Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Зямля пад белымі крыламі

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

І, вядома ж, берагчы.

У Пушчы — найстражэйшы догляд за пасадкамі і спелымі лясамі, за гнёздамі, норамі, пасавіскамі, вадаёмамі — за ўсім, што складае стракаты калейдаскоп яе жыцця.

Гэта не азначае, вядома, што чалавек нiколi нi ў што не ўмешваецца. На некаторых жывёл (пераважна драпежнiкаў, колькасць якiх трэба рэгуляваць — рысяў, напрыклад, у Пушчы ўсяго каля пятнаццацi) дазволена паляванне па лiцэнзiях. Робiцца санiтарная высечка лесу. Бо нават запаведнiк не можа быць расаднiкам шкоднiкаў. I таму Пушча ачышчаецца ад хворых дрэў, каб яны не заразiлi караедам i лубаедам здаровыя.

Акрамя таго, запаведніку належыць 11 тыс. га зямлі, на якіх вырошчваюць ячмень, бульбу, авёс, буракі і іншае,

што ідзе на падкормку жывёл узімку.

…Замаразкі. Пушчанская позняя восень. Шэранню прыпудрана трава. Апошнія маслюкі і зялёнкі змерзлыя. Аж рыпяць, калі іх зразаеш нажом. А пасля снягі. І вось едуць сані і пакідаюць у пэўных месцах купы сена. І людзі раскідаюць на ўтаптаных пляцоўках бульбу для дзікоў, а тыя ідуць з гушчару цэлым атрадам і чамкаюць, нібы гэта так і трэба.

Звяроў кормяць, дапамагаючы ім перажыць зіму, а пры патрэбе і лечаць. Хвароба зубра лічыцца сапраўдным няшчасцем.

У Пушчы малавата крыніц і рэчак, і таму тут зроблены вялікія і маляўнічыя штучныя азёры для звярыных вадапояў і вадаплаўнай птушкі.

У Пушчы — адзін з найлепшых музеяў прыроды, якія мне калі-небудзь даводзілася бачыць. Дужа сучасная архітэктура, вельмі сучасная экспазіцыя і афармленне. Адразу ясна, што за вокнамі яго — дзіва прыроды, лес, у якім сустрэліся субтропікі (плюшч, скальны дуб) і прысенне Арктыкі (лапландская вярба, карлікавая бяроза). Тут усе жыхары лесу. І звяры і птушкі. Ад арла, ад вялізнай неясыці да дробных і малых. Тысячы экспанатаў. Матылі, жукі, рукакрылыя, гады, рыбы. І ўсё цікава настолькі, што не хочацца выходзіць.

У нетрах жыве адна з найбольш рэдкіх птушак Еўропы — чорны бусел. У адрозненне ад свайго белага брата, ён цярпець не можа блізасці людзей. А белы тут жа, на хатах і на паплавах. Дыбае, шукае жаб. Дарэчы, калі для музея спатрэбілася чучала бусла, паляўнічага прывезлі здалёк. Беларус нізавошта не заб'е бусла.

Птушак тут безліч. Яшчэ ляжыць снег, яшчэ мурашкі не выпаўзлі з мурашнікаў, а ўжо выводзіць птушанят крумкач. Чаму так? У нас ёсць пра гэта легенда. Нібыта калісьці мурашка і крумкач паспрачаліся аб нечым і, паколькі — якая ж у крумкача ці мурашкі маёмасць? — абодва голыя, як бічы, то заклаліся на самае каштоўнае, на дзяцей. Крумкач прайграў. І вось вымушаны выводзіць дзяцей, пакуль мурашкі яшчэ спяць у сваіх гарадах. Сам мерзне, і дзеці мерзнуць. І правільна! Не спрачайся аб тым, чаго не ведаеш, дурная галава!

Вось прамоіны, доўгачаканая вясна. Калыхаюцца на палянах ліловыя махнатыя "сны". На досвітку "капае" і "шчоўкае" ў цемры яловага лесу першабытны глушэц, і песня яго падобная на вясенні капеж.

І лета прыходзіць, і ўсё мацней птушыная песня, а ў каго яе няма, то крык. Уначы раздзірае цемру вухканне і рогат пугачоў, соваў і сычыкаў. Ляляк (казадой) страсна крычыць сваё "люблю", дудніць удод, свішчуць у вільготных шатах гівал (івалга) і лепшыя ў свеце па колькасці каленцаў салаўі. Так-так, лепшыя. Знаходзіцца недзе пярнаты спявак і стварае сваю "школу", і слава салаўя пераходзіць з мясцовасці ў мясцовасць, як слава лепшага ў краіне тэатра ці футбольнай каманды. Сёння армейцы, заўтра "Дынама", паслязаўтра яшчэ нехта. Дык вось, яшчэ ў ХІХ ст. славутыя "курскія салаўі" саступілі месца ўральскім, тыя яшчэ камусьці, а цяпер усе арнітолагі свету лічаць (аб гэтым нядаўна пісаў "Огонёк"), што пакуль лепшыя па спевах салаўі — на Беларусі, а лепшыя сярод іх — белавежскія.

Лунаюць над паплавамі і балотамі ястрабы, канюкі, змеяжэры і асаеды, чырвоныя каршукі і беркуты. Лётаюць вясёлкавыя фазаны, скачуць на балотах у малочным тумане, у туманным ранішнім сонцы жоравы. І зязюля лічыць бясконцыя гады ўсім, хто прыйшоў сюды з дабром.

На зары брохаюць падобныя на кракадзiлаў шчупакi. А над iмi белы дыван лiлей-гарлачыкаў, а вышэй — пахучы аер, якім усцілаюць падлогу на

сёмуху, а над ім лугавіны з кветкавым разнатраўем, і кіпарысы ядлоўцу, і сонечны падлесак, а яшчэ вышэй павуцінныя ельнікі, бары, падобныя на гатычныя храмы, і высакародныя лясы пяцісотгадовых дубоў і грабаў.

Сяджу ў квартале трохсотгадовых грабаў. Калоны ствалоў — пад неба. На некаторых дрэўныя "губы" [8] ў метр радыусам. Няма ў беларускiх лясоў аднатоннай суровасцi паўночнага бору цi тайгi.

Дзікаватасць — ёсць. Змрочнасць — ёсць. Але і разнастайнасць ёсць. Куды ні кінеш позірк — перад табою зусім іншы пейзаж, які кожны раз выклікае захапленне.

Упаў першы жоўты лісток: папярэдзіў, што няхай зараз сярэдзіна лета, але бывае ж і восень, калі пушча будзе палаць рыжым, чыровным, пурпурным, залатым агнём, калі ліпкія ягады амёлы стануць падобныя на празрыстыя жамчужыны, калі паветра над пушчай стане стагнаць ад клічу жораваў, лебедзяў і дзікіх гусей.

8

Драўнінныя грыбы.

Падымаю вочы. Алень. Усё ж я яго падсцярог. Наваліўся грудзьмі на ствол тонкага і высокага дрэва. Ідзе і гне яго, прапускаючы між нагамі. Дабраўся да лістоты і закусвае, водзіць цёплымі мяккімі губамі. Даеў, выпусціў дрэва і пайшоў прагалінай, нібы паплыў у паветры. Сотні год парахавыя маланкі прыпынялі ў зеніце яго апошні скачок… Але вышэйшай мужнасцю жывога ён упарта цягнуў праз вякі сваё жыццё і сваю прыгажосць. І толькі гэтай прыгажосцю і гэтай ласкавай упартасцю ўратаваў ён на зямлі свой рахманы, свой трывалы, свой вечны народ. Будзем спадзявацца, што, калі мы будзем сапраўднымі людзьмі, ён, з нашай дапамогаю, уратуе яго на векі вякоў.

Ён ідзе да мяне і да друга, як сцішаны вецер, галаву падстаўляе, спадзяецца, што сэрца кране: "Вы мяне не зачэпіце? Вы мяне зберажэце? Пашкадуйце мяне! Калі ласка… Пашкадуйце мяне…"

Даруй мне, алень, і вы, мае чытачы і сябры, за аўтацытату. Мы ўсё ж пастараемся зберагчы цябе. Мы зберажом. І зубраў, і чалавечнасць, і старыя вежы, і ўсплескі бабра, і дзіва сонечных палян, і вуркатанне дзікага голуба, і святую гучную цішыню Пушчы.

Тады будзе мір усім. Усяму жывому. Не будзе каменя ў запазусе і прыхаваных стрэльбаў. Настане такі час. І вось тады ўся зямля, паўсюль, дзе ёсць нечапаныя стэпы, горы, першабытныя лясы, уся зямля стане падобная да цябе, Пушча, бо паўсюль будуць берагчы зямлю, як берагуць яе зараз тут. І прырода адплоціць дабром: неўміручымі дубамі, стронгавымі рэкамі, якія так ласкава мыюць пыльныя ногі, сонцам і крыштальным небам, якое не захмарваюць дым і пыл.

І не будуць хавацца ад чалавека бабер і алень.

А пакуль я рад, што на хвіліну завёў вас у Пушчу, у гэтыя сонечныя нетры, у гэты самы лепшы куток старажытнай нашай краіны. Каб вы хаця б на хвіліну засталіся там сам-насам з аленямі і зубрамі, з аксамітнымі грабамі і вузлаватымі дубамі, з сумленнем, з чалавечнасцю, з усёй гэтай добрай і адвечнай беларускай зямлёй.

Людзi зямлi беларускай

Ці думалі вы самі пра беларусаў не як пра сваіх бацькоў, братоў і сёстраў, сяброў або аднавяскоўцаў, а як увогуле пра людзей з асобным характарам, як пра народ з аднолькавай мовай, мінулым, сучасным і будучым?

Поделиться с друзьями: