Райскія яблычкі
Шрифт:
— Дык можна з дзяржкантролем на іх, даць бой! Хай паспрабуюць нашу гісторыю не вярнуць! Можна зрабіць пакой з машынак: расставіць на паліцах і — шыльдачкі.
— Абавязкова, і партрэты нашых карыфееў, майстроў слова, народных паэтаў. Але я не закончыў. Стаяць у падвале ў змазцы, сапраўды — хоць цяпер у бой — на літаратурны фронт! Можна займаць нашу славутую “Лінію Молатава-Рыбентропа”. І хай паспрабуюць! Гэта ж багацце — матэрыяльнае, духоўнае! Самі назвы гавораць з табой на мове гісторыі: “Бальшавічка”, “Ударніца”, “Камунарка”!
— “Ударніца” — з вялікай карэткай, электрычная? Гаргара. Сапраўды, біць па літарах было трэба.
— І прашу ўлічыць такую акалічнасць: ад НКВД — гэта хутчэй канфіскат. Мне трапілася папера
— Прычым тут НКВД? Мы ж пра машынкі гэтых пісакаў, якія на нішто спісаліся, уладу не любяць, мы ж пра цяперашні час гаворым!
— Правільна, а я тлумачу — адкуль яны, архіўныя машынкі. НКВД узнагароджвала лепшых следчых, хто найбольш ворагаў народу выкрыў. А хто больш дбаў, пратаколы допытаў друкаваў, у таго машынкі ляцелі як падэшвы ў пяхоты. Машынкі псаваліся як механізм, які ў рабоце пастаянна. Здаецца, майстар быў у іхняй “Амерыканцы”, рамантаваў. Ламаччам пазней ніхто не займаўся, аднойчы пісьменніцкаму звязу сказалі: бярыце, хлопцы, задарма, можа змайструеце штось.
— Дык гэта ж цэлая эпоха, дысертацыя з гісторыі развіцця літаратуры!
— Не толькі, гэта цэлы раман можа быць!
— А мне, калі шчыра, ніякавата робіцца. Як за пісаніну, за друк саджалі, навошта? Машынка не зброя, не кулямёт! Другое: калі мець яе, калі ўмець карыстацца — было злачынствам, як тады, адкуль браліся новыя аматары друкаваць вершы? Неверагодна! Хто іх мог навучыць карыстацца, НКВД?
— Адкуль яны маглі ведаць, што кагосьці пасадзілі ці ў расход?
— Як адкуль? Быў і няма.
— А можа памёр, ці мала паміраюць? Ніхто не застрахаваны, ніякія лаўры лаўрэацкія не ўратуюць. Вой, каламбур атрымаўся. Нават сёння — то некралог прачытаеш, то запар парачку.
— Паслухайце: газеты ж пісалі пра “ворагаў народу”, працэсы судовыя друкавалі, стэнаграмы…
— Хто ж іх ведае, падабалася пісаць, відаць. Не забывайцеся: абвясцілі барацьбу з непісьменнасцю, усе граматныя сталі.
— А мне часам здаецца, як трусы ў пашчу да ўдава лезлі, як пад гіпнозам. На добры розум, машынка стала такім небяспечным інструментам, як сячкарня ці гільяціна, рыдлёўка была лепшай ў тысячы разоў. Ужо лепей капаць, чым раман вымучваць.
— Капаць! А на “Молатаў-канале” не хочаш?! Там ведаеш колькі народу закапана? І ўсе з рыдлёўкамі былі як адзін.
— З рыдлёўкамі, але некаторым далі ў рукі замест машынкі. Замест арыштаванай, якую ў падвалах НКВД трымалі.
— Скончым дурацкую размову, аб красным пісьменстве мова!
— У мяне пра машынкі яшчэ не ўсё, дыскусія адхілілася. Я хацеў сказаць пра новыя, пра свежыя машынкі, якія ў змазцы, таму што ў мяне ёсць прапанова…
Я часова страціў увагу, разгарнуўшы раман. Падзеі на тэатры баявых дзеянняў у Арабіцы рухаліся імкліва і ўсё болей не ў той бок. Жаўнеры займаліся дробнымі парушэннямі, уцягнуліся ў незаконныя валютныя аперацыі, упадабалі “канабіс”, каб забыцца на ўласную сэксуальную энергію, бо ў мусульманскай краіне яе фатальна не было куды падзець. Камандаванне заклапочана любоўнай эксплуатацыяй жаночай часткі кантынгенту. Жаўнеркі спазняліся на варту, каб задаволіць усіх ахвотных. Яны мусілі дзяліць з імі ўсе цяжкасці вайсковай службы. Часам чаргу даводзілася займаць за некалькі гадзінаў.
Следства, якое праводзіў іхні “асобы аддзел”, выявіла: у батальёнах, палках і брыгадах існаваў “недатыкальны запас” — самыя лепшыя каханкі для афіцэрства. Чым вышэй па лесвіцы, тым больш паглядных жаўнерак і афіцэрак мелі палкоўнікі і генералы. “Асобы аддзел” схапіўся за галаву, бо гэтая з’ява нібы іржа раз’ела самыя высокія паверхі акупацыйнага начальства.
Аўтар асуджаў беласлаўскіх землякоў: зрабіўшыся здраднікамі і перабежчыкамі, за юдзіны грошы раскрылі янкам фундаментальны сакрэт былой сацыялістычнай арміі:
чаму ў яе “абвісла”? Таму што жаўнерскія шэрагі спойвалі кісялём з бромам у салдацкай сталоўцы! Праўда, гэта ў рэшце рэшт далося ў знакі, бо армія не ўзбухнула, калі гэныя “тры зубры” падпісалі дыягназ аб смерці жалезабетоннай, як на першае вока, сацыялістычнай радзімы, якая канала, але была яшчэ зусім не нябожчыцай. Але яна надакучыла да смерці, афіцэры даношвалі апошнія боты, шэраговы склад марыў пра дэмбель без салдацкай сталоўкі з бромам. Так што ніхто асабліва не звярнуў увагі на тое, ці напраўду яна падохла, ці толькі так здалося. Зрэшты, падобна, яна сама стамілася ад ніякай жыткі, вечна напаўгалодная, з неспатоленым жаданнем апахмяліцца…Але разбэшчаныя янкі вылівалі бромны кісель у пясок. Зніякавелае камандаванне звярнулася ў міністэрства абароны, тое — у кампанію “Кола”, каб наладзіла выпуск бромнага спецнапою з бурбалкамі для дзейнай арміі. Жаўнерам перасталі выдаваць гатоўку, каб не абменьвалі валюту на ўсякую марыхуану. Але ў гэтым месцы я зноўку пачуў трыбуну з дакладчыкам, ён, да майго здзіўлення, заставаўся ранейшы. Праблема з анахранічнымі друкаркамі была для новага літаратурнага таварыства архіважнай.
— Прапаную правесці інвентарызацыю: колькі “Камунарак”, “Бальшавічак”, колькі “Ударніц” і “Энтузіястак”. Падлічыць, стан ацаніць, якіх дэталяў не хапае, каб мець дакладнае уяўленне пра “парк машын”.
— Але спачатку разграміць пісак, ключы, замок пакуль у іхніх руках…
— Не: спачатку лічба машынак, размеркаваць і не прымаць больш нікога, каб не было лішніх, “безлашадных”, каб ніхто не быў пакрыўджаны, не адчуваў сябе другім гатункам. А то: ты член і я член, але ў цябе ёсць машынка, а ў мяне нямашака! Дзе справядлівасць?
Так, жарсці распальваліся надалей, але я зазірнуў адным вокам у раманец, які трымаў на каленках… Здраднікі сацыялістычнай радзімы мучыліся ад спякоты Арабікі, адсутнасці “Сталічнай” і салёнага гурка, часамі ў іх прачыналіся згрызоты сумлення, але часцей яны пакутвалі ад дзённых страхаў і начных кашмараў. Разам з усім акупацыйным корпусам як агню лякаліся людзей-бомбаў, машын і звычайных, якія адважныя мясцовыя падпольшчыкі не ленаваліся падкладаць у самых нечаканых месцах: на кірмашах, у кінатэатрах, у чайханах і мячэцях. Карацей, зямля гарэла пад нагамі захопнікаў, як калісьці здарылася ў далёкай саюзніцы Арабікі, дзе патапталіся заваёўнікі, уключна з фрыцамі, каторых аўтар рамана называў пагардліва таксама гансамі і немчурой. Ён зусім не спрабаваў прыхоўваць сімпатыі, яўна захапляючыся зухавымі падрыўнікамі ў паранджах і чалмах. Празаік нават прыводзіў слоўнае апісанне шахідскага паса, інструкцыю для ахвотных.
Мне рабілася зразумелым, што раманіст, як прадстаўнік партызанскай нацыі, быў на баку любых падпольшчыкаў і паўстанцаў, “рэбельянтаў”, як часам па-замежнаму называў іх з ноткамі павагі. Пазней, аднак, любоў гэтая рабілася супярэчлівай, заблытанай, як смак няякаснага вінца, увогуле цьмянай. Выяўлялася, што аўтар цёпла ставіцца да рэвалюцыйных матросаў, да абвешаных маўзерамі і наганамі кінагерояў, але чамусь не вельмі любіць Чэ Гевару, адных шахідаў гатовы на руках насіць, а тых, хто змагаецца ў Праметэевых гарах, абзывае вылюдкамі.
Угодкі рэвалюцыі з гваздзікамі на пінжаках ён падпольна святкуе нават у арабіцкай пустыні, дазваляючы сабе выпіць акупацыйнага напою вуснамі заканспіраванага, смелага і няўлоўнага пасланца паўночна-партызанскага народу. А вось рэвалюцыя з ружамі ў руках, з гваздзікамі ў рулях ўрадавых жаўнераў, каварна абяззброеных, выклікалі ў аўтара непрыхільнасць. Асабліва калі рэвалюцыянеры абменьваюць апельсіны на гумовыя кулі, каб спецназ не страляў па людзях. Пацыфісты выклікалі ў раманіста знішчальныя маланкі, амаль іскры выкрасаліся з радкоў. Чытач ніякавеў: якіх шахідаў шанаваць, а якіх — не і завошта? Бо рабілі яны адну справу, прыблізна з аднолькавым поспехам, адно што ў розных геаграфічных мясцінах…