Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Райскія яблычкі

Астравец Сяргей

Шрифт:

Атрымаў і-мэйл з краіны, якая не ведае, што такое калючы дрот. Яны двойчы на год адпачываюць: цёплае мора, горы. Апынаюцца часова пасля дарагой краіны ў таннай, дзе ўсё “вэры чып”. Але гэта іх не пазбаўляе ад традыцыйнага спліну. Яны змагаюцца з ім штовечар у пабах з “Гінэсам”, у сяброўскім коле, на частых каляжанскіх пагулянках. На возеры у фітнэс-клубе, пабудаваным з дрэва у скандынаўскім стылі. Унутры — нібы апынуўся на дракары вікінгаў. Басейн, саўна, джакузі. Аднак усё гэта не ўратоўвае ад дэпрэсіі. Яны мусяць наведваць сваіх псіхааналітыкаў, якія “вэры экспэнсыў”. Што ж тады нам казаць, што рабіць мне? Без мора і гор, без пабаў і псіхааналітыкаў? Набыць пляшку таннага французскага віна з-пад крыса і вельмі дарагога “кіце-кэту”, паслухаць добры рок

і палашчыць свайго ўлюбёнага ката: мур-мур-мяў.

Калі ўчора не было візаў, а сёння яны ёсць, гэта як раптоўныя маразы пасля цёплых дзянькоў, але маразы, якія надыйшлі натрывала. Можа й не навечна, але вельмі надоўга. У душы штосьці сціснулася, як абуджаны страх, шкадоба да самога сябе, клубок непрыемных думак, пачуццяў. Учора іх не было, а сёння яны — непазбежнасць, дадатковая перашкода на шляху па-за калючы дрот. Як не было спачатку жалезнай заслоны, халоднай вайны, а потым яны на дзесяцігоддзі вызначылі існаванне з вечнымі страхамі, падазронасцю, варажнечай. З падзелам на два светы.

Не паспеў вярнуцца, як лопнулі мяхі набрынялых хмараў, разам з дажджом пасыпаліся на галаву каляныя каштаны. Зырка-жоўтыя кляновыя, барвовыя каштанавыя лісты хутка страцілі сваю мастацкасць, намоклі і паплылі, брукаваная вуліца утанула ў вадзе. Рачулка як звочыць набрыняла, узнялася на выбрукаваныя берагі і памкнула пад мост, побач з якім дождж бязлітасна хвастаў гранітны бюст паэткі. Больш не будзе цяпла, надоўга не будзе лета. Немагчыма ўхапіць яго за хвост, як дзяўчыну. Мокне на рацэ плывучая рэстарацыя “Каўчэг”. Ніхто не хоча больш піва. Яе завядуць у затоку, прышвартуюць, каб увёсну не сарваў крыгалом. Не будзе больш і вулічных рок-канцэртаў ля бара “Піўная бочка”. Актор, які выканаў ролю караля, нягегла і непераканаўча, спрабуе перад люстэркам апанаваць ролю, і пакуль яшчэ ён не задаволены сабой.

Гэта цяжкі крыж, але гэта і пячатка абранніцтва. Гульня, свавольства. Ніякага канвеера, ніякай установы. Спі, чытай, ездзі па грыбы. Вечаровая праца, праца дзеля прыемнасці і задавальнення натуральных амбіцый. Калі толькі роля табе адпавядае. Калі не другарадная і калі лепшую не атрымала табе непрыемная асоба, якой ты не так зайзросціш, але папросту не любіш яе, у горшым разе пагарджаеш. Ці мала за што можна пагарджаць? Канечне, могуць сказаць, што гэта не па-хрысціянску. Але тэатральная трупа — не дванаццаць апосталаў. Зрэшты, часам можна ўбачыць аналогію з апошняй вячэрай. Можна, але параўнанне будзе занадта моцным, перабольшаным. Часцей здараецца накшталт: чаму ён ідальга, а я служка? Чаму Дон Кіхот... Ну, тут больш складана, справа густу, асабістых перавагаў. Але чаму, чаму ён кароль, а я толькі блазан, га?!

Пашэнціла стаць каралём. Але як пераўвасобіцца на вулічным свяце, калі навокал смажацца шашлыкі, а ў цябе на сняданьне быў бутэрброд з сырам, калі побач нязрушна стаіць Вялікі Правадыр, як статуя Камандора, навокал салдацікі зухава спяваюць “цыганку-малдаванку”, парабкі з бярвення будуюць першую гародню, а спецназ радасна ламае аб галовы некандыцыйную цэглу і не жуючы глынае айчынных жаб, каб не трапілі ў рот французам? Каралеўскі маналог прагучаў праз сіпаваты мікрафон зусім непераканаўча, сам адчуў. На караля адразу забыліся, і ён, спусціўшыся з вулічнай сцэны, прысеў пад парасонам і папрасіў выпіць, але гэта было на свяце забаронена.

Апаноўваць ролю без грыму цяжка: у люстэрку звычайны твар з натоўпу. Штораз накладаць грым — ты не жанчына, каб кожны дзень мазацца. Грым трэба эканоміць, у тэатры гэта — адвечнае. Скура пачала за столькі часу рэагаваць алергічна. Хіба што браць маску альбо каралеўскае адзенне хаця б да пояса. Не-не, усё адно цяжка. Цяжка паспрабаваць уявіць, што ў цябе... Што жонку цябе прымусілі ўзяць у якасці “нагрузкі” да каралеўскай кароны, і ёй значна больш гадоў, чымсьці табе. Што яна за жанчына — невядома, удава ў жалобе. Матка яе была атрутніцай, і ты пабойваешся, каб здольнасці ды імпэт не перадаліся старой дачцэ. Ты замаўляеш у замежных краінах сродкі ад атруты, асабліва добрыя, кажуць, у гішпанскіх алхімікаў. Але гішпанскія

алхімікі мусяць хавацца ад вельмі руплівых “дамініканскіх сабак”.

Каб пераўвасобіцца ў ролю па-сапраўднаму, трэба уявіць, што ў цябе трафічная (але ж слоўка!) язва нагі, што ў цябе велізазныя ныркі, як у вала, амаль як у спакладанага барана. Так напішуць прыдворныя лейб-медыкі у справаздачы, якую надрукуюць кніжкай пад псеўданімам. А яшчэ, яшчэ ў жоўцевым пухіры знойдуць камень, а пратоку закаркуе другі — памерам з мускатны гарэх. Канечне, сам кароль гэтага не ведаў, яму папросту было кепска, вельмі кепска. Але ж актор ведае і не можа адмовіцца ад гэтага ведання. Паміж ім і каралём у гарачцы фаліянты наступных — за некалькі стагоддзяў падзеяў, цяжар пражытых гараджанамі гадоў.

Паспрабаваць легчы і ўявіць. Але дзе? У цеснай грымёрцы на прыстаўленых усутыч крэслах? Дома на канапе? Ці пайсці і легчы цішком на сцэне, каб ніхто не бачыў, у цемры, быццам у сутарэннях? Што ў цябе зроблена лекарамі “апектура” — дзірка на назе, цераз якую сплывае гной з раны, якой не наканавана загаіцца. (О, як жа яна брыдзілася тваёй смярдзючай нагой, нашчадніца вялікага італійскага роду, каралеўская ўдава і паўторна —каралева пры каралю з нагой, якая не перастае гніць). Сабака ўкусіў, звычайны, не “дамініканскі”. Мабыць цякучая рана болей вызначыла штодзённае жыццё будучага караля, чымсьці што іншае. Ён заўжды адчуваў яе, яму ўвесь час балела, ён ніколі не мог забыцца на яе, ягоны адвечны праклён. Спачатку яе загаілі. (Каралеўскія медыкі найлепшыя!) Яе, але не агнішча інфекцыі. Пачало пруцянець цела. Рану ўзрэзалі скальпелем і прымацавалі пас з жалезнай шпількай, каб вярэдзіць рану, каб сыходзіла дурная матэрыя.

Так-так, актору няпроста ўявіць сабе падобныя пакуты, ён спрабуе хадзіць з вялікай канцылярскай кнопкай на назе. Атрымліваецца кепска, ці праўдзівей зусім не атрымліваецца. Але, мабыць, дарэмна шкадаваць караля, у каралеўскія часы былі распаўсюджаны вярыгі, і для яго, як для добрага верніка, адна шпілька гэта зусім не гіена агнёвая. Хутчэй адзнака боская. Бо Ён жа таксама цярпеў за нас і быў укрыжаваны пры Понцкім Пілаце... Для актора тут складанасць. Уявіць рэлігійную экзальтацыю нябожчыка магчыма, адчуць — хутчэй не. Пайсці пабыць у храме — гэта можна. Але каб маліцца... Актор дагэтуль не вызначыўся. Нібыта Бог ёсць, павінен быць, прынамсі. Але ў сталых гадах пайсці пахрысціцца, наведваць набажэнствы? У царкве барадатыя дзячкі, мноства бабулек, жанчыны, і не прысядзеш каб пра сваё падумаць. Увесь час нібы ў чарзе ці на мітынгу. У касцёле цікавей, музыка, але ксяндзы выглядаюць занадта па-замежнаму, занадта па-ватыканску ці што.

Магу сабе уявіць, як актор стаіць у музеі перад своеасаблівай мадэллю каралеўскай коннай статуі: драцяны каркас. “Шкілет, на які засталося нарасціць мяса”, — фраза на адкрыцці выставы, як мог пачуць і ён. У тэатры я толькі глядач, як астатнія. Да пастаноўкі дачынення не маю. Яны звычайна любяць п’есы мёртвых аўтараў альбо вельмі далёкіх, каб не плаціць ганарару. Мая п’еска патрапіла да гістарычных угодкаў. На прэм’еры я сяду на балконе, каб разгледзець уяўнае анатаміраванне уяўнага трупа. Мне таксама цікава, як усё будзе адбывацца, як увасобяць усяго толькі словы на паперы ў рухі, дзеянні, у відовішча. Я таксама часам прагну відовішчаў, тэатральнай гульні, умоўнасцяў. Якія не падобныя да жыцця, аднак пад уздзеяннем якіх часова на жыццё забываешся.

Запануе халодны снежань, як і ў тыя далёкія ад нас часы, у тыя дні і гадзіны, калі Ягоная каралеўская мосць пасля не зацягненых пакутаў памёр. Я апрануся, выйду з дому і пайду праз Стары горад, дзе калісьці ён жыў і дзе заўчасна памёр. У тэатры я з школьніцкай цікаўнасцю буду назіраць згары, што адбываецца на сцэне. Мне добра вядома наперад, што ён павінен двойчы апынуцца на анатамічнай лажніцы. З яе пачнецца дзея і ёй жа скончыцца. Невялічкае псіхалагічнае выпрабаванне для выканаўцы галоўнай ролі. Якія там у іх нажы ў тэатры? Лязо знікае ў тронку? Кроў? Не, мабыць, крыві быць не павінна, ён скалеў, пакуль яны спрачаліся, пакуль не дайшло да скальпеля.

Поделиться с друзьями: