Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Райскія яблычкі

Астравец Сяргей

Шрифт:

Я уяўляю, як сяджу на балконе на прэм’еры і думкі мае снуюцца ад выканаўцы ролі да самога нябожчыка. Я выйду з дзвярэй і ўбачу танк, які так і не дачакаўся дэмантажу, як і наш Вялікі Правадыр, і стаіць руляй насустрач аўтамабільным калонам з-за мяжы. Але пакуль я не бачу самога танка, а толькі ўзгадваю пра яго. Я бачу на сцэне таго, які пажадаў быць пахаваным там, дзе памёр, бо любіў тут жыць. Растлумачыць гэта цяжка: любіў ды ўсё. Ён не мог ведаць, не мог чакаць, што яго труп зрэжуць нажамі эскулапы. Не мог нават уявіць, што спачатку зробяць, як схацеў: забальзамуюць і пакінуць на спачын у касцельных лёхах. Але з вясной выцягнуць на свежае паветра і сонечнае святло,

паставяць дамавіну у катафалк і з аховай вырушаць у бок цяперашняй мяжы, якой тады не існавала.

Каралі павінны быць пахаваны з каралямі, нават калі ён быў замежнікам і не размаўляў па-іхняму. Нябожчыкі аднолькава маўчаць. Мне зробіцца смешна ад думкі пра візу: сёння патрэбна віза, каб выехаць адсюль туды. А каб вывезці нябожчыка? Дазвол консульскай службы і процьма папер. А бюракратычная важданіна? Ён мог бы і застацца назаўжды тамака, дзе хацеў спачуваць з уласнай волі. Што вязеце? Караля. Альбо — дамавіну з нябожчыкам. Такое аднойчы было. Іншага караля, які таксама рэзідэнцыю меў у нашым файным, але не сталічным горадзе, вярталі праз калючы дрот: візы альбо, скажам, дыпламатычныя працэдуры. Пагрузка, чыгунка, перачэпка вагонаў. Атмасфера сакрэтнасці. Вайскоўцы, урадоўцы, памежнікі, шпегі ў цывільным. Калі дамавіну даставілі да канчатковага пункта і ўзнялі века, шкілет не ўбачылі, адно рэшткі ботаў, шпоры, тронак ад шаблі, акраўкі каралеўскага паланціну з гербамі і несапраўдную тамбаковую карону.

2003

ГАЗЕТНАЯ СЦЯНА

Апавяданне на Дзень друку

— Ну вось, што вы тут пішаце: “А найболей мне запомнілася, як нас вучылі трапнасці газетнай мовы нябожчыка-правадыра. — “Уся вашая пісаніна, гаспада, сяўружына з хрэнам, а самі вы — палітычныя прастытуткі, вы кладзецеся ў рыпучы ложак да газетных магнатаў за чачавічную поліўку!” “Інтэлігенцыя гаўно, усіх сумнеўных расстраляць к чортавай бабушцы!” Ну што гэта?

— Гэта не я, гэта ён гаворыць, вы самі мне параілі аўтарытэтнага журналіста. Ён што — мог выдумаць усё гэта? Альбо гэта — “Даражэнькі Фелікс Эдмундавіч, баюся, без вашай вэчэка нам з папамі ніяк не справіцца будзе! Паболей трэба расстрэльваць, не шкадаваць патроны, гэта — архіважна сёння!” Такога сам не прыдумаеш, па-мойму.

— Усё гэта не да месца гучыць, не па-святочнаму. Вы ж не пойдзеце ў джынсах падзёртых на школьны баль ці на вяселле? Хаця я супраць лакіравання рэчаіснасці, і часам трэба штосьці такое напісаць, што атрымае водгук у чытачоў. Ну, але ж не вашая “сяўружына з хрэнам...”

— Гэта ж дыскусійны стыль заснавальніка дня друку, які мы тут цяпер святкуем. На журфаку вывучалі.

— Можа і так, але навошта прыцягваць да гэтага увагу залішнюю? Што было, дык было. Ну, пляваўся ён ікрой чырвонай, калі яго Надзея Канстанцінаўна карміла. Ну й што? Ён жа тады ўжо з глузду з’ехаўшы быў. Ну, быў у яго трыпер нейкі і з галавой не ўсё ў парадку, але навошта ў свята пра гэта чытачам нагадваць?

— А што — у свята хопіць “чаркі і скваркі”? Дзень жа друку, вы самі прасілі, каб вуснамі нашых “акулаў пяра” расказаць пра яго, каб іхнія ўражанні, каб пачуцці, каб нічога не выдумляць.

— Але ж яны, напэўна, гаварылі, што гэта не для друку, прасілі не пісаць?

— Нічога яны не прасілі. Вы самі знаеце, што галоўнае толькі, каб нічога пра палітыку.

— Сёння ўсё палітыка: нават агуркі, калі пра іх напісаць не так як трэба — краіна агуркоў і ўсё такое. Усё гэта не бяскрыўдна, усе вашы флэш-мобы.

Адкуль гэта пайшло? З Варшавы, ад “Салідарнасці” іхняй. З туалетнай паперай на шыі хадзілі перад Цэнтральным Камітэтам. Ясна: тады паперы не хапала востра, але цяпер ёсць колькі хочаш. Вось вы тут запісалі яшчэ аднаго “акулу”, а ён жа хадзіў па Савецкай, прапаноўваў кавалкі паперы туалетнай, гаворачы, што гэта замяняльнік нашых афіцыйных газет і самай буйной — “СовБез”. Начальства было вельмі незадаволена, Дар’я Макараўна з Гмаху кулаком стукала.

— Гэта ж пікет быў, накшталт флэш-мобу.

— Вось менавіта: што скажуць у ідэалагічным камітэце, калі мы яго думкі надрукуем? Альбо тут далей: “Газета павінна быць газетай, друкаваным выданнем, а не органам нейкім ці чэлясам”. Ну што гэта: якім чэлясам?

— Ну, ён жа гаворыць далей: газеты нагадваюць “давалкі”, толькі ідэалагічныя, а не валютныя, у сэнсе, — бясплатныя. Вось, гаворыць, тады казалі, што заходнія журналісты прадажныя, дык ім хоць плацілі па-сапраўднаму, а нашых выкарыстоўвалі за капейкі, сёння плоцяць паболей, але ўжо і выкарыстоўваюць па некалькі разоў, напоўніцу.

— Не, мы гэта адназначна выкрэсліваем. З развагамі “пра другое месца па старажытнасці нашай прафесіі пасля вядома каго”, выкрэсліваем. Далей таксама “пра аднабокасць і тэндэнцыйнасць, якія раней мелі назву...” выкрэсліваем.

— Але ж гэта “тры кіты”, вы ж таксама вывучалі — партыйнасць, народнасць, класавасць, ці ў якім там было парадку? Гэтага ж і не хапае сёння, відаць. Галоўны “Совета Безопасности” ва ўсіх інтэрв’ю наракае: самая вялікая праблема сёння — слабая падрыхтоўка нашых журналісцкіх кадраў, вось раней, маўляў... А што раней? Класавасць, партыйнасць. А як галоўны любіць нагадваць: газеты — гэта калектыўны арганізатар, прапагандыст і агітатар. На палітзанятках у галаву ўбілі калісьці.

— Вы тут ўзгадалі пра аранжавую рэвалюцыю. Не дай бог! Гэта ж самая страшная палітыка сёння. Вы ж памятаеце: ніякіх “фінікавых” рэвалюцый у нас не будзе!..

— А таксама кішмішавых і урукавых, — ясна. Нам экзотыкі не трэба. У нас усё закончыцца “бульбяным бунтам”. І потым: чаго гэта ў нас раптам рэвалюцыянераў разлюбілі, лаянкай зрабілі, вось нядаўна яшчэ столькі замілавання пры расказах пра іх было. А тут: ніякіх імпартных рэвалюцыянераў мы не пашкадуем!.. Берэтка Чэ Гевары ніколі не выйдзе з моды, хай не спадзяюцца.

— А наконт нашага тэлебачання што ў вас тут напісана? З тэлеканалаў дагэтуль чуеш “пасць парву, маргалы выкалю, рага пасшыбаю!” Нават калі гэта праўда, пісаць пра гэта не варта, тым больш у свята.

— Але самі “акулы пяра” гавораць пра гэта!

— Нават “акулам” у наш час не ўсё дазволена. І потым гэта яшчэ не 37-ы год, з чым вы параўноўваеце. Яшчэ няма ў газетах таго, што раньш было, яшчэ па тэлеканалах ніхто не заклікае “раздавіць гадзіну” ці “расстраляць як шалёных сабак”, а “галовы паадрываю” — гэта ж можна расцэньваць як крэпкі жарт, нікому ж яшчэ, здаецца, не адарвалі, як абяцаюць. І потым, тады за газету з партрэтам у туалеце можна было трапіць у турму, сёння гэтага няма. Адчуваеце розніцу?

— Ну вы ж самі сказалі, што цяпер паперы туалетнай нарэшце стала хапаць, хіба што на вёсцы яшчэ газеткамі карыстаюцца.

— Гэта афіцыйнае свята, на дзяржаўным узроўні. Вы прапануеце “Мужыцкую праўду” замест “Правадыркі”. Але ж нават невядома, дзе і калі канкрэтна яна друкавалася. Дый гэта не была сапраўдная газета. А газета “Перакоўка” на беламорскім канале? Ну, гэта ўжо занадта, самі разумееце. Эпатаж нейкі. Эвалюцыю трэба заўважаць. Раней нас называлі прываднымі рамянямі партыі, сёння ўсё інакш.

Поделиться с друзьями: