Зямля пад белымі крыламі
Шрифт:
I паўстане род на род i племя на племя
Жукі і кветкі і дзеці былі такія самыя. Не такі быў толькі час. Час, калі дзяліліся людзі на смердаў і лепшых людзей, калі асветніца і, магчыма, самая разумная жанчына эпохі, Ефрасіння Полацкая, радасна, не бачачы ў гэтым ахвяры, ішла ў манастыр, калі, урэшце, пачаўся феадальны разброд, войны, у якіх адзін славянін павінен быў забіваць другога славяніна…
Страшна чытаць тагачасныя летапісы. Няма сваяка, бацькі, друга, брата — ёсць прэтэндэнты на ўладу. Князі грызуцца, як псы. Гэтым карыстаюцца ворагі. Міцкевіч піша пра гэты час:
Тым часам Мешка ў княскім замку седзеў: Рвуць край правадыры, аБылі ў гэтай барацьбе, што праўда, і свае героі, свае рыцары. Пра двух, што дзейнічалі на тэрыторыі Беларусі, гаворыць аўтар "Слова". Адзін — Ізяслаў сын Васількоў, які, пазваніўшы мячамі аб літоўскія шаломы, нерухома ўлёгся на крывавай траве, і па якім так сумна плакалі гародзенскія трубы.
Другі і ўвогуле асоба фантастычная, асоба-міф. Па дзёрзкасці, па здатнасці ўладна ўзяць рукамі ўдачу і не адпускаць яе. І вось што дзіўна. Усяслаў Полацкі шмат разоў ваяваў і з Ноўгарадам і з Кіевам, а аўтар "Слова" чамусьці не асуджае яго і толькі моліць яго нашчадкаў кінуць сваркі і ўсобіцы, каб вярнулася магутная слава Усяслава. Чаму? Можа, таму, што людзям заўсёды быў па сэрцы смелы, удатны, вясёлы, сказаў бы я, авантурызм добрага толку. Той, калі ў прыгодах не шукаюць для сябе асабістай выгады, калі чалавек таленавіты нават у недахопах. Па-здрадніцку ўзялі ў палон, кінулі ў цямніцу, а кіяўляне падчас паўстання вызвалілі яго, пасадзілі на "стол". Здавалася б, веліч, слава, сіла, ды яшчэ ў спалучэнні з мужнасцю, з талентам не абы-якога дзяржаўнага дзеяча. А ён у гэтай славе, у бязмерна багатым Кіеве… чуе, як ударылі званы Сафіі Полацкай. Мабыць, бачыць лясы, занесены снегам пасад, чуе ваўчынае выццё за весніцамі вёсак, лёд у вёдрах і калматы цень, што калыхаецца на сцяне.
І нічога ўжо яму не трэба. І ён скача лютым зверам "В плъночи из Белаграда… отвори врата Новуграду, разшибе славу Ярославу, скочи влъком до Немиги…"
Чарадзей. У ваўка можа ператварацца. З яго, мабыць, і пайшла цалкам даставерная ("усё праўда") здольнасць найбольш спрытных і здольных беларусаў нібыта перакідацца ў ваўкалакаў, па сваёй ахвоце ператварацца з чалавека ў ваўка і наадварот.
Літва. Белая Русь
Насоўвалася бяда. З аднаго боку крыжакі, з другога — татара-мангольская навала.
І што з таго, што ад татар паўночна-заходнім, беларускім княствам удалося адбіцца, што ў першай бітве пад Крутагор'ем татарская цьма пабегла ад мячоў войска, якім кіравалі Скірмунт і Ракутовіч, што ад Слуцка іх адбіў Слуцкі князь, ад Крычава бязведамны Іванка, хутчэй за ўсё нават просталюдзін. Краіна знемагла. Вядома, на баку літоўцаў, па гэтай прычыне, была ваенная сіла, але затое яны і княствы беларускай тэрыторыі былі добра азнаёмлены адзін з адным.
Яднанне ўласна літоўскіх земляў (Жэмайціі і Аўкштайціі) з землямі беларускімі стала гістарычнай неабходнасцю. Рускія княствы былі захоплены татарамі, якія былі страшнай пагрозай для княстваў паўночна-заходняй Русі. З поўначы і Беларусі і Літве пагражаў Лівонскі ордэн, з захаду пагражаў тэўтонскі — страшная пагроза самаму існаванню як літоўцаў, так і славян.
Без яднання было не жыць. Без яднання заставалася толькі адно: знікнуць, згінуць, не пакінуўшы нават імя на твары зямным.
Дальнабачлівыя людзі з Беларусі, якія прагнулі спакою і парадку для пашматаванай, абяскроўленай роднай зямлі, не памыліліся. Нічога новага літоўцы не ўнеслі, акрамя жыццёва патрэбнай моцнай вярхоўнай улады, нічога не змянілі. Наадварот, праводзілі палітыку цярпімасці, асядалі на новай зямлі, жаніліся на славянках, прымалі хрысціянства. Ужо ў другім-трэцім пакаленні старабеларуская мова стала іхняй мовай, мовай суда, мовай дзяржаўных актаў. Як пазней мова стараўкраінская стала на поўную моц гучаць у актах, складзеных дзе-небудзь пад Кіевам. Урэшце, дзяліць адну ад другой у той час яшчэ цяжкавата. Была, праўда, розніца ў гаворках, але, мабыць, і не болей.
Яны, нешматлікія, растварыліся ў славянскім моры ва ўсіх мясцінах, куды прыйшлі. І толькі на землях, адкуль яны былі родам (у Жэмайціі і Аўкштайціі) засталася (і то пераважна сярод сялян, мяшчан і часткі
дробнай шляхты) жывая літоўская мова. Як балгары прынеслі склавінам і антам толькі назву будучай дзяржавы, так і літоўцы: "Літва", "Вялікае княства Літоўскае".На стварэнні Вялікага княства Літоўскага беларусы нічога не страцілі, хутчэй прыдбалі. Прынамсі, на першы час, да уніі. Пазбавіліся жудаснага татарскага і крыжацкага рабства, якое сушыла самы дух, збераглі кнігу, навуку, родную мову ў судзе і дзяржаўных установах, законы на роднай мове і, прытым, больш дасканалыя, чым у многіх суседзяў.
Стварыўся баявы саюз, федэрацыя розных народаў.
У гэтай федэрацыі пачала складвацца ў ХІІІ ст. асобная беларуская мова і сам беларускі народ.
Па тагачасных кнігах пра гэта не заўсёды скажаш. Чаму? Бо людзі тады пісалі па традыцыі, і таму на пісьме гэтыя новыя асаблівасці нашай мовы амаль не праяўляліся. Кніга не адлюстроўвала праўдзівага стану мовы. Мы ведаем, што людзі ўжо так гаварылі — толькі па іх досыць частых апісках ды па свяшчэнных кнігах беларускіх татар "Аль-Кітабах", якія пісаліся па-старабеларуску, але арабскім шрыфтам. А арабскі шрыфт мае літары дз і мяккае ц і іншае, і таму дае магчымасць аднавіць фанетыку беларускай мовы ў тыя часы, дае ключ да чытання кніг і рукапісаў, пісаных кірыліцай.
Увогуле ж усходнеславянскія народы пісалі тады амаль аднолькава, хаця гаварылі па-рознаму. Таму аддзяліць нашы тагачасныя літаратуры вельмі цяжка. Хто такія былі славутыя друкары браты Мамонічы, што выдалі ў XVI ст. столькі кніг і для Беларусі і для Украіны? Хто быў Мялеці Сматрыцкі, пісьменнік і грамадскі дзеяч (1572–1630 гг.), што нарадзіўся на Падоллі, а вучыўся і працаваў у Вільні? Гэтага амаль немагчыма вызначыць. Гэта толькі зрэдку ў тыя гады і нават часам пазней можна было вызначыць, што вось друкар-асветнік Францішак Скарына і паэт Сімяон Полацкі — беларусы, а, скажам, Іван Вішанскі — украінец, Пятро Мсціславец — беларус, і, хутчэй за ўсё, або вучань, або вучань вучня Скарыны, а Іван Фёдараў — рускі. Хіба друк з Беларусі не перакінуўся ў дзяржаву Маскоўскую, а адтуль — калі фанатыкі спалілі друкарню Фёдарава і Мсціслаўца — назад, на Беларусь, разам з уцекачамі, а пасля — на Украіну. Хіба палымяная публіцыстыка Вішанскага, яго пякучы сарказм не далятаў на Беларусь, хіба яго тут прагна не чыталі? А хіба Сімяон Полацкі не вучыўся ў Кіева-Магілянскай Акадэміі? Хіба кнігі Скарыны не ведалі на Украіне і ў Расіі?
Нязмерна цяжкiя часы
З цягам часу ўсё больш і больш праяўляюцца дзве плыні. Першая — рост феадальных павіннасцяў і ўрэшце канчатковае заняволенне значная часткі беларускага сялянства… Другая — узмацненне барацьбы між каталіцызмам і праваслаўем на землях беларускіх.
Першае ішло ад таго, што дзяржава рабілася гандлёвай, што ў Заходняй Еўропе бурна развівалася прамысловасць, і там узрастаў попыт на пяньку, лён, хлеб, лес. Магнаты павялічвалі плошчу палёў, патрэбны былі рукі. У 1557 годзе была праведзена рэформа так званай "валочнай памеры". Зямлю падзялілі на "валокі" (21,3 га), за кожнай валокай замацавалі "дым", адну гаспадарку. За карыстанне валокай, адпаведна якасці і колькасці (можна было мець і больш за валоку зямлі), "дым" адрабляў пэўныя павіннасці. На захад пацягнуліся абозы, паплылі караблі з плёнам сялянскіх рук. Раскоша пануючых усё ўзрастала. Ніводны сучасны чалавек не згадзіўся б жыць так, як жыў нейкі там Наваградскі князь у пачатку ХІІІ ст. Вільготныя голыя муры, камяніцы, лавы, укрытыя шкурамі, ложак — рэдкасць, грубыя сталы, некалькі крэслаў, іконы, пара скрыняў, — і што з таго, што на стайні шмат коней, што ў куфрах трапляюцца срэбныя рэчы, што вопратка з каштоўных футраў… А пасля — унутры муроў і веж — палац, у якім сцены абабіты шоўкам, мэбля — аксамітам, вярхі веж — ліставым золатам. На чалавеку парча, пярсцёнкі коштам у гадавую працу вёскі, залатыя ланцугі з медальёнамі, зброя, усыпаная каменнямі, якім няма цаны. За прамысловасць, за ўзбагачэнне, за раскошу плаціць мужык. Але не толькі плаціць, але і паўстае.
…У той жа час пачаліся сутычкі паміж католікамі і праваслаўнымі. Тэўтонскі ордэн усё яшчэ пагражаў, рабіўся мацнейшы. Трэба было шукаць з кімсьці саюзу. Народ, мяшчане, купецтва былі за саюз з Масквой. Блізкія мовы, адна вера. Але Масква ў той час яшчэ плаціла дань татарам. Нават пасля Кулікова поля, аж да "стаяння на Угры" (1480), калі да Івана ІІІ падыходзілі падмацаванні, а да хана Ахмата не падышла падмога ад караля Літвы і польшчы Казіміра ІV, не падышла, дарэчы, таму, што супраць караля ўзняўся бунт беларускіх праваслаўных князёў: дапамогшы Маскве, самі яны паплаціліся галовамі, а край яшчэ больш падпаў пад уплыў каталіцызму.