Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Выкраданне Чарадзея (на белорусском языке)
Шрифт:

– Вы таксама так думаеце, брат Фрыдрых?
– спытаўся епiскап.

– Нi ў якiм разе, - адказаў Фрыдрых.
– Не сакрэт, што князь Вячка адбiў князёўну ў летаў. Нам не патрэбны выкуп.

– Я згодны з вамi, - сказаў епiскап.
– Паклапацiцеся пра дзяўчыну. Як толькi яна трапiць да нас, мы тут жа адправiм яе пад аховаю ў Смаленск. Як выратавальнiкi. I нiякiх выкупаў.

– Мае людзi рызыкавалi, - сказаў Готфрыд.

– Мы i так не сумнявалiся, што гэта вашых рук справа, брат мой. Некаторыя ордэнскiя рыцары мяркуюць, што яны ўсемагутныя. I гэта памылка. Вы хочаце, каб праз месяц смаленская раць стаяла пад сценамi Рыгi?

17

– Разумеецца, Жуль, - сказаў Кiн, - пачынай

рыхтаваць апаратуру да пераходу. I паведамi дамоў, што мы гатовыя. Аб'ект апазнаны.

Кiн дастаў з апарата шарык i пайшоў да дзвярэй.

– Я з вамi?
– сказала Ганна, пра якую ўсе забылiся.

– Як вы сабе хочаце, - адказаў Кiн абыякава. Ён хутка выйшаў у вялiкi пакой. Там было занадта светла. Мухi кружылiся над вазачкай з цукеркамi. У адчыненае акно ўлiваўся вецярок, матляючы фiранку. Ганна падышла да акна i выглянула, амаль гатовая да таго, каб убачыць каля ручая шатры мечаносцаў. Аднак там гулялi ў футбол хлапчукi, а далёка на ўскрайку лесу, адкуль учора выйшаў злашчасны статак, лапатаў маленькi трактар.

– Гэта партрэт епiскапа?
– спыталася Ганна, гледзячы, як Кiнавы пальцы ператвараюць шарык у пласцiнку.
– Не, памятаеце жоўты аркуш паперы, што паказваў рыцарам епiскап? Гэта першы ў Эўропе друкарскi адбiтак.
– Ён нахiлiўся над сталом, чытаючы тэкст.

– Чытайце ўголас, - папрасiла Ганна.

– Варварская латынь, - сказаў Кiн.
– Алхiмiчны тэкст. Бяспечна ёй было б надрукаваць што-небудзь рэлiгiйнае. Навошта дражнiць сабак?.. "Каб зрабiць элiксiр мудрацоў, вазьмi, мой брат, фiласафiчнай ртуцi i падагравай, пакуль яна не ператворыцца ў зялёнага льва... пасля гэтага разагравай мацней, i яна стане львом чырвоным..."

Трактар спынiўся, з яго выскачыў трактарыст i пачаў корпацца ў рухавiку. Нiзка праляцеў маленькi самалёцiк По-2...

– "Кiпяцi чырвонага льва на раскаленым пяску ў кiслым вiнаградным спiрце, выпары вадаасць, i ртуць ператворыцца ў камедзь, якую можна рэзаць нажом. Пакладзi гэта ў замазаную глiнай рэторту i ачысцi... "

– Зноў ртуць - мацi металаў?
– спыталася Ганна.

– Не, - сказаў Кiн, - гэта другое. "...Кiмварыйскiя ценi акрыюць рэторту цёмным пакрывалам, i ты знойдзеш унутры яе сапраўднага дракона, якi пажырае свой хвост..." Не, гэта не ртуць, - паўтарыў Кiн.
– Хутчэй гэта аб ператварэннях свiнцу. Зялёны леў - вокiс свiнцу, чырвоны леў - сурык... камедзь - воцатна-свiнцовая соль... Так, здаецца, так...

– Вы самi маглi б працаваць алхiмiкам, - сказала Ганна.

– Мог бы, мне давялося прачытаць шмат абракадабры. Але ў ёй часам праблiсквалi такiя знаходкi!..

– Вы цяпер пойдзеце туды?

– Вечарам. Я там мушу быць як мага менш.

– Але калi вас пазнаюць, падумаюць, што вы шпiён.

– Цяпер у крэпасцi шмат людзей з блiжэйшых паселiшчаў, якiя хаваюцца там. Ёсць i iншыя варыянты.

Кiн пакiнуў пласцiнку на стале i вярнуўся ў сенцы, дзе стаяў куфар з адзеннем.Ён выцягнуў адтуль боты, шэрую кашулю з тонкай вышыўкай каля каўняра, потым спытаўся ў Жуля:

– Ну што? Калi пададуць энергiю?

– Пасля семнаццацi.

18

– Ведаеце, - сказаў Кiн вечарам, калi падрыхтоўка да пераходу скончылася, - давайце глянем на горад яшчэ раз, час жа ёсць. Калi даведаемся, дзе ён хавае сваю лабараторыю, зможам спрасцiць версiю.

Шар завiс над скопiшчам саламяных стрэх.

– Дзе ж хаваецца наш алхiмiк?
– сказаў Кiн.

– Трэба пачынаць з церама, - вымавiў Жуль.

– З церама? А чаму б не з церама?

Кiн павёў шар над вулiцай у цэнтр горада, да сабора. На вулiцы было бойка i ажыўлена. У лаўках - столькi малых, што дваiм не размiнуцца, гандлявалi адзеннем, жалезным i глiняным таварам, людзi глядзелi, але не

куплялi. Натоўп народу сабраўся толькi каля нiзенькiх дзвярэй, з якiх рыжы мужчына выносiў бохан хлеба. Пэўна, голаду ў горадзе не было - асада пачалася нядаўна. Некалькi ратнiкаў валаклi да гарадской сцяны вялiкi медны кацёл, за iмi iшоў дзед у высокiм шлеме, згорбiўшыся пад вязанкай дроў. Коннiк на вараным жарабцы махнуў нагайкаю, прабiваючыся цераз натоўп, з-пад жывата ў каня вёртка выскачыў карлiк - князеў блазан, выскалiўся, прыцiснуўся да плота, пастрашыў кулаком ездака i тут жа працiснуўся ў лаўку, набiтую гаршкамi i мiскамi.

Кiн хуценька прабегся шарам па верхнiх пакоях, а ў iх - як венiкам усiх вымелi - толькi нейкiя нахлебнiкi, сонныя служкi, дзеўка з балеяй, старая з кульбаю... запусценне, цiшыня...

– Эвакуiравалiся яны, цi што?
– спытаўся Жуль, адхiлiўшыся на iмгненне ад пульта, якi стрымана падморгваў, бурчаў, нiбыта Жуль вёў касмiчны карабель.

– Вы да зорак лятаеце?
– спыталася Ганна.

– Дзiўна, - не звярнуў увагi на пытанне Кiн. У невялiкiм кутнiм пакоi, якi меў такi выгляд, быццам сюды ў спешцы панакiдалi розных рэчаў - куфроў, цюкоў, кашоў, нарэшце пашанцавала знайсцi знаёмых. На невысокiм драўляным крэсле з высокаю простаю спiнкаю сядзела пажылая панi, накрыўшы ногi мядзведжай шкурай. Гатычная прыгажуня ў закрытай, апушанай вавёрчыным футрам малiнавай сукенцы з сярэбранымi вытканымi кветкамi стаяла каля невялiкага акенца, гледзячы на царкву.

Пажылая дама гаварыла штосьцi, i Жуль правёў пальцамi над пультам, рэгулюючы гучнасць. Кiн спытаўся: - Якая мова?

– Старажытнапольская, - адказаў Жуль.

– Гора, гора, за грахi нашы кара, - гаварыла, сплюшчыўшы павекi, пажылая панi.
– Гора, гора...

– Супакойцеся, цётка, - адклiкнулася з акна дзяўчынка.

Нафарбаваны твар пажылой жанчыны быў нерухомы.

– Казаў жа твой бацька пачакаць да восенi. Як жа так, як жа так, мяне, старую, у думках пакалечыла. Абдзялiў мяне божа сваёй мудрасцю... А дзе ж наша дружына ды верныя слугi... Млосна, млосна...

– Магло быць горш...
– Дзяўчына дакранулася доўгiмi пальцамi да размаляванай праснiцы, што стаяла побач, i задумлiва пацягнула касмык воўны.
– Магло быць горш...

– Ты пра што думаеш?
– спыталася старая, не расплюшчваючы вачэй. Усхваляваў ён цябе, рыжы д'ябал. Грэх у цябе ў галаве.

– Ён князь, ён храбры вiцязь, - сказала дзяўчына.
– Дый няма граху ў маiх думках.

– Грэшыш, грэшыш... Дасць бог, дабяруся да Смаленска, упрашу брата, каб пакараў ён разбойнiкаў. Колькi гадоў я дома не была...

– Цi хутка служба скончыцца?
– спыталася дзяўчына.
– У русiнаў такiя доўгiя службы.

– Наш абрад вiзантыйскi, урачысты, - сказала старая.
– Я вось памяняла веру, а часам пакутую. А ты выйдзеш за княжыча, пяройдзеш у яго веру, мае грахi замалiць...

– Ах, пустая размова, цётка. Вы, русiны, легкаверныя. Ну хто вас ратаваць будзе, калi ўсе думаюць, што мы ў палоне ў летаў. Захопяць нас мечаносцы, горад спаляць...

– Не дай божа, не дай божа! Жахлiвы будзе гнеў караля Лешкi.

– Нам жа будзе ўсё роўна.

– Хто гэтая Магда?
– спыталася Ганна.
– Усе пра яе гавораць.

– Хутчэй за ўсё сваячка, можа, дачка польскага караля Лешкi Белага. I ехала ў Смаленск... Давайце паглядзiм, цi не ў царкве князь?

Перад расчыненымi дзвярыма сабора сядзелi калекi i жабракi.

Шар пранiк цераз сцяну сабора, i Ганне здалося, што яна адчувае пах свечак i ладану. Iшла служба. Змрочнае святло дрыжала за сшною свяшчэннiка ў вышытай залатой рызе.Яго павялiчаны цень пакалыхваўся, засцiлаючы фрэскi суровых чорнабародых старцаў, што глядзелi са сцен на людзей, якiя напоўнiлi невялiкi сабор.

Поделиться с друзьями: