Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Зямля пад белымі крыламі

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Ці задумваліся, які ён, беларус? Ну, па-першае, жывуць у Беларусі рускія (іх найбольш у гарадах), літоўцы (іхнія вёскі ёсць у Астравецкім і Радунскім раёнах), яўрэі, латышы (сям-там на паўночным захадзе Віцебшчыны), украінцы (у некаторых вёсках на поўдзень ад Гомеля і невялікімі гнёздамі на Піншчыне і Століншчыне). Акрамя таго, добра ведаючы побыт, дыялектныя асаблівасці мовы, песню Палесся, я, асабіста, выдзеліў бы палешукоў у асобную этнічную групу. Занадта асобны, непадобны іхні фальклор, побыт, нават склад розуму. Ну, ладна, гэта справа вучоных, а не наша.

Ёсць на Беларусі татары. З тых, што калісьці ўзялі ў палон пры Батыі і пасля падчас набегаў пры Вітаўце і пасялілі асобнымі пасяленнямі на тэрыторыі краіны. Да нядаўняга часу яны адрозніваліся толькі рэлігіяй (цяпер гэтага няма) ды часам імёнамі і прозвішчамі, у якіх, бывала, толькі з цяжкасцю можна было ўлавіць намёк на іхняе

паходжанне. Скажам, Ян Мустафавіч Марушкевіч або Іван Багданавіч Асановіч (ад імя "Асан", "Гасан"). Нават іхні этнічны тып стаў падобны на беларускі. Нават свяшчэнныя іхнія кнігі "Аль-Кітабы" гучаць на старой беларускай мове, хаця і запісаны арабскімі літарамі.

Склад насельніцтва нашай рэспублікі досыць аднастайны. Беларусаў тут 81 працэнт. Ды, акрамя таго, у апошні перапіс беларускую мову назвалі ў якасці роднай 328 тыс. чалавек іншых нацыянальнасцей, а 606 тыс. чалавек назвалі беларускую мову ў якасці другой мовы, якой вольна валодаюць.

…Што гэта за чалавек беларус? Што гэта за народ? Уласна кажучы, адказаць на гэта пытанне дужа цяжка. Гэта задача амаль невырашальная. Як і паўсюль, ёсць сярод беларусаў мяшчане і падзвіжнікі, лайдакі і працаўнікі, "малюскі" і героі (нават у штодзённым змаганні за новае, за лепшае, за вынашаныя ідэі, што, уласна кажучы, і называецца жыццём), дурні і мудрацы. І кожны паступае адпаведна свайму характару, і мудрыя разважаюць мудра і па-свайму, а дурні — як паўсюль.

Так што не трэба абагульненняў.

Аднак, многа паездзіўшы па рэспубліцы, перазнаёміўшыся з тысячамі людзей, я насмелюся назваць некаторыя досыць тыповыя рысы, уласцівыя народнаму беларускаму характару. Гэта пераважна мой погляд (могуць быць і іншыя), хаця многія і многія людзі, і не толькі з беларусаў, падзяляюць яго.

Тыповага беларуса я досыць лёгка адрозню сярод іншых, хаця б ён яшчэ не сказаў ніводнага слова (калі скажа, тады ўжо, нават калі ён гаворыць на іншай мове і без акцэнта, яго лёгка пазнаць па асаблівай будове сказа, па тым, што, колькі паветра набрана ў лёгкія, столькі і аддадзена, шчодра, да апошняга, нават з лішнімі словамі, каб мелодыя сказа была завершана. Ён не скажа: "Чым гэта скончыцца?", а скажа: "Дык чым, мо ўжо вы мне скажаце, скончыцца гэта — а, мо скажаце вы?").

Гэта тое, што ў абліччы, амаль няўлоўнае. Пераказаць яго цяжка. Яно ў форме носа, вушэй, у вачніцах і разрэзе саміх вачэй, у манеры рухацца, жэстыкуляваць, гаварыць, дый ці мала яшчэ ў чым. Паўночны беларус ростам пераважна высокі (не рэдкасць бамбізы па два метра ростам). На поўдні часцей трапляюцца людзі сярэдняга росту, больш прыземістыя (паўтараю яшчэ раз, што гэта не агульны закон, а толькі найбольш распаўсюджаныя рысы), затое больш каржакаватыя. У апошні час назіраецца тэндэнцыя да павышэння сярэдняга росту, як і паўсюль.

Чарнявых сярод беларусаў няшмат. Найчасцей яны сустракаюцца ў Палессі, на поўдзень ад Прыпяці і чамусьці пераважна сярод мужчын, ды ці яшчэ ў некаторых мясцінах на Гродзеншчыне ("гродзенцы — гракі"), што частка вучоных тлумачыць рэшткамі прымесі старажытнай ятвяжскай крыві. Пераважаюць на Беларусі валасы светла-русыя ці нават бялявыя. Цёмна-русых і шатэнаў менш. Адпаведна і колер вачэй часцей за ўсё блакітны, шэры ці сіні.

Рысы аблічча мяккія, склад здаецца, на першы позірк, крыху далікатным, але гэтая далікатнасць падманвае. Праявы знешняй сілы, якая ўразіць на хвіліну дый звяне, замяняе тут вынослівасць, жылаватасць, цягавітасць. Там, дзе другі можа апусціць рукі, беларус будзе цягнуць. Іначай, у старыя часы, чалавек проста не выжыў бы сярод гэтых дрымучых лясоў і неабсяжных балот, на гэтай скупаватай зямлі. І гарт той застаўся ў яго характары на вякі. Нездарма яшчэ ў даўніну беларусы лічыліся незаменнымі на такіх цяжкіх работах, як земляныя (грабарства) і лесасплаўныя. Ды і пазней гэта праяўлялася. Напрыклад, у нясцерпна цяжкіх сітуацыях на вайне і ў партызаншчыне.

Хаця, вядома, сустракаюцца і такія "зубры", што падковы гнуць, сталёвыя пруты звіваюць на руках у другога. Адзін калісьці ў Рагачове, на спрэчку, пазносіў у адно месца дзесяць дванаццаціпудовых якараў з баржаў і пераблытаў іх лапамі так, што пасля куча людзей з гэтых лайбаў ледзь разблыталі, каб кожнаму забраць свой.

Гэта жылаватасць, фiзiчнае i духоўнае здароўе народа прывялi да таго, што па колькасцi жыхароў ва ўзросце больш за сто год на 100 тыс. насельнiцтва Беларусь пераўзыходзiць усе iншыя рэспублiкi СССР за выключэннем Абхазii i горных раёнаў Каўказа. На паўночны ўсход ад Нарачы, у раёне Дунiлавiч, Шаркоўшчыны, Глубокага, даўгалетнiх больш, чым у Абхазii, пад Ачамчырамi. Тут, праўда, няма адзiночных асоб, якiя дажываюць да 140–150 год, але працэнт стогадовых вышэй, чым там.

Таму

беларуса да рэвалюцыі заўсёды абражала думка аб ім, як аб "няшчасненькім". Складалася тая думка недзе ў трыццатых гадах ХІХ ст. І вось пайшло! Самым шчырым спачуваннем, з болем, з крывею сэрца вялікі Герцэн пісаў пра чалавека, які "адвык ад мовы", аб тым, што многія пакаленні прыгонных спарадзілі гэтага парыю з вузкім чэрапам; вялікі Някрасаў пісаў аб маўклівым прыдушаным працай чалавеку. Гэты погляд адбіўся і ў творчасці некаторых беларускіх паэтаў. І ўсё гэта, мякка кажучы, не адпавядала ісціне. Той, хто жыў з гэтымі людзьмі, хто глыбока ведаў ці вывучаў іхняе жыццё, быў іншай думкі. Вось словы публіцыста Грузінскага: "Ходячие представления о типе белорусского крестьянина рисует его неказистым… тщедушным и придавленным тяжелой жизнью в болотистом бедном краю. Мои личные впечатления были не таковы. Я увидел белоруса крепкого сложения, хоця и худощавым… Но главное, я не заметил и следа угнетенности, забитости. Манера держать себя и говорить, действительно, отличалась от великорусской своей медлительностью, сдержанностью, но в ней виделась скорее степенная важность, я бы сказал, задумчивость, не лишенная достоинства. Выразительные физиономии встречаются очень часто, а среди женщин и девушек много прямо красивых лиц" [9] .

9

Россия. Полное географическое описание нашего Отечества. СПб., 1905 г., т. ІХ, стар. 156–157.

Дый Дабралюбаў, гаворачы аб тым самым, казаў, што вось і італьянцаў нібы забілі, пазбавілі волі і так гаварылі да часоў Гарыбальдзі. Тое і жыхары Беларусі: "Так вот целый край взяли да забили. Посмотрим, что еще скажут сами белорусы."

Чаму ж склалася такая несправядлівая думка? Таму што тут да заведамай ідэі і мэты за вушы прыцягваліся факты. Ішла барацьба за душы людзей, і таму царскія служкі хацелі давесці, што вось, маўляў, да чаго давялі людзей польскія паны, а тыя з не меншым запалам даводзілі, што да жывёльнага стану давяла гэты народ царская палітыка і новая дзяржаўная сістэма. І кожны соваў свае казыры. А "даведзенаму да жывёльнага становішча народу" было напляваць і на тых і на другіх. Ён жыў, не збіраючыся ні выміраць, ні губляць мову.

А тут пусціліся ва ўсе цяжкія "рыдальцы над меншым братам". І як ні дзіўна, той жа думкі сталі прытрымлівацца людзі вялікага таленту і вялікай душы. Занадта добры і зручны агітацыйны "прыклад" быў перад вачыма. Усёй душой жадаючы зваліць самадзяржаўе, гвалт і несправядлівасць, яны ўзялі ў якасці зброі заведама няверны тэзіс. І на ім, як гэта ні сумна, сышліся непрыміручыя ворагі: святыя нарадавольцы — і афіцыйныя ідэёлагі, што жылі "применительно к подлости", чалавек, які адчуваў боль народную так, нібы з яго здзерлі скуру, вялікі Някрасаў — і прайдзісвет "чего изволите" Каткоў.

А між тым гэтаму люду было, як заўсёды, у вышэйшай ступені ўласціва інстынктыўнае адчуванне справядлівасці і несправядлівасці. Галоўнай яго рысай з'яўлялася свабодалюбства. Пра гэта сведчыць іранічная і злая легенда, якая склалася якраз у тыя 30-я гады ХІХ ст., калі гвалтоўны перагон у праваслаўе, хабары, зверства і жорсткасць сталі нясцерпныя. Вось яна.

"Бог дзялiў мiж народамi землi. Адным — тое, другiм — тое. Прыйшлi беларусы: Вельмi ж пану богу спадабалiся. Ён i пачаў нас надзяляць: "Рэкi вам даю поўныя, пушчы — нямераныя, азёры — нялiчаныя. Спёкi ў вас нiколi не будзе, але i холаду — пагатоў. Зажэрцiся на багатай зямлi не дам, каб былi ўвiшныя, кемлiвыя, але i голаду ў вас нiколi не будзе. Наадварот, у голад шмат багацейшыя людзi будуць да вас прыходзiць. Не ўродзiць бульба, то ўродзiць жыта цi яшчэ нешта. А яшчэ звяры i дзiчына ў пушчах чародамi, рыбы ў рэках — касякамi, пчолы ў борцях — мiльёнамi. А травы — як чай. Не будзе голаду. Жанчыны ў вас будуць прыгожыя, дзецi — дужыя, сады — багатыя, грыбоў i ягад — завалiся. Людзi вы будзеце таленавiтыя, на музыку, песнi, вершы — здатныя. На дойлiдства — таксама. I будзеце вы жыць ды жыць, ну як: " Тут яго Мiкола ў бок штурхае: "Пане божа, ды вы падумайце. Гэта ж вы iм рай аддаеце! Гэта ж вы: бо-жа мой! Ды яны пры iхняй языкатасцi туды з сапраўднага раю ўсiх перавабяць! Яны ж языком менцяць — дай бог нам з вамi!" Бог падумаў, крактануў, але назад адбiраць не будзеш. Сапраўды, ёсць ужо яна, зямля. Ланi бягуць — лес варушыцца. Рыба чаўны з вады выцiскае. Дрэвы да сонца. "Добра, — кажа, — зямля будзе — рай. А каб не занадта вы перад маiм раем ганарылiся — дам я вам найгоршае ва ўсiм свеце начальства. Яно вам такога раю трохi збавiць дый пыхi трохi-трохi вам саб'е. Гэта вам для раўнавагi."

Поделиться с друзьями: