Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Ахвяры

Шамякін Іван Пятровіч

Шрифт:

— Расстраляць — не дам! — глуха прагудзеў Каралёў. — Не знаю, што рабіць, але не дам. Застрэліць яго трэба было, калі ён з аўтаматам быў. Дарэмна ўзялі…

— Вядзі, Андрэевіч, — зморана сказаў Ман і, устрапянуўшыся, строга: — Але глядзі… Будзеш мець справу з ім, — кіўнуў на Золатава.

— Вучоны, — буркнуў падрыўнік, узяўшы палоннага за каўнер і павярнуўшы да дзвярэй. — Ідзі, ваяка…

Калі яны выйшлі, Золатаў даў волю сваім пачуццям. Ніколі так не зрываўся, ніколі не быў у такім гневе. Выхапіў пісталет. Стрэліў у сцяну. Спалоханы Брагінскі адняў у яго пісталет, кінуў на тапчан. Хацеў па-добраму абняць.

— Якаў Міхайлавіч, Якаў Міхайлавіч…

Але Золатаў так піхнуў свайго хворага любімца, што той ледзьве

не зваліўся на печку, мог бы апякчыся. Такіх слоў ад яго не чулі — самыя прасоленыя мацюкі.

— Гаўнюкі вы, а не партызаны! Бабы! Саплякі! Вам не ваяваць, а курэй мацаць! У бірулькі гуляць! Вам запішуць вашы подзвігі!

Малады гарачы Кіпень абурыўся.

— А што вам не падабаецца? I хто вы такі? Прыблуда!

— Я — прыблуда? Я? Шчанюк саплівы! Нос вытры!

Ман па-камандзірску злосна крыкнуў невядома каму:

— Спыніце, чорт вазьмі! Разышліся! — і да Ігара — памяркоўна, з грубым жартам: — Хадзем адальем. Мача ад галавы адхлыне. I каравулы праверым.

Але і на дварэ Ігар не адразу супакоіўся.

— Мяснік! Сволач!

Ман ціха сказаў:

— Ён хворы чалавек, Ігарок. Бойся яго.

На другі дзень Золатаў пра палоннага ні слова, быццам ягоны лёс начальніка асобага аддзела не датычыўся. Паводзіў сябе так, як бы і не было начной сутычкі.

А венгр уцёк. Праз два дні. Не ад Каралёва, на шчасце. Ад Баслычыхі. Далі ёй палоннага памагчы на кухні, а яна яго, разява, паслала па дровы за стайню і спахапілася, можа, праз паўгадзіны.

Ман падазраваў, што здарылася гэта невыпадкова, і разгневаўся, учыніў жанчыне разнос, прабіраў па-партызанску, не саромеючыся самых салёных слоў. Матрона плакала, кляла венгра: ягня, а спрыту хапіла.

А Золатаў слухаў, маўчаў — ні слова, і пераможна пасміхаўся.

З Матронай ён пагаварыў пасля, дні праз тры.

Камандзір не сумняваўся, што пра эпізод гэты ён радзіруе ў Маскву, і напэўна не ў партызанскі штаб. А ў тым другім штабе нічога не забываюць.

5

«Варыянт чатыры» — выхад у лес абаім, разам, з Цнянкі, ад Аксанінага дзядзькі. Быў яшчэ варыянт з сумесным выхадам з Бараўлян, ад Стасевага швагра, гэта ў тым выпадку, калі яна першая пачуе бяду і падасць сігнал, што ніводнаму з іх заставацца ў горадзе нельга. Не, гэта ўжо, бадай, «варыянт пяты», апошні, калі трэба было выходзіць паасобку — як хто здолее. За без малога паўтара года жыцця ў акупацыі, не існавання — барацьбы, яны шмат чаму навучыліся, ведалі ворага, сваіх сяброў, памочнікаў і акрамя агульных правілаў канспірацыі, выпрацавалі свае, на якія спадзяваліся, бадай, больш. Праўда, ідэю сігналаў адзін аднаму — па якім варыянце дзейнічаць — даў Піліп Станулін. Але нават яму яны не адкрылі ўсе свае варыянты. Выхад праз Цнянку Піліп ведаў, праз Бараўляны — не. Дзядзьку ні ў якія іншыя дзеянні не ўцягвалі, добра мець чалавека, на якога не падае і цень падазрэння. Але ў тайну сваю Аксана яго пасвяціла. Горш было з цёткай — хваравіта баязлівая яна была. Да Аксаніных паходаў адносілася насцярожана. Аднак медыкаменты партызаны забіралі ад іх, ад дзядзькі і цёткі.

Аксана ішла ў лес толькі з асобымі данясеннямі ці з людзьмі, якіх тэрмінова патрабавалася пераправіць, але з людзьмі яна да дзядзькі не заходзіла.

Швагру свайму Шабовіч, зрэдку наведваючыся, і знаку не даў, хто ён і чым займаецца, акрамя сваёй фельчарскай работы, толькі Аксану звазіў, пазнаёміў з яго сям’ёй. Але і Стась і Аксана верылі, што ў небяспечную хвіліну гэты з выгляду пануры мнагадзетны чалавек не падвядзе, выручыць з любой бяды. А вера яму ад улад асобая — дарожны майстра. Піліп, між іншым, пачуўшы пра такога швагра, загарэўся жаданнем зрабіць яго разведчыкам: чалавек, які з дня ў дзень на дарозе, нямала бачыць і мае магчымасць прасачыць, падлічыць, хто куды едзе, што павезлі з горада і ў горад. Але Стась катэгарычна адмовіўся

ўцягваць бацьку чацвярых дзяцей у небяспечную гульюо.

«Варыянт», прынесены Чурсіхай, незвычайнай пасыльной — Аксана ведала яе, вадзіў Стась знаёміцца з «сябрамі», — не спалохаў, бадай, узрадаваў: жывы Стась, здаровы. Яна зранку пачула пра начную аблаву, колькі чалавек урачоў і сясцёр не з’явіліся на работу, і ўсю раніцу жыла ў трывозе і напружанасці, невядомасць для яе — самае пакутлівае. Яна любіла яснасць і пэўнасць.

Увогуле Аксана чалавек супярэчлівы. На здзіўленне ўсім, нават бацькам, спакойная, да адчайнасці смелая, з маленства завадатаркай была, але плаксівая. Не ад болю плакала — ад чуллівасці. У маленстве плакала над замерзлай птушкай, над прыдушаным кацянём, рыдала на пахаваннях чужых людзей, магла заплакаць над пакутамі хворага, што доўга перашкаджала ёй стаць хірургічнай сястрой, хоць аперацыйная была яе марай з медтэхнікума. Стась неаднойчы кпіў з яе плаксівасці.

Варыянт радаваў яшчэ і таму, што выйдуць яны са Стасем, не адна, а пасля іх збліжэння, іх жаніцьбы яна неаднойчы ўпотай марыла знайсці бяспечны для ўсіх выпадак перабрацца ў лес, у партызаны.

Цяжкімі былі зборы. Пераважала жаночае: хацелася як можна больш забраць нажытага дабра — бялізны сваёй, кофтачак, спадніц. Але як забраць? Трэба разумная мера; выменьваць ідуць з немалымі мяшкамі, і варта на дарогах да гэтага прывыкла, а на выхадзе з горада па Даўгінаўскім тракце яе ведаюць усе паліцаі. Аднак акрамя адзення нельга не ўзяць лякарства, бінты, якія прыпасла; не з голымі ж рукамі прыйсці ў атрад. Мера, нарэшце, трэба не толькі для аховы, але і для гаспадыні — каб не здагадалася, што кватарантка ўцякае. Гаспадыня — чалавек надзейны, але, калі яе прыціснуць нават у паліцыі, яна, узлаваная, што кватарантка знікла так падманна, можа нагаварыць лішняе — здагадкі свае выкажа пра людзей, якія наведваліся да яе, Аксаны. А многія з гэтых людзей застаюцца ў горадзе, ды некаторыя і да спраў іх падпольных не маюць ніякага дачынення — невінаватыя, а могуць пацярпець.

Бінты, у іх — шпрыцы, таблеткі і лепшае адзенне Аксана накруціла на сваю тонкую талію, ад чаго прыметна папаўнела, а таму мусіла апрануць не цеснаватае паліто, а летні прасторны плашч, урэшце, цяпер гэта нікога не здзіўляе — людзі адзетыя хто ў што, асабліва ў гэты пераходны асенні час, — і ў плашчах і ў кажухах.

Ад таго, што яна мусіць пакрыўдзіць старую добрую жанчыну, Аксана нават паплакала трохі. Чакала, калі гаспадыня адлучыцца некуды, яна не была дамаседкай — збірала навіны, як пчала нектар. Заглянула да яе. I пераканалася, што непаседлівая Ядвіга Паўлаўна нікуды не збіраецца — у яе забалела паясніца, папрасіла Аксану нацерці яе настойкай наготак.

А час ляцеў, кароткі шэры дзень схіляўся на вечар. А трэба ж не толькі выйсці з горада, пакуль відна, але і дайсці да Цнянкі, зрэдку па дарозе ідуць нямецкія машыны, у цемры могуць спыніць адзінокую жанчыну і, калі хочаш, пацікавіцца і мяшком, як і ёй.

Не ведаючы, як выйсці з дому, Аксана расплакалася перад гаспадыняй зусім шчыра. Напалохала старую.

— Што з табой, Аксаначка, дзіцятка маё? З работы прагналі?

— Не.

— Стась? Арыштавалі?

— Не. За што яго арыштуюць? — калі дала волю слязам, не мела ніякай версіі для апраўдання іх, а тут раптам версія з’явілася, самая праўдападобная: — Дзядзька на міне падарваўся.

I як усё стала проста — і збірацца, надзяваць тры кофтачкі і… развітвацца.

Горад Аксане не спадабаўся: многа паліцыі і немцаў на вуліцах, больш, чым раніцою, і ўсе падазрона аглядваюць кожнага прахожага. Яе спынялі двойчы, правяралі аўсвайс. Але мяшка не трэслі, у горадзе і раней гэта рабілі рэдка, часцей — не тады, калі людзі ішлі на мену, а калі вярталіся з вёсак — тады лезлі ў мяшкі, забіралі «калым», самагонку і сала забіралі падчыстую. Тых, хто выходзіў з горада, абшуквалі на кантрольных пастах.

Поделиться с друзьями: