Райскія яблычкі
Шрифт:
Немцы залазяць у танкі, сядаюць у свае матацыклеты, мосцяцца за кулямётамі, пяхота выстаўляе ўперад кароткія рулі страшэнна вядомых шмайсераў. Гатовая да бою групоўка рушыць на нас, нагадваючы псіхічную атаку з вядомага фільма. Мы адкрываем агонь як шалёныя, сустракацца з фрыцамі пакуль што нікому не хочацца, пра амаль непазбежны бой твар у твар лепей не думаць, і мы палім: тра-та-та-та!
А потым раптам зашчаміла наш кулямёт, абшаснуўся і змоўк, бег-бег і як дрэва сцялі. Карацей, мы не ведаем што рабіць, трасем яго, як чалавека, каб ачуўся (Іван, Іван, не памірай!), а ён, падобна, ляснуў, капцы. Падавіўся стужкай з патронамі, абжэрся набоямі, як жалезным бобам. Добра хоць наш Сталінград — адная гульня, кіно, бо інакш нам бы не пашэнціла суздром. Праўда, немцы, жартаў не пазнаўшы, па-ранейшаму бягуць у наш бок і не дабегшы,
Знянацку рэжысёр прымае імправізаванае рашэнне: сярэдзіну пляца ахінае суцэльнай смугой. Дымавая заслона. Публіка пачынае чыхаць, кашляць, некаторыя акторы таксама, якія не паспелі хуценька нацягнуць процігазы. Атрымаўся своеасаблівы антракт, каб нечакана крыху адпачыць і перагрупаваць сілы, а галоўнае, калі дыму меншае, высвятляецца, што плошча вызвалена ад трупаў фрыцаў, якія зноўку апынаюцца ў баявых шыхце.
4
Немцам я сам папрасіўся, пакуль вагаліся іншыя, сказаў, што жыў у ГДР у закрытым гарадку, таму маю уяўленне пра нямецкія норавы не толькі з кіно. Рэжысёр пагадзіўся, тым больш іншых ахвотных напачатку амаль не было. Можа сам рэжысёр і вінаваты, бо сказаў адразу удзельнікам спектакля настроіцца на патрыятычную хвалю. Ну, а тут пагатоў — у тэлебачанні, газетах цэлая кампанія “Сталін гут! Гітлер капут!”, карацей — “Раздавім фашысцкую гадзіну!”
А потым усё памянялася, немцам паабяцалі шнапс выдаць, каб яны ў псіхічную атаку хадзілі больш пераканаўча — з п’янымі воклічамі, з чырвонымі тварамі, з перагарам... Тады нашыя самадзейнікі туды пачалі пераходзіць, як калісьці на Захад імкнуліся ўцячы. А тут на рэпетыцыі я штосьці наконт кулямёта сказаў: як зручней трымаць ці штось такое. Рэжысёр заўважыў. Ну, давялося сазнацца, што у вайсковым білеце ў мяне запісана “кулямётчык”, хаця кулямёта я тады не бачыў на вочы. Але рэжысёр змусіў яшчэ расказаць, што на вайсковай катэдры я вывучыў усе кулямёты, якія мела родная Савецкая армія, а тэарэтычна — таксама і натаўскія, бо нас рыхтавалі якраз з натаўцамі ваяваць, асабліва з бундэсверам: усё праходзілі — узбраенне, яго колькасць, штатны расклад, нават колькі каго было ў медсанбаце іхнім, не кажучы пра танкавы ці супрацьпаветраны баты.
Мне не хацелася гойсаць тудой-сюдой нібы які ўласавец, а ў маім разе — нямецкі антыфашыст, пачаў адмаўляцца, сказаў, што “кулямётчыка” мне ў білеце ваенным потым памянялі — спачатку на камандзіра мотастралковага ўзвода, затым на адказнага сакратара “Баявога сцяга”. Не дапамагло. У цябе станоўчае аблічча абаронцы радзімы, ты не падобны да ворага, прынамсі мне так хочацца лічыць… Рэжысёр быў няўмольным.
5
Вайна паступова ператвараецца ў пазіцыйную: яны лезуць, а мы іх не пушчаем, а самі ні кроку назад, памятаем пра “расстрэльны загад”, пра тых, хто ззаду нас з кулямётамі, прынамсі на сапраўднай вайне. (Пацікавіцца б у такога ветэрана: колькі фрыцаў забіў? Ніводнага. А ў людзей хоць страляў? Яшчэ як!) Памятаць спінай, патыліцай, скурай сваёй, што ззаду сустракаюць свінцом аднолькава горача, як і спераду, адно ззаду ты цалкам безабаронны, нават калі выпадкова спачатку пазбегнеш кулі сваіх. “Назад ні кроку! Ззаду Волга! Для панікёраў і баязліўцаў — расстрэл на месцы!”
Наш Сталінград, шчыра кажучы, трымаецца на абароне дамоў Паўлава, а таксама Іванова, Пятрова і Сідарава. Чатыры разваліны, накшталт цытадэляў вядомай крэпасці-героя. Фрыцы здзіўляюцца, але не трацяць зухавасці: маўляў, нядоўга вам засталося адбівацца, вашая справа безнадзейная. Яны нават спрабуюць псіхалагічна ўплываць на нас: навідавоку стаўляюць самавар, п’юць гарбату з абаранкамі. Патэфон раве цыганачкай, вачмі чорнымі. Палагаднелыя фрыцы зачынаюць спеў: “Вольга-Вольга, мутэр-Вольга, Вольга-Вольга, русіш флюс!” Нашыя, паводле сцэнару, сціскаюць кулакі, напружваюць жаўлакі на твары і біцэпсы, у каго яны акрэсленыя. Не дапамагае. “Кацьюша! Кацьюша!” — ляціць з другога боку франтавой лініі, дзе ўжо танчаць, імітуючы барыню-сударыню, жаўнер з жаўнерам праз адсутнасць
дзяўчат і жанчынак.Нашыя выцягваюць свой контрагітацыйны рупар — фу-фу — прачышчаюць лёгкія і з паперкі зачынаюць умаўляць фрыцаў пакідаць стрэльбы і здацца нам у палон. Фрыцам абяцаюць за гэта “ніхт шысэн”. Агітацыя на іх чамусьці зусім не ўплывае, яны працягваюць сваё “чаяпіцце ў Мыцішчах” — паводле вядомай рэпрадукцыі, але кідаюць танцы і спевы, бо пад брахлівы голас з рупару не павесялішся.
Прапагандысцкая вайна набывае новай моцы. Спачатку чуцён гук прапелера, неўзабаве амаль у брыючым лёце па-над пляцам узнікае самалёцік, пілот у левае і ў правае акенцы выкідае пачкі паперын, напэўна — у кожны бок іншага зместу. Пасьля спектакля выявілася, што антынямецкія ўлёткі —уляцелі на дах гмаху ўладаў, дзе праціралі нагавіцы нашыя служкі рэжыму ў спробах дагнаць 1984 год — згодна загаду зверху. Тыя, якія — “Гітлер —капут!” трапілі і на шэрагі амонаўцаў часткова. “Рус, здавайса!” пасыпаліся на пляц, на галовы публікі. “Сталін гут! Гітлер капут!” — урачыста абвяшчае пляцу вельмі-вельмі знаёмы радыёголас Левітана.
Немцы ў адказ падлучаюць на поўную гучнасць свой радыёфункен: “Донэр вэтэр! Фак! Фак! Дойчланд, Дойчланд — юбэр алес!” “Мы вам пакажам кузькіну маць! Паўлаўцы не здаюцца! — з развалінаў у рупары і проста —нязладжаным хорам: “Сталінградцы ўмеюць драцца! Зарубіце сабе на носе!” — памятаючы, што трэба падбіраць словы, пазбягаючы нецэнзурнай лаянкі, каб давесці нашую маральную перавагу над фрыцамі, якія прыйшлі ў чужую зямлю са сваім мячом, ад якога й загінуць, аб чым няцяжка даўмецца.
6
Над пляцам гучыць Левітан: ад савецкага інфармбюро, — як голас па-за кадрам. Цалкам сакрэтна... І далей: пра гэта ведала толькі вузкае кола абмежаваных людзей. Гітлер калі даведаўся, ірваў на сабе рэшткі валасоў і нават збіраўся згаліць вусы, каб зноўку адгадаваць, калі захопіць нарэшце Сталінград. Кукрыніксы намалявалі тады карыкатуру: Гітлер у выглядзе валачашчага сабакі перад кавалкам люстэрка робіць марафет: падстрыгае вусы іржавымі нажніцамі… Чэрчыль са Сталіным сустрэліся за Маўзалеем.
Устаўная сцэна: да Сталіна прыляцеў Чэрчыль, занепакоены становішчам пад Сталінградам. Яны здароўкаюцца, Сталін знакамітым жэстам, якому немагчыма не падпарадкавацца, запрашае госця да карты, якая вісіць на стойцы нібы ў кабінеце геаграфіі. Яны моўчкі глядзяць на схематычны тэатр баявых дзеянняў: справы швах! Сталін нібы школьніку спрабуе штосьці растлумачыць брытанскаму прэм’еру, карыстаючыся сваёй люлькай быццам алоўкам, але атрымліваецца не дужа пераканаўча, што разумеюць абодва. Нарэшце Сталін крыху найграна вымаўляе: і ўсё ж-ткі мы іх спынім, ужо спынілі і не зробім ні кроку назад, па вадзе мы яшчэ хадзіць не навучыліся, таварыш Чэрчыль, “ха-ха” — нябачна ў вусы.
Атмасфера, гнятлівая напачатку, нібы абнадзеена вясёлкай, і госці сядаюць за шырокі стол падсілкавацца і працягнуць гутарку, якая дагэтуль не штукавалася, абмеркаваць далей становішча на франтах, праблемы ды найбліжэйшыя планы антыкааліцыі і некаторыя дзяржаўныя сакрэты. Пляцу абвяшчаюць радыёголасам Левітана, што два хаўруснікі, і гэта вядомы факт, закончылі перамовы спаборніцтвам: хто вып’е больш гарэлкі? Канечне, вялізны азызлы Чэрчыль спадзяваўся, што на гіпапатамскую вагу яго тулава алкаголю спатрэбіцца крыху болей, чым на нятлустае сталінскае, каб быць суцэльна “дранк”, і дзякуючы гэтаму перамагчы. Але двубой славутай “цыгары” і яшчэ больш славутай “люлькі”, як абвяшчае пляцу нібы-Левітан, скончыўся тым, што Чэрчыля пад пахі выцягнулі з-за стала памочнікі, тым часам як Сталін, загартаваны начнымі баляваннямі з паплечнікамі, быў папросту “крыху нецвярозы”.
7
Колькі ні старайся не ўзгадваць, адцягваць у думках пачатак надыходу самай непрыемнай пары года, усё здараецца аднойчы раптоўна як балючы град на галаву: зімовая сцюжа, абавязковы снег, непазбежныя маразы, якія амаль штодня мацнеюць, калі адмаўляешся верыць шэрым ранкам лічбам тэрмометра. Ты прачынаешся аднойчы праз тое, што ў сне дранцвеюць рукі і ногі, што твар нібы рэпаецца, ад шэрані на шчацінні, аснежаных валасах, не схаваных у шапцы. Злавесна няўмольная зіма, пагатоў зіма руская, пра якую мыслілася ў маленстве, калі табе чыталі казачку пра снежную каралеву. Бязлітасная зіма ў голым бязмежным стэпе ад далягляду да далягляду. Дзе нават Каляды ўпершыню не радуюць.