Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Райскія яблычкі

Астравец Сяргей

Шрифт:

Зрэшты, замяшанне атрымалася незадоўгім, з вады раптам вынырнулі марскія коцікі і тэрарыстам начапілі кайданкі. Тут на катэры пад сцягам падплыў наш галава, ўжо без княскай кальчугі, і паведаміў, што ў Славянскім базары дружба народаў у надзейных руках. Ён падкрэсліў, што чакае купальская ноч і загадаў усім народам выдаць па вянку. Залежна ад нацыянальных традыцый — з папараці, з яловых лапак, нават са штучнага лісця пальмы. Якраз пачало імкліва цямнець.

Дзеці розных народаў прыняліся па камандзе шпурляць у чорную ваду свае вянкі з капітанскага мосціка. Дзе яны падалі, куды плылі — не было бачна і тады раку пачалі абмацваць жоўтыя пражэктарныя прамяні, нібы ў час начной паветранай атакі. Якія нацмены задумвалі жаданні — невядома, як далёка заплывуць вянкі —

ніхто не знаў. А мне думалася: не выключана, суседзі-дзукі паставяць на рацэ сетку, якой ловяць кантрабанду, каб адпомсціць за свайго лётчыка, якому да канца жыцця давядзецца са сваёй аднапакаёўкі пазіраць у бок страчанай радзімы. Ён навучыцца крочыць у калоне, гатаваць шашлык, піць бакштанку нагбом, спяваць хорам гімн, граць на тулумбасах.

2006

ДЖОНІ ХОЛІДЭЙ

Апавяданне пра пішучыя машынкі

Мяне аднойчы змусілі паўдзельнічаць у стварэнні новага літаратурнага “фронту”, паколькі стары не адпавядаў сучасным запатрабаванням. Так патлумачылі ў ідэалагічным камітэце, куды выклікаў лысаваты начальнік у старамодных акулярах. Прысутнічаў маладзейшы чалавек, выглядаў на байца нябачнага фронту. Ён прачытаў радкі з майго вершыка. Вы — паэт, а нам паэты патрэбны. Што скажаце?

— Што я скажу? Калісьці ў маладосці бавіўся часам, але гэта былі спробы, вучнёўства. Я з паэзіяй завязаў, зразумеў што не маё, своечасова ўсвядоміў...

Адказ відавочна не спадабаўся. “Мы ад вас не гэтага чакалі, не самакрытыкі, не заніжаных ацэнак, загаварыў незнаёмец. Вось спіс, вы ў ім таксама ёсць, сярод тых, каму аказалі давер, трэба цаніць”.

— Хто аказаў? Які давер?

— Наперад паравоза забягаць не варта, зараз усё растлумачым. Я ваш “анёл-ахоўнік”, займаюся літаратурай і газетамі, усімі, хто піша, зваць мяне Міхаілам Аляксандравічам, можна нават проста Міхасём. Дык вось, вы ў спісе, таму мы з вамі і размаўляем цяпер...

Я маўчаў. Счакаўшы, “куратар” удакладніў:

— Вам даверылі быць дэлегатам, ствараць сучасны пісьменніцкі хаўрус, паездка ў сталіцу будзе аплочана, можаце збірацца.

— Пачакайце, я нічога не ведаю, мне ніхто нічога не гаварыў.

— А колькі вам паўтараць трэба? Вось персанальнае запрашэнне-пропуск. Яшчэ якія пытанні?

— Ды я нікуды не збіраўся, я не паэт увогуле, “крый мяне Божа”, — трапіла на язык завучаная фраза. — Мяне паэзія можна сказаць яшчэ цікавіць, але мала, а сябе я паэтам не лічу зусім.

— Не трэба адмаўляцца. Сціпласць аздабляе чалавека, але трэба ж і самалюбства мець. Паглядзіце колькі маладзёнаў: кожны сябе ледзь не Пушкіным выстаўляе. А вы працягваеце практыкавацца, нам вядома.

— На святы экспромты пішу часам толькі, каб за сталом пад чарку жанчын павіншаваць.

— Давайце не будзем пачынаць дыскусію пра паэтычныя жанры, эпіталамы, яны вядомыя са старажытнасці, з антычнасці, з калыскі літаратуры…

— Не, я не ведаю, гэта нечакана, хай хаўрус, калі трэба, ствараюць самі паэты, пісьменнікі, а я проста аматар, такіх у нас застольных вершавальнікаў хапае, на кожным вяселлі, мы — нацыя паэтаў.

— Правільна: паэтаў, вам і карты ў рукі.

— Я хацеў сказаць: аматараў, дылетантаў ад паэзіі.

— Усё, дыскусіі скончаны, вось запрашэнне, персанальнае, — дадаў з націскам “літаратурны куратар”.

— Не паеду, — раптам для сябе самога абцяў я размову.

— Як не паедзеш? — зрабіў штучна шалёныя вочы “Міхась”, нібы калісьці сяржант Віннік у войску. Ён моўчкі стаў пераглядаць аркушы з папкі. — А гэта: “А сцяг наш рыцарскі святы!”, “а наш заступнік на кані, усіх ворагаў мячом пералічы і пайменна назаві!” — Твае?!

— Мае, а што?

— А нічога, — апанаваў ён сябе, хвілёва быўшы знерваваным, у гэтай папцы ўсе твае размовы, выказванні, выразкі газетныя, цытаты. Так што вырашай: працаваць у дзяржаўнай газеце ці ў “незалежнай”.

— Няма ўжо незалежных.

— Ну, дык вось.

— Арывэдэрчы, —

нечакана абазваўся ідэалагічны начальнік. Я зірнуў на яго: якіясьці каламутныя вочы за шкельцамі акуляраў. У іх здалося ці то шкадаванне, ці туга, ці нават зайздрасць. Таксама, дарэчы, “пісьменнік”, выпускае брашуркі аб “паслярэвалюцыйнай” гісторыі гарадской: калі трамвай пусцілі, калі каналізацыю зноўку наладзілі ці пачалі шыць чаравікі для простага люду…

— Гільяціну ў залу! — выгукнуў распарадчык сходу на капыл вядомага шоўмэна, які ў “скрынцы” разыгрываў прызы сярод аматараў разгадваць слоўныя шарады. Але гэта была ўжо кульмінацыя, арганізатары яўна спадкаемнічалі эпатажнай маладзёвай суполцы “Макулатур-літ”, якая сваімі хэпенінгамі разбурала граніт афіцыйных пісьменніцкіх мерапрыемстваў. Notabene: то маладзёны “плавалі” на сцэне ў трунах, вяшчаюшчы пра човен Харона, то па-пірацку хапалі на абардаж доўгую скрыню з канкурэнтамі з часопіса “Літара”, складалі ў дамавіну застыгла-акадэмічныя творы, фаліянты класікаў, дагматычныя першакрыніцы і залівалі жыжай, што нагадвала вадкія экскрэменты. Аднойчы падпалілі кніжную макулатуру, загасіўшы чым хутчэй агонь: нават гарэць-не гарыць, сырая!

Кардонны герб новага літаратурнага таварыства заклікаў да неадкладнага дзеяння: “Пісаць, пісаць і яшчэ раз пісаць...” Я, зрэшты, асабліва не сачыў за выступамі. Дыскусія хутчэй нагадвала крыўды-маналогі, трыбуннае разрыванне на грудзях кашулі зняважанымі і пакрыўджанымі. Я сябе паэтам сапраўдным не лічыў, мяне не турбавалі бляшаныя лаўры. Я быў чужым на гэным свяце-рэваншы, на кірмашы дробнай помслівасці.

Мяне зацікавіў двухтомнік, атрыманы дэлегатамі бясплатна, пра заакіянскае жыццё. Калі дакладней, гэта быў раман-дылогія пра амерыканскага галаву, пра Джоні Холідэя, якога аўтар, мякка кажучы, не любіў. Галоўны герой быў чорным каўбоем і жудасным бабнікам. У ягоным урадавым “Боінгу” існаваў стрыптыз-бар, хатні кінатэатр з парнаграфічнымі фільмамі і спачывальня а-ля шэйх з гарэмам сцюардэс. На саміце ён вышуквае вачыма дзяўчат, робячы візіт да “калматага мядзведзя”, і таксама думае толькі пра юр: пазнаёмце мяне, Валодзя, з гэнай элеганцкай міс, якая нас суправаджае. А яна — маёрка міліцыі, у дасканаласці валодае знакамітымі прыёмамі самаабароны без выкарыстання зброі! Адным словам, гэны Джоні трапляў увесь час у дурныя сітуацыі, на радасць іхняй жоўтай прэсе. Апынуўшыся ў калгасе, папрасіўся да даярак у чырвоны куток “паабшчацца”. У эміратах хацеў у гарэм на экскурсію.

Жонка спачатку злавала, знаходзячы ў ягоных кішэнях трусікі, станік, рэшткі памады на адзенні, нават спрабавала скончыць самагубствам: наглыналася таблетак. Але пры дапамозе доктара-псіхатэрапеўта, які неўзабаве зрабіўся каханкам, яна навучылася ставіцца да мужа як да бэйбуса: што з яго спытаць, калі ў яго свярбіць увесь час адзіная думка? Псіхатэрапеўт па-фрэйдысцку тлумачыў агрэсіўную палітыку Холідэя, зыходзячы з яго заклапочанасці сэксам, самы свежы прыклад: напад на Арабіку, маштабная ваенная інтэрвенцыя. Прыбыўшы сакрэтным авіярэйсам, каб падбадзёрыць войскі ў саракаградусную спёку, той накіроўваецца ў медсанбат, каб пазнаёміцца з санітаркамі, на пазіцыях просіць пакінуць яго ў бэтээры з жаўнеркай, чорнаскурай грудастай Джудзі. Не прапускае ніводнае спадніцы.

Часам я перарываўся, прамоўцы перашкаджалі чытаць. Хто сваёй апантанасцю, іншыя звяглівасцю, месцамі лямантам, рыхтык парсючыным віскам, як мне здавалася. А часам прамоўца мог зацікавіць, пачуўшы пра пісьмовыя машынкі, я міжволі спыніўся чытаць:

— Мы павінны адабраць пішучыя машынкі і баста! У іх цэлы склад. Выдавалі як у пазычальні, асабліва маладым, першыя вершыкі надрукаваць, ёсць мемарыяльныя, калі сем’і ахвяравалі ў літзвяз машынкі нябожчыкаў. Ёсць рарытэты — хоць у скупку здавай антыкварную. Я знайшоў зусім музейныя — з шыльдачкамі — ад Саўнаркама, за ўдарную працу на літаратурным фронце, за поспехі, за вынікі ў першай пяцігодцы, за трылогію, ад палітупраўлення арміі, ад наркамата шляхоў зносін, нават ад НКВД славутага! Цэлы музей, яны яго не даглядаюць, занядбалі! Гэта павінна належаць усяму народу, дзяржаве!

Поделиться с друзьями: