Зямля пад белымі крыламі
Шрифт:
Некалькі стагоддзяў назад пушча цягнулася з захаду на ўсход на сто з лішнім кіламетраў, аж да самага Кобрына, а з поўначы на поўдзень — кіламетраў на сто трыццаць — сто пяцьдзесят. Цяпер адлегласць між паўдзённай і паўночнай межамі — 65 км, між заходняй і ўсходняй — да трыццаці. Даўжыня межаў 500 км, плошча — 79 171 га.
Здаўна ў веснюю повень, калi Брэсцкае i Прыпяцкае Палессе, старадаўняе "мора Герадота", ператваралася ў сапраўднае мора, у якiм па шыю стаялi лясы, — усё звяр'ё ратавалася на Мазырскай градзе i на Загароддзi, але пераважна на больш узвышанай, Прыбугскай раўнiне, на якой ляжала пушча. У сонечных грабавых i бярозавых лясах звiнелi птушкi, над рэкамi было аж цёмна ад качыных чарод, у змрочных ельнiках блукалi мядзведзi,
Пазней, у XIII ст., князь Уладзiмiр загадаў вопытнаму мужу, дойлiду Алексе, замкнуць ятвягам выхад з пушчы, пабудаваўшы на ўзгорках ля ракi Лясная "стоўп каменны", вежу ў трыццаць метраў вышынi. Колеру тэракоты, са слядамi позняй пабелкi (нейкi невук пастараўся), яна i дагэтуль ганарлiва высiцца над маленькiм мястэчкам Камянец. Некаторыя няправiльна гавораць, што яна i ёсць Белая Вежа, хаця нiхто яе даўней так не называў, дый колер яе зусiм iншы.
Беларусы даўно асiмiлявалi ятвягаў, а Пушча ўсe была месцам паляўнiчай забавы, спачатку для мясцовых князёў, а пасля для польскіх каралёў. Але не толькі для гэтага. Кожнай вайне яна плаціла даніну, кормячы беларуска-літоўскае войска. Князь Вітаўт, ідучы пад Грунвальд, учыніў тут вялiзнае паляванне. Былі забіты тысячы дзікоў, зуброў i аленяў, каб забяспечыць войска мясам на ўвесь час вайны.
Калі гэта было збольшага патрэбнай мерай, то каралеўскiя i царскiя паляваннi ў пушчы былi вандалiзмам. Паляванне Аўгуста ІІІ у 1752 годзе, калi звяроў выганялi праз калiдор з жэрдак на вытанчанага забойцу i ягоную свiту, перапалавiнiла звярынае насельнiцтва Пушчы. На схіле ХІХ ст. рускі цар Аляксандр (таксама трэці), кат свайго і іншых народаў, арганізаваў тут такую ж самую планамерную і абыякавую бойню. Сотні аленяў, ласёў, дзікоў. Дзясяткі фатаграфій ганарлівых поз сярод трупаў, і за чаркай "паляўнічай гарэлкі", і на ўрачыстым банкеце, і сярод "удзячных" сялян. Раскошна выдадзеная ў памяць аб гэтым подзвігу кніга з малюнкамі лепшых расійскіх ілюстратараў таго часу — шэдэўр паліграфічнага майстэрства.
Пушча аглухла ад стрэлаў. Хрыпелi праз кроў дзiкi, бiлiся ў сутаргах аленi i рахманыя данiэлi, цяжка валiлiся на зямлю i моўчкi памiралi зубры (зубр заўсёды памiрае моўчкi, не прынiжае сябе нават у смяротны час, трымаецца гонару). I так вось Пушча змоўкла i сцiшылася перад тым, як зрабiцца нямой Пушчай.
Дапамагалі не толькі "ўладары народаў", але і купцы, якія дзе яўна, а дзе і таемна скуплялі шкуры. Собаля (праўда, гэта было раней, у XVI–XVII стагоддзях) прадавалі ў Мінску і Навагрудку звязкамі па 40 штук, а гарнастая — звязкамі па 100–250 штук. Тысячы такіх звязак ішлі ў глыб краіны і за мяжу. Напрыклад, у мінулым стагоддзі на Беларусі за адну аблаву нярэдка забівалі да 4 мядзведзяў. Ужо ў XX ст. бабровыя калоніі можна было лёгка пералічыць і ўсё ж іх бязлітасна знішчалі.
Немцы ў першую акупацыю знішчылі чвэрць апошняга "Uhrwald'y" ў Еўропе.
За польскім часам англійская фірма (тая, ад якой засталіся насыпы вузкакалеек) ледзь не даканала астатняе. Бедны лес!
Усе гэта свінства, увесь гэты беспардонны разбой бачыла Камянецкая вежа. З яе адбіваліся атакі ятвягаў і крыжаносцаў, на ёй былі царскія ўрадавыя пасты ў часе паўстання Касцюшкі і Каліноўскага. Пушча заўсёды хавала сваіх сыноў (між іншым, і партызан у Айчынную вайну), сыноў свабоды. І вось вежа глядзела, як гэты аплот свабоды высякаюць.
У 1921 годзе нехта Барталамей Жпакоўскі забіў апошняга зубра, у 1923 г. на Парыжскім міжнародным кангрэсе аховы прыроды выявілі, што на зямлі засталося 52 зубры, прададзеныя ў свой час з Белавежы ў заапаркі і паркі заходніх арыстакратаў і магнатаў прамысловасці. Некаторых з іх купілі і
ў 1929 г. зноў завезлі на радзіму, адкуль калісьці прадалі, у Пушчу.Зараз на беларускай палове запаведніка (частка Пушчы ляжыць на тэрыторыі ПНР) налічваецца семдзесят (па звестках 1970 г.) зуброў, ды шмат яшчэ перавезлі ў некаторыя другія запаведнікі краіны і за мяжу. Каб разводзіліся. Каб не рызыкаваць "адзіным месцам абітання" каштоўнай жывёлы.
Белавежскія зубры, якія нарадзіліся ў Польшчы, носяць імёны, якія пачынаюцца на літару "п". Тыя, што нарадзіліся на Беларусі, маюць імёны, першая літара якіх — "б" (напрыклад, Борус).
…Зубр дужа цікавы звер. Засведчаны, напрыклад, такі факт з пачатку ХІХ ст. Нейкі шляхціц вяртаўся дужа п'яны з гулянкі пушчанскай дарогай і, вядома, заснуў у санках, зашыўшыся ў сена. Зубр падышоў, асцярожна паддзеў чалавека рагамі і выкаціў у снег. У таго адразу ж і хмель прапаў. Коні не збаяліся зубра. Як ступалі дагэтуль, так ступалі і далей. Зубр ішоў за санкамі і еў сена. А шляхціц валокся за ім па снезе і гарлаў:
— Жываціна ты подлая! Карова ты халерная! Аддай, кажу! Апсік (як на ката)! Каб цябе самога так выкаціла, як ты мяне выкаціў…
Зубр, не звяртаючы ўвагі, "уклаў" (з'еў) усё сена і пайшоў у лес.
Раскажу яшчэ некалікі выпадкаў, сведкам якіх быў я сам.
У пушчы зуброў трымаюць па-рознаму. Ля галоўнага будынка (там гасцініца, рэстаран, музей) ёсць нешта накшталт заапарка: вялікія вальеры, у якіх звяры жывуць у максімальна прыбліжаных да натуральнага свайго жыцця ўмовах (калі яны вытапчуць траву, агароджа пераносіцца на новае месца, пакуль старое не зарасце). Тут некалькі зуброў, дзікі, алені, лані і іншыя жывёлы пушчы. Гэта каб людзі маглі паглядзець жывёл, не ад'язджаючы далёка, не забіраючыся ў глыб пушчы. Каб не калясілі, не палохалі звяроў, каб сэрца пушчы засталося нечапаным.
Другі спосаб утрымання зуброў — на вялізных агароджаных участках лесу. Так, у прыватнасці, трымаюць матак з маленькімі лабастымі цяляткамі, якія так непаразумела глядзяць на цябе, калі ты падыходзіш.
І, урэшце, значная частка зуброў жыве проста на волі. Едзеш і раптам бачыш сярод зялёнай-зялёнай паляны бурую вялізную тушу. Метры тры даўжынёю, высачэнную, вагою да тоны. Магутны, цяжкі, як гара, горб. Рагастая, лабастая і барадатая галава апушчана.
…У адзін з першых прыездаў у Пушчу я і мае сябры — мясцовы настаўнік і пісьменнік з Брэста — дужа хацелі ўбачыць зубра на волі. "Дзе мы яго знойдзем? Ходзіць недзе, — сказалі нам. — Куды захацеў — туды і пайшоў. Шукайце. Пашанцуе, то ўбачыце. А лепей ідзіце туды. Там тарпаны!"
Рабіць няма чаго, пайшлі ў нетры глядзець тарпанаў. Маленькія мышастыя конікі з раменьчыкам на хрыбціне. Ідзём уздоўж агароджы вялізнага загона. На дарозе — елка-выварацень. Агромністая. Карані з зямлёю стаяць блінам вышынёю паверхі на два. Падыходзяць тарпаны. Нас дзеліць вузкая агароджа. Ідзём да іх, мінаем елку, галосна клічам, смяёмся. І тут я, азірнуўшыся, аж пахаладзеў. За спіною (з-за елкі не бачылі), метрах у чатырох, мілая сямейка: баця, здаравенны, мама, крыху меншая, і цялятка. Што рабіць? Каб адзін зубр, то хаця вакол дрэва можна было бегаць. А так двох, з двух бакоў дастануць. Скакаць да тарпанаў? Невядома, як яны да гэтага паставяцца. Дый што зубру такая лядаштая загародка?.. На шчасце, звяры не звярнулі на нас увагі. Тады я асмялеў, выйшаў з-за елкі, і сябар сфатаграфаваў мяне і іх. Тыя толькі пакасіліся, аддаляючыся ў гушчу.
Пазней, калі мне давялося памногу бываць там, я заўсёды браў з сабою некалькі газет. Ідзеш, а ён стаіць на паляне, на самой дарозе, і ў вус не дзьме. Адчувае сябе гаспадаром. Адчувае, што галоўны тут ён, а не ты. Запаліш газету і ідзеш, махаеш. Тады ен неахвотна — "ат, не варта звязвацца з рознаю дробяззю" — адыходзіць, дае дарогу…
Да аўтамашыны зубр ставіцца памяркоўна, але матацыклаў цярпець не можа, яны яго нервуюць. Некалькі разоў зубр так гнаўся за матацыклістамі, што няшчасным ледзь удавалася ўцячы.