Зямля пад белымі крыламі
Шрифт:
Ці пра малыя Варняны Астравецкага раёна — адзін з першых узораў вясковай забудовы па плану. Будавалі ў XVIII ст. Дужа тут прыгожа. Асабліва чырвоная вежа на востраве, увянчаная буслінымі гнездамі.
Або маленькі Мір, такі маленькі, што замак XVI ст., крывава-белы, з вежамі, як скалы, здаецца большы за яго, асабліва калі падвойваецца ў вадзе става. Адзін з самых гожых замкаў, якія мне даводзілася бачыць. Мір, дзе калісь адбываліся выбары цыганскага караля, які і жыў тут. Пасля "каралі" абралі "рэзідэнцыю" на паўночным захадзе Беларусі. Цяпер кароль усіх цыганоў жыве, здаецца, у Венгрыі (да вайны, прынамсі, жыў), але вярхоўны цыганскі суддзя (для вырашэння спрэчак між цыганамі) і дагэтуль стала жыве ў Беларусі. У чэрвені 1969 года мне давялося бачыць тое, што, мабыць, не бачыў ніхто
То вось там бачыў я "гадавую" па вярхоўным цыганскім суддзі. Прыехаў ён сюды разбіраць нейкую справу, кінуўся ратаваць тонучую беларускую дзяўчыну-падлетка і ўтапіўся сам. Сабраліся з усіх канцоў Беларусі: і вучоныя, і майстры з заводаў, і вандроўныя цыганы. Трызну загадзя падрыхтавалі на могілках, у баку ад магіл, ад той, з надпісам: "Базылевіч Гарасім Ігнатавіч 1928–1968" (у нашых цыганоў беларускія прозвішчы). Купілі шмат бараноў, трох свіней, дзвесце штук курэй ну і іншае да таго.
І вось ішлі. Цэлая гурма. Намісты, хвалі сукенак. Усё яркае, як крыху прыглушаны попелам жар. Мора медзі, мора чырвані і сіні. А над усім гэтым — мора сонца, так што аж не верылася ў канец жыцця. Вялі гладкага, як змяя, гнядога каня.
— З канём сфатагарафуй. Яго конь. Калі ласка, з канём.
І як праводзілі суддзю пад шатром. Бо ў якой бы хаце ці нават кватэры цыган ні жыў, а праводзяць яго ў краіну Цыганію пад шатром.
І на гэтым я скончу, не паспеўшы расказаць і тысячнай часткі таго дзіўнага, што бачылі мае вочы на беларускіх дарогах і ў беларускіх гарадах.
III. Праз дым стагоддзяў
Назад да Кiеўскай Русi
Старажытныя грэкі лічылі, што спачатку быў залаты век — і ўсё было добра, нават бяссмерце існавала, пасля наступіў срэбны — трохі горшы, пасля медны — яшчэ горай, а пасля надыдзе жалезны — і вось ужо тады зусім дрэнь справа.
На Беларусі чамусьці было не так: палеаліт (старажытнакаменны век), неаліт (новы каменны), бронзавы век і ўрэшце век жалезны. Ды, здаецца, так яно было і на ўсім свеце, калі не верыць, вядома, у Атлантыду.
І самы горшы з іх быў самы першы.
На Беларусі паўсюль — сляды гэтых вякоў.
Калісьці ў дзяцінстве я зрабіў злачын — вінаваты, але, па маладосці, заслугоўваю спагады — з такімі ж шыбайгаловамі раскапаў па Дняпры курган. Шкілет быў чырвонага колеру, ляжаў скурчаны на баку. Пры каленях стаяў гаршчок і ляжаў пярсцёнак з нейкіх металічных зёрнаў. Чэрап быў на чатыры маіх галавы, а сківіца налазіла далёка на вушы. Пасля, каму я ні расказваў, усе казалі, што гэта археалагічнае адкрыццё. Пахавальнае месца кагосьці, хто раней на тэрыторыі тутэйшай заўважаны не быў. Адкрыццё тое загінула з-за мяне, дурня. Менавіта таму і не трэба нікому, акрамя вучоных, капаць курганы. Я дагэтуль невук у археалогіі і таму раскажу пра археалогію толькі ў самых агульных рысах, ды раскажу сёе-тое, што мне ўдалося бачыць на ўласныя вочы. А гэта нямала. Бо куды б тут ні пайшоў — паўсюль сляды. Курганы над Дняпром і Свіцяззю, дробны россып чарапкоў выступае пасля дажджу на паверхні гарадзішчаў. Едзеш на Ушачы, сядае сонца, і раптам заўважаеш тысячы паўкруглых ценяў. Іх кідаюць напаўсцёртыя курганы, парослыя мачтавымі соснамі. І цягнуцца гэтыя могілкі на кіламетры. І нават на цяністых ушацкіх могілках свежыя магілы часам выкапаны на верхавінах вялізных былых курганоў. Іх называюць капцамі, часам валатоўкамі, бо паўсюль у нас існавала паданне аб волатах, якія загінулі, баронячы гэтую зямлю. А некаторыя проста спяць пад гэтымі валатоўкамі, пакуль не прыйдзе
час вялікай бяды і іх не паклічуць.Мяркуюць, з вялікай доляй пэўнасці, што чалавек жыў у нас ужо ў сярэдні палеаліт, у эпоху мусцье. У той час ледавік праходзіў па вярхоўях Дняпра, а Беларусь была суцэльнай тундрай, па якой блукалі зарослыя поўсцю насарогі, крочылі маманты, і пячорныя леў і мядзведзь палявалі за дзікімі коньмі. У чалавека (неандэртальца) быў супраць іх востраканечнік з крэменя і агонь, дар лёсу, бо жытла, якое ратуе ад холаду, тады яшчэ будаваць не ўмелі, а прыдатных натуральных пячор у нас на Беларусі няма.
Верхні палеаліт (40 тыс. г. — 10 тыс. г. да н. э.) прынёс аседласць, штучныя жыллёвыя пабудовы і аб'яднанне людзей у вялікія орды. Іначай нельга было, скажам, загнаць маманта ў яр. Поўнасцю вывучаны дзве стаянкі гэтых людзей, абедзве на Гомельшчыне. Знайшлі вуголле, расшчэпленыя крамяні, косці маманта (тут іх забілі 40–45 галоў), а таксама дзікага каня, быка, насарога, мядзведзя, ваўка, вадзянога пацука, сусліка, пугача. Елі тады ўсё. Знайшлі унікальнае жыллё, збудаванае з чарапоў, костак і біўняў маманта. Унутры быў ачаг і нават ямы-сховішчы.
Сярэдні каменны век, мезаліт, гэта перш за ўсё лук і стрэлы. Ранейшыя жывёлы ці вымерлі, ці былі выбіты, ці адступілі за ледавіком. З'явіліся сучасныя: зубр, алень, лось, дзік, буры мядзведзь, бабёр. Каб паляваць на іх, не патрэбна была арда, і яна распалася на дробныя групы, а то і на сем'і. Хто пайшоў за мамантам, які адступаў за тундраю на поўнач, хто застаўся. Менавіта ў мезаліце тэрыторыя Беларусі была спрэс заселеная. Стаянак таго часу дужа многа.
А пасля быў неаліт. Гэта значыць, жывёлагадоўля і земляробства. І пачынаюць ужо шліфаваць краі сякер, і ўжо на драўляны човен, выдлубаны з бервяна, трэба толькі 10–12 дзён. Расцём, чалавецтва! І замест прымітыўнага абгарэлага "шашлыка" — "суп" у гліняным посудзе. І жывём не як-небудзь, а ва ўтульнай зямлянцы ці нават у надземным жытле.
Але праслаўляць за гэткі прагрэс чалавека, біць у яго гонар у барабаны лёгка на паперы. Увесь гэты шлях мы апісалі на адной старонцы. Продку нашаму на гэты шлях спатрэбілася 25 тысяч год.
Калі весці размову аб прамысловасці, то яна таксама нарадзілася ў той час. І гэта не перабольшанне. Ля Ваўкавыска, пад мястэчкам Рось, ёсць пасёлак Краснасельскі. Год пяцьдзесят назад у мясцовых крэйдавых горах архітэктар і археолаг З. Шміт выявіў і налічыў каля тысячы шахт. Канец неаліта. Значыць, шахтам па здабычы крэменю пяць тысяч год! Касцянымі матыкамі, рагавымі капалкамі капалі ствалы шахт. Знаходзілі жылу — пачыналі дзяўбці штрэк. Вузкі — 0,5–1 м. І паўзлі, працуючы. Часам на 20 м у даўжыню. Задыхаючыся ад дыму, бо святло было ад вогнішчаў. З дня ў дзень, бо гэта быў іх хлеб і той хлеб, які ўсё Панямонне здабывала прыладамі, зробленымі з Краснасельскага крэменю.
Прыйшла бронза, але крэменю не выціснула з ужытку і яна. Ён быў заўжды пад нагамі, а волава і медзі на Беларусі няма. Каменная сякера ў гэты час робіцца больш дасканалая, паліраваная. Вось такая, як зараз перада мной — шэра-белая, гладкая, насаджаная на, вядома, сучасную рукаяць. Як цацка.
Не буду чытаць вам лекцый аб сярэднедняпроўскай, сасніцкай, тшынецкай палескай культуры, культуры шнуравой керамікі. Як і аб культуры наступнага, жалезнага веку, які паставіў плямёны беларускай тэрыторыі ў роўныя правы з іншымі, бо ўжо чаго-чаго, а балотнай руды тут хапала. Значную частку ядраў для Крымскай кампаніі нават у сярэдзіне ХІХ ст. паставіў завод Храптовіча ў Вішневе.
Жалезны век — гэта рала, запрэжаная двума быкамі саха, серп, сякера, а значыць, і лясное, падсечнае земляробства. Гэта жыта, проса, пшаніца, гарох, авёс, віка, а калі так, то і развіццё жывёлагадоўлі.
І, адначасова, гэта накапленне багацця, гэта сутычкі між групамі, радамі, плямёнамі. Бедная роўнасць памірала. Нараджалася царства несправядлівасці. На тысячы і тысячы год. Гэтая чума ўкрыла зямлю восыпкай гарадзішч. Набегі, пажары, войны, свары з-за пашаў.
І потым брат на брата, сват на свата, сын на бацьку… "І род на род і племя паўста". Жалеза перш за ўсё ўжылі як меч, а не як серп. Што ж дзіўнага? Хірасіма таксама была раней за першую атамную электрастанцыю.