Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Ахвяры

Шамякін Іван Пятровіч

Шрифт:

— Во гэта радасць! Якая радасць, таварышы! Во за гэта і я вып’ю. Цяпер мйе і паміраць не страшна.

— Капітан! Пачую яшчэ раз ныццё пра смерць…

— Я не ныю, дарагі Аляксей Іванавіч! Я спяваю гімн. I малюся. Не смейцеся. Цяпер я разумею, калі, з якой нагоды ў мамы з’яўлялася жаданне заспяваць песню і сачыніць малітву, малітву падзякі. Так яна моліцца сёння. Я гэта чую. Мая мама! Ах, таварышы мае дарагія! Каб атрымаць яшчэ і гэтую звестку — ад мамы… ад сям’і.

— Якаў Міхайлавіч! Дык што там перадалі? Што? — дапытваўся між тым Ігар, яму карцела хутчэй паведаміць такую навіну байцам атрада.

— Перадалі каротка, вельмі каротка: «Разгром немцаў пад Сталінградам.

Слухайце радыё». О, каб была магчымасць, я сказаў бы ім за гэтую параду — «Слухайце радыё!» — пару гарачых слоў. Яны думаюць, у нас тут радыё, як у Маскве, — на кожнай сасне па рупары. Чыноўнікі! Бюракраты! На батарэі дыхнуць баімся — каб хапіла на перадатчык.

— Дзядзюля абяцаў, — сказаў камандзір.

— Дзядзюля абяцаў? — здзівіўся Кіпень. — Што ён у нас запросіць за батарэі?

Аляксей Іванавіч засмяяўся нейкай сваёй думцы.

— Папросім пазычыць. Пасля вайны разлічымся — свае людзі.

А Брагінскі кружыў па цеснай зямлянцы вакол цечкі і ўсё гаварыў пра Сталінград і… пра маці — як у гарачцы, як у сне. Але слухаў кго адзін Ман. Радаваўся яго ўзбуджанасці ад такой навіны і адначасова трывожыўся.

Часцей за ўсё Навум успамінаў жонку і сынка, але, адчувалася з бояззю, — а раптам іх няма жывых? А тут раптам згадаў маці і гаворыць пра яе з упэўненасцю, што яна жывая, што яна моліцца за перамогу і за яго, сына. Чаму? Розуму недаступна чалавечая логіка, як праявы у хвіліны радасці і гора, мужнасці і страху. А калі перамешана ўсё разам, як у гэтага нябогі Брагінскага, дык такі чалавек падобны на вар’ята ці на святога.

Трэба ўсё ж угаварыць яго вярнуцца да Дзядзюлі, палячыцца, там два дактары, а ў іх адзін фельчар, а галоўнае, што Дзядзюля, чортаў даставала, — усё можа здабыць, з-пад зямлі, як кажуць. — Дастаў бы і лекі патрэбныя. Праўда, лекі ён не шкадуе і сёння. шчодра дзяліўся імі, ды яшчэ выказаў народную мудрасць: за лякарствы плату грэх браць.

— Сёння я вып’ю. Адзін раз можна. Вып’ю і буду спяваць песні. Я ж добра спяваў. Вы не чулі, як я спяваў. Гэта — ад мамы. Як спявала мая мама! — высокі Брагінскі паднімаў рукі над галавой і ляпаў далонямі па столі зямлянкі, як бы выбіваючы ўрачысты матыў. Потым усё роўна што спатыкнуўся — спыніўся перад камандзірам, разгублена і няўпэўнена, неяк зусім па-дзіцячаму спытаў: — Можна?

— Выпіць?

— I спяваць.

— Можна, — з бацькоўскай усмешкай дазволіў Аляксей Іванавіч.

— Вы пабачыце — я ачуняю. Ачуняю. Мне ўжо лепш. Ад вашага лякарства, Аляксей Іванавіч.

— Во гэта голас капітана! — выгукнуў Ман і лёгка ляпнуў Брагінскага па плячы і спалохаўся, пачуўшы яго кастлявае плячо і — як хіснуўся хворы ад дотыку. Дрэнна гэта, калі чалавек хістаецца ад ветру. Але тым больш трэба яму радасць. Тым больш. Толькі радасць можа вылечыць. Няхай спявае, няхай смяецца.

Паклікалі Баслычыху. Яна была паўнаўладнай гаспадыняй прадуктовых запасаў і выконвала загады толькі трох чалавек — камандзіра, камісара і свайго непасрэднага начальніка — намесніка камандзіра па гаспадарчай частцы, былога старшыню райспажыўсаюза Рамана Квіткоўскага. Але Ігара яна неаднойчы ўжо прабірала, што бярэ прадукты звыш нормы, асабліва даставалася яму за спірт: «Малады, а зіркаеш у пляшку. Глядзі, давядзе яна цябе…» — «Цётка Моця, да чаго яна давядзе на вайне? Кончыцца вайна — жанюся, і жонка „завяжа“». — «Завяжаш вас, чарцей. Вось мой…» — але ніколі не канчала размову пра грахі свайго Пятра: на вайне ён, на фронце, а таму прымхліва баялася асудзіць яго.

Баслычыха кабета дзябёлая, працавітая — недарма ордэн заслужыла за лён — і добрая, але язык мела востры. Ордэнам яна ганарылася і, калі яе афіцыйна

выклікалі ў камандзірскую зямлянку, амаль заўсёды з’яўлялася ў новай кофтачцы, на якой прычэплены ордэн.

— Матрона Карнееўна, дайце нам па акрайцу хлеба, капусты і… нацадзіце па кроплі… — бадай вінавата папрасіў камандзір.

— I вітаміна цэ — сальцэ, — засмяяўся Ігар.

— I без сальцэ да дзевак бегаеш.

— Хто гэта вам напляткарыў?

— Увесь раён гудзіць.

— Ну і ну! У вас што — радыё ёсць?

— А можа, і ёсць.

— Сапсаванае яно ў вас. Глупства передае, а вось такой навіны не прынесла — немцаў пад Сталінградам пабілі.

— Праўда? — вочы ў жанчыны радасна загарэліся, яна глядзела на Мана, чакаючы пацвярджэння ад яго.

— Праўда.

— Праўда, праўда. Мне Масква па рацыі перадала, — паспяшаўся засведчыць Золатаў.

— Ой, мужчынкі! Дык я ж вам такую вячэру згатоўлю! — і раптам накінулася на Кіпеня: — Чаго ж ты сядзіш тут сіднем? Ідзі людзям раскажы.

— Во, Аляксей Іванавіч, каго трэба ставіць камандзірам аб’яднаных сіл, а вы Дзядзюлю хочаце выбраць…

— Брахуна таго? Не ўздумайце!

Золатаў уздрыгануўся, бо мільганула думка: а што, калі артыст Дзядзюля насачыняў пра Мінск? Во плюхнешся. Не, не можа быць! Гэтым не жартуюць. Ды і звышсур’ёзны Ман адразу раскусіў бы. А Ман вельмі сур’ёзна паставіўся да лёсу Кавалёва. Аднак адчуванне нейкай неасэнсаванай трывогі засталося. Ад пачуцця гэтага — як прыступ хранічнай хваробы, зноў абудзілася падазронасць: нікому з іх тут нельга верыць. Але ад каго тады атрымоўваць інфармацыю? Наколььсі прасцей было да вайны: інфармацыю можна было атрымаць тую, якая патрэбна менавіта яму, менавіта сёння, ды і назаўтра заўсёды рабіўся задзел. А тут такога задзелу не зробіш.

У хвіліны трывогі, няпэўнасці, згрызот сумлення яму заўсёды хацелася напіцца. Але чортава цётка праявіла невялікую шчодрасць, сапраўды толькі нацадзіла, чаму «святы» Ман-Манюк яўна радаваўся. I гэта таксама раздражняла. Зноў Золатаў думаў пра тое, што па сваёй прыналежнасці да работнікаў асобага назначэння ён павінен быць тут поўным уладаром, адзіным камандзірам. Дык не ж, не даюць. Не разумеюць. Дэмакратыю разводзяць, наўгародскае веча.

Ігар спаў ужо. Золатаву не спалася; не памагла і самагонка. Сорак вёрст непрывычнай язды ў сядле, купанне ў рацэ адзываліся такім болем у паясніцы, у нагах, у плячах, што ён не знаходзіў сабе месца, не ведаў, як легчы на цвёрдым сенніку. Раздражнялі кашаль Брагінскага, шастанне па зямлянцы мышы, іх старой знаёмай, якая пасля кожнай вячэры падбірала на падлозе крошкі. Але найбольш усё ж раздражняў Ман сваёй разьбой — дня яму мала, быцдам дзяцей карміць з гэтых лыжак. Заснуць перашкаджаў яшчэ і страх, што захварэў, бо таксама кашляў, каротка, суха, — як падражняў капітана. Цела гарэла і свярбела.

Усё жыццё ён жыў з гэтым страхам — захварзць. На вачах у яго, малога, памерлі ў іх шматдзетнай сям’і дзве яго сястрычкі. Ён радаваўся, што тут, у атрадзе, можа, упершыню за жыццё, страх захварэць пакінуў яго. Якая дробязь — захварэць у той час, калі жывеш пад пагрозай смерці без хваробы. Праўда, да сённяшняга дня смерць ні разу не пралятала так блізка, і ён не думаў пра яе. Але так паводзілі сябе амаль усе партызаны — не баяліся смерці і баяліся радыкуліту. Баяўся Брагінскі, але яму ёсць чаго баяцца, яго хвароба смяртэльная. А чаму да яго вярнуўся гэты даўні брыдкі страх? Чамусьці здавалася, што, як толькі ён зляжа, тут жа яго перайграюць, абскачуць. У чым — ён не здолеў бы адказаць. Хто — ведаў пэўна: во гэты рэзчык лыжак, сённяшні яго выратавальнік і заўтрашні…

Поделиться с друзьями: