Райскія яблычкі
Шрифт:
Нашага караля называлі чалавекам з жалезным поглядам, якога баяліся хаванскія загоны. Нямецкі падарожнік пакінуў апісанне: кароль выязджае ўрачыста са світай з замка на гары і калідорам вуліцы рушыць да касцёла на набажэнства. Абапал месцічы, сярод якіх немец, якога так уразіла працэсія, сама атмасфера, што ён неўзабаве сеў з паперай і чарніліцай, узяў пёрка і напісаў пра ўбачанае. Пра дрыжыкі, якія выклікаў міжволі грос кёніг, які здаваўся жалезным.
Не дасягнуўшы катэдры, кароль спыніўся і стаіць дагэтуль на пляцы ў гайніку. Конь, напэўна, шчыкае траўку, апошнюю восеньскую, якая чэзне навідавоку, неўзабаве буцьвее, жоўкне і пятрэе на марозе. А кароль не з’язджае. Уся яго світа даўно пахавана на цвінтарах і ўнутры храмаў, у лёхах. Ад апошніх захаваліся часам магільныя пліты, напаўсцёртыя надпісы. Хто апынуўся ў зямлі, зніклі дазвання. Няма даўно крыжоў, багародзіц, анёлаў, няма надмагілляў. І саміх
У горадзе з вольнай ад калючага дроту часткі мапы якія хочаш помнікі. Маршалкі, кардыналы, каралі... А не толькі чыгунныя богачалавекі — правадыры, наркамхарчы, людзі з маўзерам пры баку. Вольны вецер, вецер зменаў заблытваецца незразумелым чынам ў калючых дратах, у сеціве “сістэмы”. Людзі неабазнана лезуць напрасткі цераз драты. Скрозь калючыя агароджы чалавеку працярэбіцца амаль немагчыма. Наважваюцца толькі тыя, хто ў сваіх азіяцкіх стэпах і пустэльнях не ведае пастак і суцэльнага драцянога сеціва, хто паняцця не мае, што трапіць у вольны свет з нявольнага — надзвычай складаная і вельмі небяспечная справа. “Сістэму” рабілі і ўдасканальвалі доўгі час, каб ніхто не мог уцячы адсюль. Працавалі дбайна, адбіўшы не толькі ахвоту, але самыя нават думкі пра ўцёкі… Даўным-даўно “сістэма” працавала адно супраць звяроў, якія не ведалі абмежаванняў і не падазравалі пра межы. А тым болей пра людскую падэсць, падрыхтаваную для іх, лясных насельнікаў, якія, адрозна ад людзей, захоўвалі сваю свабоду, наколькі атрымлівалася.
Непрыемныя словы “візавы рэжым”. Падобныя на спружыну або на гумовы эспандар. Шархоткае сцябло асоту ці чаратовае, вострае як лязо. І штосьці ад замкнёнасці: вокны з кратамі, дзверы, тэрыторыя, абгароджаная калючым дротам. Рэжым. Зона. Уваход па пропусках. Уезд па візах. Кантроль. Падазронасць, непрыязнасць, адсутнасць усьмешкі. Падзел на людзей двух гатункаў. Абразлівыя словы, якія выклікаюць прызабытыя думкі аб Місісіпі ў агні і аб нядаўняй Паўднёвай Афрыцы.
Кароль здранцвеў. Разам з канём. Можа гэта міраж? Здань караля. Што ж, мабыць, гэта найболей праўдападобна. Беспрытульная постаць, якая растане як туман, як дым, як смуга. Скрозь якую пройдзеш, нічога не адчуўшы. А большасць нават нічога не заўважыць. Бо заўважаць у гэтым разе, значыцца ведаць, любіць, адчуваць піэтэт. Мець пашану ў душы, ганарыцца і пакутваць. Наяўнасць нябачнай оптыкі? Кантактных лінзаў? Ці можа, вочы нармальныя ў меншасці, здольнай бачыць не толькі вонкавае. Меншасці, якой не паспелі ці не патрапілі кропнуць атрапін, каб змянілася рэзкасць зроку, бачанне навакольных рэчаў.
Жывыя статуі. Людзі не ведаюць што ім яшчэ вымысліць. Ім чагосьці ўсё карціць... Ім замала быць самімі сабой, бачыць свой твар у люстэрку, яны стаміліся ад сябе. Ім патрэбны не пластычная аперацыя, а маскі. Ім хочацца вылузацца з уласнай скуры, скочыць вышэй галавы, укусіць сябе за локаць. Быць людзьмі, хома сапіенс ім ужо нецікава. Гэты стан ім здаецца прэсным, без смаку. Ім заманулася стаць манекенамі. Ператварыцца ў маўклівую постаць, у статую, у камень. Яны прагнуць быць акторамі, выконваць ролі, іграць. Нават калі няма звычайных здольнасцяў, не кажучы пра талент. Уласнае імя ім непрыемнае. Ім хочацца кідкіх гучных прозвішчаў, артыстычных мянушак.
Усе квіткі дашчэнту разабраны, каб паспець у іншую краіну да “дня ікс”, да візавага рэжыму. Доўгая чарада машын перад шлагбаўмам, у бакі ад якога разыходзяцца шэрагі калючага дроту. Золкая шарая нервовасць у нейтральнай зоне. Падрыхтаваныя да неспадзевак і каб выконваць любыя каманды. Нявыспатыя і скалелыя трымаюць пашпарты напагатове кожную хвіліну. У акенца ў разгорнутым выглядзе, толькі ў разгорнутым. Каб не ўзлаваць. Тварам у анфас, вочы ў вочы, нікуды не паварочваць галаву, не глядзець убок. Спраўджанне ў якіхсьці зашмальцаваных сшытках. Пячатка. Лясь! Можна у “фры шоп”, чаму б і не? Ці будзеце вы што-небудзь браць? Не-не. Адказаў па прывычцы. І адразу пашкадаваў — апошні раз да візавага рэжыму... Буду! У цеснай крамцы ажыятаж, гармідар: ваш фрышопны талён, тры хвіліны на выбар. А вось пляшка палінкі, мадзьярскай палінкі, якую піў кароль, асабліва ў маразы. Ён не толькі падабаў віно, віно сваёй радзімы, у тваім горадзе, які таксама палюбіў, атабарыўшыся ў Старым замку на гары над самай ракой.
У пабе у вольным горадзе з вальяжнай публікай, за вокнамі бронзавая статуя Ягамосці. Ганаровы погляд, шляхецкія вусы, крывая шабля-карабэля пры баку. Бараніў ад хаваншчыны, фундаваў храмы, друкаваў кнігі. Піва ў пабе, дата на фірмовым куфлі — “1790”. Так-так, тут шануюць традыцыі, тут памяць маюць не абцятую. Табе не хочацца лішнім разам нават не прыніжацца, а звыкла крыху наракаць, твой прыяцель канечне ўсё зразумее, ён ставіцца да вашых праблемаў
спачувальна... Але як стрымацца, як не сказаць, калі тут старанна адшукалі ў архівах першыя ўзгадкі пра бровар яго мосці і старанна з гонарам напісалі дату на піўных бутэльках і бляшанках. Яшчэ горада ніякага не было, адно палац з паркам і дзве-тры брукаваныя вулічкі. Але сапраўдны палац, міні-Версаль, згодна тадышнім друкам.Ну й што, Веслаў? Мой горад даўным-даўно у “Сівітатэс орбіс тэрарум” названы быў сярод найгалоўных гарадоў свету. А ў наступным новы кароль пацвярджае ранейшыя прывілеі жыхарам і вызваляе саладоўні і бровары ад падаткаў, якімі абцяжарыў іх папярэдні манарх з нагоды зацягненай і знясільнай вайны з кітайгародцамі. Хаця вайна працягваецца. Але піваробы прызвычаены на ўсім эканоміць, яны падмаладзілі гарадское піва, пазбавілі моцы на трыста год. Ах, кароль, ах каралеўскія прывілеі! Яны зніклі ў кітайгародскіх архівах, трапіўшы туды ваеннымі трафеямі разам з касцельнымі званамі, са штандарамі і гарматамі.
Ты вяртаешся, вы паступова мінаеце шэрагі калючых дратоў, нейтральную тэрыторыю, падазрона-пільную варту, шлагбаўмы, зноўку драты. Каралеўская сталіца, нарэшце! Вітаю цябе, замак апошняга манарха! Цытадэль на гары. Па-за дротам, канечне, добра, але тут дом. Мост высока па-над ракою, якая гэтак моцна шырока плыла ў каралеўскія часы. Кава дома. Памежны трафей — вялікая бутэлька палінкі. Палінка — гэта, ведай, — “драй эпрыкот брэндзі”. Цымус! У каралеўскім замку падзея: успомнілі пра караля, якога скульптуры займаюць нечакана цэлую залу — з тулавам і без, на кані, на манаршым пасадзе, бюсты, галовы, барэльефы, з вырабленым тварам і — без вачэй, носа, з рукамі без далоняў, бронза, медзь, чыгун, гіпс... Аўтар — адзіны. Якісьці здранцвелы, ці папросту засмучаны. Ён прызвычаены да майстэрні, да самоты, цэлыя гады рабіў у чатырох сценах каралеўскія скульптуры. Пасярэдзіне макет коннай статуі, на сцяне фотапанарама гарадскога пляца. Штосьці незвычайнае! Вершны каралеўскі помнік. Скульптар прыклеіў яго выяву на фоне гайніка. Ён сціпла прызнаецца, што марыць, калі-небудзь на пляцы убачыць сапраўдны помнік.
Густыя гукі сярэдневечнай музыкі, камерны аркестр ажыўляе мелодыямі мёртвую скульптуру. Віно ў кілішках нагадвае пра каралеўскія склепы. Калі ён памёр, у замкавых лёхах знайшлі пяцьдзесят адную бочку з віном, якое ён не паспеў выпіць. Кулуары. А ці ведаеце, ён сапраўды баяўся атруты. Нездарма дагэтуль спрачаліся: ці не быў атручаны? Бо надта хутка і дзіўна памёр. Ён выпісваў з замежжа сродкі ад атруты і нават сам імі карыстацца рыхтаваўся. На каго толькі не думалі! А найперш — што жонка. Так, яна была старая, яе матка любіла атруты. Ён уцёк сюды не проста, каб паляваць аленяў, якія бадзяліся за гарадскімі мурамі, дачка палясоўшчыка мела ад яго сынка пазашлюбнага. Напраўду? Трэба не баяцца архіваў. Калі ён памёр, сам Папа Рымскі прыслаў удаве залатую ружу…
Непазбежнасць надыходзіць з нуля гадзінаў ночы, кажучы па-вайсковаму. Трэба ўставаць у цемры, званкі з кішэннага тэлефончыка, сонныя апатычныя галасы. Язда на няблізкую мяжу, якая спатыкае неспадзявана пустатой перад шлагбаўмам. Сумныя шапікі, у якіх зрабіліся непатрэбнымі пісьмовыя машынкі, на якіх адстуквалі пашпартныя дадзеныя ў ваўчарах. І танна, і хутка — можаш праязджаць цераз шлагбаўм. Ніколі болей. Званок з далёкай радыёстанцыі, паведамленне ў жывым эфіры пра першыя гадзіны візавага рэжыму. Вяртанне з выпадковым падарожным да гарадской ускраіны. Паўгадзіннае калыванне ў перапоўненым аўтобусе з потнымі шыбамі, з цяжкім паветрам, з заціснутымі апатычнымі пасажырамі, збольшага — жанчынамі, я агледзеўся: прывабнымі часцей маладымі спадарынямі, якім бы крочыць на подыумах, аздабляць вокладкі модных часопісаў, здымацца у вядомых рэжысёраў.
Гаспадар вялікага, але старога мерсэдэса, з якім вяртаўся з мяжы, наракаў на памежныя парадкі, дакладней на падзел сваіх на звычайных і прывеліяваных, перад якімі нават мытнікі — як служкі. Для якіх усё па-за чаргой, усё хутка, якія з памежнікамі запанібрата, у якіх усё куплёна. Спыніліся на чыгуначным пераездзе, чакаючы амаль пусты нетаропкі цягнічок. У памежную зону шмат пасажыраў не бывае. А памеранцы? Паназірайце, калі яны працуюць самі па сабе і калі прыязджае іхні камендант. Звычайна са сваёй будкі не паказваюцца, а тут — праштампавалі пашпарты і чакаюць наступных, напагатове. А калі няма начальства іхняга, чакаем мы немаведама чаго. З немцамі, ды з астатнімі, ездзілі ж людзі далей, — гэтак паспрабуй толькі працаваць. Усе гавораць: нашая мяжа самая брыдкая, яны паводзяцца як паны, не ведаю... Мы сябе адчуваем людзьмі другога гатунку... Прастукалі колы цягнічка, выклікаючы званкі на пераездзе, узняўся шлагбаўм. Я дапяў, што ён перавозіць паліва праз мяжу, хуценька здае і вяртаецца. Таксама бізнэс. Сказаў, што як кошты павялічыліся, даводзіцца мяшаць салярку з газаю. Такі вось бізнес.