Ахвяры
Шрифт:
На пасту яе добра ведалі, там каравулы былі пастаянныя, начальнікаў яна купіла за гасцінцы — за самагонку, спірт; Дзядзюля ніколі не адсылаў яе назад з пустымі рукамі, заўсёды несла торбы поўныя, нярэдка пад прадуктамі — міны для групы Стануліна.
Дарога гэта была «няменная», паўночныя раёны лічыліся беднымі, асноўны паток мяшочнікаў цягнуўся на багатую Случчыну. Аднойчы начальнік паста ўчыніў ёй допыт: «Чаму ходзіш сюды?»
«Пан началынік, родныя мясціны, знаёмыя людзі. А свае сваёй больш давяраюць, больш спагадаюць. Ды і не думайце, што тут бядней жывуць. На Случчыне шляхта, яна любіць сваё дабро выстаўляць, а тутэйшыя людзі маюць завядзёнку прыбядняцца».
«Хітрая ты».
«Жыццё ўсяму навучыць».
Жыццё навучае.
Спынілі яе незнаёмыя паліцаі, злосныя, прыдзірлівыя, гатовыя вытрасці мяшок. Бадай, ні разу яшчэ яна не палохалася гэтак, бо разумела, што яе правал пагражае Стасю. Не пойдзе ён сам у атрад, вернецца назад у горад, каб знайсці яе сляды. А калі ён пайшоў на гэты, апошні, па сутнасці, варыянт, значыцца, пагроза над ім павісла незвычайная. Пашкадавала, што захапіла бінты і лекі. Увогуле гэта самыя ходкія рэчы для абмену — лекі, але за вынас іх караюць. А яе нечаканае знікненне з бальніцы, безумоўна, звяжацца са знікненнем Шабовіча. Калі яго шукаюць, ёй не адгаварыцца ні хворай цёткай, якой яна і раней амаль адкрыта (на пасту паказвала, чым і заваявала давер’е) насіла лекі, ні менай. Але тут — во ўдача! — з буданчыка выйшаў тоўсты немец. Ледзьве не радасна павітаўся:
«Гутан таг, фрэйлін… фраў…»
Пажмурыўся, што сонны кот, і жартаўліва, робячы выгляд, што абыходзіць цэлую гару, абышоў вакол яе, засмяяўся і паляпаў далоняй па яе мяккім жываце.
«Гут!» — і паказаў свой жывот: маўляў, даганяеш.
Аксана спачатку пахаладзела: во ўліпла, усяго ж месяц назад ішла тут што трэсачка, не паўнеюць гэтак за такі кароткі час. А немец ледзьве не сілком сцягнуў з яе плячэй мяшок — Аксана аблілася халодным потам — паважыў яго, вярнуў ёй і сказаў з папрокам:
«Найн гут».
Хоць немец быў немалады, але слабаназіральны — не вельмі помніў, за які час прыкметна паўнеюць цяжарныя, ці, можа, страціў адчуванне часу і здалося яму, што бачыў ён гэтую жанчыну, якую тады лічыў фройлен, не адзін, а тры месяцы назад.
Немец мякка і добра, бадай жа з бацькоўскай клапатлівасцю пачаў гаварыць, што не трэба ёй з такім цяжкім мяшком хадзіць у дальнюю дарогу, ды яшчэ па такой пагодзе; паказаў на яе гумавыя боты — халодныя. Нязвыклыя словы, але Аксана разумела іх і адчувала ўдзячнасць гэтаму чалавеку, хоць тут жа папракала сябе, што раскісла ад чалавечай спагадлівасці — знайшла каму дзякаваць! А малады паліцай, зараза, перакладаў зусім іншае — строгае ўшчуванне: што сёння ён мае ўсе падставы арыштаваць яе, але адпускае з умовай, што вяртацца яна будзе паслязаўтра, калі яго дзяжурства, і не з пустымі рукамі — з самагонкай.
Паліцаю хацелася паказаць кукіш: во табе, жывадзёр! Але яна пачціва ківала немцу:
— Добра, паночак, добра. Як жывуць панавы дочкі?
Пра дачок сваіх ён расказваў яшчэ ўлетку, калі, вяртаючыся ад цёткі, яны са Стасем частавалі ўвесь пост самагонкай і чарніцамі. Паліцай пераклаў, выходзіць, усё ж ведае мову, не гарадзіў адсябяціну. Немец не адказаў, але праслязіўся: штось нядобра ў яго там. I Аксана ў знак маўклівага спачування таксама ўраніла слязу і… пацалавала яго ў калючую шчаку. Бацька чатырох дачок зусім расчуліўся. Малады паліцай пажартаваў:
— Ты мяне пацалуй, то ўбачыш, як зенітка зрыхтуецца да бою.
Немец цыкнуў на яго.
Аксана радавалася ўдачы, але немец не адпускаў яе: захацелася яму праявіць клопат, пасадзіць яе на машыну спадарожную. А калі яна можа тут прайсці, тая машына? Дарога, лічы, тупіковая, толькі да Паперні гравійная, праўда, недалёка ад Цнянкі стаіць нямецкая часць, але садзіцца на машыну з салдатамі
ніякага жадання не было.Нямецкая дабрыня — горш за бяду, калі хочацца немцу зрабіць ласку — адгаварыцца немагчыма. Аксану ажно ліхаманіць пачало ад нецярпення. Можа, Стась даўно ўжо там, а яна будзе сядзець са старым немцам і маладымі паліцаямі, усміхацца ім, мянташыць языком. О, жах! Памагла яе плаксівасць. Шчыра расплакалася. Збянтэжыла нават паліцаяў. Што такое? Цётка ў яе захварэла, родная цётка, якая вырасціла яе. Не можа яна чакаць, да вёскі ж якая гадзіна хады. Яна на крыллях паляціць туды. Кранула немца такая добрая пляменніца. Яму б такую! Да яго яўна нехта з блізкіх праявіў няўдзячнасць, зрабіў прыкрасць.
Адчапілася-такі ад дабрака. I далей не ішла, а сапраўды ляцела, потам аблівалася пад цяжарам мяшка.
Удача з немцам. I… не тое што няўдача, а бог ведае што з цёткай, з роднай цёткай, якую любіла, якая любіла яе. А тут як звіхнулася жанчына. Было ад чаго — бачыла, як расстрэльвалі яўрэяў, дзяцей, жанчын. Год таму назад бачыла гзтую жудасць і з таго часу ніяк не магла пазбавіцца страху, больш таго, страх разрастаўся.
Дзядзька Ігнат скардзіўся Аксане: начамі не спіць Алена, кожнага шораху баіцца, а калі страляць пачынаюць — немаведама што робіцца з ёй, разоў колькі ў пограб лезла.
Да прыходаў пляменніцы цётка даўно ставілася насцярожана — здагадвалася, чаму тая ўпотай адыходзіць не ў той бок — не на Мінск. Але таму, што Аксана падвяргае сябе смяртэльнай небяспецы, любіла яе яшчэ больш, гадзінамі стаяла над соннай, малілася за яе на каленях перад абразамі, захлыналася ад слёз, калі пляменніца вось так адыходзіла. Развагі хапала, што да падола свайго пляменніцу не прывяжаш, але страх пераважаў над усімі іншымі пачуццямі.
А тут усё іншае заглушыў дзікі страх.
Як толькі Аксана пераступіла парог, цётка адхіснулася ад яе, як ад здані, ад прывіда, глядзела агністымі ад бяссоння вачамі і шаптала так, быццам у хаце быў нехта чужы:
— Прыйшла? Прыйшла! I смерць прывяла? Смерць прывяла! Глянь, яна стаіць за табой! Згінь, згінь!
Аксана ад нечаканасці ажно азірнулася. Але за ёй стаяў дзядзька Ігнат. Цыкнуў на жонку:
— Сціхні, Алёна. Сорам! Які сорам! Лічы, дачка прыйшла ў госці, а ты нясеш — бог ведае што.
Моцна ўразіла Аксану такая сустрэча. I спалохала. Сюды ж прыйдзе Стась. Што цётка можа сказаць яму? Яўна гэта хвароба. Ці валодае яна хоць сваімі пачуццямі? Не дай божа выскачыць на вуліцу і закрычыць.
— Цётачка, што гэта вы! Я ж лякарствы прынесла вам.
— Смерць ты прынесла. Смерць!
— Сціхні, дурная! — узлавана крыкнуў Ігнат.
Утаймавалася Алена неяк адразу. Але страх, як агонь, які тушаць, вырваўся ў новай праяве. Абняла госцю, цалавала яе рукі і рыдала, галасіла, як па нябожчыцы — ажно жудасна зрабілася.
— Аксаначка, дзіцятка маё роднае, што гэта ты робіш? Няхай яны заб’юць мяне, няхай я не дачакаюся з фронту Паўліка свайго. Але ж табе жыць трэба! Што я мамачцы тваёй скажу? Не ўсцерагла. Не ўсцерагла. А як жа цябе ўсцерагчы, калі ты звярам у пашчу лезеш? Не адпушчу я цябе ні туды, — кіўнула ў адзін бок, панізіўшы голас да шэпту, пасля ў другі — ні туды.
— Добра, цётачка, добра, — бачыла, што аспрэчваць няма сэнсу, чалавек у стане бессвядомасці ці, ва ўсялякім разе, хваравітай свядомасці.
Ігнат зняў з Аксаніных плячэй мяшок і непрыкметна вынес з хаты, схаваў у надзейным месцы, бо здагадваўся, што не лекі для цёткі, не падарункі ім — гасцінцы для партызан. Невядома, што можа прыйсці ў галаву хвораму чалавеку, пачне трэсці гэты мяшок ці захоча спаліць, выкінуць у рэчку, а яна недалёка — за гародамі, выкінула ж нядаўна ў рэчку яго паляўнічую стрэльбу, якую ён хаваў у хляве, уначы выкінула, цішком, не падумаўшы. Улетку стане ў Цне вады па калена, і вылезе стрэльба на вочы невядома каму, вось тады і пачнуць высвятляць — чыя? Але што ты дакажаш хвораму чалавеку? Так і не сказала, у якім месцы выкінула, каб пашукаць, калі спадзе вада.