Ахвяры
Шрифт:
Але на мяшок Аксаны спачатку не звярнула ўвагі. Баязлівым шэптам, але зусім свядома расказвала пра прычыну свайго страху.
— Аксаначка, што яны робяць, ірады? Што робяць! Дзяцей расстралялі перад праўленнем. Пазаўчора. Васілька, хрэснічка майго, і Косцю. Вінтоўкі ў іх знайшлі. I гранаты. Навошта ім тыя гранаты? Дзеці ж горкія, па чатырнаццаць гадкоў. Кажуць, яны сабралі гэтае аружжа яшчэ летась. Чаму не здалі? Чаму не здалі? А ты ўсё носіш, усё носіш. Не пушчу. Нікуды не пушчу! Дзе твой мяшок? Дзе? Схавалі? Знюхаліся? Аксаначка! На каго ты спадзяешся? На ветрагона гэтага, Ігната? Ды ён жа, можа, і вінаваты ў смерці дзяцей. Па вачах яго зладзейскіх бачу, што знаў пра аружжа тое, на
У цяжкай неззычайнай сітуацыі апынулася Аксана. Слухала цётку, углыблялася ў яе страх, разумела яго, а думала пра Стася.
Сканаў кароткі асенні дзень. Наступала ноч, чорная і глухая, як вугальная шахта. А Стася няма. Спадзявалася, што ён ужо чакае яе. Калі і як ён выйдзе з Мінска? Ці знойдзе ён у такой цемры хату? Быў жа тут толькі двойчы, улетку, калі пад акном шумелі клёны. Ён звярнуў яе ўвагу, што лёгка знойдзе хату ўначы — па клёнах. У яго надзвычайная здольнасць — на ўсялякі выпадак усё запамінаць: людзей, дарогі, сцежкі, дрэвы. Але цяпер клёны голыя і падобныя на ўсе іншыя дрэвы, у такой цемры наўрад ці можна іх пазнаць. Забрыдзе ў чужую хату. Добра, калі да сумленнага чалавека. А калі да паліцая! Трэба папільнаваць на двары, яна пачуе і пазнае яго крокі і не дасць яму блукаць па вуліцы ці па гародах. Але цётка не адпускала яе ад сябе. Выйшла нібыта па патрэбе — цётка следам, у сенцах стаяла, слухала. То шыпела, што Аксана смерць прывяла, адхрышчвалася, як ад прывіду, то не адступала ні на крок, быццам толькі гшяменніца магла засцерагчы яе ад смерці.
Сказала ўпотай дзядзьку, што павінен прыйсці Стась, што ў горадзе яны заставацца не могуць, пойдуць у лес. Зразумеў Ігнат усю незвычайнасць становішча, трывогу Аксаніну, згадзіўся падкаравуліць, сустрэць чалавека, які будзе чаўкаць па гразі — на вуліцы ці на гародзе.
Сказаў, што хоча схадзіць да суседа. Куды там — слухаць Алена не хацела.
— Нікуды не пойдзеш, сядзі дома!
Аксана пагразіла, што раз цётка так баіцца яе, то не застанецца яна ў іх хаце, лепей у суседзяў пераначуе. Пасля не рада была, што сказала так, бо заліла яе цётка слязамі, абсыпала папрокамі. Каб у дзядзькі больш мужчынскасці было, каб ён умеў па-гаспадарску цыкнуць. Дык і дзядзька разгубіўся, хоць разумеў Аксану, яе трывогу за мужа. Тады Аксана пусціла ў ход тую ж зброю, што і цётка, — слёзы, разрыдалася, ажно захлынулася.
I Алена змяніла гнеў, злосць на мацярынскую ласку.
— Што з табой, Аксаначка? Па кім ты плачаш так?
— Стась…
— Што Стась? Што з ім?
— Стася шукаюць. Ён можа прыйсці сюды. А як ён знойдзе хату? Колькі разоў ён тут быў… улетку…
I зноў паварот, зноў слёзы і праклёны.
— Гэта ён… ён уцягнуў цябе. Ён вядзе цябе на шыбеніцу. Знайшла мужа! Бандыт, галаварэз, антыхрыст! Каб нагі яго не было ў маёй хаце, у маім двары! Згінь, нячыстая сіла!
Абразілася Аксана за мужа свайго. Хворая-хворая цётка, але нельга патураць ёй, помніла лекцыі па псіхіятрыі, што ўтаймаваць такога чалавека можна часам жорсткасцю.
— Ну, калі ён бандыт, то і я бандытка. Ён антыхрыст, дык і я такая ж. Мы неразлучныя, цётка Алёна. I ніхто нас не разлучыць, сам бог, калі ён ёсць. Яго нагі не будзе ў вашай хаце — і маёй не будзе.
Дзіўна: новы прыліў любові да пляменніцы не выплеснуў. Села Алена на ўслон пад абразамі і — як анямела, здранцвела.
Аксана надзела свой плашч і адно толькі пачула ўслед.
— Дзіцятка пашкадуй, бязбожніца, — убачыла цётка яе паўнату, паверыла ў яе цяжарнасць, абнімаючы, не намацала тугіх бінтоў.
Паклікала Аксана дзядзьку, каб паказаў, дзе мяшок схаваў. Блізка — у стажку сена.
— Ашалела
баба. Ашалела. Гэта хвароба, Аксаначка, хвароба, — даруй ты ёй. Пасля расстрэлу хлопцаў памуціўся яе розум. А чаго ёй баяцца, скажы, калі ласка? Мільёны маладзейшых паміраюць на фронце, пад бамбёжкамі, ад голаду. Вунь немцы пішуць, што абкружаны імі Ленінград дажывае свае дні, бо людзі ўсе памерлі, войска адно трымаецца, бо воінаў кеяк кармілі, з самалётаў харч кідалі. А што ёй? Ну, памрэш ты, то памры, як людзі. Куды ты пойдзеш?— Пайду ў канец вёскі. Стась будзе ісці з горада.
— Не хадзі. Стань вунь за адрынай у завулку. Там ты будзеш чуць і вуліцу і горад. Бачыш, падмарожвае. Пасвятлела ад зорак. Але да кожнага сустрэчнага не кідайся, а то нарвешся на гада.
— Я крокі яго пазнаю.
— Так здаецца табе. Кажух вынесці?
— Не трэба.
— Лёгка ты апранута.
— На мне тры кофтачкі.
— Пайду, можа, угаманю Алену. Бываюць у яе прасвятленні… Яна ж любіць цябе. Ад любові гэта, Аксанка.
— Я знаю. Але Стась у хату не пойдзе. Што ён падумае, калі яна…
— Растлумач яму.
— Начаваць мы ўсё роўна не будзем. Толькі б сустрэцца нам. Супакойце яе, скажыце, што мы пайшлі.
— Думаеш, ад гэтага ёй будзе лягчэй? Калі чалавек хворы… Але, можа, супакою, валяр’янкай напаю. Каб яна магла заснуць, трэція суткі вачэй не звяла. Я буду выходзіць, кашляць. Ты не бойся.
— Я не баюся. Я аднаго баюся…
— Не бойся, прыйдзе. Стась такі хлопец, што ўсіх іх абвядзе вакол пальца. Тут у гарожы лаз ёсць у завулак. Калі што — у лаз і… у прыбіральню. У хлеў не лезь; козы там, крык узнімуць. Дурная скаціна. Гэта табе не карова.
Скрыпнулі дзверы ў сенцы. Слухала Алена іх шэпт.
— Ідзіце, дзядзька. Дзякую вам.
— Няхай бог беражэ вас. Не быў я набожным чалавекам. Але цяпер часам малюся разам з Алёнай. Будзе мне бяды з ёй. Вылечваецца гэта хоць, Аксаначка?
— Знайдзіце бабку.
— Ты верыш у бабак?
— Я веру ва ўсё тое, што можа памагчы чалавеку.
— Трымайся, дачка.
— За што трымацца?
— За жыццё трымайся. Цяпер толькі б выжыць.
— За жыццё я трымаюся.
— Салдацкі ў цябе лёс будзе.
— I быў. А які ж цяпер яшчэ можа быць, калі трэба бараніць дзяцей, якіх страляюць?
— Прымі маё блаславенне.
— Дзякую. Скажыце цётцы, што пайшла я без крыўды. Не, цяпер не кажыце, пасля.
Асцярожна скрыпнулі і наружныя дзверы.
Ігнат кашлянуў: тут я. Прашаптаў:
— А ты замры пакуль што.
Але ў хуткім часе выйшлі яны абодва, шукалі яе. Цётка прыглушана плакала. Дзядзька ўздыхаў.
— Няма яе. Пайшла наша Аксаначка. На ноч гледзячы. Во да чаго твая дурнота давяла. Во.
Не выдаў яе. Пасля з’явіўся сам.
— Бяда, ды і годзе. Месца не знаходзіць. Карае сябе. Можа, вернешся?
— Не.
— Я пакаравулю за цябе.
— Не. Я сама.
Так Аксана прастаяла паўночы на сваім незвычайным пасту. У ранні вечар праходзілі блізка ці далёка людзі. Шоргалі ботамі па мёрзлай корцы зямлі. I яна да болю ў вушах услухоўвалася ў крокі, каб пазнаць яго. А потым хутка пагаслі бледныя агеньчыкі ў вокнах — газнічкі і лучына на прыпечках. Падалі зоркі. Брахалі два ахрыплыя сабакі, адзін — недзе далёка, другі блізка, у суседнім двары. Падобна, што толькі два іх і засталося на ўсё сяло. Магчыма, першы чуў яе і трывожыўся, сабакі таксама жывуць пад страхам. А можа, блукае па гародах Стась, шукае хаты? Шорхае на сцежках, пратоптаных паўз хаты. А мяккая пасля выбранай бульбы зямля на гародах не вельмі яшчэ зацвярдзела. Ды і хадзіць ён будзе не так, як вяскоўцы, — амаль усе ўподбег, нават стары з кіем прайшоў даволі паспешліва, то гулка, то мякка стукаючы кіем.