Райскія яблычкі
Шрифт:
Каляды, Новы год, пасылачкі з роднага дому ці проста з бацькаўшчыны: швэдар ручнога вырабу, цёплыя рукавіцы і шкарпэткі, шакалад і кава ад камандавання ды ўзнагароды — крыжы, медалі, стужкі — адзнакі за раненне. Карп, гусь? Тут нават ёлка — экзотыка, а не тое што святочныя гусь ці карп — залежна ад рэлігійнай арыентацыі жаўнера. Думкі-успаміны пра святочнага гуся на стале, пра сальтысону і вяндліну. Адно феерверкаў, ракет ды іншай піратэхнікі, якую страшэнна любяць у свята немцы выкарыстаць, стрэліць у начное зорнае неба — ажно занадта.
У паветры церусіцца, сыпецца мацней, падае на галовы, плечы, на нашую зброю,
8
У спектаклі час пераходзіць на цёплую вопратку альбо, калі па-вайсковаму, на зімовую форму адзення, дакладней апраткі. Робіцца антракт, мы і фрыцы, кожныя на сваім баку фронта, па чарзе заходзім у намёт-гардэроб.
З намёта выпаўзае ў белай шаце снайпер, паўзе і “нырцуе” у нядзейны фантан з піянеркай. Снайпер назірае за нямецкай пазіцыяй. Ён заўважае, як генерал з дзеншчыком кіруюць да прыбіральні-шпакоўні. Генерал зачыняецца, жаўнер чакае яго звонку, у дзвярах робіцца шчыліна і жаўнер суне паперку (як у “Маладой гвардыі”). Снайпер цаляе ў яго, жаўнер падае мёртва. Расчыняюцца раптоўна дзверы, снайпер цаляе, генерал сядае мерцвяком, закрываючы твар газецінай. (Дарэчы, атрымліваецца крыху ў стылі “Крымінальнага чытва”).
Да фантана адусюль паўзуць раззлаваныя за свайго генерала фрыцы, яны кідаюцца на снайпера, які паспявае застрэліць яшчэ двух-трох. Схопленага героя распранаюць, прывязваюць да слупа і на марозе пачынаюць абліваць сцюдзёнай вадою, якую замяняе шум з бранспойта.
Нечакана прылятае на матацыклеце пасыльны, высвятляецца, што гэта сын Сталіна, і разумней было б паспрабаваць абмяняць яго на якога-небудзь важнага палоннага. Але запозна: снайпер нагадвае неахайна перабінтаваную мумію, назад яго не адмарозіш і немцы хочуць застрашыць чырвоных яго прыкладам, абвяшчаючы праз мегафон: “Рус! Так будзет з каждым, хто будзе цэліцца і страляць у нямецкіх зольдатэн! Рус, здавайса! Мы табе дадзім балалайку, Машку і шнапс!”
9
Здалёк чутно знаёмае тарахценне. На пляц праз вусце для калонаў дэманстрантаў выкіроўваюць танкі — але ж!—зробленыя відавочна з трактараў. Цалкам праўдзіва, калі ўлічыць, што жанчын-трактарыстак з калгасаў забралі да войска, калі немцы спалілі столькі танкаў, што стала не хапаць мужчын. (Ізраільская армія да гэтага дайшла толькі значна пазней, праўда ўжо танкамі кіравалі не трактарысткі, цалкам жаночыя экіпажы са студэнтак, афіцыянтак, сцюардэс). Першыя стрэлы рулькамі — пералёт — у амонаўскія шэрагі, якія былі напагатове, каб дапамагчы паўлаўцам, калі раптам нечакана пачнуць перамагаць паўлюсаўцы.
Гледачы захоплены дзеяй, акторы — паглыбіліся ў паўлаўцаў і паўлюсаўцаў, у свае жаўнерскія мундзіры і шынэлкі, вялікая моц мастацтва паглынула ўсіх. І на пляц ў гэтую хвілю зарульвае зухава і досыць нахабна, бо парушаючы сваім недарэчным выглядам, міліцэйскі “казёл”. “Таварышы! Мы шукаем танк, — праз гучнік на даху міліцыянт абвяшчае аб мэце парушэння сцэнару. —
Наш танк зусім маленькі. Скрадзены танк, яго скралі на Буйніцкім поле, сказалі, што забіраюць на здымкі кінакарціны ў нашым горадзе. Я — старэйшы ўпаўнаважаны па асабліва важных справах маёр Кулічкоў. Папрашу без панікі”.“Маёр каго? — ляціць раздражнёвы рэжысёр, яўна маючы на ўвазе вядомую показку, дзе “маёр Казлоў”. — Дзе ты бачыў тут кіно? Гэта вулічны спектакль, спектакль. З дазволу ўладаў! Яны самі прасілі міні-Сталінград! Якія танкі скралі? Хто скраў?! Тут няма ніякіх танкаў! Ты што, не бачыш?!”
“Вельмі рэдкі экземпляр! Нямецкі танк пачатку Вялікай айчыннай вайны. Нідзе няма такіх! Сто тысяч каштуе!”
“Пайшоў ты са сваім танкам! Я міліцыю, я на цябе здрукамі нацкую! У мяне з друкамі сёння, як сабак бадзячых!”
10
У намёце з чырвоным крыжам — пераапрананне з цягам дзеі, там працуюць грымёры, касцюмеры. Перад палонам фрыцы выходзяць адтуль пабітыя, пашпэтнелыя, у бінтах, на мыліцах. Карацей, “не лечаць, а калечаць”, як рэагавала на змены публіка. Сталінградская зіма далася фрыцам у знакі. Гангрэна. Абмаражэнне. Цынга. Прастуда, ангіна, грып, скула, герпіс —лухта, дзіцячыя “кохлікі-адзёры”. Як напісаў пазней чылійскі паэт: “Ззяе сувора бляск таго далёкага снегу, у якім загрузлі лапы захопнікаў”.
Калона палонных мае надзвычай экзатычны выгляд: не войска, жабрачае шэсце. Генералы, якія выходзяць з падвала, як у вядомай кінахроніцы, яшчэ стараюцца трымаць марку: фуражкі, кукарды, крыжы, маноклі. А сярод іх, крочыць наперадзе сам фельдмаршал Паўлюс, які не мог уцячы паветраным шляхам, як яму прапаноўвалі некаторыя, і застаўся са сваёй змерзлай галоднай арміяй. Усе ўдзельнікі дзеі ўжо даўно адчуваюць, кожны паасобку і ўсе разам, уплыў савецкага кіно, пра Станіслаўскага і Неміровіча-Данчанку забыліся машынальна. Усіх апанавала, захапіла “вялікая сіла кінамастацтва”.
Міні-сцэна: напышлівы спачатку фюрэр у адказ на загад аб фельдмаршальскім званні для Паўлюса атрымлівае дэпешу аб паразе пад Сталінградам. Фюрэр усведамляе, што адно дапамог Сталіну атрымаць яшчэ больш каштоўнага палонніка. Фельдмаршалаў ці хаця б маршалаў дагэтуль ніхто не браў у палон! І вось фюрэр ужо раз’ятраны, ён робіцца зусім карыкатурны, у стылі Чарлі Чапліна шалее: чаму ён не застрэліўся, чаму здаўся ў палон, чаму, чаму? Найн, найн!!! Донэр вэтэр! Дойчэ швайн! Я б задушыў яго ўласнымі рукамі ці лепей зацягнуў бы пятлю на яго шыі, выканаў бы працу ката, каб заматляўся на шыбеніцы. Ён жа фельдмаршал! Уласнымі рукамі — у зашмаргу! Гэта быў проста падарунак Сталіну, прыз за Сталінградскую бітву! Уяўляю як ён парагатаў з мяне: гэты Адольф зусім з глузду з’ехаў, уяўляю!
11
Сталін прылятае ў Сталінград, чаго насамрэч не было, як і ў першым каляровым “Захопе Бэрліна”, дзе Сталін сыходзіць па трапу зялёнага “Лі-2”, чаго таксама не было і адбылося толькі ў кіно. Не было, бо ён баяўся лётаць самалётамі, баяўся, што саб’юць, ці не даляціць, разаб’ецца. Такім чынам, ён сыходзіць, як Бог з неба, а яго вітае вайсковы натоўп, что не магло адбыцца ў рэчаіснасці, больш за тое, яго вітаюць заходнія вязні, вызваленыя з канцлагераў, цэлы інтэрнацыянал, які захоплены, апантаны правадыром, і не хавае эмоцый.