Райскія яблычкі
Шрифт:
Цяпер у каралеўскім палацы музей, ад самога караля ў вітрыне застаўся кальян, якім ён любіў карыстацца, слухаючы янычарскую музыку, джэзва і дзве шпоры. Тулумбасы ды іншыя інструменты янычарскай капэлы не захаваліся, але затое ёсць калекцыя крывых ятаганаў, — удзельнікаў усенароднага шэсця вадзілі на экскурсію іх глядзець. У рэшце рэшт і кароль, і князь Радзіловіч займелі пазней не толькі капэлы, але й янычарскія харугвы — ганаровую варту — дзеля прыбамбасаў…
На плошчы каля статуі ўсіх сшыхавалі па ўзору вайскоўцаў, паўзводна, як звычайна на дзень Вялікай перамогі. А наш гарадскі галава сказаў прамову пра аб’яднаўчую місію — злучаць Поўнач з Поўднем, варагаў з грэкамі і Захад з Усходам, янычараў з памеранцамі. Стракацеў тварамі ды
Так, але я яшчэ не сказаў усяго пра спеўнае і танцоўнае шэсце, а яно месцамі нагадвала рыхтык біблейскія сцэны, асабліва калі крочылі бедуіны з вярблюдамі альбо палесцінцы з асламі. Жывёлу пазычылі ў заапарку, карову для індусаў — у прыгарадным калгасе. Асабліва экзатычна выглядалі зулусы з паскамі на клубах, у плаўках з пальмавага лісця папуасы (казалі, што некаторыя з іх нават канібалы) і абарыгены з баёвай размалёўкай твараў ды з бумерангамі ў руках. Дзе іх толькі адкапалі?
А галава наш (вось неспадзеўкі!) не проста так прамовіў — як на шэраговым мітынгу, калі заклікае болей працаваць, мець лепшыя паказчыкі і павялічваць лічбы, не! Ён усіх натуральна прыгаломшыў: выехаў на кані а-ля князь Радзіловіч. Караля ўлады не любілі, ён карону атрымаў з рук Папы Рымскага, а князь сам сябе, можна сказаць, прызначыў. Наш галава выканаў ролю князя, нібы актор тэатральны — у жалезным прыкідзе, маўляў, мы не такія заімшэлыя ды старамодныя, каб толькі пад гальштукам, як бюракраты. Так папросту расчыніў забрала, нібы кармушку ў турэмных дзвярах, і ўсе яго пазналі, прыемна здзіўленыя.
У адказ гаварылі ў мікрафон ад кожнага народа па чалавеку — словы падзякі і г.д. А мурын у стэтсане, пад выглядам з дзікага Захаду, публічна грэбліва, нібы брудную анучу, вымыў у вядры зорна-паласаты сцяг з намёкам на каўбойскія звычкі тамтэйшага прэзідэнта. Нашыя ўлады штосьці не падзялілі з янкамі і пры любой дробнай нагодзе спрабавалі падкласьці ім канцылярскую кнопку. Мужчыны ў пер’ях з каманды мурына таксама мала нагадвалі шашонаў, як і ён шэрыфа, але ж маскарад і ёсць маскарад!
Як ні стараліся ўлады, атрымаўся звычайны антыімперыялістычны мітынг. Замежныя азіяцкія студэнты чыталі з паперкі праклёны янкам, трымалі плакаты ды транспаранты ў духу салідарнасці: “Рукі прэч ад Ціцікакі!”, “Гуантанама — на замок!”, “Яўрэйскія самалёты — на прыкол!” Сонца пякло жудасна, і калі першыя прамоўцы, асабліва сам Радзіловіч, радаваліся надвор’ю, успамінаючы станоўча сілы нябесныя, апошнія стараліся прамаўляць тэлеграфным стылем, асабліва чукчы ды эскімосы.
На другі дзень наш галава зрабіў візіт ветлівасці ў нацыянальныя кватэры. Усе народы і народцы мелі жылплошчу у Вежы дружбы народаў, якую збудавалі ўлады. Цырымонія звычайна адбываецца зверху ўніз: галаву завозяць ліфтам на апошні паверх, адкуль яны са світай рухаюцца пешшу. На парозе яго сустракалі кожнага разу хлебам-соллю, так што ў яго ў горле зрабілася салёна да гаркавасці. Дзякуй Богу, заўсёды падносілі чарку якой-небудзь зулускай тэкілы і давалі закусіць чымсь экзатычным — нават смажанай саранчой, раскормленымі чарвякамі, лічынкамі, аднойчы — яйкамі кракадзіла. Трапляліся і больш традыцыйныя стравы — бішпармак, плоў, чыхамбілі.
Галава кожнага разу гаварыў тост з нацыянальным каларытам, які меў адзнакі кароткага экскурсу ў недалёкую гісторыю і педагагічны момант. Адных паўшчуваў, што ў іх на радзіме запаролі калгасы, сталі назад раздаваць зямлю, зрабіўшы крокі задам. Успомніў пра ІХ-ы форт, пра Лукішскі пляц і Літбел. Іншым закідаў за пасылку жаўнераў у Ірак, за жаданне дагадзіць янкам і нагадаў, што паны зноўку пачалі душыць просты вясковы люд, захамуталі яго. Дзеля гістарычнага прыкладу ён спаслаўся на Картуз-Бярозу. Некаторым іншым ён прачытаў кароткую лекцыю-тост наконт таго, што “у нас не будзе рэвалюцый — фінікавых, урукавых, разынкавых і асабліва гранатавых”, ваша здароўе!
Уладам
па-свойму вельмі пашанцавала: учора на нашую тэрыторыю выпадкова пераляцеў дзуцкі лётчык на прыватным самалёціку, яго ледзь не збілі па звычцы, але потым самі былі задаволеныя, што ўзялі ў палон. У самалёце апынулася яшчэ кабета, думалі жонка, аказалася — палюбоўніца. Карацей, скандал міжнародны наспяваў нібы пажар — ён хацеў прамацаць супрацьпаветраную абарону! Як калісьці карэйскі “Боінг” пасажырскі! Але ўрэшце і нашая ідэалагічная машына пачала працаваць больш далікатна, па-свойму віртуозна, не так тапорна як заўжды было.Назаўтра каля статуі, калі зноўку быў агульны збор, усе мы сталі сведкамі відовішча. Прыехаў нечакана турэмны фургончык, публіка нават зніякавела. З яго выпусцілі палоннага лётчыка з каханкай, знялі з іх кайданкі, і ён зачытаў пакаянны ліст, з якога вынікала, што яму не падабалася тое, што робіцца ў ягонай краіне, таму яны з сяброўкай уцяклі ў Славянскі базар. Ім без размоў далі палітычны прытулак і ордэр на аднапакаёўку у Вежы дружбы народаў з акном на поўнач — у бок іхняй былой радзімы.
Спевы з танцамі на плошчы закончыліся вялікім хорам, агульным з усіх наяўных рэшткаў народаў. Спявала плошча, спявала гімн фэста прыблізна гэтак:
Хоць ты белы, хоць ты шэры, Ты, канечне, наш! Узімку, восенню ці летам — Хай аднолькавым ты цветам — Наш — ты безумоўна — наш! Скура, вочы ці валасы — нашай вясёлкі фарбы! Чорны і жоўты, рыжы, Чырвоны, хай нават будзе Зеленковы твой колер, Языковы ва ўсіх нас адзін — Толькі ружовы, толькі ружовы! Кінь свае справы, крокам да нас, У Славянскі базар гайда-гайда! Не пашкадуеш ты, калі ласка! Дружа, аміга, таварыш-камарад!Мне міжволі ўзгадалася, як нас пасля школы маладога байца калісьці калонай завялі на сцяты марозам заледзянелы шыхтавы пляц, каб пракрычаць тройчы “Ура!” новай камуністычнай канстытуцыі ды праспяваць на манер “Уставай страна агромная!” новую рэдакцыю гімна, які мы развучвалі ў пакоі для антыімперыялістычнай падрыхтоўкі. Дыхаючы марознай парай спяваў пляц мужчынскімі галасамі ў рэчышчы “Пралятары ўсіх краінаў, яднайцеся!” Твары рэзка скажона асвятлялі ўздоўж шыхта пражэктары. Музыка грала праз клубныя дынамікі, бо аніводзін нават вайсковы аркестр не вытрываў бы марозу.
Цяпер свяціла сонца, усе пацелі на адкрытай плошчы, але неўзабаве з палёгкай дзукі, зулусы, гуцулы ды іншыя калонай накіраваліся на прыстань. Іх пагрузілі на рачны цеплаходзік з прычэпам — баржай-рэстарацыяй, каб завезці на пікнік у рамантычнай мясціне з вогнішчам і каўбаскамі на ражончыку. Пакуль яны адсутнічалі, на беразе збіраўся шматтысячны натоўп, увечары абяцалі пражэктарнае шоў ды феерверк. А публіцы сёння адно часцей падавай шашлыкі з півам ды піратэхнічныя відовішчы! Пакуль нацмены плавалі — столькі народу на беразе сабралася — як на Грунвальдскую бітву!
Калі з-за рачной лукавіны паказаўся цеплаходзік, які з напругай супраць плыні цягнуў рэстарацыю, поўную рознакаляровых тубыльцаў, бераг азваўся радасным галёканнем. Небаракі зулусы маглі змярцвець з нечаканасці! Але ўсё яшчэ было наперадзе. Калі цеплаходзік апынуўся паміж берагоў, запоўненых публікай, нібы трапіўшы на сярэдзіну стадыёна, да борта падплыў увішны катэр быццам з лоцманам. Але гэта былі тэрарысты! Гуцулы і абарыгены ўжо, мабыць, пашкадавалі, што захацелі паўдзельнічаць у свяце. Тэрарысты праз мегафон паведамілі, што патрабуюць мяшок з грашыма і самалёцік дзуцкага лётчыка, які атрымаў удзень палітпрытулак.