Зямля пад белымі крыламі
Шрифт:
І вось "Завальня". "Тое, што піша Баршчэўскі прозай, — гаворыць Падбярэзскі, — не датычыцца непасрэдна ні гісторыі, ні літаратуры, ні мовы Беларусі, але важнейшай рэчы — духу і паэзіі народа, адкуль выцякаюць і гісторыя, і літаратура, і мова. Ён… вырашыў даць вялікую мастацкую панараму нацыянальнага жыцця… Ён бачыць перад сабой народ, часта з усёй чароўнасцю паганскай фантазіі, якую ён апраменьвае сваім, так сказаць, беларускім гафманізмам… усё жыццё яго — адно суцэльнае адступніцтва ад самога сябе ў імя паэзіі. Каб зразумець добра, што я гавару, трэба ведаць яго асабіста, трэба яго бачыць з кіем падарожніка ў руцэ, так, як я спатыкаў яго ў маіх падарожжах, пешкі, сярод беларускага люду, на плытах Дзвіны, у прыдарожных корчмах, на сцежках у лесе і на вялікіх гасцінцах!..
М. Грабоўскі ў польскім часопісе "Пельгжым" піша ў 1843 г.: "Не толькі цяпер, але і з самага дзяцінства, палымяны беларус, ён правёў з народам усё жыццё: яго загарэлы, далёка не кабінетны твар даводзіць, што ён з'яўляецца чалавекам справы… Ён дасканала ведае ўсю Беларусь, бо разоў з трыццаць абышоў пешшу і штогодна наведвае яе з Пецярбурга, а ўсюды там пажаданы і сустракаецца з радасцю, бо, як бард той старонкі, ён сыпле, бы з рукава, апавяданнямі і анекдотамі. Дзівосны ў яго інстынкт у апрацоўцы паданняў: не дадае амаль нічога свайго, а між тым усё становіцца яго ўласным".
І вось на старонках "Завальні" ідзе Беларусь, якая яна ёсць і якой яна ўяўляе сябе. Чорны певень нясе мужыку Карпу яйка, з якога выводзіцца крылаты змей, — і вось Карп ужо кулак, глытай, які ўсіх ставіць у нішто, якому смешныя вясковыя звычкі. І гіне ахвярай сквапнасці… Уладарка-чараўніца, што перакідваецца ў белую сароку, прылятае да пана Скамарохі, хцівага і пыхатага крыўдзіцеля бедных, удоў і сірот, заводзіць сяброўства з ім і іншымі панамі азёрнага краю, — і пачынаецца няшчасце: сохнуць вымі ў кароў, мядзведзі нападаюць на вуллі, з хаты чараўніцы плыве малочная рака. Мужыкі са стрэльбамі чакаюць на Сароку, тая адлятае, але зло засталося: "Паны, што пілі за яе здароўе, п'юць слёзы няшчаснага народу". Фантазія ўсё нястрымней, аж да таго, што ў Віцебскага мярзотніка Генрыха — аж да вар'яцтва — пачынаюць крычаць валасы на галаве. І ўсе гэтыя незвычайныя рэчы — на фоне простай, мілай прыроды нашай поўначы, на рэальным фоне тагачасных вёсак, гарадоў, маёнткаў, сярод звычайных прыгонных людзей, страшных паноў, прадажных суддзяў.
Баршчэўскi адкрыў славянскаму свету Беларусь.
Што з таго, што ён вымушан быў пісаць па-польску. Неласкавы і страшны наш лёс многім судзіў такое. Дзесяткі людзей нараджаліся і адыходзілі ў суседнія культуры, абагачаючы і часам узвялічваючы іх.
Апошнія гады свайго вандроўнага нялёгкага жыцця Ян Баршчэўскі правёў на Украіне. Пісаў у Адэсе санеты, выдаў у Кіеве кніжку паэзіі і прозы і памёр у чужым доме магната Ржэвускага ў Цуднове на Валыні, дзе і пахаваны.
…Увогуле многія беларусы паходжаннем і продкамі адыходзілі тады ў суседнія культуры.
Я казаў ужо пра Міцкевіча. Але вось мінулым летам лёс закінуў нашу экспедыцыю ў вёску Дастоева, на поўнач ад Янава Палескага, Глыбінка! Жоўтыя, аж залатыя ад лісічак, бронзавыя ад баравікоў лясы. Вільготная пойма багатай Ясельды. Я неяк не думаў пра назву вёскі, аж пакуль нехта з хлопцаў не сказаў: "А мы з нашчадкамі пісьменніка "Дастаеўскага" перапісваемся. Ім цікава ведаць, як тут, на радзіме продкаў". Тады і я ўспомніў, што гэта сапраўды здаўна-давён гняздо гэтага рода. Старога рода, які належаў да беларускага герба "Радван".
…Так многія адыходзілі да суседзяў. Калі беларус слухае оперу "Галька" С. Манюшкі, ён адчувае ў ёй і ў оперы "Страшны двор" выразную беларускую песенную аснову. І праўда, вялікі кампазітар нарадзіўся ў Убелі пад Мінскам, выхоўваўся на народнай песні, напісаў аперэту "Ідылія" (тэкст да яе склаў адзін з заснавальнікаў беларускай літаратуры В. Дунін-Марцінкевіч), у якой паны гаварылі па-польску, а сяляне па-беларуску. Ён увогуле напісаў на словы Марцінкевіча чатыры творы, і гэта, уласна, пачатак оперы беларускай.
А Уладзіслаў Сыракомля (1823? 1862 гг.), які таксама большую частку сваёй творчасці аддаў Польшчы, а вершы якога па-беларуску, відаць, згарэлі ў апошнюю вайну ў Варшаве. Згарэлі ў рукапісах. Засталося толькі некалькі рэчаў. Страту гэтую нічым не кампенсуеш.
Дзіўныя бываюць пуцявіны ў людзей і твораў.
Вось пачатак і канец верша Сыракомлі "Паштальён": На пошту я трапіў зусім малады, Фурман з мяне ўдаўся зухвалы, А волі не меў — дый ганялі тады: Хоць свята, хоць ноч — усё мала. . Конь чмыхнуў пры слупе. Спыніўся наўзбоч: У снезе пад плахаю белай, Жанчыну я згледзеў, яна ўжо за ноч, Як дрэва, уся скасцянела. Я снежную намець атрос з яе шат І труп падцягнуў да дарогі… Абцёр ёй аблічча… Была гэта, брат… Дай чарку… Не маю больш змогі! (Пераклад М. Лужаніна)Што гэта? Ну ясна ж, што вы адразу пачулі голас спевака Лемешава. У перакладзе гэты верш стаў рускай народнай песняй "Когда я на почте служил ямщиком".
Манюшка калісьці пісаў з прычыны таго, што нехта ў Мінску пажартаваў з беларускага паэта і драматурга В. Дуніна-Марцінкевіча, замовіўшы па ім "пахавальны звон за спакой душы" і, вядома, не паставіўшы на пасылцы свайго імя, даслаў яму ў дом саван і падсвечнікі: "Напэўна, Жулкоўскі [16] быў родам з гэтага горада. А што датычыцца Вальтэра, то няма чаго і сумнявацца, што ён мінчанін. Не ведаю, чаму Мальер лічыў сябе французам, калі ў Мінску ледзь не паказваюць вуліцу, дзе ён нарадзіўся…"
16
Славуты польскі акцёр-комік.
Не лічыце мяне за таго мінчаніна, але… Вальтэр як Вальтэр, Мальер як Мальер, тут я нічога не скажу, а вось вялікі французскі паэт Гіём Апалінэр быў… беларусам па крыві. Дзед ягоны, Міхал-Апалінарый Кастравіцкі, уцёк з Навагрудчыны за мяжу пасля паўстання 1863 г. Ствараючы першую кнігу сваіх вершаў, Апалінэр не ведаў, што ў гэты час (1910 г.) на беларускіх вандроўных сцэнах ідзе "Модны шляхцюк", беларуская камедыя яго стрыечнага брата, Казіміра Кастравіцкага, які выступаў пад псеўданімам Карусь Каганец.
Ці мала хто вымушан быў уцякаць ад пятлі, ад кулі ці нават проста ад немагчымасці выявіць сябе на радзіме. Вось некалькі прыкладаў.
Чылi. Хрыбет Дамейка, горад Дамейка, у гарах — мiнерал дамейкiт, у акiяне — ракушка навуцiлус дамейкус, на зямлi — фiялка дамейкiяна. Гэта ў гонар Iгната Дамейкi (1801–1889 гг.), ураджэнца маёнтка Нядзведка, што пад Мiрам. Сябар Чачота, Мiцкевiча, Зана, стрыечны брат Марылi Верашчакi, першага кахання Мiцкевiча, фiларэт, вязень турмы ў Базыльянскiм кляштары, ён пасля разгрому паўстання 1830 г. вымушан быў уцячы за мяжу. Парыж. Кантракт з Чылi. Лекцыi па хiмii i мiнералогii ў г. Какiмба. Адкрыў жыхарам Чылi, што такое салетра, для чаго яна прыдатна, адкрыў залежы медзi i срэбра. Пасля ён прафесар у Сант'яга. Распрацоўвае i ажыццяўляе школьную рэформу, падарожнiчае сярод напаўдзiкiх араўканцаў, робiцца iх другам, баронiць iх. Чатыры тэрмiны Дамейка перавыбiраецца рэктарам унiверсiтэта. Ён бацька чылiйскай навукi, рэарганiзатар прамысловасцi, навучання. Пасля смерцi ён абвешчаны нацыянальным героем.
Бенедыкт Дыбоўскі (1833, Мінскі павет — 1930 г., Львоў), сасланы пасля паўстання 1863 г. у Сібір, пакінуў апісанні Сібіры і Далёкага Усходу, якія дагэтуль лічацца класічнымі. Ён першы даследчык Байкала, аўтар слоўнікаў камчадальскай, бурацкай і іншых моў.
Канстанцін Ельскі, які пасля паўстання даследаваў трапічныя джунглі Гвіяны і землі Перу. Альбо Мікалай Судзілоўскі, родам з Магілёўшчыны, які перад амерыканскай анексіяй быў прэзідэнтам Гавайскіх астравоў і змагаўся з амерыканскімі купцамі і прамыслоўцамі за жыццё, шчасце і поступ канакаў.