Злая зорка
Шрифт:
Разумеў, што Азара ніхто іншы не ўгаворыць, таму пайшоў сам.
Стары, мабыць, чакаў прыходу начальства, бо наўрад ці бачыў яго хто за жыццё ў такой паставе. Сядзеў на вуліцы перад хатай не на прызбе — у новенькім плеценым з лазы крэсле, у новай кашулі, але босы, з голай лысай галавой. Леў Талстой. Філосаф. Абыякавы да ўсіх мітрэнг свету.
«Артыст», — узлаваўся Пыльчанка.
— Лысіну накрый.
— А навошта?
— Нукліды сядуць.
— А што гэта за храновіна?
— Нябачныя часціны, што вылецелі з атамнага рэактара i гоняць адгэтуль людзей.
— Як ты назваў? Нукліды? Прыгожа.
— Прыгожа,
— Перажывем, Паўлавіч.
— Перажывем, канешне. Але даўно народ сказаў: беражонага бог беражэ. Трэба ехаць.
— Я не паеду.
— Азар Філімонавіч, не рабі спектакля. Хапае ў нас клопатаў без цябе. Я адказваю за людзей.
— Мяне выкраслі ca свайго спісачка. Я сам па сабе.
— Слухай! Сказаў бы я табе, каб на паляванні. А тут пасада мая не дазваляе.
— Кажы. Людзей няма.
— Што ты хочаш даказаць тым, што застанешся?
— Нічога. Бачыў я, Паўлавіч, смерць на вайне, у лесе, у вадзе, у агні, у мяккай пасцелі. Хачу i на гэтую паглядзець — ад атама. Якая яна? Смерці розныя…
— Як ты паглядзіш? На каго?
— На сябе.
— I што ты ўбачыш? Нічога ты не ўбачыш. Нажывеш рак крыві, рак печані i прыпаўзеш да людзей, калі здолееш. Скуголіць будзеш, як пёс. Ды позна.
— Скуголіць я не буду.
— Ды каму гэта трэба?
— Навуцы.
— Ха! Ашчаслівіш навуку! Ёй толькі i не хапала тваёй задубелай скуры i прапітых шлункаў. Жыццё трэба аддаваць з карысцю для людзей. Як тыя пажарнікі. Чуў?
— Я блакнот у канторы ўзяў. Запісваць буду.
— Скажы, калі ласка, які прафесар! Збірайся. У мяне няма часу палітграмату табе чытаць.
— Не паеду!
— Слухай! Міліцыю паклікаць? Ёсць яна тут.
— Кліч. А што мне міліцыя зробіць? Вывезе ў Высокі Гай ці Прысяддзе? А я заўтра вярнуся. Разорыцца міліцыя вазіць мяне кожны дзень.
Пыльчанка мацюкнуўся.
— Во гэта мужчынскі разгавор.
— Павер, шкадую, што не магу… не да цябе, а то я наладзіў бы спектакль лепшы, чым ты наладжваеш. Што ты выставіўся? Публікі ж няма. Уся ўжо ў клубе.
— Ды не, во ідуць.
Па апусцелай вуліцы ішлі дзве бабулі ў даўніх палескіх строях — у клятчастых андараках, у квяцістых хустках, з вузялкамі з белых хусцін, у выпукласцях якіх, акрамя мяккіх рэчаў, вырысоўваліся велікодныя калачы, яйкі. Ішлі яны павольна, здавалася, свабодныя ад усіх турбот свету гэтага; адна моцна кульгала, абапіраючыся на кіёк.
У Пыльчанкі ад гэтага шэсця перахапіла дыхание i горка-салёны клубок падкаціўся да горла.
Бабулі ішлі па другім баку вуліцы. Але пакланіліся, моўчкі, паважна. Каму? Шубе? Яму, начальнику?
Азар Філімонавіч падняўся з крэсла, пакланіўся ў адказ. I ён, Пыльчанка, пакланіўся.
Пажартаваў Шуба ціха, нявесела:
— Дарэмна ад’язджаюць. Такія нявесты! Весялей было б паміраць.
Пыльчанка ўзлаваўся на старога блазена яшчэ больш. Аднак стрымаўся. Толькі сказаў строга, афіцыйна, па-начальніцку загадна:
— Лысіну накрый! Абуйся! Па лесе не бадзяйся. Вады з ракі, з раўчакоў не пі, ды i з адкрытых калодзежаў. Ёсць жа ў суседзяў закрытыя… калонкі. Імі карыстайся. Шчаўя i смарчкоў не збірай. Есці можна толькі тое, што стаяла ў кублах, у пограбе. Смерці не бойся.
— А я i не баюся.
— Пры такіх дозах у Хірасіме дагэтуль жывуць.
— Дык на
храна ж ты высяляеш нас?— Сказаў: беражонага… Японцы лячыць умеюць.
— Маць ix за нагу, японцаў тых, усё яны ўмеюць. А нашы? Твая нявестка… Пустаходава… не ўмее? Гаўно, значыцца, нашы лекары.
Нагадаў пра Ірыну i — ударыла ў сэрца, дзе яны? Ніхто не ведае поўнага набору яго трывог!
— Будзь здаровы, Азар Філімонавіч. Пасядзі. Падумай. Я прыеду па цябе.
— Не турбуйся, Паўлавіч. Трэба будзе — сам прыйду. Пакуль ногі носяць. Да Берліна дайшоў.
Без слёз эвакуіраваных, з трагічным маўчаннем, што горш за слёзы, праводзілі першую партыю аўтобусаў — жыхароў суседняй вёскі, надпрыпяцкай. Людзі гэтыя заўсёды жылі адасоблена, бо большасць старых i сталых былі баптыстамі; вясёлыя бязбожныя палешукі не любілі гэтых святых. Можа, таму мала хто выйшаў з клуба, з канторы следам за імі.
A пайшлі поўныя аўтобусы, на ix месца падалі пустыя — i натоўп высыпаў на вуліцу. Не, заняць месца ў аўтобусах не спяшаліся. Першыя выйшлі старыя, разгарнулі багародзіцу i запелі малітву. Вось табе i бязбожныя! Малодшыя стаялі за агароджай канторскага двара, як бы адмежаваліся, але стаялі моўчкі, слухалі паважліва, журботна. Не ў старых, што маліліся, a менавіта ў маладых, у жанчын асабліва, вочы набрынялі слязамі. Ды i ў Пыльчаша зноў жа салёны камяк падкаціўся да горла i ажно душыў. I Пустаход выцер вочы рукавом.
Садзілася сонца. Завалаквалася нейкай імжой i ад гэтага рабілася жоўтым. З ракі пацягнула вільгаццю.
«Адтуль цягне», — падумаў Пыльчанка. Пэўна, i Пустаход думаў пра гэта, бо нечакана, упершыню за час гэтых незвычайных збораў, выказаў ініцыятыву:
— Даю каманду, Паўлавіч!
— Усе сабраліся?
— Хіба падлічыш? Некаторыя паехалі ў госці. Да сыноў. Да зяцёў. Свята. Трэба ў Гомелі, у Мазыры, ды i ў нас па радыё перадаць, куды ім вяртацца, дзе шукаць сваіх. Ох, бог мой!
Пыльчанка запісаў гэтую слушную думку ў блакнот.
— Цярэшка Шкот, чортаў шкод, яўна браканьерствуе, нідзе не знайшлі.
— Гэта дрэнна.
— Дрэнна. Хлопец з ім, Якуціхін. Рыхтуе сабе, зладзюга, змену.
— Заўтра прыедзеш i ўсіх падбярэш. I Шубу.
— Тых забяру. А Шубу не падніму.
— Слабы ты старшыня.
— А хто выдумаў, што я дужы? Вы ж i выдумалі.
— Не апускай рукі, Іван!
— Самі апускаюцца.
Падышла Паша, дачка Пустахода, сказала вельмі коратка:
— Бацька, Ліза…
Што з Лізай — ніхто пэўна не здагадаўся. I Пыльчанка таксама. Але ён даўно заўважыў, што самую ціхую нешматслоўную дачку сваю бацькі разумелі з паўслова. I тут Пустаход адразу ахнуў:
— Ах, бог мой! — i пайшоў да сваёй сядзібы.
Хапала ў Пыльчанкі спраў, вось-вось трэба грузіць асноўную масу сяльчан у аўтобусы, a аўтобусаў яўна не хапае, трэба званіць Сінякову, які застаўся галоўным каардынатарам, i прасіць… Прасіць? Не, сёння ён самога пана бога, якому моляцца жанчыны, не стане прасіць. Сёння любому, хто не падаў аўтобусы, не прыслаў нарыхтоўшчыкаў, не прывёз мінеральную ваду, настойку ёду, ён можа сказаць толькі такія словы, якія толькі што сказаў старшыні райспажыўсаюза, — гарачыя, радыеактыўныя, як сама атмасфера. Любому: Сінякову, Аляксею, Вадалею… Аднак не вытрымаў, каб не пайсці за сватам: устрывожыла i яго — што з Лізай?