Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Зямля пад белымі крыламі

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:
Прыйшоў я бліжэй, што за ліха, Народ не просты, ўсе паны. Хто дужа шпарка, хто паціху Ўсе лезуць на гару яны.

Аж кішкі выціскаюць адзін аднаму. І вось з натоўпу піск:

"Памалу, братцы, не душыце Мой фельетон вы і "Пчалу", Мяне ж самога прапусціце І не дзяржыце за палу! А не, дык дадушы, у газеце Я вас аблаю на ўвесь свет, Як Гогаля у прошлым леце, — Я ж сам рэдактар ўсіх газет!"

Гэта Булгарын, літаратар-даносчык,

асабісты вораг Пушкіна, правакатар, агент ІІІ аддзялення імперскай яго вялікасці канцылярыі.

Гляджу сабе — аж гэта сівы, Кароткі, тоўсты, як чурбан, Плюгавы, дужа некрасівы, Крычыць, як ашалелы пан. . Во нешта разам зашумелі, Народ раздаўся на канцы, І, як бы птушкі, праляцелі Чатыры добрых малайцы. Народ то быў ўжо не такоўскі: Сам Пушкін, Лермантаў, Жукоўскі І Гогаль шпарка каля нас Прайшлі, як павы, на Парнас.

Тарас праштурхаўся праз натоўп і ўбачыў заможны двор, абнесены плотам.

А на дварэ там свінні ходзяць, Каровы, козы, бараны… Знаць, і багі хазяйства водзяць, Калі свіней дзяржаць яны.

Двор, пабудовы, хаты — багацюшчыя. Ну, мара селяніна! І багі, як адна непадзеленая патрыярхальная сям'я. "Як у казарме там салдатаў — багоў — не можна пашчытаць!" Хто з багоў хадакі багіням шые, а багіні мыюць багам кашулі і парткі.

Вось б'юцца Марс ды з Геркулесам, А Геркулес, як той мядзведзь, Каб цешыць старага Зевеса, Хахол ён Марсу добра мнець. . Амур жа з дзеўкамі жартуе, Ну, проста смех ажно бярэ! То ён знянацку пацалуе, То хустку з галавы здзярэ.

Ядуць. Таксама ідылія. Таксама мара — аб сытасці.

Бах сп'яну пеў такі прыпеўкі, Што аж няможна гаварыць, Аж засароміліся дзеўкі, Так стаў ён брыдка развадзіць. А Зеўс тым часам насцябаўся, Што носам чуць зямлю не рыў, — Ён вочы плюшчыў і ківаўся Ды быццам нешта гаварыў. Хоць не маё, то, праўда, дзела, Не след мне, можа, і казаць, Любіў ён цешыць грэшна цела Ды часам лоўка падгуляць.

Пачынаецца гулянка, скокі. Увесь задор агнявога беларускага танца. Пад відам багоў і багінь маладыя хлопцы і дзяўчаты, здаровыя, прыгожыя, сытыя, працавітыя… вольныя.

Узяўшы хустачку, Венера Пайшла "мяцеліцу" скакаць. Прыгожа, стройна цераз меру, Пяром не можна апісаць. Чырвона, тоўста, круглаліца І вочы, як на калясе, Як жар, гарыць яе спадніца, Істужкі ўплецены ў касе.

Мара аб ідэале жыцця, аб ідэале прыгажосці, аб селяніне, які скакаў нават лепей за багоў і прымусіў іх здзіўляцца. "Тарас на Парнасе" і дасюль улюбёны твор беларусаў. Дзесяткі тысяч людзей ведаюць яго на памяць.

Побач з ананімнай з'яўляецца і літаратура аўтарская. У 1828 годзе паўстала супраць пана мястэчка Крошын ля Баранавіч. Прыйшло войска. У ліку іншых быў пакараны каваль. Сын яго, парабак, што скончыў пачатковую школу, быў здадзены ў салдаты. За некалькі сшыткаў патрыятычных антыпрыгонных вершаў, якія і дагэтуль не знойдзены. Звалі прыгоннага паэта Паўлюк Багрым (1813 — каля 1891 гг.). Лёс быў да яго бязлітасны. Не дзесяць, як Шаўчэнка, а поўныя дваццаць пяць год адмучыўся ён у казармах. Без усякіх паблажак і заступніцтва,

бо Шаўчэнку ведалі многія ўплывовыя людзі і рабілі спробы заступацца, а хто ведаў Багрыма, звычайнага мужыка. Вярнуўшыся на вёску, працаваў у Крошыне кавалём. Меў залатыя рукі. У Крошынскім касцёле ёсць каваная люстра яго работы: перапляценне кветкавых бутонаў і жаўрукоў у палёце. Ад Багрыма дайшоў да нас адзіны верш "Заграй, заграй, хлопча малы" — верш гнеўнага бунту супраць прыгону, шчымлівай журбы і глыбокай чалавечнасці. І вось загінуў паэт, як тысячы такіх звялося і да яго і пасля. Згінулі і ляжаць, нікім не аплаканыя, акрамя, можа, палявых вятроў.

Дый што дзівіцца? Указам ад 18 ліпеня 1840 г. Мікалай І забараніў слова "Беларусь". Пасля 1863 года было забаронена і выданне кніг па-беларуску. Кніганошы, якія кантрабандай, у корабах, праносілі на Беларусь беларускія кнігі, выдадзеныя за мяжой, часта гінулі. У іх загадана было страляць, і ўсё ж яны насілі, хаваючыся, рызыкуючы на кожным кроку. Склалася становішча, аб якім добра сказаў беларускі апокрыф: "Ісцінна кажу вам: шчаслівы, хто мае ў дамах сваю кнігу славясы сваімі. І ісцінна яшчэ тое, што хто мае — не цэніць, а хто не мае — точыць кроў сваю за слова адзінае".

Голас забароненай Бацькаўшчыны

Ян Баршчэўскі (1794–1851 гг.) таксама вельмі цікавая асоба. Чалавек, які пісаў вершы, балады і паэмы па-польску. Шмат. І нічым з гэтага не ўвайшоў у вялікую літаратуру. Горача любіў родны край, але ведаў, што надрукавацца па-беларуску не дадуць, лічыў, што роднай мовай пакуль што нельга выказаць складаныя пачуцці і абстрактныя думкі. І… застаўся ў літаратуры… трыма (было болей, але дайшло тры) вершамі па-беларуску, дзе і пачуццё, і гістарызм, ды яшчэ чатырохтомным зборнікам, дзе пад кожным творам бруіць, звініць, льецца беларускі фальклор, беларуская песня, беларускі спосаб мыслення, фантазія беларуская, гора і шчасце беларуса: "Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях". Гэта напісана таксама па-польску (сям-там з беларускімі дыялогамі), але важна тое, што за кожным радком тут стаіць беларус і яго зямля.

Паходзіў будучы паэт з фальварка Мурагі ля возера Няшчэрда на поўначы Беларусі (Расонскі раён). Любіў гасціць у свайго дзядзькі, шляхціца з тых, чый побыт быў амаль сялянскі, як і ў бацькоў Яна. Узімку возерам ішлі абозы, на вялізнай яго паверхні гуляла завіруха. Дзядзька ставіў на акно доміка свечку, каб падарожныя сяляне, перакупшчыкі і купцы, шляхта і вандроўнікі цягнуліся праз завею на агеньчык, як матылі ўлетку. Прасіліся пераначаваць. Размотвалі башлыкі, скідалі каляныя буркі і кажухі, сядалі на драўляныя шляхецкія "канапы" (Векаўшчына! Год па сто! Такія і зараз сям-там стаяць па хатах нашчадкаў былой "лапцявой" шляхты, і сядзець на іх — пакута), пілі чай, а то і нешта мацнейшае. Адзінаю платай за гэта былі апавяданні і легенды, выпадкі рэальныя і несусветныя, але цікавая брахня, і смешныя выдумкі і выгадкі, ад якіх кроў ледзянее, як ад гогалеўскага "Вія". А хлопец слухаў гэта і пазней, разам з тым, што чуў падчас бясконцых бадзянняў па Беларусі — уставіў у "Завальню". Паколькі расказваў гэта просты народ — ён быў і героем. Адзін супраць паноў, крывасмокаў-арандатараў, чужынцаў-чыноўнікаў, чарнакніжнікаў і самой нячыстай сілы, такі самотны і бедны, але заўсёды пераможца, бо ён — Народ, бо пакуль ён арэ і цяслярыць, пакуль стаіць з чапялою ля печы сялянская баба, датуль не загіне ні мова, ні праўда, ні чалавечнасть, ні сам чалавек.

І вось з гэтага і ўзнікла "Адысея беларуская" з тысячамі прыгод або лепей нешта накшталт беларускай "1001 ночы", дзе адна казка пераходзіць у другую і ўсе звязаны адной і той жа фігурай, прывабнай фігурай Завальні, у доме якога выпадковыя госці расказваюць розныя дзівосныя здарэнні. Што ж, яшчэ ў мінулым стагоддзі Р. Падбярэзскі казаў, што "Ва ўсіх заможнейшых дамах Беларусі і Інфлянтаў не знойдзеш столькі паданняў, столькі народнай стыхіі, што маецца ў адной хатцы такога хутарскога шляхціца".

Па такіх хадзіў і Баршчэўскі, будучы полацкім шкаляром. Бурсака любілі, ірвалі з рук у рукі, бо з ім весялей, пацешней, паэтычней было жыць. Узнагароджвалі па дастатку: меркай пшаніцы, гароху, грэчкі, бобу. Гэта і давала яму магчымасць вучыцца. Ён і не думаў друкавацца. Пісаў, бо гэта цешыла людзей, яны развозілі вершы па кірмашах, хвалілі і смяяліся. Пасля быў Пецярбург, паездкі па чужых справах у Англію і Францыю, урокі латыні і грэчаскага ў знатных сем'ях, але… "Зімой вучыўся сам і вучыў другіх, а вясной, як жаваранка, паэзія гнала яго да роднага краю. Рабіў тыя падарожжы пешшу, з кіем вандроўніка ў руках".

Поделиться с друзьями: