можна адмаўляць помачы, — адазвалася некалькі галасоў.
Тады Вініць, які ад самага рання глядзеў на адзічэлы натаўп, на разбоі і грабеж, зірнуў уважней на прысутных і кажа: — Хай вам адплаціць… Хрыстус.
— Слава Яму! — адазваўся цэлы хор галасоў.
— Лінус?.. — пачаў Вініць.
І не мог дакончыць пытання ды дачакаць адказу,
ад перачулення ды знямогі абамлеў. Апрытомнеў аж на полі Кадэтанскім, у садзе, абступлены некалькімі жанчынамі і мужчынамі, і першыя словы, якія ледзь вымавіў, былі: — Дзе Лін?Праз момант не было адказу, пасля нейкі знаёмы Вініцію голас кажа: — За Намэнтанскаю брамаю, выйшаў да Острыянума… два дні таму… Pax табе, перскі валадару!
Вініць падняўся, сеў і бачыць перад сабою Хілона. А грэк далей: — Дом твой, спадару, пэўна, згарэў, бо Карыны ў вагні, але ты заўсёды багаты будзеш, як Мідас. Ох, што за няшчасце! Хрысціяне, сынку Сэрапіса, даўна прарочылі гэта месту… А Лін разам з дачкою Ёвіша — у Острыянуме… Во гора, дык гора!
Вініція зноў пачала браць млоснасць.
— Бачыў ты іх? — пытае.
— Бачыў, спадару… Дзякую Хрысту і ўсім багом, што я мог табе добраю весткаю адплаціцца за тваю дабрыню. Але я табе, Озырысе, шчэ адплачуся, прысягаю на гэны згарэлы Рым!
На двары ўжо вечарэла, а ў парку было відно, бы ўдзень, бо пажар узмогся яшчэ. Здавалася, гараць ужо не апрычоныя кварталы, але ўвесь горад ушыркі і ўдаўжкі. Небасхіл быў чырвоны кругом, і ноч на свеце рабілася чырвоная.
XLIV
Загарава так шырока разнялося па небасхіле, як толькі льго было сягнуць вокам. З-за гор выкаціўся месяц, вялікі, поўны; ён хутка загарэўся бляскам распаленай медзі ды, як бы дзівячыся, пазіраў на спагудную пагубу светаўладнае Ромы. У зардзеўшайся пространі неба міргалі таксама ружовыя зоркі, але зямля насуперак звычайнасці была яснейшая, чым неба. Рым, бы велічэзны светач, азараў усю Кампанью. Пры крывавым бляску відаць былі далейшыя горы, гарады, віллы, святыні, помнікі й аквадукты, бягучыя з усіх навакольных гор да места, а на аквадуктах — рой людзей, хаваючыхся там ад небяспекі або прыглядаючыхся на пажар.
Тым часам страшэнная стыхія абыймала штораз новыя кварталы. Нельга было сумнявацца, што нечыя ліхадзейскія рукі падпальвалі горад, бо штораз новыя пажары выбухалі ў куткох, ад пажарышча далёкіх. З прыгоркаў, на якіх разлёгся Рым, агонь сплываў, бы марская хваля, на даліны, шчыльна забудаваныя пяці- і шасціпавярховымі дамамі, поўныя будаў, крамаў, драўляных перавозных амфітэатраў, збудаваных прынагодна для розных відовішчаў, і ўрэшце складоў дрэва, алівы, збожжа, арэхаў, пініевых шышак, зернем якіх жывілася ўбогае жыхарства, і вопраткі, якую часамі з ласкі цэзараў раздавана галіце, што гняздзілася па цесных завулках. Там пажар, натрапляючы на пальны матар’ял, змяняўся ў чараду выбухаў і з нечуванаю хуткасцю ахапляў цэлыя вуліцы. Людзі, качуючыя за горадам, адгадвалі па барве полымя, што гарыць. Шалёны гон паветра часамі выносіў з агністага тапелішча тысячы й мільёны распаленых лупін арэхавых і мігдальных, якія нагла ўздымаліся ўгару, як незлічоныя статкі ясных матылёў, і лопаліся з трэскам у паветры або, гнаныя ветрам, спадалі на новыя кварталы гораду, на вадацягі, на поле, кругом. Усякі намер ратунку выдаваўся недарэчным, а сумятня пабольшвалася, бо калі з аднаго боку жыхарства ўцякала ўсімі дарогамі і брамамі за горад, з другога — пажар вабіў тысячы цікаўных пастухоў, сялян, дробнамяшчан, якіх цягнула таксама й спадзева нажывы.
Вокрык «Рым гіне!» не ўціхаў, а канец гораду выдаваўся ў тагдышнюю пару адначасна і канцом уладства ды разрывам усякіх путаў, якія дагэтуль вязалі чалавецтва ў вадну цэласць. Народныя масы, у якіх пераважвала лікам нявольніцтва, чужазброд, не дбалі пра панаванне Рыму, гібель ягоная варажыла ім вольнасць, дык пачалі грозна наёжвацца. Шырылася нахабства і грабеж. Адно хіба відовішча гібелі гораду, адцягваючы людскую ўвагу, паўстрымоўвала выбух разні, якая пачнецца тады, як з гораду зробіцца адно папялішча. Сотні тысяч нявольнікаў, забываючыся, што Рым апрача святынь і камяніц мае шчэ колькідзесят легіяў ува ўсіх частках свету, казаў бы, чакалі верхавода й сігналу.
Згадвалі імя Спартака, але Спартака не было, дык самі пачалі збірацца і зброіцца, чым хто мог. Найпракуднейшыя весткі кружылі па ўсіх брамах. Некаторыя цвердзілі, быццам гэта вулкан з наслання Ёвіша нішчыць горад агнём, што вырынае з-пад зямлі; іншыя бачылі ў гэтым помсту Весты за вясталку Рубрыю. Людзі такога пераканання не хацелі нічога ратаваць, а замест таго абягалі святыні і малілі ў багоў літасці. Але найпапулярнейшаю была погаласка, што цэзар загадаў спаліць Рым, каб пазбыцца смуроду з Субуры ды каб выбудаваць новы горад пад назовам Нэронія. На згадку пра гэта закатная злосць агартала людзей, і каб, па думцы Вініція, знайшоўся павадыр, які б умеў выкарыстаць гэны вулкан нянавісці, канец Нэрона прыспешаны быў бы на цэлыя гады.