Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без
Шрифт:
Выходзіла, што я данёс. Ці сам на сябе Саламон Майсеевіч… Каб на “Ту-134” у 72 гадзіны ў Ізраіль.
У любым выпадку трэба было неяк Саламону Майсеевічу дапамагаць, пакуль у Маскве адліга. Ці хоць бы паспрабаваць дапамагчы, пакуль і ў Мінску нешта такое…
А як дапамагчы?..
— Давесці трэба, — прыдумаў Косця, — што ён савецкі чалавек і на ўсіх нас па-савецку ўплывае.
А дзе давесці?.. Каму?.. Гурыку?.. А то Гурык не ведае, хто такі Саламон Майсеевіч.
— Калі за Амерыканцам сочаць, а мы ведаем, што за ім сочаць, дык павінны праслухоўваць і тэлефон, і ўсю кватэру, — сказаў Косця. — Збіраемся там — і каму трэба,
Амерыканец жыў на колішняй вуліцы 2-й Міхайлаўскай. Пазней яна называлася Мопраўскай, потым — Калініна, а ці не адразу ж па прыездзе Амерыканца яе перайменавалі ў Камуністычную. Кватэра ягоная была ў доме № 2, набліжэйшым да праспекта Сталіна, які таксама перайменавалі — і ён стаў праспектам Леніна.
Пасля таго, як Амерыканец вярнуўся ў Амерыку і забіў там свайго амерыканскага прэзідэнта, дом, у якім жыў ён у Мінску, знік. Новыя нумары на ім сведчылі, што гэта дом № 4, а дома № 2 нібы й не было. Значыць, ніхто ў ім ніколі жыць не мог. Тым больш амерыканец… Які амерыканец? Скуль узяўся, з пылу зляпіўся?.. Тут Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка, а не Амерыка.
І ўсё ж дом, у якім жыў Амерынец, быў і ёсць, хоць і пад іншым нумарам, і стаіць, як стаяў, амаль насупраць музея Першага з’езда РСДРП. Відаць, нехта доўга думаў, перш чым на вуліцы з такой назвай ды яшчэ ў такім суседстве пасяліць Аліка, амерыканскага камуніста ці шпіёна.
Даводзіць невядома каму, што Саламон Майсеевіч савецкі чалавек і па-савецку на ўсіх уплывае, сабраліся Косця, Ася і я. Па дарозе да нас прыбіўся Ас. Прыйшлі да Амерыканца, а ў яго, апроч Марыны, якая ўжо год была за ім замужам, яшчэ і Палкоўнік. Не маючы свайго жытла, ён жыў то ў сястры каля стадыёна, то ў маці каля радыёзавода — і па-суседску зазіраў да Амерыканца, у якога заўсёды былі аплаткі, якія прыносіла са сваёй шпітальнай аптэкі Марына. “Калёсы”, да якіх прызвычаіўся Палкоўнік у турме. Прыходзіў ён з кавенькай, такою важкаю палкай, і казаў: “Кватэры пераблытаў”.
Як ён мог іх пераблытаць?.. Жылі яны абодва — і Амерыканец, і Палкоўнік — у кватэрах з нумарам 24, але ж на розных вуліцах у розных дамах. Амерыканец з Марынай — на Камуністычнай, а Палкоўнік з сястрой — на Энгельса. І, каб кватэры пераблытаць, трэба, як мінімум, мост цераз Свіслач перайсці…
Ці Палкоўнік не пераходзіў мост?
Між іншым, і кватэра на вуліцы Кісялёва, былой Старажоўскай, дзе жыла маці Палкоўніка, а пасля, калі бальшавічка-бундаўка памерла, жыў ён адзін, мела нумар 24. Гэткае супадзенне павінна, мусібыць, нешта азначаць, але я не ведаю, што яно азначае…
Не думаю, што Палкоўнік завітваў да Амерыканца толькі дзеля “калёсаў”. Ён быў Настаўнік, Гуру, вучні якога ўсё, чаго б ён ні пажадаў, з-пад зямлі б дасталі. Але нічога асаблівага Палкоўнік ніколі не хацеў. Ён нават без “калёсаў” мог абыходзіцца, п’ючы, калі тых не было, віно ці гарэлку. Тады чаго ён да Амерыканца цягаўся?.. Не сачыць жа яго, ворага народа, за чужаземцам прыставілі. Хоць усё можа быць. Вунь прыставілі ж сына паэта Шушкевіча, які ў лагеры сядзеў, Амерыканца рускай мове вучыць. Хіба не дзіўна? Сын беларускага рэпрасаванага паэта, а навучае амерыканца рускай мове…
Нешта заблытваюць гэбісты.
Панастаўлялі жучкоў…
Тое, што дома была Марына, нам ніяк не замінала і не шкодзіла, нават наадварот: тых, на каго Саламон Майсеевіч па-савецку паўплываў, разам з ёй было болей. Але Палкоўнік…
— Мы думалі, што і Саламон Майсеевіч тут, — сказаў Косця, нібы пра
тое, што Саламона Майсеевіча арыштавалі, не чуў і не ведаў, дый не мог чуць і ведаць, бо такога быць не магло, і Палкоўнік зірнуў на яго нядобра. Косця ж доўжыў сваё. — Шкада, што яго няма, ён так узнёсла чытаў даклад таварыша Хрушчова… — а Палкоўнік, як толькі гаспадыня паставіла на стол, сам сабе наліў, бо, мусіць, “калёсаў” гэтым разам Марына не прынесла, выпіў і здзівіўся: “Як чытаў?.. Што?..”— …на XXI з’ездзе Камуністычнай партыі Савецкага Саюза… узнёсла… — доўжыў і міргаў, і пальцамі ў столь і ва ўсе сцены тыркаў Косця… — сённяшняе пакаленне савецкіх людзей будзе жыць пры камунізме!.. — а Палкоўнік закрычаў раптам, не закусіўшы: “Ты што тут разміргаўся! Пальцамі растыкаўся! Саламон генетычны антысаветчык! Як ён чытаць мог такое г…! Ды яшчэ ўзнёсла! Хіба на ўнітазе ўзнёсся… — і хоць Косця ўжо кулакамі трос, вочы ўгору закочваючы, Палкоўнік цішэй, але дагаварыў… — з газетай для натуральных патрэб…”
Косця кінуў кулакі ўніз, расціснуў іх і бязвольна абсеў на крэсле…
Амерыканец, пэўна, таксама ведаў, што і тэлефон ягоны, і кватэру ягоную праслухоўваюць, таму паспрабаваў заспрачацца з Палкоўнікам: “Гэта амерыканскія газеты для натуральных патрэб, не савецкія”, — на што Палкоўнік заявіў, што ўсе газеты ва ўсім свеце выключна для натуральных патрэб, ні для чаго болей, а тут Ася сказала:
— Мой бацька не антысаветчык.
— Антысаветчык! — гнуў сваё Палкоўнік, які, прайшоўшы турму, ведаў, што такое людзі, і не меў да іх ні асаблівай павагі, ні спагады. — Хто ж яшчэ, калі не антысаветчык? Габрэй, значыць, антысаветчык. Быў бы напалову габрэй — быў бы напалову антысаветчык. Як я. А ён цалкам. І нават больш…
Ас, які, не скінуўшы шыняля з генеральскімі пагонамі, стаяў у дзвярах, нібы мы былі ўжо арыштаваныя, і ён на такім высокім, на генеральскім узроўні нас вартаваў, спытаў нечакана:
— Як можа быць больш, калі цалкам? Такога не можа быць.
— Не антысаветчык! — раптам коратка ўсхліпнула Ася. — Гэта ўсё праз мяне, гэта Гурык… старшы лейтэнант Ігар Гурковіч… — цвёрда прагаварыла яна ў столь, праглынуўшы ўсхліп… — калі бацьку яшчэ тады, за Леніна арыштавалі, сказаў, каб я падумала, з кім быць, з ім ці з Косцем, калі хачу…
Косця ўскочыў: “Што?!. Поскудзь!..” — і перакуліў, ускокваючы, шклянку з гарбатай, якую толькі што наліла Марына, на жывот Палкоўніку і ніжэй… а Палкоўнік нават не войкнуў, нібы нічога ў яго там, спераду, не было — гэтак у турме загартаваўся, толькі сказаў, порткі атрасаючы: “У-ё-бі-шча.”
— …каб бацьку адпусцілі і не чапалі, радню чэкіста чапаць не будуць, — здзівіўшыся з вытрымкі Палкоўніка і пасядзеўшы хвіліну з разяўленым ротам, дагаварыла Ася, а Палкоўнік зноў сказаў, хакнуўшы: “Ха! У-ё-бі-шча!” — і незразумела было, пра каго ён, пра Гурыка, ці пра Косцю, які таксама незразумела каго назваў поскуддзю: Гурыка ці Асю?
— Як больш, калі цалкам?.. — паўтарыў сваё пытанне Ас, адзіны, хто, мусіць, не ўцяміў нічога з таго, што зараз тут адбылося, а я стаяў каля акна, гледзячы з якога на павольную раку, на мост цераз яе і парк за ёю, на горад, што падымаўся ўверх ад парку, зайздросціў Аліку, які прыпёрся з Амерыкі — і адразу яму такую кватэру, якой мне ніколі не мець… ды гары яна гарам, кватэра, няхай прападае ўсё, бо, канечне ж, не Ася, а Гурык, увесь у бліскучых пагонах, поскудзь, і, канечне ж, ён, а не Косця “ўё-бі-шча”, толькі як такое можа быць?..