Сцюдзёны вырай
Шрифт:
Ды дадам ад сябе наконт яго казановістасці. Дакладна вядома, што ў Яна Пільняка толькі аднойчы быў кантакт з жывой жанчынай: размова ідзе пра старэйшую на пятнаццаць год прадпрымальніцу, што гандлявала кніжачкамі на ВДНХ. Нейкім чынам — можа, гіпнозам якім, Пільняк запэўніў тую, што з’яўляецца выбітным прадстаўніком літаратуры, з якой жанчына кармілася. Некалькі месяцаў у Янкі быў раман, яго актыўна абмяркоўвала ўся беларуская літаратурная суполка. Аднак вельмі хутка жанчына яго пагнала, бо, мабыць, сэксуальныя ўласцівасці паганца апынуліся яшчэ меней пэўнымі, чым літаратурныя. Больш жывая жанчына побач з Пільняком заўважана не была. Гэта на тэму ягоных глыбокіх ведаў жаночай прыроды.
«Срут. бай» адзначае, што «асноўнай адметнасцю пільняковай прозы з’яўляецца клінічная адсутнасць фантазіі. Складаючы раманчыкі пра зомбі ды Брэжнева, ён карыстаўся канонам, які на гэты момант склаўся настолькі дэталёва, што раманы можна пісаць па шаблоне — дадай толькі імёны
Ён кажа пра тое, што той «Вілаў», з якім ён сустрэўся, каб атрымаць замову на тэкст, не меў схільнасці да лішняе вагі, быў сухарлявым ды чарнявым, нібы італіец? Людцы, Вілаў — той добры, збянтэжаны хлопец, якога я напаткала ў Стамбуле — выглядаў як сапраўдны беларус з-пад Навагрудку, які гадаваўся не на бульбе з грэчкай, а на «МакДональдсе» з «Бургер Кінгам». Валасы колеру сена, блакітныя вочы — ніякіх паралеляў з пільнякоўскай «мідзітэраніяй». Больш за тое, Вілаў у тым выглядзе, які пададзены ў пасляслоўі Пільняка, больш за ўсё нагадаў мне самога Пільняка — таго сухарлявага чарнявага адсоса, якога я некалі бачыла на прэзентацыі. Вось там сапраўды нейкі прысмак усхода, мабыць, бацька ягоны быў цыганам. Яму не хапіла фантазіі, каб выдумаць злодзея, і Яначак не змог знайсці нічога лепшага, як намаляваць у якасці злодзея самога сябе. Файны крэатыў!
Тое ж самае можна сказаць пра Іванова — той дзядуля, які падсунуў мне атручаную каву, быў адзін да аднаго падобны да народжанага Пільняком «спецслужбоўца». Тая ж вірлівасць у паводзінах, ён тры разы запытаўся, ці для мяне кава. Гэткая зухаватасць, якая межавала з непрафесіяналізмам. Малая расамаха магла глынуць у мяне з кубачка, яна заўсёды так і робіць, не запытваючыся, дык што, мяне б разам з Крэйзі вывозілі на «хуткай»? А яе куды? Па галаве і ў канаву? Ці змясцілі б у суседнім пакоі? Фантазіі мудачыны хапіла хіба што на акуляры Іванова, якіх на дзядку не было, усё, сканчаю, бо дамаўляліся аб гэтым не ўзгадываць, так, гэта парушэнне першага пункта дамовы.
Тут ад асобы Яна Пільняка, які з другараднага рускамоўнага недапісьменніка ператварыўся спачатку ў чэмпіёна беларускага літаратурнага Алімпа, а потым і ў адкрывальніка талентаў, які расшукаў у пыле эміграцыі бліскучы дыямент «галоўнай празаічнай знаходкі тысячагоддзя», самы час перайсці да таго, як я яго выкрыла. Адзначу, што мне варта было зразумець замену шчырага хлопца злыднем яшчэ пры першым чытанні «Сцюдзёнага вырая». Бо Вілаў не мог стварыць тэкст, у якім было столькі нянавісці: да рускіх, ад якіх скаланае Пільняка, імі прылашчанага, а потым злітага. Рускія ў тэксце гэта «бухі» Саўрасаў ды ягоны раздзяўбаны «прасёлак», які ўвасабляе рускае растрындзяйства, неахайнасць ды галечу, вось нічога добрага няма там, ну нават незразумела, адкуль столькі нобелеўскіх лаўрэатаў пайшло… Мы чытаем пра пахмурных замкнёных літоўцаў, якіх ён таксама не пераносіць, бо «скралі гісторыю», бо вежа Гедыміна — «фэйк», бо «Літва прапаноўвала беларускую гісторыю ва ўжо расфасаваным выглядзе, аздобленым цэннікам і этыкеткай на літоўскай мове». Слухайце, ды нічога дрэннага літоўцы нам не зрабілі, хопіць ужо плявузгаць пра Вільню! Пільняка скаланае ад каталікоў, якія ў ягоным хваравітым уяўленні атрымаліся юрлівыя, як сантэхнікі ды медсёстры ў порнафільмах. Ён пляжыць беларусаў, ён зневажае палякаў, усе яму не тыя, усе не вартыя павагі — у той час, як адметнасцю сапраўднага пісьменніка, на маю дылетанцкую думку, з’яўляецца гуманізм, пачуццё прыгажосці і здольнасць яе даносіць словам. Дарэчы, менавіта таму ў нас дагэтуль няма вялікай прозы: быў Караткевіч, які ўвесь зіхацеў ад чалавекалюбства, ды сышоў. Схільнасць да талерантнасці, уласцівая амерыканцам, з’яўляецца самай нераспаўсюджанай якасцю сярод нашых, якія, як той Васіль Аладаў, змянілі столькі сутнасцяў, настолькі заблыталіся ў супрацы з КДБ, Фронтам, Пазьняком, Масквой і г.д., што ўжо не разумеюць сябе, маюць у сэрцы адно чорную зняважлівасць ды пагарду.
«Сцюдзёны вырай» напісаны той жа ванітнай мовай, што большасць пільняковых «творыкаў». Але зразумела гэта зрабілася толькі пасля таго, як было надрукаванае Янава «апраўданне». Бо апынулася, што гэтае «пасляслоўе» створана так, як і аповесць Вілаў. Ведаеце, што вымусіла мяне расплюшчыць вочы? Дужкі! У абодвух тэкстах — тым, што нібы створаны Вілаў, і тым, што створаны Пільняком — зашмат дужак. Да таго ж —
і там, і там шматслоўныя сказы, якія спрабуюць прадрацца праз штыль сэнсаў, як лінкор, на які нагрувашчаная каравэла, на якую зверху пляснуты яшчэ браненосец часоў руска-японскай вайны. Бывае так, што перакладчык размаўляе той жа мовай, што і пісьменнік, якога ён перакладаў усё жыццё. Гэта можна пабачыць, напрыклад, у біяграфіі Набокава, напісанай Барысам Носікам, перакладчыкам Набокава (ацаніце, як я нахапалася, рыхтуючыся выкрыць свалату!). Тут блізкасць маўлення абумоўленая тым, што чалавек унікаў у чужую свядомасць, спрабаваў знікнуць, растварыцца ў мове аўтара.Але ж калі Пільняк спачатку рэдагуе «нечый» тэкст, а пасля абвяргае гэты тэкст, і ягонае абвяржэнне напісанае тымі ж невыноснымі канструкцыямі, што і «варожы» тэкст, якога ён выракаецца, дык відавочна робіцца, што аўтар у абодвух выпадках — адзіны. І тут не толькі дужкі: і тут, і там — слязлівыя ўсклікі, шматкроп’е, узважаная стылістычная разгубленасць у пабудове сказаў, як быццам бы аўтар не можа знайсці словаў, каб выкласці ўласныя складаныя пачуцці і спыняецца, а потым гаворыць зноў і не выпраўляе, не шліфуе, пакідае шурпатым, каб мы здзівіліся багаццю ягоных пачуццяў, якія нават пасля выкладання ў мове застаюцца вышэйшымі за мову.
Паўсюль — адна і тая ж лексіка, пераважна — другарадная ў параўнанні з сакавітай прыгажосцю спрадвечнага маўлення, лексіка, пачарпнутая мовай у тыя часы, калі які-небудзь цэкашны «мовавед» мог запратэставаць супраць дзікунскага для яго вуха гучання словазлучэння «рэвалюцыйны ўздым» ды настаяць на тым, што трэба прыняць ды размясціць у мове на пастой рускі «пад’ём» — так было са знакамітым даносам Панамарэнкі на беларускіх пісьменнікаў. У абодвух тэкстах бачым словы з рускім пашпартам, у які па-мянтоўску неахайна ляпнуты штэмпель беларускай нацыянальнасці. Не было б саветызацыі, не паўстала б той мовы, якую падае Пільняк як беларускую. Карціць назваць тое ці іншае слоўца русізмам, аднак абавязкова знойдзецца слоўнік Крапівы, які зацвердзіць: у беларускай так можна, можна, можна — вось паперка, «разрэшыцельны дакумэнт». Некалькі прыгожых выразаў, якія дрэмлюць у тэксце пасярод плантацыі шэрай, другараднай рускай лексікі з беларускім штэмпелем, можна спісаць на супадзенні, на той факт, што 40 малпаў за 40 дзён абавязкова накляпаюць штосьці падобнае да «Вайны і міра», якую так чакае белліт.
Пасля таго, як мяне ўзялі, я — разгубленая, здранцвелая, выдаткавала шмат часу на тое, каб пільна прачытаць «вырай». Я чытала яго, як нейкую святую кнігу, як Біблію, Каран ці Бхагавадгіту, чытала, шукаючы адказы на ўсе адразу пытанні, якіх зрабілася так шмат. Усё пахіснулася ў галаве, была нават думка, што мяне ўпаляваў той самы Вілаў, на твары якога я ясна бачыла, што ён мухі не пакрыўдзіць. Ну бывае так, што вяснушчаты хлапчук, які носіць кветачкі да дзяўчынкі ды п’е яе гарбатку, калі радакоў няма дома, да якога яна так прасякнулася пачуццямі, што нават уласную некранутасць падараваць гатовая — хопа! — і ператвараецца ў рабаўніка, які запрашае яе ў сінема, а сам з сябрукамі хуценька пыласосіць хатку ад залатых ювелірнасцяў. І на судзе, якім урэшце сканчаецца тое, што мелася скончыцца ў ЗАГСе, ёй больш за ўсё крыўдна за ўласную цнатлівасць, якая так і засталася недатыкальнай. А яна ж была гатовая ўсё золата зямлі, нават бацькоўскія пярсцёнкі — яму, каб толькі ён яе ўжо хутчэй сапсаваў!
Я спрабавала ўяўляць Вілаў такім вось паскуднікам і не атрымоўвалася. Бо не такі твар. Я б яго нават калі б на першым допыце ў КДБ у шэрым лабсердаку пабачыла, не паверыла б, сказала, хэй, хопіць тут выпендрывацца, не можаш ты быць з імі, не такі ты, Джонік! Але ўсё лагічна падштурхоўвала да таго, каб пагадзіцца з тымі лагічнымі нагрувашчваннямі, якія былі прапанаваныя Пільняком. Бо — у першую чаргу — той, хто пісаў «Сцюдзёны вырай», — усё ведаў. Ну наогул усё. Ён ведаў пра нашыя размовы, пра тое, як я там запараноілася, пра тое, як мы пазнаёміліся… Як так можа быць? Як такі тэкст мог скласці нехта іншы, не Вілаў?
Але чым больш учытывалася ў пераказы нашых размоваў, тым больш дзівілася: як Вілаў — сапраўдны ці не сапраўдны, здолеў праз столькі год (тры гады прайшло? Чатыры?) так дэталёва выкласці нашую камунікацыію. Вы ўявіце сабе — мы паразмаўлялі, пасля гэтага чалавек нібы паехаў у Бостан, жыў там, кантактаваў з палякамі, беларусамі, пасябраваў з Франачкам, потым з Бостану ірвануў у Вільню, вывучыў мову настолькі добра, што змог напісаць такі даўгі тэкст, і вось, калі сеў яго пісаць, раптам з дакументальнай дакладнасцю ўзнавіў па-беларуску размову, якая адбылася яшчэ ў Турэччыне! На ангельскай мове!!! Як такое магчыма? Чытала і дзівілася літаральнасці пераказаў і перакладаў, бо — тое, што недзе называлася «калонай» («калумн»), тут выдавалася як «калона», а не «слуп». Калі б я паспрабавала пераказаць нашую камунікацыю, засталося б некалькі шчырых размоваў, кшталту таго моманту, калі мы высветлілі, што ён сам — з-пад Навагрудку, што ён — нашчадак людзей, якім належаў маёнтак. Аднак жа гэтыя размовы былі б выкладзеныя маімі ўласнымі словамі, бо ніводная памяць не можа такі працяглы час утрымліваць столькі дэталяў.