Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сцюдзёны вырай

Марціновіч Віктар

Шрифт:

Я ведаю, што рашэнне аб гэтым лісце прымалася на найвышэйшым, зааблокавым узроўні, недзе побач са стратасферай. Складана сказаць, што прымусіла пагадзіцца з маёй апеляцыяй тых усемагутных маўчуноў, якія спачатку маўчалі «не», а потым аднаго дня пачалі раптам маўчаць «так, добра, згодныя». Падаецца, усё вырашыла іх адчуванне гідлівасці да Янкі Пільняка, пра якога ніжэй вы даведаецеся шмат чаго цікавага. Прусак, нават калі ён карысны прусак, карысны, бо чысціць стол ад хлебных дробак — усё ж прусак. І пры першай магчымасці рука цягнецца за тапкам. Гэта вышэй за розум, гэта вышэй за разуменне таго, што прусак шмат яшчэ дробак са стала прыбярэ. Проста глядзіш на яго, працінаешся гідлівасцю і неяк аўтаматычненька — хоба — і плямка замест кузуркі.

Тутэйшага «галоўастранома» больш за ўсё ўразіў мой «амерыканскі аргумент». Чую вашую гаману: Наста, бля, хопіць ужо хаваць іх за гэтым какецтвам, дай нам імя, прозвішча, пасаду! Але, людцы, не маю права, не магу агучваць нават прыкладных фармулёвак іхніх пасадаў, бо не прапусцяць ліст… Дык вось, хай будзе

галоўастраном.

Галоўастраном кінуў смяяцца і пачаў дапамагаць з дазволам на ліст, калі пачуў мой «амерыканскі аргумент». Вось гэты аргумент: «Вы ж не хочаце, каб мае прыхільнікі і паплечнікі, і паслядоўцы знялі на Соні ХэндзіКэм адразанне галавы грамадзяніна Вілаў ланцужнай пілой? Бо вы ж улічвайце, я ж у пэўным сэнсе жывы сімвал для свядомых змагароў. А гарачых галоваў, у якіх з-за тае гарачыні праз вушы выпарыліся глузды, хапае ў беларускай эміграцыі! І асабліва ў амерыканскай беларускай эміграцыі, зашыфраванай, падпольнай! У Бостане схаваліся пасля нашага крывавага снега некалькі сапраўдных Рэмба, яны з лёгкасцю і пілу знойдуць, і відэакамеру, і, што самае прыкрае, самога Вілаў, бо той насамрэч — жывы, здаровы, рэальны і гэтак далей. І вось, натуральная гідлівасць да прусака Пільняка ў сукупнасці з нежаданнем міжнароднага скандалу прывялі да таго, што мне дазволілі займацца „пісаннем“ на штотыднёвых „эстэтычных практыкумах“».

Мне паставілі тры ўмовы. Прыводжу іх, каб люд не гундзеў, чаму я тое сказала, а тое — не.

Першая ўмова. Ні слова пра падрабязнасці спецаперацыі па маім фізічным захопе ў Вільні. Бо там працавалі спецыялісты, якія дагэтуль на аператыўнай службе, і выпадкова ці невыпадкова я магу іх раскрыць. Акрамя таго, я знаходжуся «пад эмацыйным уплывам наступстваў» іхняй працы і не здолею аб’ектыўна ацаніць высокія прафесійныя якасці, якія яны прадэманстравалі і за якія былі ўзнагароджаныя. Адзіны сказ, які праз тры сеансы выпраўлення памылак мне дазволілі пакінуць: «Пра гэтую аперацыю ўсё ўжо напісана ў Сеціве: чытайце ды аналізуйце». І не пра аперацыю, а так, каля яе. Я не буду каментаваць усяго таго, што напляла малая ці што сказалі наплесці малой, бо мне і гэтага зрабіць не далі. Але ж чытайце Крэйзіны запісы пільна і рабіце высновы, сыходзячы з усёй сукупнасці абставінаў, у якіх яна апынулася, усё, усё, тут спыняюся, бо, здаецца, ужо недзе заступіла за рысу.

Другая ўмова. Я не магу даваць намёкаў на тое, дзе мяне ўтрымліваюць. Я не магу пакідаць у тэксце зашыфраваных мэсаджаў, якія дазволяць мяне знайсці. Калі на любым узроўні праверкі тэксту апынецца, што ягонай мэтай было не вызваленне Вілаў ад незаслужанай помсты, а пакіданне слядоў ды арыенціраў, ліст не накіруецца ў «Ахрэм», а будзе знішчаны. Ацаніце, дарэчы, як яны на маю тэму шухерацца і прыкаліцеся таму, якім крутым перцам спрабаваў выставіць сябе Пільняк, які не толькі нібыта «даведаўся», дзе я «жыву», але ж нават і перадаў цацачку.

Другую ўмову выканаць вельмі проста, бо я нават прыблізна не ведаю таго, што абавязалася «не выкрываць» нават намёкам. Дзе я? У якой вобласці? У якім раёне? Няведанне таямніцы — панацэя ад яе выпадковага раскрыцця, таму пішу спакойна.

Перавозілі мяне сюды ў стане медыкаментознай непрытомнасці, што не было катаваннем і не можа ўспрымацца як здзек з асуджанай, бо ім было неабходна дэзарыентаваць мяне. Потым яшчэ некалькі дзён трымалі ў пакоі без вокнаў, каб я па нейкіх там секундных зменах у наступленні ранка не зразумела нечага аб уласных каардынатах на мапе радзімы. Вось настолькі ўсё тут сур’ёзна, а вы кажаце, лялька ад Янкі Пільняка. Адзінае, што я бачыла з наваколля на ўласныя вочы і што зноў жа мне высакародна дазволілі захаваць у тэксце — тыя прыгожыя сосны, якія ўзвышаюцца за бетонным плотам, калі мяне выводзяць на шпацыр. Сосны, сярод якіх можа блукаць узгаданы Пільняком «выпадковы грыбнік» — думка аб яго нікчэмнай свабодзе, якую ад маёй адпакутаванай, перажытай несвабоды аддзяляе ўсяго некалькі крокаў ды шурпаты чатырохметровы бетон, праз які я столькі разоў павольна пераскоквала ў снах, гэтая думка, ах, гэтая думка… Сосны, якія ірвуць сваімі галінамі нябесны лазурак ды зіхацяць бурштынавымі слязмі на сваіх лускаватых аксамітных ствалах, яны плачуць са мной, калі мяне раптам зранку захалане залева журботы, калі б вы ведалі, як тут бывае, калі б толькі я магла сказаць, калі б мне дазваляла мова ды людзі, якія даюць дазвол на мову, на кожнае слова ды кожную коску…

Па начах я бачу ў сваім вакне сузор’е Вялікай Мядзведзіцы і, бывае, у зацыкленым руху ад адной зоркі каўша да другой, трэцяй, чацвёртай, распазнаю маршруты ўласнага жыцця, якое таксама раптам абмежавалася чатырохкутнікам майго белага пакою, але ж аднойчы я абавязкова ірвануся наперад, прэч, па той уяўнай рысцы, якая вядзе ад каўша да Палярнай — ірвануся з тым, каб напаткаць самую зыркую зорку на небасхіле…

Ну і трэцяя ўмова. Я не магу заклікаць у тэксце да фізічнага ўздзеяння на Янку Пільняка. Гэта адзінае, што паўстала паміж тапкам ды прусаком у якасці падзякі за паслугу ад яго «гаспадароў»: умова пра адсутасць маіх заклікаў да таго, каб хто-небудзь яго ўрэшце прышлёпнуў. Рабіце высновы — тыя, хто ўзважвае, ці варта супрацоўнічаць (выдаліць з тэкста). Заўвага рэд. «Ахрэм»: мы атрымалі ліст з закрэсленым чырвонай асадкай сказам ды ананімным надпісам («выдаліць з тэкста»). Паколькі мы друкуем Настын ліст у тым выглядзе, у якім яго атрымалі на рэдакцыйную паштовую скрыню і,

да таго ж, не ведаем, чыя гэта парада і каму адрэсаваная, мы вырашылі сказ не знішчаць.

Я не заклікаю Янку забіваць. Я не заклікаю адпілаваць яму галаву. Я нават не прашу аб малым, каб хто-небудзь адшчыкнуў яму яйцы тупымі садовымі нажніцамі. Не будзем чапаць гэтую мярзоту, хай сабе жыве. Мне дастаткова, каб усе ведалі, як усё было насамрэч, каб ніхто не крануў невінаватага. Не магу выключаць, што разам са з’яўленнем майго тэкста ў «Ахрэме», будзе выдадзены які-небудзь контр-тэкст, які запэўніць усіх прагных крыві Янкі Пільняка ў ягоных геройствах у дачыненні да мяне. Ці будзе сцвярджаць, што тыя словы, якія я выводжу зараз зялёным алоўкам на паперы, былі насамрэч напісаныя не Настай у спецустанове, у якой яна апынулася з-за Пільняка, а палкоўнікам на Лубянцы. Але ж я не магу моўчкі назіраць за тым, як белае становіцца чорным, а чорнае — белым, як зноўку ўсё пераблытваецца, перакуляецца дагары нагамі, і гэтым разам размова ідзе пра мяне, пра мой лёс, маю гісторыю, маіх норыцаў ды маіх трусікаў. У апошні раз паспрабую выправіць свет, хаця блытаць анёлаў з шатанамі звыкла для нацыянальнага характару, і нават сотні жыццяў тут не хопіць, каб памясціць анёлаў назаўсёды ў рай, чарцюкоў — назаўжды ў пекла. Хацела тут выкарыстаць замест «чарцюка» слоўца, якое вынайшаў Пільняк, слоўца «дэманюк», аднак зрабілася грэбліва ад яго мовы ў маім роце: нічога агульнага з гэтай пачварай! Магла б, нават правапіс змяніла б на тарашкевіцу, каб толькі не карыстацца тымі ж словамі, што і ён, але не здольная…

Дарэчы, прамільгнула зараз думка, што прычына, па якой КДБ вырашыў стачыць Пільняка — не ў гідлівасці. Бо бландзіністых прынцаў у белых бурносах ў камітэце няма, а лайно ад лайна не званітуе. Тут можа быць іншая карысць: з ліста вынікае, што Насту свабоды пазбавіла не сістэма, а Янка Пільняк. І што нянавісць павінна факусавацца выключна на ім, а не на ўсіх гэтых незаўважных чэкісцкіх нячысціках, імя якім у краіне — легіён. Даволі разумна… Выглядае, цяпер ўжо я гуляю на іх баку? (Заўвага рэд. «Ахрэм»: далей ідзе некалькі радкоў тэкста, якія былі замазаныя белай карэктарскай фарбай. Мы спрабавалі скалупнуць яе, аднак разам з фарбай адышоў і вялікі кавалак паперы, таму выглядае, што тэкст не аднавіць).

Але ж харэ корпацца ў складаных пытаннях, я вам тут не Сігмунд Фройд. Давайце шчыльней да справы, бліжэй да стравы. Побач з маім белым, як полацкая Сафія, пакоем, знаходзіцца зала эстэтычнай тэрапіі, дзе я штотыдня малявала адзін і той жа букет — пасля таго, як далоні перасталі дрыжэць ад прывітальнай дозы «галы», якой мяне ветліва сустрэлі прафесійныя дактары, высокую кваліфікацыю якіх я тут яшчэ раз засведчу.

Букет уяўляў сабой пук нейкіх ссохлых раслінных рэшткаў у жбане, задрапіраваных аптэкарскім халатам, на якім з некаторай складанасцю былі ўтвораныя цяжкія класічныя складкі, як у Хруцкага. Мне не далі фарбаў, бо дактары сказалі, што баяцца майго магчымага самагубства: нажаруся якога ўльтрамарыну ды памру нах. А ім адказваць. Такія прастадушныя! Нібы з дапамогай алоўка забіцца немагчыма!

І вось, пасля таго, як мы дамовіліся з галоўастраномам пра тры забароны, замест малюнку на эстэтычных практыкумах я пачала займацца пісанінай. Мабыць, нейкая ўнутраная інструкцыя недастаткова дакладна тлумачыла алгарытм дзеянняў у выпадку, калі пазбаўлены волі жадае змяніць занятак на «тэрапіі прыгажосцю». Бо мяне працягваюць саджаць за мальберт перад гэтым пастылым нацюрмортам ды зноў даюць дзве гадзіны на тое, каб выканаць «заданне»: адчуванне здаровага сэнсу іх мякка абыходзіць бокам, бо кожны раз пасля таго, як я здаю спісаную паперу, каб яе замкнулі ў шафе да наступнага тыдня, адказны доктар агалошвае мне адзнаку за нацюрморт і ўрачыста прастаўляе яе ў дзённік. Я прасіла пакінуць мне аркушы паперы ды алоўкі ў пакоі, каб я пісала тады, калі мне таго захочацца, але атрымала адмову, бо «працэсс пісання ліста» можа занадта мяне раз’юшыць ці расхваляваць, а яны прызвычаіліся да думкі, што мяне тут насамрэч вылечваюць ад нейкага псіхічнага захворвання. Адчуваць сябе дактарамі, вядома ж, прыемней, чым катамі ці турэмшчыкамі.

Перачытала напісаны абзац ды ўразілася дакладнасцю ўжытага выразу: «пазбаўленая волі». Ужыла яго аўтаматам, а цяпер прыпухла ад таго, як дакладна ён апісвае мой стан: я не «пацыент», я не «арыштант», я менавіта «пазбаўленая» ўласнай псіхічнай «волі». Карацей, мастак ува мне памёр, і нарадзіўся складальнік лістоў, пісьмоўнік. На вялікі жаль, дарэчы, бо ўжо нешта атрымоўвалася з аловачкамі.

Неяк седзячы перад тым нацюрмортам, кожная рыса якога вывучаная, як зморшчынкі на ўласным твары, я нахерачыла па памяці копію шагалаўскага палатна з велізарнымі ўрачыстымі кветкамі ды неабавязковай аголенай дзяўчынай, прыгажосць якой блякла побач з адвечным хараством створанага прыродай цуду ружаў. Тут, гэтым доўгім эстэцкім сказам, наўмысна дражню Пільняка: менавіта так бы гэты паганец загнаў пра букеціну. Я нічога асаблівага ў ёй не заўважыла, а што Вілаў пра яе ціўкаў, дык зразумела — заляцаўся хлапчына. Я прымалявала аголенай чарнявыя валасы, і яна атрымалася падобнай да мяне. Памятаеце тую развагу пра хараство (не тваёй) жанчыны і хараство (не твайго) букета напачатку «Сцюдзёнага выраю»? Дык прыкладаю свой малюнак да ліста. Людцы добрыя, хто з вас будзе ў Штатах, сустрэньцеся з Вілаў, аддайце яму, хай узгадае пра нашае спатканне, хай усміхнецца ды запэўніцца, што лепей зырыць на чужыя кветкі, чым на чужых жанчын (заўвага рэд. «Ахрэм»: малюнак да ліста прычэплены не быў).

Поделиться с друзьями: