Зямля пад белымі крыламі
Шрифт:
Дужа распаўсюджаны сажалкавыя гаспадаркі. Разводзяць карпа, сазана, карася. Весела глядзець, як аранжавымі вечарамі ў люстраных сажалках дзе-небудзь ля Волмы-ракі ўсплёскваюць вялізныя рыбы і чырвонае сонца на імгненне загараецца на іхняй лусцэ.
Зялёны шум
…Там, дзе няма ніў, — суцэльная краіна паплавоў і балот. Дзе няма іх — царства лясоў. І маладых і старых, нечапаных, так званых пушчаў. Бярэзінская пушча, Лепячанская, Гродзенская, Налібоцкая на поўнач ад Наваградка, палескія пушчы, Белавежская, якая найбольш уражае чалавека, і многія іншыя. Трэць тэрыторыі Беларусі — лясы. 32 працэнты. На жаль, іх высякаюць больш нормы. Не толькі пасля вайны, калі трэба было аднаўляць вескі і гарады,
Мікалай І і Аляксандр ІІ так проста і загадвалі валіць лес, хаця не ведалі беларускага падання аб тым, што душа зямлі ходзіць лесам і кажа: "Сячыце, сячыце! Не будзе дрэваў — і мяне не будзе".
…Секлі гандляры, секлі акупанты ў вайну грамадзянскую. Пасля ў Заходняй Беларусі ішло арганізаванае знішчэнне лясоў не толькі новымі "гаспадарамі", але таксама іншаземнымі фірмамі, якім гэтыя лясы аддаваліся наводкуп. Белавежу і дагэтуль праразаюць затравелыя насыпы былых вузкакалеек, пабудаваных "культурным замежным капіталам", каб вывозіць лес.
7
Дрэвы, помнікі (манументы) нашы, колькі ж кожны год вас пажырае купецкая або ўрадавая маскоўская сякера?
Паэт Максім Танк так пісаў пра гэта ў адным з найлепшых сваіх вершаў:
На захад ідуць цягнікі, Лён, жыта, сасна і бяроза. Гляджу і гляджу з-пад рукі, Як моладасць нашу вывозяць.Iшоў дзiкi рабунак. Знiшчана i вывезена была амаль палова беларускiх лясоў.
Усяго знішчыць, аднак, не ўдалося нават шматлікім часовым гаспадарам, хаця кожны з іх і намерваўся асесці тут "навечна", цягнуць драўніну, шкіпінар, каніфолю, дзёгаць, смалу, сажу для хімічнай прамысловасці. І вось стаялі сосны, пасечаныя шнарамі, сплываючы смалістай сваёй крывёй. Як трапна сказаў паэт Васіль Зуёнак:
Рабрыстыя — ў падсочках, нiбы зданi, — О сосны, хто прыдумаў вам Майданак?!Так, Майданак быў не толькі ў людзей. І з хат знікаў смольны дух, і глуха пелі цымбалы з абяскроўленага дрэва.
…Досыць. Пойдзем у лес. Вось толькі была задушлівая спёка, і раптам павеяла жывушчым халадком, затрапяталі сонечныя зайчыкі, разліўся птушыны хор. Поўнач. Хваёвыя лясы. Пераважна сасна і яліна.
Мабыць, галоўныя адрозненні ў псіхіцы беларуса і жыхароў мясцін, дзе мала лясоў, склаліся пад уплывам навакольнага пейзажу.
Лес выхаваў характар беларуса, наш чалавек і лес — родныя, і таму беларус любіць яго. Любіць паўночныя саснякі з імхом, што расшыты каралямі брусніц і чарніц, што лілавеюць верасам, у якім сядзяць сімпатычныя таўстуны — карычнева-чырвоныя і карычнева-чорныя баравікі. Любіць змрочныя яловыя лясы з цэлымі бародамі сівога імху на ствалах і з катлавінкамі, напоўненымі празрыстай, але на выгляд чорнай і бліскучай, як лак, вадою. Любіць сонечны россып папараці і зарасці ляшчыны, і больш паўдзённыя лясы, дзе трапляюцца ўжо дубы, грабы, ліпы. І, вядома ж, шырокалістоўныя лясы поўдня з брызглінай, бружмелем, грабам, цісам, рабінай, калінай і магутным разнатраўем ля ступ лясных волатаў.
Нават драбналессе з бялюткімі бярозамі і асінкамі, нават змрочныя і балотныя чорнаальховыя лясы дарагія яму. Лес корміць, лес грэе і дровамі, і сценамі хат, і проста так ("уехаў у лес, бы ў кажух улез"), лес бароніць у выпадку небяспекі, нашэсця, вайны.
Менавіта таму пасля рэвалюцыі столькі ўвагі аддаецца захаванню, абароне, развядзенню лясоў.
Недахопаў у гэтым сэнсе яшчэ шмат. Многія лесанарыхтоўшчыкі "гоняць план" і нават дабіліся было высечак лесу на Бярэзіне (лес той згніў, бо дажджы не дазволілі яго вывезці, і тады, каму трэба, добра папала, а запаведнік быў адноўлены), ёсць яшчэ браканьеры і людзі, якія жывуць па прынцыпе "хто ў лесе не злодзей, той дома не гаспадар". Аднак праца ляснічых і палясоўшчыкаў, азеляняльнікаў, вучоных батанікаў, заолагаў, паляўніцтвазнаўцаў паступова прыносіць свой плен.Пад ахову падпалі многія жывелы, рэліктавыя і іншыя расліны, рыбы, птушкі і звяры, некаторыя геалагічныя абнажэнні, асобныя дрэвы, слаўныя ўзростам, рэдкасцю, выглядам сваім, і цэлыя лясныя масівы. На Беларусі шмат заказнікаў і запаведных зон (як вакол возера Свіцязь). Да нядаўняга часу было два запаведнікі. Бярэзінскі (абараняў увесь жывёльны свет, але асабліва мядзведзя і бабра) і Белавежскі (галоўныя паны тут высакародны алень, бобр, лось і, перш за ўсе, кароль-зубр). Нядаўна быў арганізаваны трэці, Прыпяцкі ландшафтна-гідралагічны запаведнік. Для аховы Палесся, яго раслін, звяроў, птушак, ягоных балот, ягоных вод.
Пра ўсе запаведнікі тут расказаць немагчыма, і таму я спынюся толькі на самым вядомым з іх, на Белавежскай пушчы.
Тысячу год назад большую частку цэнтральнай i ўсходняй Еўропы пакрываў дзiкi i цёмны першабытны лес. На многiя i многiя сотнi кiламетраў шумелi лясныя волаты, з цяжкасцю пракладалi свой шлях праз завалы карычнева-празрыстыя глухiя рэкi, звiнела камар'ё, паўсюль, як кавалкi мяса, чырванелi мухаморы i бранзавелi "слязнiцы", — вялiзныя, вышэй калена, баравiкi (на Беларусi iх называюць так таму, што на iх ад старасцi выступае сляза i капае на зямлю, яны "плачуць"). Цяпер такiя грыбы можна знайсцi толькi ў дужа глухiх мясцiнах, куды амаль не ходзяць людзi.
:Тысячу год мерна гучала сякера, вёскi ўгрызалiся ў лес, палi наступалi на пушчы, i на трупах павержаных i спаленых волатаў (такое поле называлася "лядо" або "ляда") хваляваўся ячмень.
Беларусь паступова бяднела звярамі. Зубр, які сустракаўся ў Палессі і на поўдні Прыдняпроўя яшчэ ў XVIII ст., быў выбіты і збярогся толькі ў Белавежы, быў знішчаны собаль, балотная рысь, або "лемпарт", чорны заяц, што сустракаўся ля Копыся яшчэ на пачатку XX ст., высакародны алень і многія іншыя. Знік у XVIII стагоддзі дзікі бык-тур (некаторыя вучоныя мяркуюць, што гэта ад яго пайшла парода ўкраінскай і палескай шэрай рабочай худобы).
Законы князёў, а пасля каралёў былі жорсткія. Нягледзячы на тое, што падарожнік барон Меерберг, які наведаў Беларусь у XVII ст., казаў, быццам мясцовыя лясы нават багацейшыя на звяроў, чым лясы поўначы і ўсходу Расіі, — дзічы, мабыць, паменшала. "Устава на валокі", прынятая 1657 годзе, казала, між іншым: "А ва ўсіх пушчах нашых і агульных, дзе раней сяляне нашы для нас баброў лавілі, там і цяпер … лавіць павінны. А калі б недзе, на рэках і азёрах нашых, бабры з'явіліся зноў, дык і там сяляне лавіць павінны; а за работу браць ім кожнага пятага бабра або падбрушша ад кожнага". Людзям забаранялася трымаць пры лясных лазнях жывёлу, зброю, сабак, сячы лес у тых мясцовасцях, дзе рабіліся аблавы, пад страхам пакарання смерцю не дазвалялася страляць аленяў і зуброў нават на ўласнай зямлі. Забаранялася касіць сена на месцах аблаў, а там, дзе дазвалялася, — забаранялася браць з сабою стрэльбы, сабак і рацішчы (рагаціны). Можна было біць драпежнікаў, а таксама птушак толькі на сваіх "валоках"… Але ў XVІІІ ст. усё пайшло дагары нагамі. Дзяржава, Рэч Паспалітая, саслабела, кароль не азначаў нічога, магнаты і шляхта грызліся. Дзе ўжо тут было сачыць за лесам, за правільным промыслам і падтрымкай звяроў.
…Так і здарылася, што ад першабытных лясоў, асабліва шырокалістоўных, ад старажытных зубрыных дуброў, ад мядзведжых пушчаў над махавамі балотамі і ціхімі бабровымі рэкамі засталіся тры-чатыры бастыёны.
Адзін з іх на поўначы Украіны і поўдні Беларусі. Палессе. Астатнія — на Беларусі. Лясы ў вярхоўях Бярозы-ракі. Налібокі. І самы стары і цікавы бастыён — Белавежа.
Цяпер той, хто хоча на свае вочы бачыць, які быў Шэрвудскі лес у часы Робін Гуда, Ардэнскі лес у часы рыцараў Круглага Стала і казачых волатаў, Тэўтабургскі лес у часы Армінія, не павінен шукаць такога ў сябе, у Англіі, Францыі, Германіі, а павінен ехаць сюды, у спрадвечны лясны аплот.