Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сцюдзёны вырай

Марціновіч Віктар

Шрифт:

Я не надта здольная да красамоўнасцяў, больш маю досведу ў пісанні лаканічных пранумераваных планаў, кожны з пунктаў якіх багаты магчымасцямі зрынання канстытуцыйнага ладу, але ж сканчаецца заўсёды іншай пісанінай — тлумачэннямі ў пракурорскіх кабінетах. Ну дык не буду бурыць уласнае пачуццё стылістыкі і працягну ў сваёй нешматслоўнай манеры.

Далей я збіраюся адказаць на два пытанні. Першае: хто напісаў «Сцюдзёны вырай»? Другое: «Як я даведалася аб тым, што „Сцюдзёны вырай“ напісаў менавіта гэты чалавек?»

Дык вось, адказ на першае пытанне даю адразу ж. Гэты тэкст, які быў названы ў прыпадку калектыўнага ачмурэння «лепшым мастацкім творам беларускай літаратуры», тэкст, які атрымаў «Глінянага чэлеса» ды цэлы похапак гістэрычных рэцэнзіяў, што абвяшчалі складальніка Бэтменам, Мікі-Маўсам і Мерлін Манро адначасова, быў напісаны ад пачатку да канца Янам Пільняком. Пільняк запытваўся: «Як будзе „omnipresent“ па-беларуску?» І сам жа адказваў сабе, выконваючы ролю адначасова бездапаможнага амерыканца-аўтара і дасведчанага рэдактара-беларуса. Гэтаксама Пільняком была напісаная «спроба апраўдання», у якой ён даволі шчыра

выкладаў некаторыя абставіны напісання «Вырая», прыпісваючы ўласныя вынаходніцтвы задвухкошанаму Вілаў, наяўнасць якога адмаўляў. Дарэчы, апраўданне не прынятае, сволач.

Далей я вымушаная ступіць на хісткую глебу літаратуразнаўства, у якой я не вельмі пракачаная. Таму звярнуся па дапамогу да асноўнага сховішча ведаў пра Беларусь і беларусаў. Усім мясцовым вядома, што шукаць інфу пра выбітных асобаў лепш за ўсё на беларускім аналагу «Вікіпедыі», партале «Срут. бай». На той выпадак, калі гэты мой допіс будзе вылучаны на Нобелеўскую прэмію — а я не здзіўлюся, бо для нашага пісьменніцкага братэрства галоўная не мастацкая вартасць тэкста, а каб чалавек быў харошы — растлумачу, што такое Srut.by. Любы, хто пажадае, можа пакінуць на «Сруце» кароткі артыкул пра сябе самога ці пра якога Акудовіча. Звычайна гэты «стартавы» артыкул станоўчы і падкрэслівае ўнёсак асобы ў развіццё цывілізацыі ды барацьбу з рэжымам. Потым любы іншы можа скарыстацца опцыяй «абдрыстаць» і напісаць да артыкула пашыраны камент, які змяняе тэкст да непазнавальнасці. Напрыклад, замест фразы «у 2009 годзе кніга Віктара Марціновіча „Параноя“ трапіла пад негалосную забарону ў Беларусі», з’яўляецца фраза «у 2009 годзе Віктар Марціновіч дзеля таннага самапіяра зрабіў выгляд, нібыта „Параноя“ забароненая ў Беларусі» — з тым, каб скончылася ўсё наступным чынам: «у 2009 годзе на замову КДБ шэраг незалежных сайтаў распаўсюдзіў інфармацыю аб нібыта забароненай рускамоўнай „Параноі“ дзеля таго, каб адцягнуць грамадскасць ад факту з’яўлення новай кнігі Севярына Юзыфовіча „Прыступкі сьвядомай паспалітасьці“. „Дрыст“ прымаецца і дадаецца да артыкула назаўсёды, калі цягам тыдня з ім пагаджаецца хаця б два наведвальнікі і калі ягоны характар больш жорсткі за тую фармулёўку, якая прысутнічала дагэтуль. „Срут. бай“ стаў такім папулярным, таму што эксплуатуе прагу беларусаў да абсірання суседа», —напісана ў «дрыстах» «Срут. бай», прысвечаных парталу «Срут. бай». Здаецца, дарэчы, што тут каментатары «абдрысталі» не партал «Срут. бай», а беларусаў як нацыю, але каго гэта бянтэжыць? Паколькі станоўчыя заўвагі на сайце не прымаюцца, адзіны шлях адпомсціць таму, на каго паў падазрон у складанні крытычных «дрыстаў» пра цябе ці твайго героя, — напісаць пра крыўдзіцеля самому. Таварышы сруць і сруць, у нацыянальнай «дрыстапедыі» ўжо два мільёны артыкулаў.

Але ж вернемся да артыкула «Іван Пільняк» на «Сруце». Ён агромністы, і ягоная агромністасць паказвае, як шмат добразычліўцаў у нашага Іванчыка. Чытаем: «Іван Пільняк як аўтар нарадзіўся ў адну неспакойную ноч, калі на скрыню рэдактара буйнога расейскага выдавецтва, назва якога, як і ўсё найлепшае ў рускай культуры, складаецца з трох літараў, прыйшоў ліст з Беларусі, ад чалавека, які называў сябе Іванам Пільняком і цьмяна ківаў на генетычныя сувязі з вядомым аднафамільцам — сувязі павінныя былі выкрыць тое, што Іван Пільняк складаецца з тых жа геніяльных генаў, што і Барыс Пільняк, паэт прамысловага подзвігу, аўтар тэкста „Волга впадает в Каспийское море“». Спынюся цытаваць і адзначу, што асобныя фармулёўкі пільняковай біяграфіі на «дрыстапедыі» смярдзяць пільняковымі фармулёўкамі. Ведаючы ягоную лісіную натуру, нельга выключаць, што ён актыўна ўдзельнічаў у аўта-аўтадафе, дадаючы ўзважаныя «дрысты», каб па ім не «дрыстанулі» менш стрыманыя ворагі.

Чытаем далей, што ў файле, які атрымаў рэдактар, утрымлівалася рускамоўная спроба пяра нашага мудачонкі, таўсценны псіхалагічна-гістарычны раман «Несвижские эхи». Цытуем «Срут»: «У „эхах“ Пільняк паказаў сябе дасведчаным марадзёрам, які можа эфектыўна пажывіцца з мошчаў продкаў, паралельна забацаўшы псіхалагічна-лірычную лінію пра тых навукоўцаў, якія корпаюцца на могілках гісторыі». Суправаджальная рэцэнзія, якую, як вынікае, Пільнячок накрэмзаў сам, «выкрывала сувязі ягонага тэкста, сюжэт якога разгортваўся ў двух часавых вымярэннях, з лепшымі творамі, якія былі зробленыя на „беларускім дыялекце рускай мовы“, у прыватнасці — з Караткевічам». Ананімны крытык працягвае, што «Янусік да Караткевіча не дастаў, бо не хапала фундаментальнай гістарычнай адукацыі: тэкст быў працяты дылетантызмам ды занадта мадэрновым разуменнем сярэднявечча — атавізм ганебнай журфакаўскай ляноты розума, а Ян скончыў журфак у тыя часы, калі ад яго ўжо патыхала ваксай жаўнерскіх ботаў».

Хто пісаў гэтыя радкі? Няўжо гэтае шматслоўе ўжо ператварылася ў нацыянальную літаратурную манеру? Ці мы бачым тут Пільняка, які крытыкуе Пільняка? Не маем адказа! Ведаем, што «рэдактар выдавецтва з трох літараў» палічыў дэбютны раманчык нашага Іванкі настолькі смешным, што выклаў гісторыю свайго ліставання з Пільнячком ва ўласным эдытарскім блогу, дзякуючы чаму мы цяпер ведаем, як пачынаўся гэты пісацелішча.

Цытуем далей нашую энцыклапедыю заганаў: «У адказ на „эхи“ Ян-Іван атрымаў ліст, у якім слушна заўважалася, што прырода ягонага даравання ў агульных рысах нагадвае дараванне Барыса Пільняка. Аднак часы цяпер не тыя і лепей было б паспрабаваць сябе ў жанры гістарычнага хорару. Пакуль Янік спрабаваў сябе ў жанры гістарычнага хорару, рэдактарскі допіс у блогу прачытаў вядомы ліберал Святаслаў Гельцэрмахер, аўтар жорсткага палітычнага баевіка „Берёза“, у якім на метафарычны двубой з Пуціным выходзіць раслінны свет вялікай краіны. Як большасць расейскіх лібералаў, Гельцэрмахер быў прыхільнікам вялікай і моцнай Расеі, а таму яму спадабалася дакладнае разуменне „мальчыкам з Беларусі“ той ролі, якую адыгрывае беларуская мова ў сям’і

ўсходнеславянскіх дыялектаў.

Святаслаў узгадаў Яніка ў адным са сваіх шматлікіх тэлевізійных інтэрв’ю, і гэта ўжо было сур’ёзна: трэба было тэрмінова друкаваць „мальчыка“, каб медыйны эфект паспеў адлюстравацца на памерах продажаў. Выдавецтва з трох літараў ціснула „Несвижские эхи“ накладам пяцьдзесят тысячаў, што ў старым савецкім свеце адпавядала б цвёрдай вокладцы і сяброўству ў Саюзе пісьменнікаў. Ян да таго часу ўжо адаптаваў „эхи“ пад запыты рынку, запаланіўшы вуліцы Нясвіжа ажно да ратушнай плошчы, на якой ля крамы „Сноў“ размясціліся намёты спецназу, замбякамі, што паўсталі з магільных скляпоў Радзівілаў. Ачольваў натоўп вялізны орк з прозвішчам Радзівіл Сіротка: мерцвякі рушылі наперад, але пасля бітвы пад Воршай, на якую супрацьстаяць натоўпу беларускіх дохлых шляхціцаў былі кінутыя ўзброеныя сілы Саюзнай Дзяржавы Расіі і Беларусі, былі загнаныя пад зямлю. Укушаны за абцас Чорнай Паннай Нясвіжа камандзір расейскага спецназу абдымае свайго беларускага калегу, яны зліваюцца ў пацалунку, а сонца коціцца за гарызонт, і зразумела, што Янка можа за кароткі тэрмін нахерачыць яшчэ і „Несвижские эхи-2“, у якім бойку са спецназам будуць весці працятыя старажытным беларускім праклёнам абцасы. Аднак раман атрымаўся настолькі дрэнным, што нават паўторная ўзгадка пра „беларускага хлопчыка Пільняка“ Гельцэрмахерам не дапамагла. У Беларусі Пільняк мільгануў у буйных газетах, было адзначана, што гэта першы поспех беларускага празаіка ў расейскай літаратуры, папярэдні наклад быў 45 тысяч, чакаем новых рэкордаў. Акудовіч тлумачыў, што гэта не літаратура, і ён пра яе нічога казаць не будзе».

Вы можаце запытацца, якога ражна я так падрабязна распавядаю тут пра другараднага літаратара, навошта шараговаму чытачу ведаць пра першацветы Івана Пільняка. Аднак зразумейце, людцы, гэты чалавек — асноўная прычына ўсяго таго, што здарылася са мной. Ён — галоўны герой рамана «Сцюдзёны вырай», які зрабіў для сюжэта значна больш, чым я ці небарака Вілаў.

Чытаем «Срут» далей: «Пільняк напісаў другі раман, гэтым разам — пра крыж „Евфросинии Полоцкой“: на метафізічным узроўні тут панавалі вампіры, на сюжэтным — выкраданне крыжа маладым Брэжневым, на ідэйным — паданне пра тое, што Полаччынай заўсёды будзе валодаць тая дзяржава, якой належыць крыж. І што пасля таго, як Брэжнеў з вампірамі захапілі крыж, смактаць кроў з Беларусі і Полаччыны павінна Расея. Рукапіс быў адрэцэнзаваны ў „Русском журнале“ Глебам Паўлоўскім, які заўважаў „тонкі геапалітычны сімвалізм“ гэтай гісторыі, замаскіраванай пад „трэш-літаратуру“. Але замаскіраванасць гэтым разам выйшла настолькі ўдалай, што „Сокровище Преподобной“ выдалі ў мяккай вокладцы, з цыцкастай бабай у манаскай спадніцы: аголеныя цыцкі дазвалялі зрабіць выснову, што пад „сокровищем“ разумеецца пэўная фізіялагічная адметнасць „преподобной“, што знаходзіцца менавіта пад спадніцай, якую дзяўчо прыціскае да каленяў крыжом.

Гэты раман прадаваўся даволі хутка, галоўным чынам — за кошт дасканалай формы цыцак, на якую купляліся дальнабоі на развалах. Але Іван Пільняк раптам адчуў сябе пісьменнікам з вялькай літары „пісь“. Ён наклацаў усхваляваны допіс пра тое, што руская літаратура задыхаецца ад цыцак на вокладках, а дыскусія аб тым, ці можа стаяць чэлес у нежывога мужчыны, нават калі той вельмі закаханы — не навуковая, і што ён асабіста болей не будзе кранаць тэму вампіраў у сваіх творах. У якасці спробы новага штылю Іван змясціў у Сеціве фрагменты са „зборніка рэалістычных апавяданняў“, які назваў „АграгарадОК“. Апавяданні паразітавалі на другой пасля гандлю муміямі продкаў тэме беларускай літаратуры — жыцці простых людзей на зямлі. Апавяданні былі лёгкімі, смешнымі — так падавалася аўтару і яшчэ чатыром чалавекам, якія змарнавалі час на іх чытанне і пакіданне ганебных каментаў. У „АграгарадКУ“ Пільняк яшчэ намагаўся заляцацца да беларускай культурнай улады — той, што як схапілася за маўзер пры Шагале, так ад гэтага маўзера ніяк не адмовіцца. Ён яшчэ спрабаваў працаваць „і нашым, і вашым“, даючы спрэчныя інтэрв’ю са згадкамі пра асаблівасці кіравання ў мастацтве, але ж „АграгарадОК“ той пісаў у патаемным спадзяванні, што, можа, у Купалаўскі возьмуць ці ў ЛіМе надрукуюць. Карацей, старанна абыходзіў усё тое жывое, што зараз у Беларусі намінуецца „палітыкай“ і спрабаваў кранаць выключна „вечныя тэмы“, якія таму і „вечныя“, што такія ж нерухомыя ды нежывыя, як чэлес у вампіра.

„АграгарадОК“ не ўзялі і не надрукавалі. Па-першае, таму, што трэш, толькі гэтым разам зроблены з сур’ёзным тварам, па-другое, таму, што вобраз старшыні, які размаўляе ў „Аграгарадку“ на трасянцы, камусьці штосьці нагадаў, як бы Пільняк не запэўніваў, што нічога такога на ўвазе не мелася. Акудовіч працягваў маўчаць, але ж нехта выклаў са спасылкай на Акудовіча версію, што калі б той жа „АграгарадОК“ быў напісаны на мове, ось тады б… Пільняк зрабіў апошнюю спробу знайсці сябе ў рускамоўнай прозе — спробу ўжо асуджаную на правал, бо адмовіўшыся пісаць пра вампіраў, ён страціў краіну, якая на той мове размаўляла. Выдавацца ў Расеі і не пісаць пра вампіраў для чалавека ягонага ўзроўню таленавітасці было немагчыма».

Наступны фрагмент дакладна накрэмзаны Пільняком. Нягледзячы на крытычную танальнасць, бачна, як ён, падла, захапляецца сабой ды ўласнай выключнай роляй: «Карацей, Пільняк абвесціў сябе „апошнім рускім пісьменнікам“, „спадкаемцам рускае мовы“, якая была „расстраляная бальшавікамі“. У прадмове да апошняй рускамоўнай аповесці ён сцвярджаў, што была вось вялікая руская літаратура кшталту Гогаля, Дастаеўскага, Чэхава. Але потым адбылася Вялікая Кастрычніцкая рэвалюцыя. І ўсе носьбіты гэтай літаратурнай традыцыі з’ехалі ў эміграцыю, пабраўшы з сабою сюжэты, мову, карацей — канон. І што пакуль вялікая руская літаратура памірала ад голаду ў Парыжы, як Газданаў, ці пакутавала ад галечы ў Берліне, як Набокаў, у Расеі тым часам паўстала новая ружовашчокая, борзая і простая літаратура, якую стваралі пралетарскія пісьменнікі» (дадам ад сябе: кшталту Пільняка, гы гы).

Поделиться с друзьями: