Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сімъ побдиши

Пашкевіч Алесь

Шрифт:

Грукат пабольшаў, хадуном захадзіў вушак, і ён вылез з ложка, адкінуў засоў.

Дзверы расчыніліся і гухнулі аб сцяну. У спачывальню ўвапхнуўся апякун Шуйскі, а за ім нясмела вызірвала напаўраспранутая дзеўчына.

— Што, ваўчанё, прыціх? — дыхнуў на Івана перагарам няпрошаны з'aйшла і падпіхнуў ніжэй спіны сяброўку: — Баярыня Марфа зажадала праверыць, ці не зацвярдзела царскае ложа…

Марфа апусціла галаву, хаваючы вочы — і няяркае святло свечкі выхапіла ў змроку яе пульхныя вусны і расчырванелы твар.

Івану не хапала паветра. Задыхаючыся і калоцячыся, ён пачаў павольна адступаць да супрацьлеглай

сцяны, а Шуйскі хмыкнуў — ажно перасмыкнуўся сухі кадык — і сеў на ложак.

— Што маўчыш? Ці не рады гасцям? Ці думаеш, што я, нашчадак па старэйшым калене Аляксандра Неўскага, не раўня табе, сапліўцу? — крыва ўсміхнуўся, спадылба зіркнуў на Івана, кашлянуў — і гулліва вымавіў да дзеўчыны: — Марфу-у-ута! А ты што заледзянела? Ходзь сюды! — і пастукаў даланёй па коўдры.

Марфа дробнымі крокамі наблізілася да ложка, і Шуйскі схапіў яе за локаць, паваліў на пярыну:

— Лябёда мая… Царыца… — зашаптаў юрліва. — А якая гарачая, а якая спраўная…

Ён ірвануў на яе ўздымных грудзях кашулю, грубавата падмяў дзеўчыну пад сябе і соладка засоп. Рудая падрэзаная барада паплыла па бялявай лагчынцы да жывата, вострыя бровы казытнулі набухлыя смочкі — і раптам галава адарвалася ад дзявочага лона.

— А што ты тут зіркаеш? — крыкнуў Шуйскі на збянтэжанага Івана. — У адрозненне ад вашай косткі я — не сквапны. Хочаш — дапамагай, а не — вон адсюль!

Івана, здалося, аблілі варам. Балюча застукала ў скронях, яшчэ мацней закалаціліся рукі. Ён, сцяўшы кулакі, кінуўся было на Шуйскага, але, схапіўшыся за більца ложка, стогна крыкнуў і выбег са спачывальні.

Босы, у начной сарочцы, як самнамбул-здань, ён п'aмарачна спусціўся ў тронную залу, мінуў трапезную, выйшаў праз драўляны каланадны калідор да высокіх сходняў палацавага ганка.

Здзіўленыя вартавыя расчынілі перад княжычам дзверы, а ён не заўважыў іх — няўцямна ступаў па замерзлай зямлі двара, не адчуваючы холаду, і яго заплаканыя вочы станавіліся лёдам.

Праз няпэўны час — ноч яшчэ не мінула, хоць надарваны масляністы блін месяца ўжо зачапіўся за купалы Успенскага сабора, — ён няўпэўнена пастукаў у акаваныя дзверы мітрапалітавай рэзідэнцыі. Адчыніў заспаны паслушнік, правёў у цёмную вітальню, акрыў кажухом.

— Пачакайце, Вашая светласць, — прагаварыў дрыготкім голасам, — я зараз разбуджу Уладыку. — І бегма кінуўся па скрыпучых прыступках наверх.

Мітрапаліт Макарый у чорным падрызніку спусціўся да нечаканага госця, прыставіў да стала посах і перахрысціўся:

— Гасподзь усеміласэрны! Што, княжыч, здарылася? Што з тваімі рукамі?!.

А Іван яшчэ доўга не мог прамовіць і слова: прадаўгаватая яйкападобная галава з завостранай макаўкай дрыжэла, нямытыя русыя пасмы закрывалі вочы з кароткімі рэдкімі вейкамі, кажух спадаў з худых плячэй, — і мітрапаліт, выправіўшы паслушніка, папрасіў:

— А ты ў рукавы, у рукавы рукі… Адагрэйся…

Іван глядзеў у адну кропку: ці на край сталешніцы, ці на мітрапаліцкі посах, — маўчаў і адкідваў за лоб валасы; кроў з параненай рукі расціралася па ссінелым твары, і выгляд ягоны быў жахлівы.

Княжыча напаілі малінавым адварам і хацелі прапанаваць паспаць, але ён матнуў галавой і нарэшце зашаптаў:

— Яны поядам жаруць мяне і рабуюць сабранае бацькамі маімі!.. Яны спяць на ложку маім з гуляшчымі сукамі і не знімаюць ботаў!..

Яны — гэтыя шуйскія, бельскія ды іншыя сабакі бесавыя — атруціўшы маці маю, рыхтуюць і мой зыход…

— Божа, што мовяць вусны гэтыя маладыя?! Іван, ты — царскі наступнік, Госпадаў памазанік. І баярскія козні — твая закалка. Малі няўтомна Бога, каб даў табе трываласці і веры вытрымаць гэтыя выпрабаванні. І я аб тым няспынна ва Усявышняга вымольваць буду.

Іван нечакана аціх, перастаў калаціцца, павольна ўзняў галаву — выцягнуўшы доўгую шыю — і наскрозь пранізаў Макарыя халоднымі шэра-зялёнымі вачыма:

— Кажаш, я царскі наступнік?

— Так. Ад людзей і Бога. І недалёкі ўжо дзень вянчання твайго на сталец царскі, бо якраз табе наканавана стаць сапраўдным валадаром зямнога царства праваслаўнага. — Мітрапаліт прыхінуў расчуленага княжыча да сябе і абняў. — Рыхтуйся да гэтага…

Іван праспаў у мітрапалітавых пакоях астатак начы, увесь новы дзень і ўсю наступную ноч. Раніцай наспех падсілкаваўся і апрануўся ва ўсё новае: на прычасаных валасах — таф’я з чырвонай парчы з жэмчугам, паверх яе — вялікая пярсідская ціяра, падшытая чарнабурым лісам; доўгая вышытая кашуля без каўняра; доўгі каптан з вішнёвага аксаміту, сціснуты жоўтым пасам; востраносыя, пакрытыя пурпуровым атласам боты; лёгкае сабалінае футра на плячах…

Ён апрануўся і, не развітаўшыся з мітрапалітам, рашуча пашыбаваў да каланадаў княжскага палаца, прайшоў у тронную залу, сеў, не скідаючы футра, на сталец, выклікаў галоўнага каравульніка і спытаў:

— Як цябе завуць?

— Мацей, княжыч…

І раптам Іван ускочыў, падбег і схапіў каравульніка за каўнер каптана, злосна прашыпеў:

— Я, халопская морда, будучы гаспадар усяе Масковіі і твой цар! Запомні!..

— Я… я й не забываў гэтага, Вашая вялікасць, — неўразумела, з ноткамі сполаху ці зніякавеласці прагаварыў каравульнік.

І тое спадабалася, нават акрыліла Івана, але выгляду ён не падаў:

— Хачу ведаць, дзе Шуйскі.

— Ды адпачывае яшчэ…

— Дзе?!

— У… — каравульнік пацепнуў шырокімі дужымі плячыма. — У Вашых царскіх пакоях…

Івана перакрывіла. Хацеў штось выкрыкнуць, але голас сарваўся.

Ён вярнуўся да стальца, моцна сціснуў параненай рукой высокую спінку і загадаў:

— Аспіда Шуйскага выгнаць з палаца, вырваць яму жала лютае і кінуць у маю псарню! Сабаку — сабачая смерць! Ложа, ім апаганенае, спаліць!

Агаломшаны каравульнік задам пасунуўся да дзвярэй, і ўзбуджаны Іван ужо наўздагон кінуў яму:

— А пасля таго, як справішся з усім, быць табе, Мацей, маім галоўным пасцельным і ахоўнікам!

Праз некалькі хвілінаў соннага і неўразумелага Шуйскага стральцы сцягнулі за валасы на гаспадарчы двор. Ён спрабаваў адбівацца і крычаць, і Мацей схапіў яго за горла і не адпускаў, пакуль не адчынілі дзверы псарні.

— Ну вось, — піхнулі цела Шуйскага некалькі ног, — цяпер гаўкай.

Але задушаны Шуйскі ўжо не мог гаварыць…

Купалы Успенскага сабора зіхцелі на студзеньскім марозе мядовым золатам. Хрумсцеў свежым снегам Крамлёўскі дзядзінец — пад ботамі і валёнкамі. Увесь служывы люд Масквы і нават аддаленых слабодаў з’ехаўся-прыйшоў падзівіцца на гэтае відовішча: «асвячэнне на цара» маладога гаспадара Івана Васільевіча.

Поделиться с друзьями: