Сцюдзёны вырай
Шрифт:
І што ён нават Франчыка з сябрукамі спачатку прымаць з-за гэтай перасцярогі не хацеў, але ж бачыць — яны шчырыя людзі і не будуць рабіць нічога дрэннага з Настуляй. Што? Ці прыходзіў на тое спатканне ля «Блакітнай мячэці»? Так, Кэтрын, ён гэтай беларусцы прызначаў спатканне. Ну так было. Ну мы ж яшчэ не былі знаёмыя. Кэтрын, ну не крыўдуй, ну дай я цябе пацалую! Ды так, са свіданкай той… Непаразуменне выйшла… Ён на яе не з’явіўся, праспаў. Бо доўга да таго па горадзе бадзяліся, «айм вері сорі» — я так разумею, апошняму можна не даваць веры, бо побач была фурыёзная Кэтрын, не, лепей, людцы, я не буду верыць у тое, што ён не прыходзіў. Ці прыходзіла я? А як вы думаеце?
Я не выключаю — і ніхто не можа выключыць, што тыя службоўцы, якія дазволілі мне праз іх атрымаць усю гэтую інфу ад Франачка, кіраваліся не чалавекалюбствам. Мабыць, была ў іх нейкая патаемная мэта. Аднак усё, задрала параноіцца, досыць, ну «здалі» яны Пільняка, ну далі даведацца пра Вілаў — ну і досыць! Трэба ставіць кропку, бо інакш атрымаецца, як у тым рамане —«Тры жыцці Насты», тры праўды Насты,
Лепей раскажу вам, на чым я тут трымаюся. Калі мы з расамахай гойсалі па Тыбеце, я ўсё спрабавала даведацца ў манахаў, што такое будызм. Што гэта за рэлігія, у якой няма Бога, няма раю, а пекла — ёсць, прычым нават не адно пекла, а некалькі пеклаў — па колькасці асноўных чалавечых заганаў. І вось, мы прыязджалі аўтастопам у чарговую гомпу, ці прыпаўзалі пешшу — тады, калі зразумелі, што ўсе кляштары, якія знаходзяцца ля дарог, з’яўляюцца выключна турыстычнай атракцыяй, і там цябе сустракаюць не манахі, а экскурсаводы, дык вось, мы ўзыходзілі па шматлікіх прыступках, мы коўзаліся па замёрзлых азёрах, праз якія трэба было прайсці, каб патрапіць на старажытную сцежку, якая выводзіць да манастыра, амаль такога старога, як навакольная горы. Мы блукалі, мы гублялі прытомнасць ад стомы, мы бывалі ў сітуацыях, калі на дзвюх заставаўся адзін глыток чырвонага віна ў пляшцы. Мы спалі пад зорным небам ля дымлівага вогнішча, распаленага здранцвелымі ляпёшкамі лайна нейкіх жывёл, якія тут гойсалі, бо ніякай іншай гаручай субстанцыі побач не было, дрэвы не нарасталі на пластах базальта. Мы праходзілі праз усе выпрабаванні і даходзілі да стану, калі ад стомы не заставалася ніякіх пытанняў, толькі б дайсці, толькі б расшукаць, бо Google Maps бездапаможны ў выяўленні гомпаў, якія некалі схавалі ў шчылінах паміж скаламі менавіта для таго, каб ніякі Google Maps не дапамог знайсці. У рэшце рэшт, знаходзілі, знаходзілі па крышталёвых водгуках будыйскіх званочкаў — ціхіх, але створаных менавіта для гэтых гор з іх блакітнай, аблокавай чысцінёю. Запаўзалі на падворак, нас сустракалі светлыя людзі, з усмешкамі, якія могуць кранаць вусны выключна датычных да бога і набліжаных да рая — сустракалі так, нібы ведалі пра ўсе нашыя прыгоды, пра тое, як знайшлі на шляху — там, дзе так холадна, што ніколі не растаюць спрадвечныя льды, дагістарычнага птаха з выпрастанымі крыламі, умарожанага ў зямлю, як амаль што падохлі ад голаду і вось — дайшлі.
Я пыталася: што такое будызм, а яны ўсміхаліся, цёпла, як сваякам, як багам, якія ўсё, што трэба, ужо ведаюць, забыліся і трэба толькі ўзгадаць. Яны казалі: хадземце лепей за намі. Мы паўзлі за імі і апыналіся ля маленькага століка, на якім з гатоўнасцю рыпеў імбрык, бо нас чакалі. Яны пыталіся, ці не напаткала нас завея на шляху праз цясніну, імя якой мы чулі ўпершыню, і высвятлялася, што так, мы праз яе праходзілі і не, не напаткала, што было сведчаннем нашай добрай кармы. Я зноўку пыталася: што такое будызм? А яны замест адказу налівалі гарбату ў кубачкі і прапаноўвалі: давай проста моўчкі паглядзім на горы. І мы глядзелі, пілі салёную гарбату з малаком ды маслам, чулі прыпавесць, ад якой патыхала дабрынёй ды мудрасцю, дапівалі і валакліся далей — туды, да небасхілу, такога блізкага, бо поле бачнасці абмежавана чарговай гарой са старажытным імем ды нейкай суаднесенасцю з чароўным бажком, якога яна ці то ўвасабляла, ці то ім з’яўлялася.
І вось, ад гомпы да гомпы нас сустракалі ўсё цяплей, як быццам па характары маіх пытанняў («калі Далай Лама з’яўляецца інкарнацыяй Авалакіцешвары, дык чыёй інкарнацыяй з’яўляецца Кармапа і як разумець гісторыю пра шапку, сплеценую з анёлавых пёраў, гэта метафара ці паданне аб тым, як усё насамрэч было?») ужо разумелі, што я недзе побач з тым, што шукаю.
Аднойчы, калі мы маўкліва глядзелі на аблокі гораў, што паўставалі праз даліну насупраць нас, калі мы частаваліся мятным пірагом, выпечаным тут, у гомпе з-за вялікага свята, святкаванне якога зводзілася да дудзення ў аграменныя медзяныя трубы на світанку, калі навокал так прыгожа, што займае дух, стары манах, які ўвесь час побач з намі смяяўся, нібы дзіця, прапанаваў мне: «Хочаш, я навучу цябе самай простай медытацыі?». Гэта было дзіўна, бо ніхто тут, у цытадэлях забароненага, нібы нашая беларуская мова ў нашай уласнай краіне, будызма, не спрабаваў мне дапамагчы ў яго спасціжэнні. Я ўважліва слухала старога і цяпер ратуюся тым.
Самая простая будыйская медытацыя палягае не ў адчыненні нейкіх кропак, выхадзе ў астрал, уяўленні сябе плямай святла ў цемры няіснага. Я была гатовая пачуць пра сустрэчу са звышрозумам ці звышадмаўленнем уласнага розуму, аднак тое, што расказаў манах, перад тым, як сысці распальваць лампады перад неверагодным па памерах залатым Будай, мяне здзівіла немудрагелістасцю ды разумнасцю. Медытацыя такая. Трэба заплюшчыць вочы і ўявіць блізкага табе чалавека, сябра ці сяброўку. Чалавека, да якога ты ставішся вельмі блізка, якога ўспрымаеш так, як самога сябе. А потым — гэта проста — ад усёй душы пажадаць, каб у гэтага чалавека ўсё было добра. Цяпер і назаўжды. Потым трэба ўзгадаць выяву свайго ворага. І, адрынуўшы сваю нянавісць, усё дрэннае, што маеш у сэрцы і пад сэрцам, усе тыя мярзоцці, якія ён здзейсніў табе і ўсе тыя мярзоцці, якія ты яму паспеў пажадаць, ці працягваеш жадаць — гэтаксама, ад усяго сэрца, усёй уласнай сутнасцю пажадаць яму дабра. Зрабіць так, каб лёс гэтага чалавека зрабіўся тваім лёсам і каб у вас з ім у гэтай счэпленасці і ўзаемапранікнёнасці
ўсё ў рэшце рэшт атрымалася. І потым, калі ты ўжо пераадолеў загану нянавісці, пераадолець яшчэ адну — загану абыякавасці. Уявіць сабе, аднаго за адным, усіх тых, з кім сустракаўся — нават на хвіліну, нават проста замаўляючы каву ці адмаўляючы ў міласціне. І гэтаксама — адчыніць ім усё добрае, чалавечнае, што ёсць у сэрцы. І рабіць так з кожным, якога ведаеш: узгадваць, узгадваць усе рысы, твар, вочы, узгадваць, бо менавіта ў нашым уяўленні жывуць іншыя ды самі мы — жывем там, дзе жыве наш розум, жывем уласным уяўленнем. Узгадаваць ды дараваць, ды жадаць найлепшага. І гэта ёсць самы прамы шлях да прасвятлення.Я ўяўляю твар Янкі Пільняка, і мяне спачатку скаланае, мне хочацца яго раздушыць, як… Як… Як прусака. Ды не, няма тае жывой істоты, з якой я жадала б так, як з ім… Але потым я пачынаю медытацыю. І напаўняю ўласнае сэрца жалем ды любоўю да яго. Вялікім жалем і шчырай любоўю, я ўяўляю яго маім братам, які саступіў са шляху дасканаласці ды міласэрнасці, я ўяўляю ягоныя матывацыі ды яго прыкрае жыццё. І я адчуваю, як мне становіцца лягчэй. Я жадаю яму дапамагчы, каб ён не блытаўся больш, чым заблытаўся цяпер. Каб на сэрцы ў яго ўсталяваўся спакой, не, я не жадаю, каб ён змяніўся, бо тады гэта будзе ўжо іншы Янка Пільняк, не, хай сабе яму стане лёгка ў тым выглядзе, якім ён зараз ёсць, без зменаў, у ягонай маркотнай кватэры, у ягонай адзіноце, закінутасці, стомленасці ды спустошанасці. Бо нават тут, у ягоных абставінах, можна адчуць шчасце, і я жадаю яму — шчасця.
Я ўяўляю падобныя на масластае гузно рылы тых «службоўцаў», якія са мной працавалі, мяне дрогае ад шаленства, хэй, ува што вы ператварылі абраз, які быў дараваны Нябёсамі, колькі бухалі, гвалцілі, катавалі, што вашыя твары зрабіліся падобнымі да свінога лыча? Як маглі вы ўласную чалавечнасць пралайдачыць на гэтай працы? Але не, не, нельга, трэба супакоіцца, трэба знайсці спакой, усё роўна я не магу з імі нічога зрабіць, мае рукі звязаныя, і за спробу разнесці на друзкі акно ды тымі друзкамі — па вачах, бля, па вачах, суке паганай, — гэтыя спробы, яны бясплённыя, яны сканчаюцца тыднем інтэнсіўкі, сульфазінавым крыжам ды падскурнымі «пустымі» ін’екцыямі ў лыткі, пасля якіх узнікаюць пухлякі, там скура с храбусценнем адлупліваецца ад цяглічных тканінаў з-за ўздзеяння газу, аднак гэта не катаванне, гэта распаўсюджаная практыка працы з буйнымі псіхамі, а што рабіць? І вось я ўзгадваю, як шчыра, цёпла рагаталі яны, калі бачылі па Discovery, як здаровыя дзецюкі з гуманітарнай місіі даюць пасмактаць малако з піпеткі маленькім дзеткам кажаноў — у малых былі здаравенныя вочы ды празмерныя вушы, і гэта сапраўды было камічна, мае каты рагаталі так, як быццам сабраліся ў сямейным коле, і я адчувала, якімі кранальна добрымі бываюць з жонкамі, сябрамі, дочкамі… У рэшце рэшт, усе здаровыя мужыкі, нават тыя, што колюць «галу» без карэктара, закочваюць такім буйным, як я, «галаперадоз», ад якога робіцца немагчыма стаяць, сядзець, ляжаць, дыхаць і нават не дыхаць, ад якога карціць разбегчыся ды башкой — аб сцену, дык вось, усе яны маюць незлаблівую натуру, ім, мабыць, досыць цяжка абуджаць у сабе лютасць на працы, бедныя, бедныя, хай бы ў іх усё было добра, хай!
І адпускае, і робіцца магчымым — жыць, і жыццё зіхаціць цішынёй ды прыгажосцю: зрэшты, я маю шмат: я маю сосны за вокнамі, я маю зоркі ды світанкі, лісце ды мудрагелісты малюнак галінаў, праз які праглядаюць нябёсы. Бо немагчыма жыць нянавісцю — яна выпальвае, выядае вантробы. Я раблю гэта не для яго і не для жыцця пасля смерці, бо выдатна разумею, што нічога там, пасля смерці, не будзе, бо нават усе тыя будысцкія пеклы існуюць выключна тут, на зямлі, падчас нашага жыцця і сканчаюцца разам з ім. Я раблю гэта для сябе, для той музыкі, якая гучыць у кожным з нас, калі мы адкідаем прыкрасць ды крыўды і пачынаем — жыць. Я адчуваю любоў да Янкі Пільняка, да дэбэшнікаў, да ўсіх тых, хто мяне затрымліваў, тых, хто праводзіў тэрапію, хто дапытваў і судзіў, да дактароў ды міліцыянтаў, санітараў ды шпегаў, да ценяў, якія мяне праслухоўвалі, да тых няяўных постацяў, што распланавалі мой лёс. І я іх люблю, як магла б кахаць Вілаў, калі б штосьці атрымалася, калі б атрымалася.
І тут, у цішыні майго белага пакою, пад небам, якое так блізка — можна дакрануцца далонню да рашэцця, у якое яго спрабавалі зняволіць, да шкла, у якім яно застыла, дык тут, побач з небам, я пачынаю разумець — што вырай — гэта не Стамбул, не Вільня і не Мінск. Гэта не спаласнуты сонцам колішні пакой з даляглядам, якога болей не існуе, не хараство назаўсёды страчаных інтэр’ераў Жукоўскага. Вырай — гэта не краіна, дзе ніколі не будзе зімы. Вырай нават — гэта не адчуванне каханага побач. Вырай гэта не «дзе» і не «з кім». Вырай — гэта не радзіма, не мова і не твае ўяўленні пра радзіму ці мову. Не, не, не! Вырай для чалавека — гэта спакой.
Усё так, даражэнькія, усё менавіта так. Але ж у пізду той дзэн! Толькі дайце мне вылузнуцца адсюль! Толькі, бля, дайце! Я тады (апошнія шэсць радкоў замазаныя белай карэктарскай фарбай, — рэд.)
Заявление Центра Информации и общественных связей (ЦИОС) КГБ в связи со вбрасываемыми в Интернет домыслами о спецоперации на территории Литвы с использованием «литературной» составляющей
В последнее время участились случаи появления в «независимых» средствах массовой информации сведений о мероприятии, якобы проведенном Комитетом Государственной Безопасности в Республике Литва в нарушение дипломатических норм и этикета, а также международных договоренностей Республики Беларусь по доставке на родину находящихся в розыске преступниц.