Злая зорка
Шрифт:
Апошнія словы Уладзімір Паўлавіч пачуў ужо на вуліцы, праз адчыненае акно.
II
Да дому ісці не думаў. Рушыў на другі бок плошчы — у райком. Вясёленькая ў яго размова адбудзецца зараз! Але загадаў сабе: не адступаць! З’ядуць? У наш час з-за кватэры не з’ядуць, пабаяцца. Пасля, канешне, будуць есці. Непрыемна гэта, не ў яго характары, ён умеў з партийным кіраўніцтвам жыць дружна, хоць часам для гэтага даводзілася ахвяраваць прынцыпамі. Але тут няма куды адступаць. Галя гэтая чакае шостае дзіця.
«Урэшце, можа, я ратую цябе, Іосіф Лявонцьевіч, ад газетчыкаў».
Угледзеў на другім краі плошчы жонку, выходзіла
— Ты чаму гуляеш?
— Пытаеш, як рабаўладальнік, — такім папрокам Вольга Андрэеўна яўна хацела стаіць пэўную збянтэжанасць, хоць ніколі не хавала мацярынскіх пачуццяў…
— Не бегай да кожнага аўтобуса. ён з неба зляціць.
Маці глянула ў яснае неба з трывогай, так глядзела заўсёды пасля таго, як Барыс падаўся ў лётную школу. Але тут з палёгкай уздыхнула: сёння ён не ў небе — у наземным транспарце. Спяшаецца. Адкуль толькі яго чакаць? З Гомеля? З Кіева? З Мазыра? У Барыса заўсёды неспадзяваныя маршруты.
— Не помніш, калі «Ракета» з Кіева?
— Пустаходам звані, паўз ix дом ходзіць. Дарэчы, я папрасіў Івана, каб прыслаў адну сваю прыгажуню памагчы табе.
— Тамара ўжо тут.
Здзівіўся такой хуткасці i ўзрадаваўся, што жонка прыняла дапамогу натуральна, не запярэчыла.
— Аператыўны ў нас сваток, нідзе не марудзіць.
— Дзіўны ты, Валодзя. Прыём зноў узваліў на Кацярыну? Лаюць цябе людзі, што ты ўцякаеш ад прыёмаў.
— Я іду выбіваць кватэру тваёй пратэжэ.
— Другога дня ты не знайшоў? Сапсуеш сабе настрой.
— На вяселлі наладжу. A жаніх у цешчы? Гонару не мае. Маці памог бы. Свістун! Не можа наглядзецца на сваю цацу.
— Не завадзіся, Валодзя.
Другога сакратара ў райкоме не было. Уладзімір Паўлавіч, які прыйшоў з ваяўнічай рашучасцю, бадай узрадаваўся, што не трэба вось так, з наскоку, псаваць настрой маладому работніку, які, дарэчы, падабаўся шчырасцю i адкрытасцю. Урэшце, не гарыць, неабавязкова ў такі дзень нарывацца на непрыемную размову.
Зайшоў да першага.
Пятро Міхайлавіч, звычайна стрыманы i не вельмі ўважлівы да людзей, сустрэў надзіва ветліва, ціснуў руку, як імянінніку. Гэтак жа следам за ім вітаўся i сакратар райкома камсамола Сяргей Плечка. У адказ на ix звышветлівасць Пыльчанка стараўся настроіць сябе на іранічны лад. Каторы раз паспрабаваў па выгляду першага адгадаць, чаму старшыні калгасаў ды i раённыя работнікі далі яму мянушку Лорд. Хто першы? Па якой рысе знешняй ці па характару? Не мог знайсці такой рысы. Нармальны чалавек, культурны, адукаваны, скончыў універсітэт i ВПШ. Трымаецца проста. I выгляд нармальны. Сярэдняга росту, спартыўна падцягнуты, толькі рана пасівелы — у сорак гадоў. Кпілі некаторыя, што фарбуецца сакратар. Уладзімір Паўлавіч спачатку нават паверыў зубаскалам, што Пятро па гадзіне сядзіць у цырульні: вельмі ж акуратна прычасаная густая сярэбраная чупрына. Але за два гады сумеснай работы не бачыў яго ў цырульні ні ў сваім гарадку, дзе ўсе на вачах, ні ў Гомелі, ні ў Мінску, куды нярэдка ездзілі разам. Хто ж яго прычэсвае так? Жонка, ці што?
Аднак чаму ўсё ж Лорд?
Вось каму легка прычапіць сто мянушак, дык гэта Плечку. Хлопец не вызначаецца розумам, але выдзяляецца адзеннем: заўсёды, зімой i ўлетку, у цёмных касцюмах, старанна адпрасаваных, вычышчаных (пасля палявых дарог!). Плечка заўсёды чысценькі, прылізаны, але, павітаўшыся з ім, Уладзімір Паўлавіч, адчуваў жаданне памыць рукі.
Адзін Плечкаў талент падабаўся — адменны танцор, арганізатар ансамбля танцаў, народных i сучасных — крыўляцкіх; ансамбль славіўся
ў вобласці, i начальства, не толькі камсамольскае, цаніла сакратара райкома. Плечка ганарыўся гэтым: не аднымі лекцыямі прыцягвае моладзь.— А мы тут з Сяргеем гаварылі пра вас. Кажу яму: во выпадак арганізаваць сапраўднае камсамольскае вяселле, — сказаў Пятро Міхайлавіч.
— Казаў я Ірыне. Махнула сваімі нафарбаванымі вейкамі: «Вы што — жартуеце?» — перакрывіў Плечка дзяўчыну. — I сябру свайму Глебу сказаў. Дык той яшчэ горш здзівіўся: «Жартуеш, Сяргей?» Якія жарты? Я арганізаваў бы ім такое вяселле — што прагрымелі б на ўсю рэспубліку. Тэлебачанне запрасілі б. Інжынер, які вучыўся ў Кіеве, працуе на Украіне, i наш урач, з Мінскага інстытута. Саюз непарушны! Заўтра ў Прыпяць паплылі б, на чаўнах…
— Гэтага, дарагі таварыш, i баімося — грому. Асабліва Вольга Андрэеўна…
Першы засмяяўся.
— Дзе танцаваць будуць? — спытаў Плечка.
— Хацеў наслаць памост у двары, ды Андрэеўна баіцца, каб не распісалі…
— Правільна баіцца, — сказаў Пятро Міхайлавіч i ўздыхнуў: — Пісак развялося…
Літаральна тыдзень назад рэспубліканская газета пляснула па раённым кіраўніцтве за свінакомплекс, што будавалі за два кіламетры ад Прыпяці.
— Можна на асфальце танцаваць перад домам. Хочаце, арганізую?
Плечка яўна напрошваўся ў госці. Глеб, выходзіць, не запрасіў яго. Хутчэй не Глеб — Ірына, разам з Вольгай яны доўга сачынялі спіс гасцей. Уладзімір Паўлавіч глянуў на спіс адным вокам, карэкціраваць не стаў, жартам папрасіў пакінуць рэзерв для яго асабістых запрашэнняў.
Што-што, а танцы Плечка наладзіць, а гэта важна: менш часу будуць сядзець за сталамі, прыкладвацца да чарак. Цяпер бойся, каб хто не напіўся, а то станеш без віны вінаватым, запішуць — i слова не дадуць для апраўдання, размовы на бюро абкома кароткія, а яго ўліковая картка i без таго запэцканая — за нарыхтоўку кармоў, за школы. Не хапала яшчэ за парушэнне антыалкагольнага закона.
— Значыць, дамовіліся, Сяргей, — за табой танцы.
Плечка заззяў:
— Уладзімір Паўлавіч! А можа, усё ж камсамол ьскае?
— Калі ты не ўламаў Ірыну i Глеба, то, думаеш, я змагу? Ёсць нада мной маршал — жонка. А яна ix саюзніца. Ды i не толькі яна. Галоўны завадатар Пустаход. А ты ведаеш, які гэта народнік. Ён — за ўсё старое. I вяселля хоча па-старому.
Першы засмяяўся. Старшынь адсталых калгасаў ён не крытыкаваў так, як перадавога Пустахода: куркуль, аднаасобнік! З раёна стараецца вырваць больш, а як раёну памагчы — сіратой прыкідваецца, беднячком. Але i любіў гэтага чалавека — не прасцячок, можа зліслівіць начальству, гурочкаў, мядку прывезці, але ніколі ні перад кім не выцягваецца. Такога можна вініць ва ўсіх грахах, але не паважаць нельга.
— Праўда, што Пустаход прастольнае свята арганізоўваў? Фэст у фестываль ператвараў?
Было такое: хацеў Іван гадоў колькі назад храмавое свята свайго сяла — даўнюю ўсеагульную п’янку, на якую з’яджалася паўраёна, узяць у свае рукі. Але гэтая стыхія аказалася мацней за яго кіруючую сілу. Героя каштаваў яму ўдзел у фэсце з найлепшымі намерамі, ды яшчэ ў прыдачу i вымовы.
Маладзёжны важак пайшоў да сябе — на першы паверх.
Кіраўнікі раёна засталіся сам-насам.
Адносіны паміж імі былі, можна лічыць, найлепшымі, за два гады ніводнай сур’ёзнай сутычкі. Пятро ніяк не пераходзіў на «ты» i вымушаў «выкаць» i яго, Уладзіміра Паўлавіча, а гэта было нязвыкла, з ранейшымі першымі ён быў на «ты» ледзьве не з першага дня сумеснай працы. На людзях адносіны ix выглядалі натуральным! a ў размове адзін на адзін Пыльчанка адчуваў тую субардынацыйную афіцыйнасць, якая перашкаджала поўнай даверлівасці, сяброўскай.