Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Выкраданне Чарадзея (на белорусском языке)
Шрифт:

У вялiкiм пакоi было халадней i прасторней. Ганна зашмаргнула выцвiлыя фiранкi. Кiн запалiў сваю лямпу. Жменя шарыкаў раскацiлася па абрусе.

– Вось i нашыя падазроныя, - сказаў Кiн. Ён падняў першы шарык, крыху сцiснуў яго пальцамi, шарык луснуў i разгарнуўся ў гладкую пругкую пласцiнку - партрэт пажылой панi з набеленым тварам i чорнымi бровамi.

– Хто ж яна?
– спытаўся Кiн, кладучы партрэт на стол.

– Княгiня, - хуценька вымавiла Ганна.

– Не спяшайцеся, - усмiхнуўся Кiн.
– Няма нiчога больш небяспечнага ў гiсторыi, чым вiдавочныя хады. Кiн адклаў убок партрэт i

ўзяў другi шарык. Шарык ператварыўся ў выяву даўгатварага чалавека са сцятымi капрызнымi губамi i вельмi разумнымi стомленымi вачыма пад высокiм, з залысiнамi, iлбом.

– Я б сказала, што гэта князь, - у адказ на запытальны позiрк Кiна вымавiла Ганна.

– Чаму ж гэта?

– Ён прыйшоў першы, стаiць поруч з княгiняй i шыкоўна адзеты. Ды выгляд у яго горды.

– Усё суб'ектыўнае, другараднае.

Наступным аказаўся партрэт тонкай дзяўчыны ў сiнiм плашчы.

– Можна прапанаваць?
– спыталася Ганна.

– Зразумела. Вазьмiце. Я здагадаўся. Кiн перадаў Ганне партрэт рыжага прыгажуна, i яна паклала яго побач з гатычнай дзяўчынай.

– Атрымлiваецца?
– спыталася Ганна.

– Што атрымлiваецца?

– Наш Раман быў у заходнiх землях. Адтуль ён прывёз жонку.

– Значыць, вы ўпэўнены, што нам патрэбен гэты адважны воiн, якога ледзь былi не забiлi ў сутычцы?

– А чаму вучонаму нельга быць воiнам?

– Разумна. Але нiчога не даказвае.

Кiн адгарнуў далоняю партрэты i паклаў на вызваленае месца выяву аднавокага хлапчука. I тут Ганна зразумела, што гэта быў не хлапчук, а дарослы чалавек.

– Гэта карлiк?

– Карлiк.

– А што ён тут робiць? Таксама родзiч?

– А калi блазан?

– Ён занадта проста адзеты для гэтага. I сярдзiты. Блазан не павiнен быў весялiцца. Само пачварства было падставай для смеху.

– Добра, не буду спрачацца, - сказала Ганна.
– Але мы ўсё роўна нiчога не ведаем.

– На жаль, пакуль што вы маеце рацыю, Ганна. Ганна зноў падсунула да сябе партрэт свайго ўлюбёнца: вогненныя кудзеркi, сакалiны позiрк, цэлы сажань у плячах, футравая шапка сцiснута ў нервовым магутным кулаку...

– Вядома, варыянт спакуслiвы, - сказаў Кiн.

– Вам не падабаецца, што ён прыгожы? Леанарда да Вiнчы таксама займаўся спортам, а Аляксандр Македонскi ўвогуле з каня не злазiў.

Партрэты ляжалi ў рад, зусiм жывыя, i цяжка было паверыць, што ўсе гэтыя людзi памерлi шмат соцень гадоў назад. "Хоць, - падумала Ганна, - я ж таксама памерла шмат соцень гадоў назад..."

– Можа быць, - пагадзiўся Кiн i выбраў са столiка два партрэты: князя ў сiнiм плашчы i рыжага прыгажуна.

– Калегi, - заглянуў у вялiкi пакой Жуль.
– Прадаўжэнне будзе. У нас яшчэ паўгадзiны. А там нехта прыехаў.

13

Шар быў уключаны i скiраваны на рыцарскi стан у трынаццатае стагоддзе. Вечарэла. Неба над лесам стала бясколернае, на яго фоне лес быў амаль што чорны, i промнi перад захадам сонца, што павiсла над сцяной крэпасцi, высвечвалi на гэтым цьмяным занавесе постацi працэсii, якая выпаўзала на бераг.

Паперадзе ехалi конна некалькi рыцараў у белых i чырвоных плашчах, два манахi ў чорных, падаткнутых за пояс расах, за iмi восем стомленых насiльшчыкаў валаклi крытыя насiлкi. Потым з лесу

паказалiся пехацiнцы i, нарэшце, дзiўная будынiна: шасцёрка быкоў цягнула драўляную платформу, на якой было замацавана нешта накшталт сталовай лыжкi для велiкана.

– Што гэта?
– спыталася Ганна.

– Катапульта, - адказаў Кiн.

– А што ў насiлках?

У прыцемку было вiдаць, як Жуль пацiснуў плячыма.

Насiльшчыкi з палёгкаю апусцiлi сваю ношу на прыгорак, i наўкола сабраўся натоўп.

Моцныя пальцы схапiлi знутры за краi полага, рэзка тузанулi яго, i на зямлю выскачыў грузны пажылы мужчына ў расе бэзавага колеру i ў маленькай чорнай шапачцы. На грудзях у яго блiшчаў вялiкi сярэбраны крыж. Чырванашчокi круглы твар быў абведзены коратка падстрыжанаю чорнаю барадой. Рыцары акружылi мужчыну i павялi да шатра.

– Ёсць падазрэнне, - сказаў Кiн, - што да нас завiтаў яго праасвяшчэнства, епiскап рыжскi Альберт. Вялiкi гонар.

– Гэта начальнiк мечаносцаў?
– спыталася Ганна.

– Фармальна - не. На самай справе - валадар нямецкай Прыбалтыкi. Значыць, да штурму Замошша ордэн ставiцца сур'ёзна.

Епiскап затрымаўся на схiле, прыставiў далонь казырком да вачэй i глядзеў на горад. Рыцары штосьцi тлумачылi яму. Насiльшчыкi, кiнуўшы паклажу, уселiся на траву.

Ратнiкi пагналi платформу з катапультай у бок моста цераз ручай. Ад групы рыцараў, якiя акружалi епiскапа, адлучыўся рыцар, той, што ледзь не забiў рыжага прыгажуна. За iм у чорнай сутане адзiн з наблiжаных епiскапа. Ратнiкi падвялi каня.

– Сцяг не забудзьцеся, брат Фрыдрых, - сказаў манах.

– Брат Тэадор возьме, - сказаў рыцар. Ратнiк дапамог рыцару сесцi ў сядло з высокай пярэдняй лукой. Левая рука ў рыцара рухалася незграбна, нiбыта пратэз, на правай пальчатка была кальчужная, на левай - жалезная.

– Пачакайце!
– крыкнула Ганна.
– Ён жа гаворыць! Вы наладзiлi гук?

Кiн усмiхнуўся.

– Ён па-расейску гаворыць.

– Не, па-нямецку. Мы ж не чуем. Тут iншы прынцып. Ведаеце, што бываюць глуханямыя, якiя па губах могуць здагадацца, пра што гаворыць чалавек?

– Ведаю.

– Наша прыстаўка прачытвае з губ. I перакладае.

Каля моста цераз ручай да рыцара далучыўся малады барадаты дваранiн у чырвоным плашчы з доўгiм, раздвоеным на канцы вымпелам, прымацаваным да дрэўка дзiды. Вымпел быў белы, а на iм - дзве чырвоныя вежы з варотамi, зверху - тыяра.

Рыцары паднялiся па схiле да горада, прытрымалi коней каля рова. Малады мечаносец узняў апраўлены ў серабро рог. Крэпасць маўчала.

Ганна сказала:

– Не люблю шматсерыйных пастановак, заўсёды час зацягваюць.
– Згатуйце пакуль нам кавы, - сказаў Жуль.
– Калi ласка.

Ганна не паспела адказаць, як вароты прачынiлiся, выпусцiўшы з крэпасцi двух коннiкаў. Паперадзе ехаў князь у сiнiм плашчы з залатым шлякам. За iм яцвяг у чорнай вопратцы i чырвоным каўпаку. У варотах былi вiдаць стражнiкi. Вiтаючы князя, Фрыдрых падняў руку ў кальчужнай пальчатцы. Князь тузануў каня за аброць, i той матнуў галавою, дробна перабiраючы нагамi.

Шар быў накiраваны ўнiз - Кiн хацеў пачуць, пра што пойдзе гаворка.

– Ландмайстар Фрыдрых фон Какентаўзен вiтае цябе, - сказаў рыцар.

Поделиться с друзьями: