Райскія яблычкі
Шрифт:
Што гэтыя дзве галавы? Чым яны былі некалі нафаршыраваныя? Абстрактнымі жаданнямі, марнымі намерамі ўсіх ашчаслівіць. Альтруісты, летуценнікі. Лагодныя тэарэтыкі. Ніхто з іх, здаецца, не марыў асабіста пра захоп улады, дыктатуру далакопаў. Хай кухаркі кіруюць дзяржавай. Яны асабіста — не. Ім падабалася папросту пісаць трактаты, рабіць тоўстыя кнігі. Тамы, фаліянты. Возьмеш у руку — маеш рэч. Інтэлігенцкае жаданне. Яны, мабыць, не ўсведамлялі небяспечнасць заклікаў да жыццястваральнай працы далакопаў. Ім папросту падабаліся метафары, нечаканыя параўнанні. Літарацкія асалоды.
Яны не імкнуліся да ўлады. Іхнія нашчадкі-землякі, усведамляючы
Дзве каменныя, жудасна барадатыя галавы. З выгляду нібы Санта-Клаўсы. Яны брукавалі добрымі намерамі дарогу ў пекла. Заўтрашняе пекла заўсёды здаецца лепшым ад сённяшняга. Яны любілі добрыя рэстарацыі, якаснае віно, смачны біфштэкс. Адрознасць толькі ў тым, што Людвіг падабаў крывавы, а Густаў добра ўсмажаны. Ці наадварот. Адзін аддаваў перавагу мозэльскаму, другі — рэйнскаму. Галовы гурманаў. А, так, сапраўды, і яшчэ адзін з іх жудасна пакутваў на гемарой.
Іх дазвалялася рабіць максімум да пояса. Як выключэнне. На поўны рост — ніколі. Яны прызнаны асноватворцамі. Але не былі правадырамі. Ім ставілі помнікі, як па сутнасці пісьменнікам, аўтарам аб’ёмных раманаў, збораў твораў. Тыражавалі, як калісьці Біблію.
— А ці ведаеш: на фабрыцы грошы не даюць..
— Затаварыліся сфінксамі?
— Накшталт таго. Але не толькі. На Ўсходзе не плоцяць. Толькі абмен, бартэр. Рабочым статуэткамі выдаюць заробкі. Альбо бюст на двох-трох чалавек.
— Вясёла. Хоць на мяжы яшчэ не адбіраюць, як цыгарэты і спірытус. Або як творы мастацтва. Абразы царкоўныя.
— Значыцца, не лічаць за мастацтва. Ужо. Вязі куды хочаш. Уяўляю блышыны рынак у горадзе, дзе быў мур. Калісьці тамака прадавалі фуражкі, кукарды, кіцелі савецкія, гэдээраўскія — усё, што засталося ад братэрства па зброі. Уяўляю бюсцікі там.
— У тым горадзе калісьці існаваў адзін з самых буйных музеяў старажытнасцяў егіпецкіх. Можа й цяпер ёсць?
— Калісьці немцы на вяршыні піраміды Хеопса адзначалі ўгодкі прускага імператара. Шампанскае ці, можа, шнапс. Сцяг з чорнай птушкай. Фатограф. І — “Дойчланд, Дойчланд — юбэр алес...”
— Так, незвычайна. Як сцяг бел-чырвона-белы на Эверэсце.
— А ўсё ж ён там ёсць. Ці быў, ва ўсякім разе. Яны самі сабе збудавалі Эверэсты сярод пустэльні. Замкі на пяску. І сфінксаў для аховы. “Убачыў я ў пустэльні маладзёна Сфінкса...”
— Што гэта?
— Борхес. Працягваю: “Які толькі што створаны быў. Няма нічога старога пад сонцам”.
— Тады я таксама. Пачакай, зараз вазьму знайду. Дзе гэта стаіць Норвід?
— Вунь там. Але ты лепей не бяры. Як на цябе, будзе запыльны, пачнеш чыхаць. Давай я сам. Што знайсці?
— Не памятаю назву. Таксама пра сфінкса.
— Зараз. Гэта? “Сфінкс заступіў мне дарогу аднойчы/Каля скалы, як ліхвяр ці забойца…” Уайлд, здаецца, таксама нешта такое напісаў.
Сфінксы паўсюль. Масты, лесьвіцы, уваходы ў будынкі — тэатр, дом піянераў... Галовы. Піўзавод — казліныя. Перад царквой арліныя — парныя. Аграуніверсітэт, дом досыць вядомай пісьменніцы, банкі, рэстарацыі, оптыка — Замэнгоф у акулярах. Інстытут навуковы з галавой вядомага свяцілы, які працаваў пры каралеўскім двары. Пажарныя ў шлемах. Цырульня — модныя лысыя. Пошта. Аптэка — Францыск-Георгій, доктар лекарскіх навук і каралеўскі батанік.
Заапарк. Чыгуначны вакзал — Заслонаў з гранатай. Паркавая брама: работніца і сялянка. Мянтоўка, кантора. Металічны Фелікс з казлінай бародкай. Саюз звёнзкоўцаў з бюстам пана Тадэвуша. Саюз літаратараў — два тутэйшыя сфінксы — Кастусь ды Янка. Новы аграмадны псіханеўралагічны дыспансер і голаў Скліфасоўскага. Венера і Апалон —скурвен. Турма — Цэрберы. Вайсковыя могілкі — Сувораў на паўкані. На камунальных — тэарэтыкі далакопства. Радыё — голаў Паповіча. Рэдакцыя — Ленін плюс Нахамкес, ён жа Сцяклоў. Аблсельгасхарч — Сталыпін і тав. Бровікаў.Пракуратура — Мардашоў-вешальнік, кананізаваны царквой. Мясакамбінат — Мінін і Пажарскі, зменшаная копія вядомага манумента. Адзін з іх, як вядома, быў рэзнікам. Перад музеем гармата і Станіслаў Аўгуставіч Панямунскі з гусіным пяром. Дамскі залётнік. Аўтар путрышкаўскага трактата і паэмы “Кацярынамахія”. Гаўптвахта — сфінкс з галавой ці то Аракчэева або Бенкендорфа, ці гэтага, як яго, генерала Далакопчыка. Якога суседзі патрабуюць выдаць, як путчыста і злачынцу.
— Не хочаш кавы? Давай яшчэ зраблю?
— Можна, па кубку.
— Толькі спачатку кату падкладу корму. Базыль, хадзі. Які ты... як сфінкс.
— А памятаеш свята нацменаў? Шэсце?
— Суполку егіпцян? Канечне. Персанажы старажытнай гісторыі, мастацтва, міфалогіі. Людзі-каты. Дзіўныя вялікія маскі-галовы. Муляж муміі.
— А мы стаялі на ганку кнігарні. Выйшлі прадаўшчыцы, усім радасна махалі. Мы ўпершыню трапілі ў задні пакой, зроблены як пячора Алі-бабы, поўны кніжак. Па гісторыі, міфалогіі, антычныя аўтары. Адзін археолаг назваў Егіпет краінай мёртвых і небяспечнай жывёлай.
— Жывёлы каменныя. Яны маўчаць нерухома.
— Мабыць, ён адчуў, што гэтае царства мёртвых заваблівае. Паўсюль пяскі, сярод якіх чорныя студні, піраміды, часта напаўразбураныя, храмы, усыпальніцы, высечаныя ў скалах некропалі. Косткі, муміі. Проста так можа вытыркацца з пяску аграмадная галава сфінкса або быка Апіса ці нават Анубіса — бога смерці. Шакал або сабака, які ляжыць.
— Або чалавек з галавой сабакі ці шакала?
— Па-мойму, ён быў накшталт галоўнага муміфікатара. І быў яшчэ адвакатам нябожчыкаў. У падземным судзе распавядаў пра кожнага — хто і што.
— Даволі жудасна гучыць. Але бач, страх не вечны. Самі егіпцяне рабавалі магілы і прадавалі скарбы. Пачакай, я зараз пагляджу... З яго падземных лабірынтаў выцягнулі самога Апіса. Жанчыны калісьці па чарзе сядалі на яго ў спадзяванні перамагчы сваю бясплоднасць. Яго таксама прадалі.
Радыё-Крок: “Галава сфінкса Рамзэса ІІ важыць тры тоны. Яе знайшоў у Егіпце жыхар краіны. Шукаюць астатнюю частку. Вышыня сфінкса была адзінаццаць метраў. А зараз — пра надвор’е”.
— Ты ведаеш, а мне гэтыя зграмаджанні сфінксаў, статуй, нагадваюць цяперашнія музеі таталітарнай скульптуры пад адкрытым небам. Яны страцілі моц. Іх ніхто не баіцца. Дарма што богі.
— “Дзеці чыгунных багоў” — памятаеш? Дык хоць чыгунных. А тут — гіпс, цэмент, зусім тандэт. А, успомніў! Кароль жа прымаў егіпецкага пасланніка. Падворак адзін час быў, егіпецкія купцы жылі. Ядвабы, фарбы, папірус. Сфінкс невялічкі, само сабой. Недзе на Савецкай, дзе прыблізна падворак егіпецкай нацменшасці на свяце быў.
— Мабыць, ты ўжо выдумляеш?
— Наконт паслоў? Не, якое выдумлянне?
— Я ведаю, што сапраўды паслоў прымалі. Шведскіх, турэцкіх, нават ад брытанскай каралевы.