Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Зямля пад белымі крыламі

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Па-ранейшаму паншчына, грашовы чынш, згоны і падушная дзяржаўная подаць. І яшчэ рэкрутчына, 25 год у салдатах (да раздзелу Рэчы Паспалітай селянін у войску не служыў, а калі ішоў на вайну сваёй ахвотай — аўтаматычна, пасля зацвярджэння на сейме, пераводзіўся ў вольныя, у "лапцявую шляхту").

Праўда, беларус аб'яднаўся з братнім рускім народам, разам з якім яму цяпер належала жыць і змагацца, але абодвум братам было нясцерпна жыць, адному ў сваёй старой, а другому ў сваёй новай турме. Дзесяць тысяч беларускіх сялян былі раздадзены фаварытам царыцы (Румянцаву, напрыклад, Кацярына падарыла больш за 11 000 сялян. Пацёмкін атрымаў землі з 14 274 прыгоннымі). Заступнікі за гэты прыгонны, прыгнечаны народ канчалі кепска. Калі раней славутыя С. Сташыц і Г. Калантай лямантавалі супраць прыгону, выкрывалі памешчыкаў і нічога ім за гэта не было, то вялікі Радзішчаў

паплаціўся за сваю кнігу Ілімскім астрогам.

Назіралася, праўда, эканамічнае ажыўленне. Павялічылася плошча збожжавых, узнікла шмат новых заводаў, на якіх была і вольнанаёмная праца. Узрос гандаль з Прыбалтыкай, а праз яе і з Заходняй Еўропай (цяпер многія рускія і ўкраінскія купцы везлі туды свае тавары па Беларускай зямлі), з Расіяй і Украінай. Пракладаліся дарогі, па-новаму планіраваліся гарады. Да 1863 г. насельніцтва іх узрасло амаль у тры разы. Тавараабарот, скажам, кірмашу ў мястэчку Зэльва даходзіў да 2 млн. рублёў, і сюды прыязджалі гандляры нават з Германіі. Але гэты гандлёвы пад'ём узбагачаў пана, які павялічваў засевак, заводчыка і купца. Вось што пісаў у 1885 г. адзін царскі саноўнік: "Нищета страшная, а рядом роскошь помещиков; жизненные силы края совершенно истощились в нравственном и физическом отношении; расслабление достигло крайних пределов".

Пасля 1812 года

"Дапамагла" разарэнню краіны і вайна 1812 года. Беларусь, захопленая ворагам, была выпалена. Сяляне ўзнімаліся на партызанскую барацьбу. Так сяляне вёскі Жарцы разбілі французскі атрад, удзельнічалі ў дзвюх бітвах за Полацк. Гэта была радзіма, хай жабрачая і рабская, але свая зямля… Дый войска расійскае нанесла першыя паражэнні французам менавіта на Беларускай зямлі (пад Кобрынам, ля муроў Мірскага замка, ля вёскі Салтанаўка). А пасля на дапамогу гераічнай арміі і партызанам, якія 7 кастрычніка вызвалілі Полацк, прыйшоў іх вялікасць беларускі мароз. Адступаючая армія французская раставала на вачах. Няшчасныя людзі, сагнаныя "вялікім чалавекам" пад ружжо, кінутыя на захопніцкую вайну ў чужы край, елі трупы і, звар'яцецеўшы ад холаду, кідаліся "пагрэцца" ў палаючыя хаты. 20 000 чалавек загінула пры пераправе цераз Бярозу-раку ля вёскі Студзёнка.

Мне давялося пабываць там у тую ж самую пару, калі адбывалася і тая злашчасная для французаў пераправа. У сярэдзіне лістапада. Снег, мёртвая чорная вада, ад аднаго позірку на якую б'е холадам, плывуць асеннія крыгі. Страшна было і ўявіць сабе, як па мастах б'е артылерыя, як на іх ідзе звалка, як яны рвуцца і тысячы людзей тонуць у гэтым вадкім свінцы. Ясна, ніхто іх не зваў, ясна, наша справа была святой справай, і ўсё ж, хай яны будуць праклятыя, вайна, уварванне, пагібель людзей, сілком, дзеля нейкіх там "вышэйшых меркаванняў" сагнаных уладарамі душ і імперый пад сцягі.

Дый што змянілася? Ваенныя пасяленні, аракчэеўшчына, голад. Памешчык тых самых Жарцаў уласнаручна хвастаў да паўсмерці былых партызан (а яны ў вайну насілі на шапках крыжы, прысвоеныя апалчэнцам) з прыгаворкаю: "Вот вам французы, вот вам вольность, вот вам крест".

Нават уладары бачылі сілу прыгнёту. У цыркуляры мінскага губернатара Допельмаера (1842 г.) пісалася: "…владельцы предают крестьян своих в руки жестокосердных, грубых и корыстолюбивых управителей… которые обременяют их чрезмерными работами, истязают бесчеловечно наказаниями, невзирая ни на возраст, ни на пол, ни на болезненное состояние… В таком положении дел… неоднократно повторенные убийства владельцев своими крестьянами и… донесения, что такой-то крестьянин умер… вследствие жестокого наказания за маловажные проступки, — обратили на себя внимание…"

Сялянскія хваляванні ахапілі ўсе губерні. З набатам, з доўбнямі, з увядзеннем воінскіх каманд, стрэламі і смяротнымі прысудамі. Нясцерпнасць становішча разумелі і лепшыя прадстаўнікі дваранства. Многія дзекабрысты жылі на Беларусі, некаторыя былі адсюль родам. Былі тут і свае арганізацыі. Грамада "Ваенных сяброў", напрыклад. Яны сарвалі прысягу Мікалаю І у часцях Асобнага Літоўскага корпуса. Зрабілі спробу сіламі Палтаўскага палка захапіць Бабруйскую крэпасць. Верхаводы К.Ігельстром, А. Грынявіцкі, шляхціцы Вронскі і Высоцкі, афіцэры Трусаў і Троіцкі былі прысуджаны да Сібіры, многія "да вечнакатаржнай працы". Беларусь хавала некаторых з іх. Кюхельбекера, скажам, які даўжэй за ўсіх унікаў арышту на бясконцых беларускіх дарогах.

Яшчэ да дзекабрыстаў склалася таемнае таварыства філаматаў у Віленскім універсітэце (1817 г.).

У грамаду ўваходзілі беларуска-польскі паэт і фалькларыст Ян Чачот, Адам Міцкевіч, будучы славуты падарожнік Ігнат Дамейка, адзін з першых паэтаў-рамантыкаў Томаш Зан і многія іншыя. Філаматы спачатку толькі чыталі французскіх асветнікаў XVIII стагоддзя, вывучалі побыт селяніна і яго фальклор. Тайныя пасяджэнні яны праводзілі на прыродзе. Ледзь не ўсе яны мелі талент паэтаў. Паступова члены згуртавання зразумелі, што галоўны вораг не цемра і неадукаванасць, а царызм. Яны пачалі рыхтаваць сябе да нацыянальна-вызваленчай барацьбы. 1821 год. Таварыства філаматаў ператворана ў таварыства філарэтаў. Юнакі гараць нянавісцю да царызму, патрыятызм іхніх вершаў і прамоў даходзіць да кіпення. Але, нягледзячы да строгую канспірацыю, таварыства выкрыта. Чачот, Міцкевіч, Зан, іхнія сябры кінуты ў турму, у былы уніяцкі кляштар. Допыт вёў езуіцкімі прыёмамі рэдкі мярзотнік, сенатар Навасільцаў, прыбіты пазней Міцкевічам да ганебнага слупа ў трэцяй частцы паэмы "Дзяды". Юнакі вялі сябе годна. Спявалі ў камерах, чыталі патрыятычныя вершы. Чачот спяваў аднойчы беларускую песню ўласнага сачынення:

Да лятуць, лятуць да дзікія гусі, Да нас павязуць да далёкай Русі.

Іх і павезлі. Саслалі ў далёкія губерні. Але і праз шмат год Міцкевіч, мабыць, успамінаў, як ён і сябры збіралі легенды і пісалі па іх сюжэтах балады, як для іх "народнасць" азначала, між іншым, і тую мову, на якой гаварыў народ, сярод якога яны жылі, і якой яны цудоўна валодалі — беларускую мову, як ствараліся на гэтай мове сцэнкі і хоры, як ён прыехаў у Вільню на свае імяніны і яго сустрэлі словамі:

Едзе міленькі Адам, Глядзіце, а онь, а онь, Ды ён харашэнькі сам, Пад ім вараненькі конь.

І ўсё гэта ўспомніўшы, вялікі паляк, да труны ўдзячны Беларусі і закаханы ў яе таксама да труны, сказаў пра занядбаную мову, пра наш і свой народ высокія словы, хаця сам і пісаў на мове польскай.

"…З усіх славянскіх народаў русіны, гэта значыць, сяляне Пінскай, часткова Мінскай і Гродзенскай губерняў, захавалі найбольшую колькасць агульнаславянскіх рыс. У іх казках і песнях ёсць усё. Пісьмовых помнікаў у іх мала, толькі Літоўскі Статут напісаны іх мовай, самай гарманічнай і з усіх славянскіх моў найменш змененай". І яшчэ: "На беларускай мове, якую называюць русінскай альбо літоўска-русінскай… гаворыць каля дзесяці мільёнаў чалавек; гэта самая багатая і самая чыстая гаворка, яна ўзнікла даўно і цудоўна распрацавана. У перыяд незалежнасці Літвы вялікія князі карысталіся ёю для сваёй дыпламатычнай перапіскі".

Гэта з лекцый, чытаных Міцкевічам у Калеж дэ Франс, у Парыжы.

Першыя ластаўкi, або падарожжа Энея

…А між тым прыляцелі ўжо і першыя ластаўкі новай літаратуры. У першай палове XIX ст. з'явілася ананімная паэма "Энеіда навыварат". У сярэдзіне стагоддзя — паэма "Тарас на Парнасе". Таксама ананімная. Яны сведчылі аб тым, што літаратура ажывае ад летаргіі. Праз некалькі год пасля ўкраінскай "Энеіды" Катлярэўскага з'явілася "Энеіда" беларуская, твор навеяны "Энеідай" Вергілія і травестыйнымі паэмамі Катлярэўскага і Осіпава. Але гэта самастойны, глыбока беларускі твор. Аўтарам яго цяпер многія даследчыкі лічаць В. П. Равінскага (каля 1765–1831 гг.). Ураджэнец Духаўшчынскай акругі Смаленскай губерні, удзельнік войнаў 1805 і 1812 гг. За Барадзіно ўзнагароджаны залатой шпагай "За храбрость". Адстаўны палкоўнік. Напісаў камедыю "Шлюб між волі", шмат вершаў "на выпадак".

А некаторыя схіляюцца да думкі аб віцебскім паходжанні паэмы і аўтарам называюць мясцовага чыноўніка І.А. Манькоўскага.

Паэма жывая, гарэзлівая, дзёрзкая, вельмі народная і па-сапраўдаму смешная.

А другая паэма "Тарас на Парнасе" — новая, вышэйшая ступень беларускай паэзіі.

Герой, палясоўшчык Тарас, служака, якога і пан шануе і пані любіць, ідзе з першымі пеўнямі біць цецерукоў і, уцякаючы ад мядзведзя — дубальтоўка дала асечку, — падае ў яму і трапляе ці то ў рай, ці то ў шчаслівую Аркадыю. "Хлапчына нейкі круглалікі, увесь кучаравы, як баран", з лукам і калчанам (Амур) кажа яму, што гэтая дарога з таго свету і вядзе на Парнас. Тарас ідзе. Бачыць гару, а пад ёй — цэлы кірмаш народу.

Поделиться с друзьями: