Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без

Некляев Владимир Прокофьевич

Шрифт:

— Як можа быць больш, калі цалкам? — трэцім разам спытаў Ас, мазгі якога, і без таго звернутыя, на гэтым “цалкам” заклініла, а Марына паднялася і пачала прыбіраць са стала: “Выбачайце, тут не вар’ятня…”

Пазней, калі мы насамрэч апынуліся ў вар’ятні, я ўспомніў, што першай пра яе сказала менавіта Марына, якая толькі год пабыла за Амерыканцам, а ўжо паводзілася, як амерыканка, хоць я ні тады не ведаў, ні цяпер не ведаю, як яны ў такіх выпадках паводзяцца, амерыканцы…

Мы дык так сабе…

Аліку стала няёмка праз тое, што жонка ягоная гасцей ягоных пратурыла, і ён пайшоў нас праводзіць.

— Як мне ўсё гэта разумець?.. — спытаў, калі мы спусціліся ў двор і рушылі да Круглай плошчы, Палкоўнік, і калі Косця

сказаў яму, што гэта быў спектакль для гэбістаў, уздыхнуў. — Тады квіткі трэба было прадаваць, прыдуркі… Ты, Ася, не цягайся з гэтымі ўбогімі, ты за Гурыка трымайся. Замуж за яго выходзь. Марына за Аліка, а ты за Гурыка, і яшчэ невядома, каму лепш будзе…

– І выйду! — раптам скочыла Ася ў аўтобус, мы якраз да аўтобуснага прыпынку выйшлі, і тут жа дзверы за ёй зачыніліся. Косця грукнуў у іх, ды без толку. Ася крыкнула кіроўцу, каб не адчыняў, і той, раз такая прыгажуня папрасіла, не адчыніў, паехаў, а Косця схапіўся за задні бампер і, з усіх сіл упіраючыся, трымаў аўтобус, які газаваў, газаваў, пакуль бампер… — за які ўжо ўчапіліся і Ас, і я, і Амерыканец, і, невядома скуль узяўшыся, Віл са сваімі сябрукамі, канадцамі Джымам і Джонам… — пакуль бампер са скрыгатам не адарваўся. Кіроўца заўважыў у люстэрку, што бампер адарвалі, прытармазіў, каб спыніцца, ды раптам Ас рвануўся ўслед за аўтобусам — і кіроўца, убачыўшы, што за ім гоніцца генерал з бамперам наперавес, вырашыў не звязвацца, халера з ім, з тым бамперам, і зноў газануў, звозячы Асю ад Косці да Гурыка… А ад Вечнага агню на Круглай плошчы, давячыся свістком, бег да нас паставы міліцыянт.

Пастарунак быў недалёка, на плошчы Якуба Коласа, таму нас не павезлі, а пагналі па Ленінскім праспекце, як палонных немцаў. Усе, нават Амерыканец з канадцамі, ішлі рукі за спіну, моўчкі, толькі Палкоўнік дабіваўся справядлівасці: грозна грукаў кавенькай, даводзячы, што ён не ўдзельнічаў, як пасля запісалі ў пратаколе, “у хуліганскіх дзеяннях па адрыванні задняга бампера гарадскога аўтобуса маршрута № 1”, — але яго ніхто не слухаў…

Калі б хто-небудзь мне сказаў, што праз гады ў пратаколе майго затрымання напішуць, што я ўдзельнічаў у хуліганскіх дзеяннях, якія выклікалі масавыя беспарадкі, і мне будзе пагражаць за гэта не 15 сутак, а пятнаццаць гадоў, я б падумаў, што чую такое ад куды большага вар’ята, чым Ас, які бяжыць і бяжыць у маёй памяці ад плошчы Перамогі да маста цераз Свіслач — і ветразем развяваецца ў прыцемках бліскуча чырвонае крысо ягонага генеральскага шыняля.

— Цікавая кампанія… — зрабіўшы націск і на першым, і на другім слове, задуменна сказаў, прачытаўшы нашы паказанні, міліцэйскі капітан, які, мусібыць, быў у той дзень у тым пастарунку за галоўнага. — І спытаў Аліка. — Лі Гарві Освальд?.. Вы сапраўды амерыканец?

Алік кіўнуў. Маўляў, так, амерыканец.

— Джым… Джон… хто з вас Джым? — перагартаў капітан паперкі, і Джым, як у арміі, ступіў крок наперад:

— Я!

— Канадзец?

— Канадзец!

Капітан зірнуў на яго ўважліва.

— А чаму прозвішча рускае? Калеснікаў…

— З рускіх эмігрантаў!

— Значыць, з белых?

— Не! З ранейшых!

Капітан не зразумеў.

— З якіх ранейшых?.. — У ягоным разуменні, мусібыць, да белай эміграцыі з Расіі ніякіх эмігрантаў не было і быць не магло. — Ну ды разбярэмся… І вы, Джон, белы?

У Джона, які прыехаў з Канады ў беларускую кансерваторыю вучыцца граць на рускім баяне і зараз не цяміў, дзе ён знаходзіцца і што з ім адбываецца, маці была мурынкай, таму ні на белага эмігранта, ні проста на белага ён ніяк не выглядаў, але з капітанам згадзіўся:

— Белы. На баяне…

— Гэта потым! — перапыніў ягоныя спробы растлумачыць, што ён культурны чалавек і грае на белым баяне, капітан. — Найграешся на Калыме. — І Палкоўнік, успомніўшы, мусібыць, Эдзі Рознэра, хакнуў: “Ха!”

— На чым?.. — зморшчыў лоб, намагаючыся зразумець, на чым

яму граць прапануюць, Джон, але капітан ужо перагарнуў паперку. — А вы… — павярнуўся ён да Віла, які выпадкова апынуўся на Круглай плошчы з Джонам і Джымам якраз у той момант, калі мы бампер адрывалі… — радыст?

— Не, — як нешта адчуўшы, не захацеў быць радыстам Віл. — Маё прозвішча Леднік. А радыстам мяне называюць, бо…

— Бо вы радыст! — лагічна заключыў капітан. — Хоць, можа быць, і Леднік. Вось жа тут, у паказаннях грамадзяніна Ворана, напісана: “… і зусім выпадкова з намі аказаўся Радыст з канадцамі”. Дык вы і з імі выпадкова аказаліся, і выпадкова з канадцамі, і выпадкова называецеся радыстам?..

Віл разгубіўся.

— Гэта мянушка… Вунь у яго, — ён паказаў на мяне, — мянушка Князь, хоць ён малы і непадобны… А ў мяне яшчэ адна ёсць: Віл… Мы, я і Воран, разам у школе вучыліся, дык у ёй… — і капітан рэзка перапыніў яго, твар у твар нахіліўшыся:

— У якой? Нямецкай, амерыканскай? ЦРУ? Ну!..

— У 42-й сярэдняй… — ледзьве прамямліў, насмерць не рады, што звязаўся з намі, Віл, а капітан, у вачах якога хай, можа, і не генеральскія, як на пагонах Аса, але ўсё ж зоркі засвяціліся, перакінуўся на Палкоўніка:

“І вы, грамадзянін Сысой Кім Іванавіч, аднойчы ўжо асуджаны за антысавецкую дзейнасць, таксама зусім выпадкова ў гэтай кампаніі?..”

У сутарэннях дома на рагу вуліцы Чырвонай з праспектам Леніна, на плошчы Якуба Коласа, у каменным, даволі вялікім пакоі анікога, апроч нас і капітана, не было. Допыт шпіёна амерыканскага і двух канадскіх шпіёнаў, радыста, антысаветчыка і яшчэ трох завербаваных агентаў, адзін з якіх хоць адстаўны і не зусім здаровы, але генерал авіяцыі, капітан вырашыў правесці без сведкаў — ці мала што?..

Цяжка сказаць, якія фантазіі блукалі ў ягонай галаве, калі, загадаўшы нам выстраіцца ўздоўж сцяны па росце, ён падыходзіў да кожнага блізка-блізка, ставаў твар у твар, доўга і пранізліва глядзеў вочы ў вочы, пасля адступаў паволі — спінай да процілеглай сцяны — і яшчэ раз узіраўся ў кожнага па чарзе: у Косцю, у Аса, у Віла, у абодвух канадцаў, у Амерыканца, у мяне і, нарэшце, у Палкоўніка, які стаяў апошнім, і які раптам сказаў капітану вочы ў вочы: “Слухай, у-ё-біш-ча! Ты арыштаваў таварыша Лі Гарві Освальда, першага сакратара камуністычнай партыі Злучаных Штатаў, якому сёння ўвечары ехаць у Маскву, каб заўтра ўраніцы сустракацца з першым сакратаром ЦК КПСС таварышам Хрушчовым. Падумай, што табе за гэта будзе”.

І ўсё, больш нічога не сказаў Палкоўнік. Мусібыць, вырашыў, што гэтага дастаткова, каб капітан спалохаўся і першага сакратара кампартыі ЗША разам з канадцамі і ўсімі намі адпусціў.

Капітан савецкай міліцыі глядзеў на маленькага, лядашчага антысаветчыка і прыкідваў, што яму рабіць?.. З аднаго боку — зоркі… пагоны… З іншага — калі б нешта, невядома, што, за ўсім гэтым не стаяла, ды так нахабна абазваць яго, начальніка, былы зэк не мог бы. Гэта маглі быць, канечне, і зэкаўскія панты, але ж быў і амерыканец, сапраўдны амерыканец, і канадцы, няхай адзін з іх белы, а другі чорны. Павагаўшыся, капітан усё ж забаяўся, але не так моцна, каб нас адпусціць, а роўна настолькі, каб дакласціся ў КДБ — і праз дзесяць хвілін па нас прыехалі. Гурыка сярод тых, хто прыехаў, не было…

Плошча Якуба Коласа, былая Камароўская

Дзе тое лета пачатку 60-х?.. Праз трыццаць гадоў, летам напачатку 90-х, у былым міліцэйскім пастарунку на плошчы Якуба Коласа, які стаў рэстаранам “На ростанях”, я сустрэў Асю.

Тварам да акна і спінай да залы яна сядзела адна за сталом — і я пазнаў яе са спіны. На яе плячах гарэў, рассыпаны па белай блузцы, пажар валасоў. Прытушаны, але пажар…

Я падышоў і, баючыся таго, што будзе, калі яна павернецца, павітаўся.

Поделиться с друзьями: