Ахвяры
Шрифт:
— Чаму ж ты не сказаў ім? Пра Ткача сказаў.
— Чаму я не сказаў? Чорт яго ведае. Язык не паварушыўся назваць тваё прозвішча. Як заваражыў ты… Калі яны даведаюцца толькі пра гэта, што ў карты гуляў і ты, мала мне не будзе. Навойчык — сволач, ён бацьку роднага ўтопіць, каб выслужыцца. Але хрэн з ім — кулі не мінуеш, не ад немцаў, дык ад вашых. Ты хоць сваім скажы, што я памог.
— Скажу.
— Усім не скажаш, — сумна заключыў Чурсік.
— Гэта праўда, усім не скажаш, — згадзіўся Шабовіч, ён нарэшце паверыў, што паліцай не намераны выдаваць яго, і змяніў тон размовы — з гулліва-харобрага на паважліва-сур’ёзны. — А што я табе параіў? Забыўся? Кідай паліцыю.
— Лёгка табе сказаць — кідай.
— Колькі б табе заплацілі за мяне?
— Адкуль я знаю.
— А
— Хопіць табе сцёбаць мяне па вачах.
— Хопіць дык хопіць. Ідзі пагуляй у карты з самім сабой, а я пасплю.
— Кладзіся на ложак, толькі боты скінь, наляпіў гразішчы.
Не, боты Шабовіч не зняў і на ложак не лёг. Зноў сеў на падлогу, прытуліўшыся плячамі да дзвярэй, хто захоча зайсці — штурхне яго. Але сам адляцеў. Доўга думаў пра тое, што ў СД ёсць іх фатаграфіі. Выходзіць, іх засеклі даўно. Толькі іх з Ткачуком? Ці ўсю групу? Дзе? Калі? На чым? I чаму не адразу ўзялі? Радаваўся, што Іван таксама ўцёк, раз шукаюць яго.
Пачуў голас Хрысціны. Услухаўся.
— Ну, што ён? — амаль шэптам спытала за дзвярамі гаспадыня.
— Ды маўчы ты — была тут гісторыя. Двое нашых заваліліся: чаму я на службу не з’явіўся?
— Гэтага я і баялася.
— Толькі пасля іх ён, здаецца, паверыў, што я не думаю яго выдаваць.
— Раніцай ты нядобры… кідаўся… пісталет шукаў…
— Кінешся. Даведаюцца, дзе ён хаваўся, — верная шыбеніца.
— Ой, Вася! Цішэй ты.
— Спіць ён.
— Спіць?
— А чаму ты здзіўляешся? Такую ноч перажыў. На холадзе. Забраўся ў куток… і хоць голымі рукамі бяры яго.
— I гэтага я баялася — што ты захочаш узяць яго.
— Ды ну яго к чорту. Не чапай ліха, пакуль ціха.
— К чорту ты мяне не пасылай, — Шабовіч ціха адчыніў дзверы. — Я твой госць.
— Даў бог госця.
— Толькі бог і мог даць такога госця, — і засмяяўся, пасля нецярпліва да Хрысціны: — Ну, што там? Перадала?
— Перадала.
— Што Аксана?
— Пакінула бальніцу. Са мной да Горкага ішла.
Шабовіч зноў засмяяўся. Стала яму лёгка-лёгка, так бывае ад вялікага шчасця. А хіба не шчасце? Аксана на волі. Атрымала яго сігнал. А што трэба яшчэ? Дачакацца ночы — і ў лес.
— Пыталася, дзе я бачыў цябе?
— Не. Толькі сказала: на працу не з’явіліся Голіч, Войтаў, Сяргеева.
Ясна: іх арыштавалі, двух урачоў і сястру. Але з гэтымі ён не быў звязаны.
— Ты не сказала, дзе я?
— Буду я ставіць пад тапор сваю сям’ю! Узялі б яе…
— Аксана — не той чалавек, каб выдаць.
— Божа! Што вы робіце з намі? Навошта вы нас уцягваеце? Няма ў вас літасці.
— А ў каго яна ёсць? У фашыстаў? — узлаваўся Шабовіч. — Мы робім! Мы пачалі вайну? Хочаш адсядзецца за спіной у паліцэйскага? А вось яна не хоча сядзець ні за чыёй спіной! Яна раней за ўсіх нас пачала барацьбу. У першыя ж дні акупацыі ратавала чырвонаармейцаў.
Хрысціну спалохала яго злосць.
— Хіба я проціў яе сказала? Не мы, бабы, пачыналі войны, а ўсё гора на нашы галовы, на нашы плечы. Не вылазь ты хоць да вокнаў. Пасядзі ў спальні. А я абед прыгатую. Можа, ніякага чорта больш не прынясе!
— У спальні я не буду сядзець. Дай мне кажух.
— Ты хочаш пайсці? — вырвалася адначасова ў абаіх адкрыта здзіўленае і стоена ўзрадаванае пытанне.
— Ты забыўся, што твае дружкі казалі? Не, удзень мне высоўвацца нельга. Забяруся на гарышча і пасплю. Каб малая не бачыла.
— Во гэта праўда. Во гэта праўда, — радасна замітусіўся Чурсік. — Дык і кажух там, у каморы. Адтуль і лесвіца на гарышча.
— Не ўздумайце жартаваць, — папярэдзіў перш-наперш гаспадыню, — бо тады я і праўда стану бязлітасны.
Хрысціна балюча перасмыкнулася.
— Стасік, пабойся бога! Хіба ж мы не людзі?
Дзіўна, загарнуўшы сябе ў доўгі кажух, накрыўшы ногі старымі лахманамі — боты разуў, бо мокрыя, — уладзіўшыся так, што толькі спі, заснуць ён вельмі доўга не мог.
Калі раней усе думкі былі скіраваны на тое, як уратаваць Аксану і разам з ёй выйсці з горада, — яна ведае дарогу да партызан, — то цяпер ён думаў пра ўсю сваю групу. Безумоўна, разгром арганізацыі татальны, калі нават дзейнасць Івана ім вядома, Іван
выконваў ролю сувязнога паміж рознымі групамі, гэтулькі сувязяў меў хіба толькі Станулін. Івана не знойдзеш. I Стануліна таксама. У яго, Шабовіча, не засталося і ніткі, каб выйсці на адказнага чалавека з гарадской арганізацыі, каб інфармаваць яго пра арышты, пра бяспалага, і атрымаць указанні, як дзейнічаць далей. Можа, кагосьці трэба ліквідаваць, таго ж бяспалага. Але адзін ён не воін у такі час. А Аксану абавязкова трэба вывесці з-пад удару. Яе не маглі не выявіць. Гэта Стануліну здавалася, што яна выконвае толькі адно — сувязь з атрадам. Не ўнікаў ён, чым яна займалася ў бальніцы, колькі падрыхтавала камандзіраў і чырвонаармейцаў да змагання ў падполлі, у партызанах. Але не ён выведзе Аксану, яна выведзе яго. I толькі адтуль, з атрада Дзядзюлі ён зможа выйсці на іншыя яўкі, на іншых людзей.Падпольшчык павінен умець дзейнічаць адзін, самастойна, самадзейна. Але ў сітуацыі, калі СД размножыла яго фатаграфію, самае правільнае — знікнуць з горада на пэўны час. Гэта не ўцёкі — тактычнае адступленне, каб перагрупавацца.
Урэшце, калі ён робіць гэта дзеля Аксаны, то таксама мае апраўданне. Уратаваць ад смерці жонку, будучую маці — першы чалавечы абавязак.
Дзіўна, чаму ў медтэхнікуме ён не звяртаў на яе ўвагу? Выходзіць, трэба было заглянуць у вочы смерці, каб разгледзець адно аднаго. Душэўнае збліжэнне іх адбывалася паступова. Можа, нейкім унутраным чуццём зразумелі, што робяць адну вельмі небяспечную справу, толькі кіраўнікі ў іх розныя: у яе свой — доктар Голіч, у яго — інжынер завода Станулін, якога ў групе ласкава называлі Станулік. Ён, Шабовіч, першы сказаў Аксане, што ведае пра яе справы, і прызнаўся, што сам вядзе такую ж барацьбу, толькі не ў бальніцы. I яна паверыла яму і прызналася, што ў бальніцы яе адхіляюць ад небяспечных спраў, у яе ёсць больш тайнае заданне — сувязь з партызанскім атрадам. Тады ён звёў яе са Станулікам, разумеючы, што ў падпольнай арганізацыі гэта фігура больш значная, чым Голіч ці Сяргеева, дзейнасць якіх ён таксама «расшыфраваў». А пасля — сорамна прызнацца — прыраўнаваў да Голіча, калі аднойчы захапіў яго на кватэры ў Аксаны позна ўвечары. Але гэтае ганебнае пачуццё, якое ён адганяў, трымалася нядоўга.
Ім належала выканаць прысуд здрадніку — следчаму паліцэйскай управы Струкачу, былому работніку НКУС. Многа ён ведаў, меў залішне тонкі нюх, следчы талент і на допытах арыштаваных прымяняў такія катаванні, якіх і СД не рабіла.
Акцыя была небяспечная. Ішлі, можна лічыць, на смерць. Таму па ўзаемнай згодзе адкрыліся Аксане — каб у выпадку і ўдачы, трагічнай для іх, і няўдачы з такім жа фіналам яна перадала партызанам. Не дзеля іх славы — дзеля той інфармацыі, якая можа натхніць іншых на такія ж самаахвярныя ўчынкі.
Здалося яму, Шабовічу, што Аксана спалохалася.
«Хлопчыкі, ці ўсё вы прадумалі? Раскажыце пра свій план».
Але пра план Станулік не стаў расказваць, толькі даў адрас і пароль, каму тут, у горадзе, перадаць аб поспеху ці правале іх акцыі, калі самі яны не вернуцца; ён быў бязлітасна спакойны да магчымай смерці сваёй.
Яны выйшлі ў сенцы, калі Аксана вярнула яго:
«Стась, на хвілідачку».
Прывяла ў пакой, дзе гарэла лямпа, узяла за рукі, пільна ўгледзелася ў вочы і сказала проста і шчыра:
«Стасік, голубе мой, ведай: я люблю цябе. Акрамя маці, больш дарагога чалавека ў мяне няма. Як я люблю цябе! Помні пра гэта, помні!»
Узяла ў далоні яго галаву і тройчы пацалавала ў вусны, без страсці закаханай — з матчынай ласкавасцю.
Гэта было мінулай вясной. Улетку яны сталі мужам і жонкай. У акупацыйны загс не пайшлі. Але калегам сваім, урачам, сёстрам, сказалі. Сябры наладзілі імправізаванае вяселле — у бальніцы, пасля работы. Галоўурач спірту трохі выдаў з такой нагоды. А на другі дзень, у нядзелю, да іх прыйшоў Піліп Станулін і прынёс — дзе мог узяць? — ладны цялячы кумпяк. I Аксана з гаспадыняй, у якой кватаравала, насмажылі такой смакаты, ад успаміну пра якую заўсёды цяклі слінкі пасля галоднага пайка. Але той жа добры Станулін — не параіў — загадаў ім жыць паасобна, у розных канцах горада. Цяпер толькі Стась зразумеў, як гэта прадбачліва. Гэта ратавала Аксану.