Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Ахвяры

Шамякін Іван Пятровіч

Шрифт:

Спыніліся каля зямлянкі разведчыкаў, бо адтуль гучаў смех. Вясёлы смех. Гэта як пацвярджала яго, Золатава, думку пра людзей: вось яны якія, а Ман так верыў у іх адданасць.

Цікава, чаму ім так весела?

Адчыніў дзверы і… аслупянеў. Перад буржуйкай на калодзе сядзеў Аляксей Іванавіч у сухім адзенні. Вясёлы. Смяшыў байцоў. Чым? Ці не расказам пра тое, як ён, Золатаў, прыняў халодную ванну? Уявіў, як Ман мог расказваць, і ажно перасмыкнула яго. Не адразу нават выказаў радасць, што бачыць камандзіра жывога і здаровага.

— Ты тут?

— А вы думалі,я плыву ў Бярэзіну у абдымку са шчупаком?

Разведчыкі засмяяліся.

— Я нічога не думаў.

— Чаму вы мінулі Андрэя?

— Чорт яго знойдзе, вашага Андрэя. Лес вялікі.

— А ён вас бачыў. I мы вас дацямна шукалі.

Злосць

Золатава на Мана закіпела: навошта яму трэба высвятляць такія дэталі тут, у прысутнасці байцоў? Каб зняважыць яго? I яшчэ адно выводзіла яго з раўнавагі — упартае нежаданне камандзіра перайсці з ім на ты. Усім кажа ты, не толькі маладым Кіпеню, Брагінскаму, байцам, але і старэйшаму за сябе камандзіру дыверсійнай групы чыгуначніку Каралёву, кухарцы цётцы Баслычысе. Цётка гэтая не саромеецца на людзях прабраць камандзіра за атрадную гаспадарку, і Ман толькі пасміхаецца з яе крытыкі. Да ўсіх ён — народнік, а да яго, Золатава, — інтэлігент. I ніяк Золатаў не можа зразумець, што гэта — павага да яго звання, падкрэсленае захоўванне вайсковай субардынацыі ці хітры здзек, насмешка. Якаў Міхайлавіч ненавідзеў псіхалагічныя тонкасці, людзей ненавідзеў, якіх цяжка «раскусіць», расшчапіць на клеткі. А ён жа таксама лічыў сябе псіхолагам. Выходзіць, ёсць розныя ўзроўні псіхалагічных здольнасцей. Злавала і тое, што яго ўласны настрой, найтанчэйшыя хістанні настрою Ман лавіў, як добры сейсмограф.

Вось і тут: адразу пачуў, што ён, Золатаў, кіпіць. А Ман сапраўды адчуў гэта і без усялякай задняй думкі шчыра пашкадаваў начальніка асобага аддзела. Упершыню, відаць, трапіў чалавек у такі пераплёт, таму не дзіва, што пасля ўсяго перажытага завёўся ад лёгкага папроку: чаму мінуў Андрэя? Забыцца на тое, што яны шукалі яго, хваляваліся, узяць віну на сябе:

— А мы ў лесніка абсушыліся. А паліцаяў, двух, мы ўсё ж ссеклі. Лапухі. Усім атрадам, гуртам, пачалі перапраўляцца праз рэчку на тым жа бродзе. О, пабачылі б вы, як астатнія крутнулі назад! I на сяброў сваіх, што вываліліся з сядла пасярод рэчкі, забыліся. Не падумалі: а можа, хто ранены, не забіты? Адзін грэбаўся на абрыў, ды Іван… — і не скончыў, што зрабіў Іван, «закрыў» тэму, непрыемна было ўспамінаць пра жорсткасць вайны, пераключыўся на іншае: — Што перадала Масква?

— Мы яшчэ не выходзілі ў эфір.

— А я прывёз апошнія зводкі Саўінфармбюро. Толькі прамокла мая торба. Зводкі — ладна, я іх запомніў. Вось гэтага багацця шкада, — дастаў з вайсковай сумкі мокрую кнігу: — «Каралева Марго». Чытаў хто? Эх вы, прафесары! Высушу — дам пачытаць. Спаць пяць начэй не будзеце. Хто мне дакладваў, што ў Каменцы ўсяго пяць паліцэйскіх? Атрох! Заўтра зрабі вылазку туды. Што людзі будуць гаварыць пра сённяшнюю падзею? Каго мы адаслалі туды, — кіўнуў угору, — ворагаў ці дурняў? Шкада, калі на нашу кулю наскочыў дурны сынок добрай маці.

Золатаў засек і гэта ў сваёй памяці: паліцэйскіх пашкадаваў. Неяк у размове раскулачаных шкадаваў: маўляў, у тых, каго везлі ў Сібір, дзеці ў вагонах мерзлі. Вось такі добры дзядзька камандзір атрада — усіх шкадуе.

«Слаба цябе гартавалі, Аляксей Іванавіч, у бальшавіцкім горане, — падумаў Золатаў. — Слаба».

Толькі сябе лічыў ён чалавекам ва ўсіх адносінах загартаваным — фізічна і маральна.

Ці не вынікам загартоўкі такой было і тое, што не дурань выпіць, Золатаў ніколі не выпіваў перад тым, як выходзіць на сувязь з Цэнтрам, быццам начальства магло ўнюхаць радыёхвалі. Не ён жа ключом працаваў — радыст, у таго павінна быць цвёрдая рука, каб не змяніўся почырк, што там, у Маскве, магло насцярожыць. З некаторымі тайнамі разведкі ён па сутнасці пазнаёміўся толькі перад адлётам, тыдні два іх вучылі, не больш. Але пра тое, што радыст павінен быць у адным, спакойным і цвярозым, стане, каб почырк не паламаўся, — пра гэтую, вядомую дапытліваму школьніку тайну ведаў даўно. Іншай, не менш адказнай, работай прыйшлося яму займацца ў органах; у яго рабоце рацыі пакуль што не прымяняліся. Ён меў справу з пісьмовымі данясеннямі.

Ман толькі аднойчы, і то як бы між іншым, у гутарцы, спытаў, што ён перадае ў Маскву. А тут, калі ішлі ад разведчыкаў да камандзірскай зямлянкі, спытаў, бадай, з камандзірскай патрабавальнасцю:

— Што данясеш сёння?

— Пра становішча ў Мінску.

— Пра

Кавалёва не перадавайце.

— Чаму?

— Праверыць трэба. Нічога не ведаем, адны чуткі, адна баба сказала, а кінем на чалавека цень. Паставім кляймо… Хто адмые на мёртвым?

«Ах, добранькі, ах, добранькі».

I без гэтага папярэджання ён не перадаў бы пра Кавалёва, не таму, што спадзяваўся на больш дакладную інфармацыю, а таму, што хацеў расцягнуць Дзядзюлевы навіны надаўжэй, каб даць тым, што сядзяць у маскоўскіх кабінетах, зразумець: не спіць ён тут у шапку, наладзіў разведку так, што ўвесь час атрымоўвае свежыя дадзеныя. Няхай адчэпяцца з Мінскам. Каму так хочацца паслаць яго на верную смерць? Ёсць зайздроснікі. Хіба яму трэба было ляцець у тыл, а тым больш лезці ў фашысцкае логавішча!

«Добранькі — цень кінуць бшшся. Бойся, каб яна не ўпала на цябе».

I з’явілася ў начальніка асобага аддзела нядобрае, зларадаснае нейкае пачуццё да чалавека, які гадзін колькі назад ратаваў яго ад смерці. Тут жа склаўся ў галаве новы тэкст радыёграмы. Менавіта з Кавалёва трэба пачаць — фігура, сакратар гаркома! Трэба ўдарыць, як кажуць, козырам. Уявіў, як начальнікі прымуць гэтае паведамленне. Яго непасрэдны начальнік палкоўнік Акцябрскі, які спрабаваў не адпусціць яго, узрадуецца, пахваліць. Начальнік разведупраўлення генерал Кротаў, як заўсёды, усумніцца і загадае камандзірам іншых атрадаў праверыць; двух сваіх дублёраў ён ведае. Няхай правераць! Калі чалавек «пакаштаваў кашы» фашысцкай і больш месяца жывы, то можна без праверкі не сумнявацца, што выдае ён сваіх, не ўсіх, безумоўна, адразу, тактыка падследных вядомая, ва ўсіх іх адна псіхалогія, калі пяткі падсмажваюць ці іголкі пад ногці заганяюць: цыркаюць патроху — абы следчы расшчапіў абцугі ў дадзены момант.

— Дзядзюля не падумаў. Што пачуў ад першай сувязной, тое і выдаў на-гара. Так нельга!

«Бач ты, які дабрадзей!»

— Да чаго ты заклікаеш, Аляксей Іванавіч? Не разумею. Каб нам з табой цямнілі, праўды не казалі? Між іншым, я не думаю, што Дзядзюля так усё і вылажыў. Растапырвай кішэню шырэй. Гэтага хітругана і кулака я наскрозь бачу. Як ён за лыжкі з табой таргаваўся! Не сорамна табе лыжкі прадаваць сваім?

— За патроны — не сорамна.

— Адзінае апраўданне.

Між тым Аляксей Іванавіч падумаў:

«Цімоху няма чаго цяадніць перада мной. А вось табе дарэмна ён усё вылажыў. Баліць у яго душа за людзей, таму і выгаварыўся. Шчыра Цімох гаварыў, даверліва».

— Пра Кавалёва не перадавайце, — яшчэ раз папрасіў Ман. — Пакуль што. Я, між іншым, таксама ведаю гэтага чалавека.

— Вось як! Усіх ты ведаеш.

— У вобласці ж працаваў.

— Добра, не перадам.

Аднак перадаў з поўнай упэўненасцю, што Кавалёў ведае сваіх, таму, маўляў, і арыштаваў гэтулькі. Не падумаў нават пра законы канспірацыі. Добра ведаў іншае — як умее следчы апарат рабіць ланцуговую рэакцыю: кожны наступны будзе выдаваць новых і новых: Кавалёў — Падковіна, Падковін — Молатава…

Вярнуўся з радыёрубкі вясёлы, радасна ўзбуджаны.

— Камандзір, выстаўляй увесь свой запас! Ёсць прычына выпіць!

— Якая прычына? Што вылезлі сухімі з рэчкі?

«Сцёбаеш па вачах? — падумаў Золатаў. — Пачакай. Я сцёбну не так». Але не месца тут ды і не час драпацца з гэтым «святым». I настрой не той — настрой сапраўды такі ўзняўся пасля сувязі, бо да інфармацыі яго праявілі надзвычайную цікавасць, загадалі праз паўгадзіны зноў выйсці на сувязь. I хоць другі сеанс быў кароткі, а загад сухі і нялёгкі: разведку ў Мінску актывізаваць, — настрой ад гэтага не пагоршыўся, бо ён здагадваўся, каму была даложана яго радыёграма.

— I гэтая прычына немалая — што мы высахлі пасля купання. Маглі і не высахнуць. Але ёсць прычына больш важная. Глабальная. Усенародная. Разграмілі немцаў пад Сталінградам.

Адзначыў, што паведамленне гэтае Ман прыняў спакойна, быццам ведаў ужо радасную навіну. Вельмі ўзрадаваліся Брагінскі і Кіпень. Камісар па-камсамольску выгукнуў «ура». Начальнік штаба, які зусім расхварэўся, рухава падняўся са свайго тапчана, пачаў зашпільваць гузікі гімнасцёркі, рукі дрыжэлі, і яму нялёгка было гэта рабіць, падперазаў папругу — як рыхтаваўся ў баявы строй. Вочы яго набрынялі слязьмі, затуманіліся акуляры, ён праціраў іх, надзяваў і зноў праціраў.

Поделиться с друзьями: