Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Зямля пад белымі крыламі

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

А вакол лясы з дамамі адпачынку і піянерскімі лагерамі. А побач бяжыць і бяжыць Дзвіна. Тая самая, што абмывае ўзвышша Сафіі.

Вiцебск — месца майстроў

…Пачнем з горада, які мала чым саступае ва ўзросце Полацку і цяпер абласны цэнтр. Віцебск. У 1974 годзе яму стукнула 1000 год.

Мне давялося пабываць на свяце тысячагоддзя. І рэдка мне яшчэ даводзілася бачыць падобную феерыю. Вянкі ля помнікаў, ідуць праз плошчу Леніна тысячы людзей, праязджаюць даўнія воіны і чырвонаармейцы грамадзянскай. Паўсюль танцы і песні, паўсюль карнавал з дзівоснымі жывёламі, з героямі народных казак. А ўвечары на Дзвіне — воднае свята ў мячах пражэктараў. Вось падплывае ладдзя пад ветразем і выходзіць на бераг заснавальніца, княгіня Вольга, вось

плывуць яшчэ караблі, плыве "Аўрора". А пасля на ўсё гэта, як тысячы рознакаляровых знічак, падаюць зоры ракет.

Свята мастацтва, свята агню, песні, выдумкі, таленту, свята майстроў, бо Віцебск — месца майстроў. Я ганаруся, што ў маёй "Кнізе працоўнага ўкладу" таксама занесена пару слоў аб працы на карысць горада і тысячагоддзя.

Горад майстроў, горад-гісторыя. Вечная крэпасць, вечны фарпост на шляху заваёўнікаў. Важны гандлёвы пункт на шляху "з вараг у грэкі". Вялікі культурны цэнтр. Нездарма ў ім знойдзена так многа старажытных берасцяных грамат і надпісных прасліцаў.

Жыхары Віцебска славіліся ўпартай мужнасцю і ваяўнічасцю. Удзельнічалі яны ў бітве на Няве, на Чудскім возеры, грамілі крыжаносцаў у Юр'еве, шмат разоў паўставалі супраць сваіх феадалаў. Вызначаліся яны і страсцю да мастацтва, жывапісу, рамёстваў. Яшчэ і зараз па глухіх мясцінах Віцебскай зямлі можна бачыць цудоўнай старой работы абразы і статуі. Менавіта тут зарадзілася сярод усходніх славян майстэрства рэльефнай, шматкаляровай кафлі (так званая "цанінная справа"). Беларускія даўнія майстры неслі яе і да суседзяў. Так, майстра Ігнат, сын Максімаў з Копысі разам з сябрам Сцяпанам, сынам Іванавым з Мсціслаўля прынеслі гэтую тонкую штуку нават у Маскву, дзе яны і пабудавалі, упрыгожыўшы цанінаю, такія шэдэўры, як нябесна-сіні Круціцкі церамок, некаторыя крамлёўскія палацы, будынкі ў Тройца-Сергіеўскай лаўры і сабор Нова-Ерусалімскага манастыра.

Віцебск і зараз — месца майстроў. У яго майстравітыя, спрытныя рукі. Гэтыя рукі робяць станкі (высокадакладныя зубаапрацоўчыя, што экспартуюцца ў 11 краін, бясцэнтрава-шліфавальныя высокай і асабліва высокай дакладнасці; заточныя станкі з паўатаматычным цыклам работы), радыёдэталі, электравымяральныя прылады.

На першым месцы стаіць у Віцебску лёгкая прамысловасць, гэта ясна. Але хіба не абувае людзей Віцебская абутковая фабрыка або панчошна-трыкатажная фабрыка "КІМ", хіба не апранае іх швейная фабрыка "Сцяг індустрыялізацыі"? Хіба не пераліваюцца ўсімі колерамі вясёлкі ў кватэрах і хатах дываны Віцебскага дывановага камбіната?

І ўжо калі яны адзначаюцца дыпломам у Дамаску, адным з самых старажытных цэнтраў дывановага ткацтва, то гэта штосьці ды значыць.

Шмат разоў спалены, ушчэнт зруйнаваны ў апошнюю вайну. Больш чым 90 працэнтаў тэрыторыi былога горада — кучы бiтай цэглы, бетону i скручанай арматуры, попел i хаос. Больш за 100 тысяч жыхароў забiта, астатнiя выселены. I на гэтым страшным выгары сустракаюць наша войска: сто васемнаццаць жыхароў. Здавалася, канец. Нiколi не разабраць гэтага пекла i лепей будавацца на новым месцы.

Але зірніце на яго зараз. Устаў з попелу, як уся Беларусь.

Вiцебск — гэта цяпер цалкам новы горад. Старых будынкаў засталося мала: некалькi палацаў, ратуша XVII ст. (цяпер у ёй добры гiсторыка-краязнаўчы i мастацкi музей з багатай калекцыяй беларускага, рускага, заходняга i мясцовага, вiцебскага жывапiсу). Вiцебск — горад старых мастацкiх традыцый. Працавалi тут, у прыватнасцi, Ю. Пэн, М. Дабужынскi, славуты К. Малевiч, не менш славуты цяпер М. Шагал i некалькi год

І.Я. Рэпін, маёнтак якога, Здраўднева, быў непадалёку ад Віцебска.

Горад магілы льва

Пойдзем па старажытных волаках продкаў і перабяромся з Дзвінскай, Балтыйскай сістэмы ў сістэму рэк Чарнаморскага басейна. Паплывём уніз па Дняпры і прыбудзем у Магілёў. Горад, таксама вельмі сучасны, размешчаны на правым, высокім, ярамі пасечаным беразе ракі пры ўпадзенні ў яе Дубровенкі. Гэтыя мясціны, былыя ўрочышчы, забудаваныя новымі гмахамі, носяць назвы "Машакоўка", "Дзебры". Тут і сапраўды калісь былі нетры, дзебры на мясцовым дыялекце. Легенда (выдатна апрацаваная Янкам Купалам) кажа, што жыў у гэтых нетрах вялікі разбойнік Машэка. Стаў ён гразой наваколля пасля таго, як, жадаючы зарабіць на вяселле, пагнаў на Украіну плыты, а тым часам князь сілай узяў у замак яго нявесту. Уварвацца ў замак нават такі асілак не мог. Машэка зрабіў сабе ў пушчы, пад каранямі, логава, адзеўся ў воўчыя шкуры, якія так і прысохлі на ім, і хутка ўсе перад ім трапяталі.

Аднойчы яму ўдалося перастрэць вазок князя, разагнаць варту, у адзінаборстве забіць уладара, а жанчыну, што ехала з ім, прынесці да сябе. Тая, аднак, за гэты час прывыкла да раскошы і золата, збэсцілася і, калі Машэка заснуў, забіла яго нажом. Над ім насыпалі гару.

Яго высокую магiлу — Дзе лес ды вецер панаваў — Знаць, што вялікую меў сілу, "Магілай Льва" народ назваў. Над ёю з часам дрэвы палі І горад вырас, як з зямлі, Яго Магiлевам назвалi, Бо йнакш прыдумаць не маглі. Пры самым месцы, дзе хаваці Людцы нябожчыкаў нясуць, Гару з магiлкамi вiдацi — Яе Машэкавай завуць.

Магілёў узнік на месцы старога замка ў 1267 годзе. Гісторыя яго бурная і крывавая. Напады войск, змова з казацкімі атаманамі (1590 г. — з Мацюшкам Гультаём, у 1595 г. — з Севярынам Налівайкам). Чатыры гады бунтаваў горад на пачатку XVI ст., і пасля чатыром кіраўнікам адсеклі галовы, а набатным званам выдзерлі языкі.

На Магілёўскім падоле стаіць Мікольская царква, бліскучы ўзор беларускага барока. З ёю звязаны яшчэ адзін эпізод гісторыі. Пры ёй, у "Цярэшка, каторы проскуры заведал", жыў некаторы час у бязведамнасці сціплы школьны настаўнік Дзмітр Нагі. Тут зарадзілася яго "ідэя", тут ён пачаў яе выконваць і, магчыма, атрымоўваць інструктаж ад пэўных колаў і грамадзіць паплечнікаў. Каб пасля ўзляцець на адну з вяршынь зямной магутнасці пад імем цара Дзмітрыя, а пасля бясслаўна ўпасці з яе Лжэдзмітрыем II. Былі тут і шведы і іншая навалач — але пра гэта доўга, дый цяжка расказваць. У Вялікую Айчынную вайну горад дужа доўга (25 дзён, з 1-га па 26 ліпеня 1941 г.) трымаўся, быў моцна разбураны, і помнікаў старажытнасці ў ім мала.

Магілёў заўсёды славіўся сваімі майстрамі. Збраяры, ювеліры, ганчары, цаніннікі, ткачы.

Найбольш славяцца магiлёўскiя прадпрыемства хiмiчнай прамысловасцi. Гэта завод штучнага валакна (вясёлкавы шоўк, штапель, цэлафан i iнш., усяго 14 вiдаў прадукцыi), камбiнат сiнтэтычнага валакна (штапельнае валакно камвольнага, шарсцянога, льнянога i баваўнянага тыпу i г.д.), хiмiчны камбiнат "Зара", завод лiфтаў, завод "Строммашына" (выпускае тэхнiчнае абсталяванне для вытворчасцi шыферу i мяккiх дахавых матэрыялаў, цэглы, машыны для асбеставай прамысловасцi i iнш.), завод электрарухавiкоў, аўтамабiльны завод, што выпускае цягачы, самаходныя скрэперы, самазвальныя аўтапаязды для работ пад зямлёй i аўтасамазвалы павышанай праходнасцi для мясцiн, дзе дарогi кепскiя або iх зусiм няма.

Магілёў заўсёды славіўся і культурай. З XVI ст. тут вёўся летапіс, існавалі школы. І зараз тут выхоўваюць інжынераў, настаўнікаў, тэхнікаў. Тут адзін з найлепшых беларускіх музеяў, шкада, што ў гады вайны менавіта адсюль знік славуты на ўсё славянства ювелірны выраб "Крыж Лазара Богшы" (зроблены быў у Полацку загадам вялікай беларускай асветніцы Ефрасінні Полацкай), музей народнай творчасці, шмат бібліятэк, шмат паркаў. І рака, і паплавы з ляснымі тэрасамі. Прыдняпроўе, яблычная мая радзіма.

Горад зелянiны i вады

…Нiжэй у Дняпро ўпадае паўнаводны, з зялёнымi дубамi на берагах i чорнымi, моранымi, на дне — Сож. А на Сажы стаiць Гомель, якi лiтаральна патанае ў вiльготных, цянiстых парках, другi па велiчынi беларускi горад. Горад стары (1142 г.) i дужа малады, вельмi гожы.

Бульвары, манументальныя будынкі. І вось, калі звернеш налева ад Савецкай плошчы з яе гмахам тэатра, нібы ўваходзіш за пяць крокаў у іншы клімат. Амаль двухсотгадовы (1780 г.) парк. Сто розных парод дрэў, у тым ліку пірамідальныя дубы, гінкго, коркавае дрэва і г.д. Гроты, аранжарэі, вісячыя масты над ярамі, ператворанымі ў лебядзіныя сажалкі. Петрапаўлаўскі сабор пачатку XIX ст., гэткі Ісакій у мініяцюры (цяпер тут планетарый), магільня графаў Паскевічаў, труба яго былога завода, пабудаваная як мінарэт, з якой адкрываецца галавакружны пейзаж. І, нарэшце, класіцыстычны палац XVIII ст. Румянцаў пабудаваў яго пасля падзелу Рэчы Паспалітай, калі Екацярына II падарыла яму значную частку Гомельшчыны… 70 залаў, аздобленых карарскім мармурам, золатам, каштоўнымі пародамі дрэў, агатам. Тут цяпер Палац піянераў з багатай бібліятэкай, майстэрнямі і гурткамі.

Поделиться с друзьями: