Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сцюдзёны вырай

Марціновіч Віктар

Шрифт:

Я ўчытвалася ў тэкст і пазнавала кожнае сказанае слова, кожную паўзу, кожную ўласную інтанацыю: гэта было падобным да таго, як быццам я сустрэла чалавека, якога ведала выключна па старым чорна-белым здымку, і вось ён раптам паўстаў менавіта ў тым выглядзе, у якім быў схоплены на гэтым здымку, без скажэнняў, якія накладае на нашае аблічча час. Гэта было дзіўнае пачуццё, і менавіта яно вымусіла мяне некалі сунуцца ў пастку, прывабіла відавочнай спрычыненасцю аўтара тэкста да нашага з Вілаў сусвету, да адвэнчуры ў Стамбуле. Але гэтая дакладнасць, якая зацягнула мяне ў лабірынт, дазволіла цяпер знайсці Мінатаўра.

Мяне працяў той момант, дзе я звяртаюся да Вілаў і прапаную яму: «Запомні слова: „Ха-ля-ва“!» Я вучыла яго «kha-lia-vа», а ён не мог запомніць, як не мог запомніць стратэгічна важныя для яго ў той момант — і не толькі ў аповедзе Пільняка — «вусны». Галава ў Джоніка была дзіравая, але чалавек добры. Дык я не аб тым, момант з «ха-ля-вай» сапраўды здарыўся ў грымоткім трамваі, аднак хто мне патлумачыць,

як амерыканец узгадаў гэтае слова праз тры гады? Ніхто не мог яму дарадзіць, «халява» — не «вусны», на якія можна проста паказаць. Дык як ён даведаўся? Запытваўся ў віленчукоў, «як гэта будзе па-беларуску, калі едзеш у трамваі без квіткоў»? Дык сказалі б — «едзеш зайцам»…

А вось яшчэ адно: у тэксце дасканала, з коскамі ў тых месцах, дзе я рабіла паўзы, выкладзена маё разважанне пра «грымотную, сцюдзёную дзяржаву», якая пабудаваная на «падмурку агрэставых карпусоў, цёплага ды халоднага». Вас не здзівіў гэты выраз? Мяне ў першую чытку здзівіў, але не было часу ды жадання засяродзіцца. Зачапілася вачамі, падумала паўхвіліны ды пабегла далей. Цяпер, калі ў мяне раптам зрабілася да халеры часу, я мэтаскіравана паспрабавала ўзгадаць «агрэставыя карпусы». Бо не памятую, каб пра нешта такое казала. У рэшце рэшт, упёрлася ў гэтае ўдакладненне — «цёплы і халодны» ды зразумела. Ну канечне! Там, у Стамбуле, я казала не пра «агрэставыя карпусы», а пра два «карпусы Акрэсціна». І такім чынам, перадаючы нашую размову, нехта замяніў «Акрэсціна» на «агрэставыя».

І тут усё пачало складацца. Па-першае, відавочна, што Вілаў — ці то жывы, ці то падстаўны, не мог бы ўзгадаць у тэксце такую дэталь, абапіраючыся выключна на ўласную памяць ці на вольны пераказ нашых размоваў. Бо ён быў павінен спачатку запомніць слова «Акрэсціна», потым вывучыць мову, потым зноў узгадаць «акрэсціна» ды адшукаць падабенства ў мове і прыйсці да высновы, што адзінае, на што падобнае гэтае «акрэсціна» — на «агрэст». Увесь гэты час, усе гады, побач са слоўцам «халява» ў яго павінна была жыць яшчэ адна нетлумачанка — «акрэсціна». Фізічна немагчыма для мемуарыста, які змяніў мову, але цалкам магчыма для чалавека — зусім іншага чалавека, які займаўся расшыфроўкай, ці, як яны кажуць, «дакументаваннем» аўдыёзапісаў, здабытых падчас нашай камунікацыі з Вілаў. Вядома ж, мой айфон увесь гэты час працаваў і спраўна дастаўляў афіцэрыкам у Беларусь нашыя з Вілаў словы.

Атрымаўшы аўдыёзапіс Янка Пільняк — а няма ніякага сумневу ў тым, што гэта быў менавіта ён, бо самастойнае дакументаванне дапамагло яму лепей зразумець герояў ягонай «аповесці» — натыкнуўся на гэтае «Акрэсціна». Што з ім рабіць? — мільганула думка ў маленькім мазгу. Дык трэба было прыбраць наогул! Ці замяніць чым-небудзь! Аднак Янка думаў, што чалавек памятае ўсе размовы, якія вёў гады таму. І ён не прыбраў. «Але ж як пакінуць „акрэсціна“? — зноў зіхацеў той ягоны орган, які адказны за сімуляцыю думак. — Амерыканец жа не можа ведаць гэтага слова! „Акрэсціна“ — яго, бадай, ні ў водным слоўніку няма! Яна здагадаецца! Не, трэба замяніць „акрэсціна“ на нейкі іншы выраз». Так паўсталі гэтыя «агрэставыя карпусы», якія якраз і дазволілі мне схапіцца рукой за пільняковыя яйцы. Далей я ўжо руку не расціскала і бачыла ўсё больш доказаў таго, што «Сцюдзёны вырай» паўстаў на глебе аўдыёзапісу нашых размоваў.

«Глыбы і слаі», якія прыйшлі «ў зрух» на маім твары, калі Вілаў пабачыў на ім прыкметы параноі, а Пільнячок пачуў сваім вострым вушкам, што Вілаў гэтыя прыкметы пабачыў — файнае азначэнне, калі не браць да ўвагі, што менавіта так, «Глыбы і слаі», называўся нарыс беларускай літаратуры, што зрабіў Багдановіч у 1911 годзе. Той самы нарыс, якому прысвечаны дыпломны праект Янкі, дыпломны праект па спецыяльнасці «гісторыя беларускай крытыкі» — бачыце, як шмат можна даведацца пры пільным чытанні «Срут. бай»!

«Наперад!» — усклікаю я, запрашаючы ў той трэм, у якім з’явілася «ха-ля-ва». І «я — чытач» сапраўды пазнаю ўласны вокліч, які некалі зрабіла як «я — герой» тэкста. «Наперад, бо вандровак у мінулае не можа існаваць! Улічваючы хуткасць, з якой мы рушым, калі мы сыйдзем адсюль, будзе ўжо значна пазней, чым калі мы ўзышлі на борт!». І усё так, як было сказана, гэта — ламанае, не перадавальнае на паперы вуснае маўленне, якое Ян спрабуе запіхнуць у «літаратуру» без скажэнняў, бо на скажэнні патрэбная фантазія, якой у яго ніколі не было. «І заўваж, — дадаю я. — Ніякай магіі! Адно навука! І тэхніка!» І я сапраўды казала пра «ніякай магіі», але ж «навука і тэхніка» з’яўляецца вычварэнскай прылепкай, няўклюднай спробай Яніка прадэманстраваць здольнасць жартаваць, не казала я таго! І гэта, як «глыбы і слаі» — яшчэ адна дэманстрацыя «культурнага пласта» аўтара. Менавіта так, «Наука и техника» называўся дзіцячы савецкі часопіс, на якім гадаваўся наш падлючок. Можна ўявіць сабе, як будучы гандляр чалавечай воляй, сядзіць над схемкамі ды робіць ліхтарык з алоўка, лямпачкі, правадкоў ды чырвона-сіняй, падобнай да бруску марозіва, батарэі.

Калі я сустрэлася ў Стамбуле з прыгожым, але такім далёкім Вілаў, калі бессэнсоўна тлумачыла яму пра радзіму, маёнтак, мову ды Беларусь, ніякай «спецаперацыі» яшчэ не існавала. Яна ўзнікла апасля — калі яны вывучылі мае допісы ў дзённіку, у якіх я лаканічна выкладала абставіны нашай з Вілаў сустрэчы і асабліва пасля

таго, як я выдаліла дзённік, бо заўважыла, што яны сочаць за маімі рухамі па свеце з дапамогай аналізу IP-адрасоў, з якіх я раблю нататкі. Вось тут і дасталі Янку, зашчамілі яму машонку ці нават не зашчамлялі нічога, а проста прапанавалі напісаць лепшы твор у ягоным жыцці, фактурай яны дапамогуць. Невядома, ці адразу яму растлумачылі, што фінальнай мэтай гэтага твору будзе мой захоп. Здаецца, такі паўлін, як Пільняк, мог спачатку завагацца: яму далі пачаць ды амаль што скончыць, а потым запрасілі дадаць некалькі прынцыповых рысаў. Астачку, якая, сука, сапраўды, вымусіла мяне раўнаваць, ужо не ведаю, чаму, спатканку, якую ён мне прызначаў. Яны, вядома, маглі дадаць усе вабы самі, а Пільняка закрыць у шклоўскую калонію, куды звычайна змяшчаюць такіх птушанят, закрыць гадкоў на пяць ці шэсць ды не дазваляць ліставання, каб ён не сапсаваў справу ўласным енкам. Мяне ціхенька зацягнуць у пастку, а потым вызваліць Янчыка ды даць яму дазвол пасыпаць галаву попелам. Аднак патрэбна было, каб тэкст узяў «Ахрэм», а кдбшнікаў Ванік Дастаеўскі прызвычаіўся пасылаць яшчэ падчас працы над нумарамі пра калабарацыю ды акупацыю. Па-другое, калі б яны выклалі запрашэнне на спатканне ўласнымі словамі, гэта б выбівалася з янкавых вытанчанасцяў як маўзер з карункавага станіка. Ну і зрабілі яму прапанову. Ён спачатку настойваў на двухпакаёвай на вуліцы Леніна, але ж у рэшце рэшт пагадзіўся на аднапакаёвую ў Сухарава — усё ж лепш, чым жыць з продкамі. Заўважце, што аб гэтых дэталях я ўжо не здагадваюся — сцвярджаю, на жаль, не магу падзякваць супрацоўніку, які мне пра іх распавёў.

Сапраўды, беларуская дыяспара ў Вільні бачыла «Вілаў», «іншаземнага» дзікуна з дрэннай мовай, які спрабаваў пасябраваць з гісторыкам Сяргеем і іншымі віленскімі знакамітасцямі (быў пасланы, бо паводзіў сябе падазрона). Гэты «Вілаў», як піша гаўнюк, жыў на кватэры побач з анёлам і сапраўды знік — аднак знік ён на той самай «хуткай» (чатыры радкі замазаныя белай карэктарскай фарбай, — рэд. «Ахрэм»).

Ну і апошняе: мой чароўны трусік, які раптам апынуўся ў мярзотніка. Праз тыдзень пасля з’яўлення другога тэкста Пільняка, «Пасткі, сплеценай са словаў», Франачак знайшоў у Бостане чатырох Джонаў Вілаў, адзін з якіх сапраўды бываў у Стамбуле і працаваў мастацтвазнаўцам, але ж зараз змяніў профіль і ўладкаваўся ў кампанію, якая прадае еўрапейскія тачкі. Бо, як ён ганарліва абвесціў на «Фэйсбуку», і тое, і іншае — хараство, дык якая розніца, чым гандляваць. Франачак накіраваўся па хатняй адрэсе Вілаў, захапіўшы з сабой двух выбітных прадстаўнікоў фізічнай культуры беларускага адраджэння. Я не ведаю, ці збіраліся яны забіць «здрадніка Вілаў», аднак ведаю, што іх спыніла і вымусіла нават аплявухі таму не даваць. Справа ў тым, што яны знайшлі Вілаў у ягоным маёнтку ў даўнтаўне ў атачэнні двух малых ды прыгажуні-жонкі, якая важыла сто дваццаць кіло — што не дзіўна, бо Вілаў важыў не менш за сто пяцьдзесят. Гаспадар спачатку адмовіўся з імі размаўляць, бо быў нечым спужаны, але пасля таго, як да камунікацыі маўкліва далучыліся выбітныя прадстаўнікі фізічнай культуры беларускага адраджэння, ён зразумеў, што лепей не адмаўляць сабе ў прыемнасці прыняць на гарбату такую інтэлігентную кампанію з гістарычнай радзімы.

Што характэрна, ні ён, ні жонка паліцыю не выклікалі, так што выглядае, што Франачак ды ягоныя бугаі паводзілі сябе далікатна, бо зразумелі, што Вілаў — не той вылюдак, пра якога распавядалася ў тэксце Пільняка. Што, дарэчы, не гарантуе бяспекі Вілаў у выпадку не публікацыі маіх тлумачэнняў, бо гарачых галоваў у эміграцыі шмат, і не ўсе яны, як ужо адзначана, маюць мазгі. Дык вось, Вілаў быў здзіўлены роспытамі, ці вывучаў ён беларускую мову, ці ездзіў у Вільню, бо праз тры месяцы па вяртанні са Стамбула сустрэў сваю брыластую Кэтрын, удзьмуў ёй, хуценька нарадзілася дзіцятка, потым яшчэ адно, карацей, ён нават і думаць забыў пра гэты маёнтак. Але не, ён зараз раскажа людзям з гэтай дзіўнай краіны — ну што там, нічога не змянілася? Нічога, не? Ну дык вось, зараз распавядзе цікавую гісторыю — яму напісаў нейкі чалавек, як яго, у яго такая дрэнная памяць, Янка, так, Янка — проста запомніць, бо «янкі, гоў хоўм». А прозвішча… Як жа тое прозвішча?

Не Пільняк? — падказваюць, а так! Пільняк! Дакладна! Янка Пільняк! Дык вось, той Янка Пільняк напісаў, што Насту, ну, тую дзяўчыну, якую ён напаткаў у Стамбуле, так, Кэтрын, гэта было да цябе, не, Кэтрын, мы не цалаваліся, дык вось, што яе арыштавалі. І што ён жадае перадаць у астрог таго трусіка, якім яна мяне неяк узнагародзіла. Джон здзівіўся, бо трусік быў даўно закінуты недзе, але ж думка, што чалавек, з якім ты побач глядзеў на Шагала, цяпер у астрозе — здзіўляла, гэтая думка вымусіла яго пайсці ў гараж ды знайсці там кораб, у якім захоўваліся рэчы з тых апартаментаў, якія ён меў да таго, як набыў хаціну… Дык вось, ён знайшоў трусіка, знайшоў разам са стосам пакрытых пылам каляровых фотак з Турэччыны, як жа даўно гэта было! Ён выслаў ляльку таму Пільняку, каб ён перадаў у турму, хай сабе прыемна будзе дзяўчу. І што Пільняк вельмі падзякваў, аднак папрасіў пра гэты выпадак не ўзгадваць нідзе, а калі раптам пазвоняць з Беларусі — асабліва з газет ці радыёстанцый, казаць, што не туды трапілі, што ён з Настай не знаёмы. Бо гэта можа неяк ёй пашкодзіць цягам следства, калі Вілаў пачне з Амерыкі каментаваць.

Поделиться с друзьями: