Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без

Некляев Владимир Прокофьевич

Шрифт:

Гадзіны праз дзве недзе ў доме, куды адвялі Палкоўніка, нешта ляснула. Суха, коратка. Нібы ссохлую галіну пераламілі. Ці стрэлілі. І адразу ў той жа дом павялі Амерыканца з канадцамі. Іх лаўка засталася вольная, але ніхто на яе не сеў. Усе, як стаялі, так і працягвалі стаяць каля нашай лаўкі, каля сваёй сцяны.

— Во гады… — збялела шапнуў Віл, які сядзеў паміж мной і Косцем. — Няўжо ў сутарэннях страляюць?..

І тут паклікалі яго. Ён падхапіўся, сеў, зноў падхапіўся, зрабіў крок, хістка пайшоў у другі бок, уздоўж запырскана-чырвонай сцяны… “Ты куды?” — крыкнуў адзін вартавы з ганку, а другі падышоў і павярнуў Віла, падштурхоўваючы прыкладам аўтамата: “Туды

давай, туды…”

— А ён думаў яго тут, у двары… — на дзіва спакойна ўслед Вілу сказаў Косця. — Каб увесь горад чуў.

Я і тады, у тым двары, у тым жаху, і пасля, калі ўсё скончылася, здзіўляўся: чаму Косця, калі яго паклікалі ў дом, у які мы адзін за адным уваходзілі і з якога ніхто не выходзіў, у якім нешта суха ляскала, быццам у ім стралялі, падняўся і пайшоў, нічога не баючыся?.. Я бачыў, што ён не баіцца, нібы наперад ведаючы, што нічога ў тым доме з ім не станецца. Там, у тым двары, я думаў, што ён герой, а пасля, калі мы спрабавалі вылічыць, хто ж нас здаў, хто сярод нас стукач, нічога геройскага пра Косцю я ўжо не думаў. Менавіта таму, што ён адзін сярод нас выглядаў героем. Чаму гэта ён герой, калі мы ўсе перастрашыліся?.. Я падазраваў, успамінаў, сам у сябе пытаўся: ад каго Гурык пра тое, што Саламон Майсеевіч сваяк Леніна, дазнаўся? Калі мы толькі ўтраіх каля яткі былі: Ася, Косця і я?.. Я ўжо не верыў Косцю, як самому сабе, я ўжо ніяк яму не верыў. І не ганарыўся я сяброўствам з ім, і не здаваўся ён мне, як раней, найкруцейшым у Мінску…

Вось што робіць з намі страх.

А пасля Косця зноў здаўся мне героем… Калі адкрылася, што ўсё пра ўсіх нас расказаў і напісаў у тым доме, дзе яго павінны былі расстраляць, але не расстралялі, Палкоўнік. Праз яго мы ўсе аказаліся ў адной, пра якую ведаць не ведалі, падпольнай арганізацыі: антысавецкай групоўцы Кіма Сысоя.

Пазней, калі Палкоўнік, якога пасадзілі за стварэнне антысавецкай групоўкі ягонага імя, адбыў два з паловай гады ў турме ў Піцеры і зноў з’явіўся ў Мінску, я пры першай жа сустрэчы спытаў: чаму?.. Чаму ён расказаў і напісаў усё за нас?.. “Бо наперад ведаў, — адказаў Палкоўнік, — што вы прызнаецеся ва ўсім, чаго яны захочуць. Дык лепей я сам”.

Мяне паклікалі апошнім. Не ў сутарэнні, а ў звычайны пакой з адным акном, нават не закратаваным. Уся мэбля — скураная канапа каля сцяны, шафа ды стол з тэлефонам і графінам з вадой. За сталом, пастукваючы алоўкам па графіне, сядзеў мужчына гадоў трыццаці ў галіфэ і пінжаку вайсковага крою, які моўчкі паказаў мне на крэсла пасярод пакою.

Я сеў, падабраўшы ногі. Выпрастаў іх. Зноў падабраў. Я не ведаў, як на гэтым крэсле пасярод пакою сядзець? Куды глядзець? Сядзеў і глядзеў уніз.

— Я маёр Гагарын, — перастаў пастукваць, як з аўтамата пастрэльваць, мужчына ў галіфэ, і я сказаў таропка, каб спадабацца яму і паказаць, што на ўсё гатовы:

— Я ведаю.

Я чакаў, што гэта яму спадабаецца, а яму не спадабалася.

— Скуль ты ведаеш?..

Я не ведаў, як адказаць, скуль я гэта ведаю, каб не падставіць Саламона Майсеевіча, які напісаў на маёра Гагарына скаргу ў партыйны ЦК. Таму маўчаў, пакутліва ўсведамляючы, што спёкся ўжо на самым першым пытанні і цяпер мне не выкруціцца, а маёр не стаў чакаць, калі я што-небудзь для выкруткі прыдумаю.

— А ты ведаеш, што па апошнім законе, прынятым Вярхоўным Саветам у сувязі з абвастрэннем адносін з Амерыкай, ворагі СССР расстрэльваюцца без суда і следства! І ты пад гэты закон падпадаеш, ведаеш?!.

Скуль мне было такое ведаць?.. Як і тое, што такога закона няма і быць не можа. Я нават не ведаў, што законы прымаюцца Вярхоўным Саветам, і калі маёр Гагарын са словамі “і

ты пад гэты закон падпадаеш!” узняўся над сталом, нада мною, над шафай, над усім светам — я страціў прытомнасць. Паплыў на тым крэсле, седзячы на якім не ведаў, куды глядзець і куды ногі падзець…

З таго моманту праз таго маёра Гагарына я ўжо не марыў, як марыў раней, калі сапраўдны Гагарын у космас узляцеў, стаць касманаўтам.

Ачуняў я лежачы на канапе. Маёр Гагарын стаяў нада мной і пырскаў вадой, якая здалася мне прысоленай.

— З цябе вораг, як з гаўна куля, — пырснуў апошні раз маёр, і я сказаў, спрабуючы сесці і пачуваючы сябе так, нібы на спатканні з Асяй у порткі нарабіў:

— Я не вораг.

Мне здалося, што маёр паглядзеў на мае калашыны: ці не абмачыўся?..

— Дык я й кажу… Які з цябе вораг? Нармальны савецкі чалавек. Ты ж савецкі?

Я заківаў, выціраючыся:

— Савецкі.

— Вось бачыш, савецкі. Камсамолец. Сценгазетавец. Ты ж у сценгазету пішаш?

— Пішу. Вершы.

— Вось бачыш, пішаш. — Ён паставіў графін на стол. — Дык і нам напішы. Вершаў не трэба, прозу… Дакументальную, без ніякіх там мастацкіх вобразаў, прозу: я сустрэўся з тым і тым, той і той сказалі мне тое і тое… Ды не ўставай, можаш на канапе сядзець. А для пачатку скажы: радыёстанцыю ты ўжо змайстраваў?..

Я сабраўся ўстаць з канапы і, стоячы, з гонарам сказаць, што я не стукач, ніякай прозы для іх пісаць не буду — і не ўстаў. Бо пад ложкам маім у інтэрнаце электратэхнікума сувязі ляжаў заплечнік, а ў ім — радыёдэталі, пра якія ніхто, апроч мяне, не ведаў. Апроч мяне і, як аказалася, маёра Гагарына.

Скуль ён ведае?.. Пад ложак мой ён не лазіў. Выходзіць, нехта піша ў інтэрнаце электратэхнікума сувязі дакументальную прозу?..

Адмаўляцца, казаць, што нічога не майструю і майстраваць не збіраюся, было б па-дурному. Тым больш, што радыёспорт — не злачынства. Ім у той час займаліся ўсе, хто хацеў. Дакладней, хто мог. У тым ліку афіцэры з тэхнічных аддзелаў КДБ, якія, па-першае, у большасці сваёй ведалі ангельскую мову, і якім, па-другое, радыёстанцыю займець было найпрасцей.

— Не сабраў. Дэталяў не хапае.

— Якіх?..

Ён спытаў так, нібы готовы быў дапамагчы мне дастаць тыя дэталі.

— Пары лямпаў… Кандэнсатараў… Шмат яшчэ чаго…

— Шмат яшчэ чаго… — паўтарыў маёр, сядаючы. — А дзе ты бярэш тыя лямпы з кандэнсатарамі? Купляеш?..

Ён не збіраўся мне дапамагаць… Ён збіраўся мяне пасадзіць, бо тыя лямпы з кандэнсатарамі нідзе ў тыя часы нельга было купіць. Ва ўсякім разе, у краме, дзе прадавалася хіба што драбяза для радыёлаў. А дэталі для радыёстанцыі можна было толькі дастаць. Наўпрост кажучы, скрасці. Ці самому, ці папрасіць каго-небудзь, каб скраў. Сцягнуў у войску, выламаўшы іх з “Крата” або з “Р-250”, ці вынес з завода.

Не ведаючы, што адказаць, я тужліва глядзеў на маёра. Яму дастаткова было паслаць некага ў інтэрнат, каб знайшлі пад маім ложкам радыёдэталі, і мяне пасадзяць. Як звычайнага злодзея, без ніякай палітыкі.

Зрабіўшы паўзу, каб я ўсё асэнсаваў і ўцяміў, што са мной можа быць, маёр дапытаў:

— Амерыканец табе іх з завода цягае?

Ён даваў мне накірунак… Шлях, па якім я магу выбрацца з кута, у які ён мяне загнаў. І, магчыма, я рушыў бы гэтым шляхам, але Амерыканец не цягаў для мяне дэталі. Ні для каго не цягаў. Віл аднойчы папрасіў яго прынесці шкалу настройкі, кавалачак звычайнай пластмасы, на што Алік адказаў, што ён не рускі, каб красці. Нібы ў ягонай у Амерыцы не крадуць, а толькі кіно пра гэта паказваюць. І сам ён не п’е аплаткі, якія крадзе для яго ў шпітальнай аптэцы Марына.

Поделиться с друзьями: