Зямля пад белымі крыламі
Шрифт:
Акадэмія. Кінастудыя "Беларусьфільм". Выдавецтвы. Паліграфічная база адна з лепшых у Савецкім Саюзе (вы самі, мабыць, заўважылі, што наша Беларусь дужа любіць прыгожа выдадзеныя кніжкі, якія не толькі прачытаць прыемна, але і ў руках патрымаць хораша, як твор мастацтва: многія з беларускіх кніг штогод здабываюць прызы за афармленне на савецкіх і міжнародных кніжных выстаўках).
Мінск — горад зеляніны. Той, хто памятае яго адразу пасля вайны, можа сказаць вам, што ў тыя часы нельга было паверыць у зялёнае мора на яго вуліцах, на яго плошчах, у яго дварах.
А пасля пачалі прывозіць і высаджваць на яшчэ не зусім расчышчаных вуліцах саракагадовыя ліпы, насыпалі,
Як пракладалі дзіцячую чыгунку па ўскраіне парку Чалюскінцаў, як беглі ў цяні хвояў першыя зялёныя вагоны.
І якім дзівосным стаў наш Мінскі батанічны сад з яго разнастайнасцю дрэў, хмызоў, кветак, з лебедзямі на сажалках.
І, вядома, старажытны парк імя Горкага з атракцыёнамі, планетарыем і ўсім такім у самым цэнтры горада. Для дзяцей. І дзіцячыя тэатры, у тым ліку тэатр лялек.
Не буду нічога вам казаць, калі вы не мінчане, пра цэнтральную вуліцу, Ленінскі праспект даўжынёю ў восем кіламетраў, шырынёю ў пяцьдзесят метраў, пра цудоўныя яго будынкі — прыедзеце, убачыце самі.
Праедзьце па ім. Ад плошчы Леніна з Домам урада і помнікам заснавальніку нашай дзяржавы, праз Цэнтральную плошчу, дзе авее вас прахалодай са скверыка Янкі Купалы і дзе ўбаку вы ўбачыце тэатр яго імя, гмах ЦК і танк, помнік танкістам, што першыя ўварваліся ў Мінск у ліпені 1944 года. А пасля тралейбус прамчыць вас паўз Свіслач (глядзіце, вунь злева домік І з'езда), абкружыць ля абеліска Перамогі. І далей, далей. Ля бронзавага задуменнага Коласа між маладзенькіх бярозак, ля філармоніі. Міма Батанічнага саду і цёмна-хваёвага парку Чалюскінцаў, дзіцячай чыгункі, кінастудыі. Аж да шырокай шашы, якая бяжыць між лясоў і ўзгоркаў да самай Масквы.
Мінск у вайну змагаўся гераічна. Мінск гераічна ўставаў пасля вайны з попелу. Гораду-герою належыць быць прыўкрасным. І ён прыўкрасны. У кожны час дня і ночы, у кожную пару года. А будзе яшчэ лепшы. І на гэтым пакуль скончым пра Мінск.
Зараз мінскім дзецям ёсць дзе плаваць і з аквалангам, і на чаўне, і так. Чатыры вялікія вадасховішчы. Адно з іх, Заслаўскае, на 3400 га, зараз перада мною. Вецер, і па вадзе гуляюць белыя баранчыкі. Нахабна гарлаюць чайкі. Чаўны з рыбаловамі прыткнуліся да шматлікіх зялёных астравоў. І унь, ля самага вобрыю, белыя ветразі. Ідуць гонкі яхтаў.
Полацкiя фрэскi
…Пойдзем далей. Хай не крыўдуюць абласныя гарады, але раней за іх успомнім горад, які заслужыў гэтага паважным векам, хай сабе і ходзіць зараз у раённых цэнтрах. Гэта Полацк. У 1962 годзе ён святкаваў свае 1100-годдзе. Мне даводзілася бываць у ім шмат разоў, але паездка сюды ў сакавіку 1971 года запомнілася асабліва дзякуючы аднаму выпадку, які нібы афарбаваў для мяне — і назаўсёды — усе стагоддзі, што прайшлі над гэтымі мурамі.
Уздзьмуты, аж сiнi, лёд на Дзвiне. Маленькаю Палотаю плыве на гэты лёд празрыстая, яшчэ снегавая вада. Над злiццём дзвюх рэк, на замчышчы, белы, з дзвюма званiцамi, сiлуэт сабора. Полацкая Сафiя. Сястра Кiеўскай i Ноўгарадскай. XI стагоддзе. Моцна, што, праўда, перабудаваная ў часы унii. I вось, урэшце, зараз узялiся за святую справу рэстаўрацыi набытку продкаў. Выяўляюць гiсторыка-архiўны, графiчны матэрыял, удакладняюць межы старажытнай кладкi, даследуюць сутарэннi. Многае змянiлася, за стагоддзi нарасло зямлi, храм нiбы "асеў". У склепах ягоных была ў свой час адна з найлепшых нашых старажытных бiблiятэк. Яе спалiлi ў свой час езуiты. Дзiўна! Якiмi б метадамi
яны нi карысталiся, як бы мы тыя метады нi ненавiдзелi — манахi гэтага ордэна былi аднымi з самых адукаваных людзей сярэдневякоўя. Прафесiя абавязвала. Пазней, калi палаў iхнi Пiнскi калегiум, у агнi згарэлi дзесяткi тысяч кнiг. "Нiколi не наклiкай агонь на чужое — адгукнецца й на тваiм".…І вось сядзяць у прыдзеле сабора, дзе паліцца "буржуйка", два чалавекі ў ватоўках, ды я з прыяцелем. Адзін з тых, каго засталі, брыгадзір. Здорава "паднацягаўся" ў археалагічных і будаўнічых тэрмінах, аперыруе імі вольна і з шыкам. І расчышчаем мы старую плінфу, тонкую, сантыметры ў чатыры, цагліну памерам прыблізна 35 25 см. І на ёй раптам выступаюць невядомыя значкі, адзін у выглядзе нейкай жывёлы (сабакі?), рысачкі (можа, азначаюць колькасць соцень гэтай самай цэглы?) і выразны надпіс, нібы голас, што яўна і ясна даляцеў з далёкіх вякоў А????N Я — авфони. І нават ясна, што быў не дужа пісьменны, хацеў сваё імя пісаць праз "ферт" (Ф), а тут ці сам успомніў, ці яму сказалі, што імя грэчаскага паходжання і пісаць трэба яго цераз "фіту" (?). То ён і "ферта" не дапісаў. І даляцеў яго жывы голас да мяне, звычайнага чалавека, і я зразумеў яго на хвіліну, хаця дзевяць стагоддзяў прагрукатала па ягоных, даўно спарахнелых касцях.
А непадалёк спаруда ХІІ стагоддзя — славуты сабор Спас-Ефрасінні з прыгожымі старажытнымі фрэскамі.
Калі сонца праз невялікія вокны трапляе ўнутр сабора, гэтыя фрэскі загараюцца бляклай чырванню і ржавым золатам. Нібы праз залаціста-карычневую, празрыстую ваду лясных рэк глядзяць на вас нечалавеча вялікія задумлівыя вочы вашых продкаў.
А выйдзеш, пяройдзеш кладкамі цераз рэчку — вада, зялёныя шаты дрэў і сярод шатаў — ён. Дужа падобны на праслаўлены ва ўсім свеце Пакроў на Нерлі. І як той, улетку гожа адбіваецца ў вадзе сваімі бялюткімі мурамі.
І ўсё тут стаіць на старажытнасці. Упарадкоўваюць вуліцу Карла Маркса — пад асфальтам, зямлёй, бярвеннямі адкрываюць вянцы старажытнага зруба, шахматную фігурку з косці або складзень. На беразе Дзвіны — стары калегіум, у мурах якога калісьці жыў і працаваў Сімяон Полацкі, заснавальнік рускага вершаскладання.
Гэтыя словы так і заставаліся словамі, пакуль некалькі год назад не адкрылі многіх і многіх вершаў Полацкага, напісаных па-старабеларуску…
У Полацку, куды раней за Сімяона, пачынаў сваё жыццё і першадрукар усходніх славян Францішак Скарына; яму нядаўна пастаўлены тут цудоўны помнік.
Ясна, што сівая даўніна — галоўнае, на чым стаіць гэты горад. Але яе не кожны адразу заўважыць. Затое адразу кінуцца ў вочы навічку шырокія зялёныя вуліцы, новыя дамы, карпусы завода шкловалакна і іншых шматлікіх заводаў (камбінат будаўнічых матэрыялаў, аўтарамонтны, ліцейна-механічны, жалезабетонных і пластмасавых вырабаў), будынкі клубаў і кінатэатраў, дамоў фізкультуры і розных навуковых устаноў.
А калі праплысці 20 кіламетраў ніжэй па Дзвіне — трапіш у горад Наваполацк, які куды маладзейшы за свайго старога брата. Плошчы, высокія будынкі, паркі, бібліятэкі, кіно.
I, вядома, магутны Полацкi нафтаперапрацоўчы.
Уначы — гэта зыркае зарыва агнёў. Удзень — многія і многія дзесяткі спаруд, ад установак атмасферна-вакуумнай трубчаткі да цэха змешвання і апрацоўкі поліэтылену (гэта ўжо на хімічным камбінаце, які таксама знаходзіцца ў Наваполацку і вырабляе поліэтылен, нітрон і г.д.).
Нафтаперапрацоўчы дае краіне (гэта толькі асноўная прадукцыя, а ўвогуле тут 46 відаў вырабаў) дызельнае паліва, высокаактанавыя бензіны для аўтамашын, мазут, змазачныя маслы, бітум для дарог.