Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Зямля пад белымі крыламі

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

— Бэ-бэ-бэ-бэ.

І выйшаў. Трывога паднялася праз палову гадзіны, калі скончыўся абед. Як бачыце, гумар не пакідае беларуса нават у самых страшных абставінах. І правільна. Іначай жа — бывалі часы — хоць вешайся ад такога жыцця.

Беларус — вялікі аматар пажартаваць над суседам, але яшчэ больш над самім сабой. Ён назіральны і таму падмячае тыповыя рысы характару людзей. Гэта ў беларускім асяроддзі (сведчанне этнографа Красава) нарадзіўся славуты анекдот пра размову трох украінцаў. Адзін расказваў пра гарадскі мост, зроблены "без ідного цв'яшка". Другі страшэнна здзіўляўся. "Без iдного?", "Без iдного", "І воли iздять?", "І воли", "І машини?", "І машини", "І начальство дозволяе?" "І начальство". Трэці, які маўчаў,

паківаў галавою і сказаў задуменна: "Отак і людина, живе-живе, тай вмре".

Напрыклад, iшоў селянiн лесам i ўбачыў, што маланкi нешта б'юць з неба толькi ў адзiн корч. Падышоў, прыгледзеўся, аж гэта бог ваюе з чортам i нiчога яму не можа зрабiць. Пальне, а той высунецца, i ў неба — дулю. Мужык вырашыў памагчы. Зарадзiў стрэльбу срэбнай, на нячысцiка, куляй i забiў чорта на месцы. Тут з неба голас: "Бэндзеш свенты". Бедалага аж за галаву схапiўся: "Бож-жа ж мой, i там палякi!"

…Гэтая рыса здавалася б маласімпатычнай, каб не тое, што над сваімі недахопамі, увогуле над сабой, беларус жартуе куды больш з'едліва і злосна.

Вось начальнiк скручвае свякроўцы, што прыйшла скардзiцца на нявестку, з адаго кулака аж дзве хвiгi: "Няхай пасмее па маiх хвiгах ударыць. Але помнi сабе, што калi па гэтых хвiгах ударыць, то падавай у суд, а як раскруцiш пальцы ды сама зложыш, то няхай сабе iзноў таўчэ табе пальцы, — я баранiць не буду". I вось баба гэтымi "важнымi хвiгамi" тэрарызуе хату i вёску.

Вось чалавек прыйшоў у Вільню, ідзе па мосце і бачыць, што два падлеткі дзеляць на ім чубы.

— Што вам за ліха? Чаго вам не хапае?

— Б'ёмся, праўда, але за цябе. Гэты гіцаль кажа, што ў цябе шэсць пальцаў на назе, а я кажу, што пяць.

— Пакіньце, дзетачкі, бо ў мяне папраўдзе пяць.

— Не, мы так табе, дзядзька, веры не дамо: скінь боты і пакажы.

— Добра, хлопчыкі, супакойцеся.

Пералічылі — пяць.

— Ага, а чаму ж ты, дзядзька, паказаў нам толькі правую нагу? А на левай дык, пэўна, — шэсць пальцаў.

А, хай ім. Разуў і левую. Ну і ясна, не было ўжо каму тых пальцаў лічыць, але й на пальцы не было чаго нацягнуць. Мараль: "Хітры наш брат, як чорт, але і дурны, як варона".

…Па агульным назіранні беларусам прыродна ўласцівая павага да іншых народаў і памяркоўнасць да таго, хто думае іначай. Бываюць, вядома, сумныя выключэнні, але гэта сапраўды толькі выключэнні.

…Сям'я. І тут не буду гаварыць сам, а звярнуся да той жа "Расіі"(стар. 193):

"…отношения мужа и жены в белорусской семье представляют мало примеров… грубого обращения. В случае взаимных споров народны суд (гэта значыць вясковы суд, суд грамады. — У.К.) чаще становится на сторону жены и строже относится к мужу. Даже народные песни говорят только о страданиях жены, выносимых ею от мужа-пьяницы, но в них трудно найти мотивы, в которых воспевалось бы горе жены вследствие ее подчиненного положения".

І гэта так. У гэтым сэнсе змянілася хіба тое, што жанчына цяпер не залежыць толькі ад прыроднай дабрыні і нязлоснасці мужчыны-беларуса, што яна роўная, што на баку яе савецкі закон, што "ты не лайся, дзядзя, пры савецкай уладзе".

Сямейныя адносіны вельмі прыкрашае той самы нязлосны, дужа ўласцівы нашаму чалавеку гумар. Вось сямейнае жыццё ў прыказках. Хлопец доўга ходзіць халасты: "Тады Юзік ажэніцца, як лысы вол ацеліцца…" Але вось "Юзік" закахаўся. І хаця Янка Купала трапна сказаў:

На беларускую дзяўчыну, Калі тут праўду ёй аддаць, Ніхто йшчэ каменнем не кінуў І не наважыцца кідаць.

Але i тут сур'ёзнасць справы хаваюць за ўлюбёнай iронiяй: "Улюбiўся, як чорт у сухую грушу", "У каханкi смаляныя лаўкi"(г. зн. прыйшоў i сеў, як прылiп, i сядзiць ледзь не да ранiцы). Iранiзуюць i

з мацi: "Матка дачку хвалiла, пакуль з рук не звалiла", i з жанiха: "Жанiся, больш старцоў (жабракоў) будзе", або "Ды што з тваёй Ганкай, хiба дзятлоў разводзiць" (намёк, што нiбыта ў нявесты доўгi нос). Ну i, ясна ж, з нявесты: "Дзеля дроў замуж пайшла", "Дзеўкаю — поўная вулiца, а жонкай — поўная печ". Маладое пакаленне таксама не застаецца ў даўгу: "Горкая рэдзька, ды ядуць, кепска замужам, ды iдуць". Скажуць iм: "Ды ён жа ў цябе з лапаць", а iм адкажуць: "Няхай сабе гаспадар з лапаць, абы за iм не плакаць".

Пажаніліся. І тут рэдка гавораць аб гэтым пры чужых усур'ёз: "Ані лыжкі, а ні міскі, а павесіў тры калыскі ", "Што, браце, не жаніўся — цяры анучы, ажаніўся — цяры анучы" (бо ўсё адно брудныя). Часам нават у літаратуру ўдаюцца, Багдановіча цытуюць:

Як пачаў ён параю З мушкай жыць — Давялося беднаму Патужыць. Не ўмее мушачка Працаваць, Толькі ўмее з хлопцамі Жартаваць; Ані выткаць кросенкі, Ані шыць, Ані стравы хораша Наварыць. Паштурхаў камарычак Галаву: "Як я з гэткай жонкаю Пражыву? Дзе я вочы, брацiкi, Меў свае, Як сабе за жоначку Браў яе?"

Могуць выдумаць i зусiм недарэчнае. Вось чуты мною расказ аднаго веселуна пра дужа харошую, дружную, працавiтую сям'ю:

"Янка з Яўгінняю дужа добра жывуць. Дзеўкаю была, то выйдзе на вуліцу — за кулакамі свету не відаць, а цяпер зойдзеш у хату, то не відаць і ў хаце. Ну, я вам скажу, мужчынкі, і ў дзецях ім шчасце. Аднойчы вось так б'юцца, матка малодшага на дапамогу кліча, а старэйшы яго трымае, угаворвае: "Кінь, хай б'юцца. Мы з табой браты родныя, а яны — чэрці зводныя". Старэйшы дык увогуле малайчына. У яго адна песня: "Бацька няхай едзе араць: яго коні знаюць, а я пайду ў карчму: мяне там чакаюць". Адзін раз выцягнуў усё ж абодвух касіць. Ідуць. Канава, вадою налітая. Вось, Іван, Яначка наш разагнаўся і — цыб! — пераскочыў. Тады малодшы гаворыць: "Глянь ты, бацька наш яшчэ які! Стары — стары, а скача як сабака". Тут старэйшы абурыўся: "Ты што гэта? Ты як гэта на роднагу бацьку? Ну скочыў і скочыў. Ну скочыў, ну і чорт з ім".

"Мужчынкі", што слухаюць веселуна, рагочуць.

Тут жа сядзiць сам Яначка, любы Iван, i пахмыквае. З жонкаю лад. Старэйшаму пятнаццаць гадоў, малодшаму дзесяць. Чаму не паслухаць, як менцiць языком чалавек?

:Дзяцей увогуле найлепей, як найболей. "З дзеткамi гора толькi да зацiркi, а там — пайшло" (гэта значыць, пакуль сам не пачне есцi), "Адзiн сын — не сын, два сыны — паўсына, а толькi тры сыны — сын". Таму i люляюць дзяцей прыказкай: "А-а-а, малое, пакуль будзе другое, а-а-а, Несцерка, пакуль будзе шэсцерка". Таму i гавораць: "Адзiн рукаў — i той падзяру для сваiх дзяцей". "Дорага не так татава хата, як сам тата".

Біць дзяцей — апошняя справа. "Не біце вяроўкамі, навучайце гаворкамі, не біце дубцамі, навучайце слаўцамі". А ўжо як здарылася нешта з дарослым сынам, то існуе і такое "суцяшэнне": "Тады трэба было біць, як упоперак лаўкі мог легчы, а цяпер што ж зробіш, калі дарослую доўбню і ўздоўж не пакладзеш". І як апошняе: "Калі не слухаеш бацькоў, паслухаеш сабачае скуры" (сабачаю скураю за Мікалаем І, калі салдацкая служба цягнулася 25 год, абцягвалі барабаны, так што сэнс пагрозы цалкам зразумелы).

Поделиться с друзьями: