Выкраданне Чарадзея (на белорусском языке)
Шрифт:
У канцы XII - пачатку XIII ст. тут быў збудаваны храм i шэраг жыллёвых будынкаў, якiя былi знiшчаны ў вынiку пажару. Даследаваннi фундамента храма, на якiм была пабудавана ў XVIII ст. каплiца, будуць прадоўжаны ў наступным сезоне. Раскопкi ўскладняюцца ў вынiку парушэнняў верхнiх пластоў могiлкамi XVI-XVIII стст.
(Археалагiчныя адкрыццi 1986 г. стар. 221)
Справаздача была зразумелая. Капалi - гэта значыць будуць капаць - на пагорку. Ганна склала лiсткi на стол. Ёй захацелася зноў падняцца на пагорак. У сенцах быў адзiн Жуль.
– Хочаце паглядзець на машыну часу?
– спытаўся ён.
– Вы на ёй прыехалi?
– Не, устаноўка патрэбна
Жуль правёў Ганну ў халодны пакой. Побач з ложкам стаяла металiчная скрынка. Над ёю вiсеў чорны шар. Яшчэ там былi два пульты. Адзiн з iх стаяў на крэсле, другi - на ложку. У кутку - тонкая высокая рама.
– I гэта ўсё?
– спыталася Ганна.
– Амаль што.
– Жуль быў задаволены эфектам.
– Вам хочацца, каб устаноўка была на што-небудзь падобная? Людзi не вынаходлiвыя. Ва ўсiх дэманах i ведзьмах угадваецца той самы чалавек. А вось кенгуру эўрапейская фантазiя прыдумаць не змагла.
– А спаць вы тут будзеце?
– спыталася Ганна.
– А як жа, - адказаў нявiнна Жуль.
– Каб вы толькi не забралiся сюды ноччу ды не адправiлiся ў мiнулае або будучыню. А то шукай вас потым у татарскiм гарэме.
– Прыйдзецца шукаць, - сказала Ганна.
– Горш будзе, калi я заб'ю свайго прадзеда.
– Банальны парадокс, - сказаў Жуль, - вiткi часу такiя вялiкiя, што эфект нiвелiруецца.
– А дзе Кiн?
– На пагорку.
– I не баiцца дзеда?
– Больш яны не сустрэнуцца.
– Я таксама пайду пагляджу. Заадно спытаюся пра сёе-тое.
Ганна iшла па сцежцы, iмкнучыся зразумець, дзе стаяла крапасная сцяна. Вяршыня пагорка амаль пляскатая, да лесу i ручая iдуць пакатыя схiлы, толькi над ракою бераг абрываецца крута. Значыць, сцяна пройдзе па абрыве па-над ракою, а потым прыкладна на той жа вышынi вакол пагорка.
Яшчэ ўчора горад быў абстракцыяй, патанулай у безданi часу. А цяпер? Калi я, разважала Ганна, даўно памерла для Кiна i Жуля, ды ўсё ж такi яшчэ жывая, нават крыху ўспацела ад лiпкай пераднавальнiчнай спякоты, то, значыць, i генiяльны Раман таксама цяпер жыве. Ён памрэ праз два днi, але пра гэта пакуль што не здагадваецца.
Ганна ўбачыла неглыбокую лагчыну, што агiнала пагорак. Настолькi неглыбокую, што калi б Ганна не шукала слядоў горада, то i не здагадалася б, што гэта рэшткi рова. Ганна знайшла ў рове падраны валёнак i бляшанку з-пад кансерваў, ледзь вывернулася ад асы i вырашыла iсцi ў цень, на моглiцы, таму што праз паўгадзiны з гэтага пекла павiнна была распачацца навальнiца.
У рэдкай заценi крайнiх дрэваў было трошкi халадней, чым у полi. Варта было Ганне спынiцца, як з кустоў вылецелi полчышчы камарыных камiкадзэ. У кустах зашапацела.
– Гэта вы, Кiн?
Кiн выйшаў з гушчару. На грудзях у яго вiсела фотакамера, недарагая, сучасная.
– Ах, якiя вы асцярожныя!
– сказала Ганна, гледзячы на камеру.
– Стараемся. Прачыталi дакументы?
– Не ўсе. А хто такi Гермiй Тройчы Найвялiкшы?
– Апякун алхiмii. Гэтая справаздача пра дослед - лiпа. Яе напiсаў наш Раман.
– А што там цiкавае?
– Пра такi метад выдзялення ртуцi тады яшчэ не ведалi. Ён апiсвае даволi складаную хiмiчную рэакцыю.
Наляцеў вецер. Навальнiца папярэджвала пра сваё наблiжэнне.
– З чаго пачнём?
– спыталася Ганна.
– Паглядзiм на горад. Проста паглядзiм.
– Вы ведаеце Рамана ў твар?
– Не, вядома. Але ён ствараў машыны i рабiў порах. Кiн зазiрнуў у змрок царквы. А Ганна ўвайшла за iм. У купале была дзiрка, i праз яе Ганна ўбачыла пасму лiловай хмары.
У царкве пахла скляпеннем, на сценах захавалiся фрэскi. Святыя старцы абыякава глядзелi на людзей. Нiжэй каленяў фрэскi былi выцертыя. Здавалася, што старцы стаяць у воблаках.Першыя кроплi забарабанiлi па даху. Яны падалi праз адтулiну ў купале i выбiвалi на падлозе фантанчыкi пылу. Ганна выглянула на двор. Лiсце i каменне здавалiся ненатуральна светлымi.
– Справа, дзе расце дуб-спарыш, былi княскiя харомы. Ад iх нiчога не захавалася, - сказаў Кiн.
Дождж палiў спорна, нават сярдзiта. Ён быццам злаваўся, што людзi не траплялiся яму ў чыстым полi.
– Гэта былi незвычайныя княствы, - сказаў Кiн.
– Фарпосты Русi, якiя ўпраўлялi дэмаграфiчнымi лiшкамi княскiх сем'яў. Народ быў тут у большасцi не русiнскi. Вось i даводзiлася лавiраваць, шукаць саюзнiкаў, пазбягаць ворагаў. I галоўнага ворага - нямецкага ордэна мечаносцаў. Iх цэнтр быў у Рызе, а замкi - па ўсёй Прыбалтыцы.
З хмызняку выйшла Клеапатра i ўпэўнена накiравалася да царквы, вiдаць, спадзявалася схавацца. Убачыўшы людзей, яна панурылася.
– Давайце адыдзем, - сказала Ганна.
– У нас цэлая царква на дваiх.
– Правiльна, - пагадзiўся Кiн.
– Яна здагадаецца? Кабыла здагадалася. Кiн i Ганна селi на камень у дальнiм кутку, а Клепа ветлiва спынiлася каля ўвахода, здрыгваючыся ўсёй сваёй скурай, каб абтрэсцi ваду. Пасярод царквы, куды цяпер лiўся з дзiравага купала нешырокi вадаспад, цёмная пляма вады ператварылася ў лужыну, якая, як чарнiльная пляма, выпускала шчупальцы. Адзiн ручаёк дабраўся да Ганнiных ног.
– А вам не страшна?
– спыталася яна.
– Размаўляць з выкапнёвай жанчынай?
– Зноў? Зрэшты, не, не страшна. Я прывык.
– А хто з генiяў жыве ў вас?
– Вы iх не ведаеце. Гэта невядомыя генii.
– Мёртвыя душы?
– Мiлая мая, падумайце добра. Генiй - паняцце статыстычнае. У гiсторыi чалавецтва яны з'яўляюцца рэгулярна, хоць i рэдка. Але яшчэ дзвесце гадоў назад сярэдняя працягласць жыцця была не больш за трыццаць гадоў нават у самых развiтых краiнах. Большасць дзяцей памiрала ў маленстве. Памiралi i будучыя генii. Эпiдэмii спусташалi цэлыя кантынент.ы - памiралi i генii. Грамадскi лад аддаваў на пагiбель людзей, што мелi няшчасце нарадзiцца з рабскiм ашыйнiкам, асуджаў на такое iснаванне, што генiй не мог паказаць сябе... У войнах, у эпiдамiях, у масавых забойствах, у турмах генii гiнулi часцей, чым звычайныя людзi. Яны адрознiвалiся ад звычайных людзей, а гэта было небяспечна. Генii станавiлiся ерэтыкамi, бунтарамi... Генiй - вельмi кволае стварэнне прыроды. Яго трэба берагчы i шанаваць. Аднак нiхто гэтым не займаўся. Нават прызнаны генiй не быў застрахаваны ад заўчаснай смерцi. Звыкла гаварыць пра генiяльнасць Пушкiна. На паводзiны Дантэса гэтае меркаванне нiякiм чынам не ўплывала.
– Я ведаю, - сказала Ганна.
– Нават сябры Пушкiна Карамзiны асуджалi яго. Шмат хто лiчыў, што Дантэс меў рацыю.
Клепа падышла блiжэй, таму што падзьмуў вецер i стрэлы дажджу паляцелi ў расчыненыя дзверы. Клепа нервова варушыла ноздрамi. Раптам загрымела, потым яшчэ i яшчэ. Ганна ўбачыла, як праём купала ярка высвецiўся маланкай. Кiн таксама паглядзеў уверх.
– Але чаму вы тады не выкрадаеце генiяў у маленстве?
– А як можна здагадацца, што дзiця генiяльнае? Яно ж павiнна паказаць сябе. I паказаць так, каб мы маглi адважыцца на экспедыцыю ў мiнулае, а такая экспедыцыя патрабуе столькi энергii, колькi сёння выпрацоўваюць усе электрастанцыi Зямлi за год. А гэта не так ужо мала. Нават для нас.