Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без
Шрифт:
Гурык, Ігар Гурковіч, вучыўся з Косцем Воранам у адной школе. Некалі яны хадзілі ў адзін клас, сядзелі за адной партай. Нават у войску разам служылі ў Нямеччыне. Ну, калі ў Нямеччыне савецкае войска стаяла… Але потым Косця Воран вывучыўся на скульптара, а Гурык — на гэбіста.
Я вучыўся ў электратэхнікуме сувязі, маладзейшы быў за іх на дзесяць гадоў, але гэтаксама, як і Косця з Гурыкам, быў закаханы ў Асю, толькі безнадзейна — і, можа, праз тую безнадзейную закаханасць, каб хоць неяк я суцешыўся, яны дазволілі мне сябраваць з імі. Я шчаслівіўся, што маю такіх сяброў, і сяброўствам з Гурыкам ганарыўся нават болей, чым сяброўствам с Косцем. Асабліва пасля таго, як убачыў Гурыка ў форме: увесь з бліскучымі пагонамі…
Было гэта на вуліцы Першамайскай у рэстаране “Лета”, які месціцца ў доме пры павароце на вуліцу тэрарыста Пуліхава. Калісьці Першамайская ад вуліцы Змітрака Бядулі да маста праз Свіслач і вуліца Ульянаўская ад гэтага маста да Чырвонаармейскай называліся вуліцай Вясёлай. Можа быць, праз тое і з’явіўся тут вясёлы рэстаран, які быў атабараны курсантамі і выпускнікамі вышэйшай школы Камітэта дзяржбяспекі.
На той час у Мінску ва
О, “мутнае вока!..” Гэты гул, гэты чад, гэты гам, у якім кожны чуе тое, што хоча чуць — найперш, зразумела, сябе. Тут кожны хоча сябе паказаць, бо не тут, не ў “мутным воку”, за сценамі ягонымі кожны з нас іншы, не той, кім ён напраўдзе ёсць — хоць на камсамольскім сходзе, хоць у спектаклі “Як гартавалася сталь”. Быць самім сабой нельга нідзе, а ў “мутным воку” можна — вось што цягнула сюды ўвечары, каб заставацца тут да ночы, а то й да раніцы, актораў.
Мастакі вечаравалі ці ў кавярні “Вясна”, бо і ў доме з кавярняй, і ў суседніх дамах былі іх майстэрні, ці ў цукерні “Ласунак”. Ад пачатку гэтая цукерня па-руску называлася “Лакомка” і была адзіным месцам у Мінску, дзе ў той час можна было выпіць не гарэлкі з віном, як у “Вясне”, а кавы, якую хоць і чэрпалі апалонікам з катла, але гэта была насамрэч кава… А вось чаму гэбісты аблюбавалі рэстаран “Лета”, ніхто як тады не ведаў, гэтак і цяпер не ведае. Косця Воран казаў: бо побач трамвайная лінія, можна вагоны падганяць — і адразу з “Лета” ў зіму, на Калыму, дзе Эдзі Рознэр восем гадоў граў у лагерах…
Так ён, Воран, і сказаў у той вечар, калі я ўбачыў Гурыка з бліскучымі пагонамі. Косця быў нападпітку і гучна гэта сказаў, на ўвесь рэстаран. Гэбісты там нешта спраўлялі, таксама былі не надта цвярозыя, накінуліся на Косцю. Не арыштоўваць, проста біць. Косця хоць і быў здаровы, але ж не супраць усіх… Мяне, як шчанюка, адкінулі, а Косцю — нагамі на падлозе… Вось тут Гурык і ўскочыў, вось тут ён мне і глянуўся, увесь у бліскучых пагонах: бутэльку аб стол — гах! “Стаяць! Усім — стаяць!..” І калі ўсе застылі, сплюнуў да Косці: “Вымятайся, сука, пакуль жывы…”
Ну, сукай ён Косцю абазваў так… бо трэба ж было, як я зразумеў, пры гэбістах сваіх нешта сказаць. А Косця мне на гэта кінуў: “Ні хрэна ты, шчанюк, не разумееш…”
— Ні хрэна ты не разумееш! — накінуўся Гурык на Косцю, калі Саламона Майсеевіча забралі ў другі раз і ўжо не выпусцілі ні праз дзень, ні праз тыдзень. — Жарты яму! Калі ён сваяк Леніну, дык хто тады Ленін?!.
— Скуль ты ведаеш, што ён сваяк? Хто табе сказаў? Хто?
— Ніхто! Ведаю!
— А хто Карл Маркс? — насядаў на Гурыка Косця. — Карл Маркс хто? Чаму ён можа быць, а Ленін…
— Не можа!
— Святы?
— Святы!
— А найпершы святы — хто?
— Хрыстос!
— Юда!..
І зноў яны загрудкі…
Тое, што біліся яны не праз Леніна і не праз Саламона Майсеевіча, не праз тое, што Гурык гэбіст, а Косця скульптар, і наогул не праз каго-небудзь ці праз што-небудзь іншае, а толькі праз Асю, я зразумеў пазней, калі спазнаў розніцу паміж летуценнай, лёгкай, няхай сабе і безнадзейна-безадказнай, юначай закаханасцю і пакутлівым, пякельным, дарослым каханнем.
Мне не падабалася, што Гурык і Косця б’юцца. Мне хацелася, каб яны сябравалі, і я пытаў Саламона Майсеевіча: што можна зрабіць, каб іх сяброўства не скончылася? Можа, Асю ўгаварыць выйсці замуж за абодвух?.. “Усё адно скончыцца, — сумна адказваў Саламон Майсеевіч. — Гурык пасадзіць Косцю — і скончыцца”.
Саламон Майсеевіч быў сумны не праз тое, што Косця з Гурыкам Асю падзяліць не маглі. Махаў рукой: “Яна сама іх, як захоча, падзеліць…” Былі ў яго больш сур’ёзныя праблемы.
Калі на месцы яткі аўтамат паставілі, і Саламон Майсеевіч, застаўшыся беспрацоўным, напісаў скаргу ў Цэнтральны камітэт камуністычнай партыі Беларусі, дык Алік, амерыканец, які быў за камунізм, а значыць, за людзей працы і добрай волі, прапанаваў Саламону Майсеевічу перакласці скаргу на ангельскую мову і даслаць не толькі ў Цэнтральны камітэт камуністычнай партыі Беларусі, але і ў Белы дом, у Амерыку, дзе таксама ёсць праблема беспрацоўя — і нават большая, чым у нас. Саламон Майсеевіч, каб дапамагчы людзям працы і добрай волі, згадзіўся. Можа быць, адчуўшы пахі адлігі, якія даносіліся з Масквы, ён вырашыў, што цяпер можна ўсё, нават скаргі пісаць адначасова ў Белы дом і ЦК, але пахі той адлігі былі такімі няўлоўнымі, што Саламон Майсеевіч не ўнюхаў, чым насамрэч пахла…
Адсылаючы скаргу ў арыгінале і перакладзе, Саламон Майсеевіч, як пасля спрабаваў ён апраўдацца, вельмі хваляваўся, таму пераблытаў адрасы на канвертах, і ў Белы дом адаслаў арыгінал. А ў Цэнтральны камітэт камуністычнай партыі Беларусі прыйшла скарга, напісаная па-ангельску…
“У ЦЭНТРАЛЬНЫ КАМІТЭТ
КАМУНІСТЫЧНАЙ ПАРТЫІ БЕЛАРУСІ
ТАВАРЫШУ МАЗУРАВУ К. Т.
ад Бланка Саламона Майсеевіча, беспартыйнага,
СКАРГА.
З дня 17 лістапада 1937 года, калі забралі і невядома дзе падзелі майго брата Ізю, па дзень 5 сакавіка 1953 года я не любіў таварыша Сталіна. Пачуццяў сваіх ніяк, ні словам ні дзеяннем, я не выяўляў, бо наўкол была ўсенародная любоў.
25 лютага 1956 года адкрылася, што таварыша Сталіна не любіў не толькі я, але і Першы сакратар ЦК КПСС, Старшыня Савета Міністраў СССР таварыш М. С. Хрушчоў, які асудзіў таварыша Сталіна за культ асобы. У выніку пераадолення памылак культу 11 красавіка 1961 года просты савецкі чалавек, маёр Юры Аляксеевіч Гагарын, першым узляцеў у космас.
Поспехі савецкай касманаўтыкі далі магутны штуршок тэхнічнаму прагрэсу. 1 чэрвеня 1961 года з праспекта Леніна ад шостай прадуктовай крамы на спуск ад пляца Волі да Нямігі быў перанесены
аўтамат з газаванай вадой. Усталявалі яго на тым самым месцы, дзе была ятка, у якой прадавалася такая самая вада. Ятку знеслі, і я застаўся часова беспрацоўным.2 чэрвеня 1961 года мной быў напісаны ліст у Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт дэпутатаў працоўных, у якім я прасіў растлумачыць, чаму аўтамат перанеслі туды, дзе ўжо была вада, а не туды, дзе яе няма? Напрыклад, на рог вуліц Леніна і Карла Маркса каля авіякасы, дзе народ смягне, асабліва летам, бо з раніцы да ночы душыцца ў чэргах па квіткі. Праз гэта ў чэргах выказваецца незадаволенасць кіраўніцтвам савецкай краіны і персанальна Першым сакратаром ЦК КПСС, Старшынёй Савета Міністраў СССР таварышам М. С. Хрушчовым, “які без вады ў чэргах па квіткі не душыцца”. Узятыя ў двухкоссе словы належаць не мне, а грамадзянам з чаргі.
5 чэрвеня 1961 года старшым лейтэнантам таварышам І.А. Гурковічам я быў дастаўлены ў Камітэт дзяржаўнай бяспекі, дзе таварыш у цывільным, які назваўся маёрам Гагарыным (!), даў мне паперу і аловак, каб я напісаў прозвішчы тых, хто выказвае незадаволенасць кіраўніцтвам савецкай краіны. Я сказаў, што не магу напісаць ніякіх прозвішчаў, бо не ведаю іх. Таварыш маёр Гагарын (!) выказаў меркаванне, што гэта я сам незадаволены кіраўніцтвам савецкай краіны і падбіваю да незадаволенасці іншых, назваўшы пры гэтым імёны некалькіх маладых людзей, якія каля мяне, як таварыш маёр Гагарын (!) сцвярджаў, групуюцца. Гэтых маладых людзей я ведаю як абсалютна савецкіх, камсамольскіх, і выключна праз іх знаёмства з маёй таксама савецкай, камсамольскай дачкой. Таму я адказаў таварышу маёру Гагарыну (!), што нікога і ні да чаго я не падбіваю, моладзь каля мяне не групуецца, як ён сцвярджае, а п’е, як і ўсе астатнія грамадзяне, газіроўку з сіропам і без. Што ж да мяне асабіста, дык з усіх кіраўнікоў савецкай краіны я меў незадаволенасць толькі таварышам Сталіным, але нават яе не выказваў, бо за мяне яе выказаў Першы сакратар ЦК КПСС, Старшыня Савета Міністраў СССР таварыш М. С. Хрушчоў. Таварыш маёр Гагарын (!) згадзіўся, што таварышам Сталіным у асобных момантах сёння можна быць незадаволеным, але ні ў якім разе не ў Мінску, а толькі ў Маскве. Ён прапанаваў мне падпісаць паперу аб супрацоўніцтве, але я не зразумеў, якое можа быць супрацоўніцтва такой паважнай установы, як Камітэт дзяржаўнай бяспекі, з чалавекам, які прадае газаваную ваду, і ён параіў мне моцна падумаць.
6 чэрвеня 1961 года, роўна за два месяцы да 16-ай гадавіны атамнай бамбардзіроўкі амерыканскімі імперыялістамі японскага горада Хірасіма, галоўнай мэтай якой была спроба застрашыць Савецкі Саюз новай звышмагутнай зброяй, чаго не ўдалося, бо намаганнямі самай перадавой у свеце савецкай навукі ў нас з’явілася свая атамная бомба, я паспрабаваў запісацца на прыём да старшыні Мінскага гарадскога выканкама дэпутатаў працоўных таварыша Шарапава В.І. па пытанні пераносу аўтамата з газаванай вадой са спуску ад пляцу Волі да Нямігі на рог вуліц Леніна і Карла Маркса. У прыёме мне адмовілі, патлумачыўшы, што аўтамат з газаванай вадой пастаўлены на спуску ад пляцу Волі да Нямігі згодна з планам устаноўкі аўтаматаў з газаванай вадой у горадзе Мінску, зацверджаным на сесіі Мінскага гарадскога выканкама дэпутатаў працоўных і падпісаным старшынёй Мінскага гарадскога выканкама дэпутатаў працоўных тав. Шарапавым В.І., які вызначаецца прынцыповасцю і прынятых ім рашэнняў ніколі не мяняе. Прашу памяняць ці тав. Шарапава В.І., ці прынятае ім рашэнне, якое шкодзіць справе выхавання савецкага чалавека як будаўніка камунізму, які на рагу вуліц Леніна і Карла Маркса (падкрэслена мной) не можа выпіць вады. І гэта адбываецца ў той час (!), калі ўвесь савецкі народ скіраваны ў космас і вось-вось пераселіцца на Месяц і ў іншыя сусветы, пра што сведчыць узнёслая прамова першага сакратара ЦК КПСС, Старшыні Савета МіністраўСССР таварыша М. С. Хрушчована святкаванні 40-годдзя БССР і камуністычнай партыі Беларусі (тэкст прамовы дадаецца).
Да ўсяго ўласнаручны подпіс: Бланк С. М., беспартыйны”.
У Цэнтральным камітэце камуністычнай партыі Беларусі не знайшлося, мусібыць, перакладчыка з ангельскай — і скаргу Саламона Майсеевіча Бланка з дададзеным да яе тэкстам прамовы Мікіты Сяргеевіча Хрушчова пераправілі ў КДБ.
Вуліца Камуністычная, колішняя Другая Міхайлаўская
З Амерыкі, дзе поўна ўсялякіх імігрантаў, таму перакладчыка знайсці не праблема, скаргу Саламона Майсеевіча нікуды не перапраўлялі, але і не адказалі на яе. Мусібыць, пакрыўдзіліся. Не трэба было Саламону Майсеевічу пра амерыканскі імперыялізм пісаць. Ён, можа, думаў, што гэта яму дапаможа, але не дапамагло. Як не памагла і дададзеная да скаргі прамова Мікіты Сяргеевіча Хрушчова, якую Саламон Майсеевіч, каб у ЦК КПБ прачыталі яе па-беларуску, выразаў з газеты “Звязда”.
“Ён разлічваў, што яго за антысавеччыну вышлюць. На “Ту-134” у 72 гадзіны ў Ізраіль”, — казаў Гурык, калі Саламона Майсеевіча арыштавалі ў другі раз.
За якую антысавеччыну, калі ў скарзе Саламона Майсеевіча скразная антыамерыканшчына?.. Косця нават спытаў Амерыканца, ці не выкрасліў той, як амерыканскі камуніст, што-небудзь антысавецкае пры перакладзе? Арыгінала мы не бачылі, Амерыканец паказаў нам пераклад, з якога, перш чым аддаць яго Саламону Майсеевічу, зрабіў копію на радыёзаводзе, дзе працаваў. Вось тут бы ў гэбістаў спытацца: хто гэта амерыканца і, можа быць, шпіёна на савецкім заводзе да капіравальнай тэхнікі дапускае?..
Ніхто, канечне, не спытаўся… Але дарэмна Гурык выгляд рабіў, нібы арыштавалі Саламона Майсеевіча толькі цяпер, пасля скаргі ў ЦК, а ў першы раз не арыштоўвалі. Ну, пасля таго, як Саламон Майсеевіч сказаў, што ён сваяк Леніна, чаго ніхто, апроч мяне, Асі і Косці, не чуў. Яшчэ Ас да нас падыходзіў, які мог пачуць…
“Ас мог пачуць”, — сказаў я Косцю, які пасля бойкі з Гурыкам наўпрост спытаў мяне: “Хто?..”
Не Ася ж данесла, што бацька ў сваякі да Леніна набіваецца. Тады і яна Леніну радня… Як і Эдзі Рознэру… І не сам жа Косця, які адрэзаў: “Ас пачуць не мог!”