Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сцюдзёны вырай

Марціновіч Віктар

Шрифт:

Карацей, ну прыехалі мы ўрэшце рэшт, прыбылі да «Антакальнісу», вялікі будынак побач з прыпынкам, на сценцы напісана «Клінікас» крывавымі літарамі, тое, што трэба, — і натоўпы хворых ды скалечаных цягнуцца да ўваходу, бы зомбі, якія прагнуць Настыных мазгоў. Ля рэгістратуры чарга, як пры пасадцы на каўчэг, я адразу ў пачатак, расштурхоўваю балезных, крычу, дзе Наста, бля, дзе? Але ж тутэйшы Ной мяне не заўважае, бо трэба ў чаргу і станаўлюся ў чаргу, чакаю своеасаблівага «Антакальнісу» ўжо тут, у чарзе, у клініцы, крок у тры хвіліны — такая хуткасць, трэба супакоіцца, хутчэй не будзе, вось і акенца, схіляюся, тлумачу, трохі заікаюся, бо Настуленька мая — побач. Там сядзіць павольны сівы малпюк, які прапануе мне супакоіцца ды яшчэ раз усё растлумачыць, так, усё ж не зразумела, тлумач яшчэ, бо малпень не можа ўцяміць, якая «хуткая»? Сюды? І ў «хуткай» была дзяўчына? Беларуска? Не, тут малпыч прасвятляецца ды з усмешкай кажа, што адбылося непаразуменне: па-першае, такой не прывозілі, па-другое, «хуткія»

сюды ніколі хворых не дастаўляюць — не той у нас профіль.

Яшчэ з паўгадзіны я лётала па раёне ў пошуках другога, «правільнага» шпіталя, бо не дала веры малпуку, які сказаў, што няма тут ніякага іншага шпіталя. Потым вярнулася ў рэгістратуру, зноў чарга, зноў Ной, але ж гэтым разам іншы — памаладзей ды пагібонісцей, я кажу яму, сяброўку забралі, звезлі некуды непрытомную, давай, тэлефануй у Міністэрства аховы здароўя, высвятляй, дзе яна, што значыць не твая справа, я зараз ўсё шкло ў будынку высаджу, я зараз табе аловак гэты ў вока засуну так, што толькі гумка з вачніцы тырчэць застанецца, ды можаш клікаць тую ахову, але ж ведай, бля, я праз пятнаццаць сутак выйду, тваю хатнюю адрэсу знайду, расшукаю, ды жыцця ў цябе болей не будзе, зразумеў? Бо станеш маім асабістым ворагам, зразумеў? У чарзе летувісы зашапталіся, што гэтыя рускія зусім ахуелі, што пагражаюць дактарам, але ж Нойчык адчуў, што з дзяўчынамі, у якіх зялёныя валасы, лепей не звязвацца, набраў нейкі нумарок, удакладніў дадзеныя маёй Настуні, дзынкнуў яшчэ некуды ды яшчэ і абвесціў, што не прывозілі маю каханую ні ў адзін са шпіталёў Вільні, што гэта дзіўна.

Я зноў пачала трохі буяніць, бо мне падалося, што гібон з мяне здзекуецца, як гэта не прывозілі, куды ж яе забралі, але тут і паліцыя падаспела, румяныя такія хлопцы, вясёлыя, пакуль вязалі нават пушкі падаставалі, бо надта я ўжо кусалася. Калі ў тачку валаклі, мужчынка з рэгістратуры побач бег ды тлумачыў мне, што паліцыю не ён выклікаў, а нехта з чаргі, і хай я яму, калі ласка, не помшчу, бо ён жа не адказвае за тое, што тыя з чаргі нарабілі, але ж мне не да яго было, плюнула яму на калашыну ды сказала, каб на хуй ішоў.

У пастарунку спачатку змясцілі ў пакоі, дзе быў вялікі штандар Літвы, стол, цяжкая шафа з дакументамі, але ж не было крэсла, я нервова гойсала па перыметры ды думала, ці не высадзіць шкло ў шафе ды ці не парэзаць вены, бо Наста, мабыць, ужо памерла, а жыць мне без яе немагчыма. Потым трохі супакоілася ды ўцяміла, што, мабыць, забрала яе не «хуткая», зусім не «хуткая», а злодзеі скралі, і цяпер яе непрытомную усім кагалам абыходжваюць, па чарзе, цікава толькі роля той прыгажуні с цвёрдзенькімі грудкамі: яна таксама падстаўляецца, ці яна там кшталту галоўная. І яшчэ прыгадаўся літаратар гэты стамбульскі, каб яму зрабілася зусім неспакойна.

Прыйшоў мянтоўскі следчы, прынёс два зэдлікі ды стос паперы. Сеў на зэдлік, прапанаваў мне таксама «прысаджвацца» ды пачаў складаць пратакол за тое, што я «лаялася матам» у грамадскай установе, я кажу, дзядзечка, вы што ж робіце, у мяне сяброўку скралі, амерыканец скраў: прызначыў спатканне, сука, атруціў яе, а зараз мабыць яе сэксуальна эксплуатуе з сябрукамі недзе ў лесе. Следчы выглядаў не надта разумным, як большасць мужыкоў, папрасіў «па парадку» выкласці ўсё, што адбылося, нібы з першага разу не зразумела яму. Я распявяла пра «Ахрэм», пра Насту маю прыгажуню, пра тое, што кавы сербанула, страціла прытомнасць і знікла пасля гэтага. Следчы запісаў прозвішча, год яе нараджэння, задумаўся, сказаў «адну хвіліну» і знік на некалькі гадзін. Пакой зачыніў, але ж зэдлікі не забіраў. Што можна было кваліфікаваць як прыкмету даверу да мяне, бо рашоткі на вакне былі хісткімі, я б за тры хвіліны зэдлікам іх вынесла.

Я яшчэ пасядзела трохі, цяжка было вось так не гістэрыць, проста сядзець нерухома, але ж трымала сябе ў руках, бо з’явілася надзея, што зараз дзверы адчыняцца, а там будзе стаяць мая нявестачка, якую вызвалілі дзякуючы пільнасці ды своечасовай алармацыі адзінай блізкай ёй істоты. Дзверы ўрэшце сапраўды адчыніліся, але ж паказалася там не Наста, а яшчэ адзін прадстаўнік мужчынскага полу, у лабсердаку ды пры гальштуку. Усё шэранькае, як мужчынскі лад мыслення. Гэты паказаў сябе разумнейшым ды адразу запытаўся, ці мая Наста гэта тая Наста, якая актыўна ўдзельнічала у грамадскім і палітычным жыцці Беларусі. Я сказала, што за палітыкай не сачу, але ж на мітынгах мы з ёй так, бывала, весяліліся. І што яна ў вышуку з-за нейкай сваёй «пазіцыі», але мне значна лепш вядомыя тыя яе «пазіцыі», у якіх яе трэба лашчыць, каб дасягнуць хуткага ды палкага рэзультату.

Мужык тады паказаў мне закатанае ў пластык пасведчанне, я не зразумела, кажу, гэта што, даведка аб тым, што ў вас няма сіфілісу, а ён урачыста так, «я прадстаўнік дзяржбяспекі Літвы». Нібы я павінна была ўзняцца з зэдліку ды праспяваць гімн Жамойці. Ну дзяржбяспека і што. А ён яшчэ больш урачыста кажа, што абвінавачанні ў адміністрацыйным злачынстве з мяне знятыя і цяпер я ператварылася з падазраванай у сведку. І што ў яго толькі адно пытанне: ці на той «хуткай», якая забрала Насту, былі беларускія нумары. Я кажу, не, не беларускія, я б заўважыла такое дзіва: «хуткая» з беларускімі нумарамі ў Вільні. Ён яшчэ некалькі пытанняў пра гэтыя нумары задаў (ці не пластмаскай трымаліся, а, можа, на гаечках —

цьфу, якія дробязі!). Урэшце махнуў рукой, кажа палюбасу змяніць нумары — хвіліна працы.

Прапанаваў гарбаты, я адмовілася, дастаў нейкія кроплі смярдзючыя, кажа заспакаяльнае, выпі, ага, зараз я буду ад незнаёмых мужыкоў браць вадкасці — пасля таго, як атруцілі ўжо адну… Ён тады змяніў танальнасць на больш душэўную, крануў мяне, але ж без сексуальнай амбіцыі, па-бацькоўску, крануў ды пранікнёна сказаў, што ёсць адна сумная навіна. Што па іх дадзеных дзве з паловай гадзіны таму «хуткая» з пробліскавымі ліхтарамі без чаргі перасекла літоўска-беларускую мяжу на памежным пункце ў Марвілішках. У «хуткай» была непрытомная дзяўчына з кровазліццём у мозг, якую, як растлумачылі дактары, трэба было тэрмінова даставіць у Гародню. Памежнікаў трохі здзівіла, што дактары на «хуткай» былі з беларускімі пашпартамі, але ж тыя сунулі ім пад нос праграму міжнароднага кангрэсу дактароў хуткай дапамогі, з якога іх адклікалі для тэрміновай дапамогі цяжкаму хвораму. Сітуацыя выглядала надзвычайнай, пашпарт у грамадзянкі рэспублікі Беларусь Насты быў у парадку, і яны ўзнялі шлагбаум. «Хуткая» рушыла на беларускі бок, і больш на мяжы нічога дадаць не могуць.

«Ты разумееш, што гэта значыць?» — запытаўся. Разумею, кажу. Не дурніца. Звезлі Настулю. Ён тады дадаў, што, улічваючы мой псіхалагічны стан, яму лепей было б мне збрахаць, але ён не балбатун ды наогул… Карацей, мая каханая больш не «на іх» тэрыторыі. І што ўсе адказныя за гэтую спецаперацыю хутчэй за ўсё ўжо з’ехалі з Літвы. Прычым, не выключана, менавіта ў той «хуткай». Я кажу, окей, а як вы яе тады вернеце? А ён у адказ: у тым справа, што не вернем. Зараз прасцей мерцвяка ажывіць, чым Насту «адтуль» вярнуць. Што, можа, абмасада і заявіць нейкі пратэст, можа, нават на міністэрскім узроўні каго-небудзь куды-небудзь выклічуць ды петыцыю перададуць, але бясплённа. І што ён колькі часу працуе пра такое нават не чуў. Беспрэцэдэнтна, кажа. Мабыць, моцна яна там у Беларусі некаму крыві папсавала, што супраць яе такую дзейнасць забацалі. І што ён асабіста мне можа абяцаць: усе адказныя асобы на Марвілішках будуць звольненыя з пасадаў і змешчаныя пад следства.

Усё астатняе тыя, каму неабыякавы лёс маёй Настачкі, ведаюць толькі ўскосна. «Хвароба» яе была часовай, яна хутка ачуняла, бо блогер з Ашмян пабачыў, як каля крамы «Коммерческій рай» а восьмай гадзіне спынілася «медыцынская машына», нумары якой ён не заўважыў. З «хуткай» выйшаў бугай, уціснуўся ў чаргу перад гэтым нашым блогерам і папрасіў пачак цыгарэт «Мірскі замак». Блогер спрабаваў піскнуць, але ж бугай на яго паглядзеў так, што той праглынуў уласныя меркаванні аб тым, ці варта вось так нахабна паводзіць сябе ў чэргах — нават калі ты прадстаўнік хуткай дапамогі і штодня ратуеш чалавечыя жыцці. Меркаванні тыя блогер трохі шматслоўна выклаў у сваім допісу, з-за чаго памер выйшаў занадта вялікім і ступень чытэльнасці для звычайнага чалавека знізілася (допіс меў назву «Некалькі пытанняў да міністра аховы здароўя»). Бугай яшчэ чакаў свой «Мірскі замак», бо гандляры ў Ашмянах не надта спрытныя, як праз вакно ў краме ўся чарга пабачыла, што дзверы «хуткай» адчыніліся і адтуль вылецела чарнявая «пацыентка» ў шпіталёвым халаціку. Пацыентка прашмыгнула прэч, праз плынь машынаў, ускочыла на капот старэнькага «Фольксвагена», з за чаго той рэзка тармазнуў, і ў яго грукнулася тачка ззаду. Дзікунка тым часам дрыснула ў бок прыватных падворкаў і мела ўсе шанцы, заўважце, але ж бугай з чаргі не па-доктарску спартова высадзіў дзверы крамы нагой ды паляцеў ёй напярэймы. Блогер паспеў сфоціць на ўласную мабілку: ускудлачаная Наста з аголенай дупай (на ёй тыя ружовенькія стрынгі з коцікам на попке, якія я скрала для каханай ў Амстэрдаме) ды два дужыя гарылоіды, што прыціснулі яе да тратуара. Наста выглядае бадзёра і энергічна. Яна ўсміхаецца — вядома ж мне, мне адной! Потым яе завалаклі ў машыну, а ў краме з’явілася цётачка, бялявая, нібы анёл. Яна патлумачыла, што ўсё «пад кантролем» і што іх «экіпаж» эскартуе буйную вар’ятку ў Менск, так што не трэба хвалявацца, а лепей ідзіце дадому ды кладзіцеся спаць. «Хуткая» зноў зазіхацела «пробліскавымі» ды з ровам знікла, пакінуўшы ўладальніку «Фольксвагена» ў якасці матэрыяльнай кампенсацыі за шкоду той пачак цыгарэт «Мірскі замак», які бугай так і не забраў, даўшы, між іншым, грошы («у нашай „хуткай“ так моцна башляюць?» — рытарычна ўсклікаў допіс).

Знайшліся тыя, хто залажаў аўтэнтычнасць гісторыі, бо штосьці на фотцы выклікала ў іх сумнеў — нейкія «трэйсеры», «адлюстраванні» ды «марфалогія ценяў», але ж я ўпэўненая, што гэта была мая ластавачка. І не толькі з-за стрынгаў, пра наяўнасць якіх на дупе ў Насты выпадковыя фальсіфікатары ведаць не маглі, але з-за таго, што здрыснуць з машыны, у якой сядзіць цэлы ўзвод спецыяльна падрыхтаваных байцоў — вельмі ў яе стылі. Да таго ж, ёсць больш грунтоўнае пацверджанне: праз два дні той блогер допіс выдаліў, а потым выдаліў і блог, а калі яму патэлефанавалі з «Нашай Нівы», растлумачыў, што гэта ўсё яму падалося, быў моцна п’яны. Па тэлевізіі паказалі інтэрв’ю з уладальнікам крамы, які катэгарычна заявіў, што цыгарэт «Мірскі замак» у продажы яны ніколі не мелі, што абслугоўванне кліентаў тут вядзецца з хуткасцю маланкі, і ў якасці доказу дэманстраваў кард-рыдэр «Белкард», які дазваляе ім праводзіць якаснае абслугоўванне ўсіх жадаючых разлічыцца карткай.

Поделиться с друзьями: