Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Ахвяры

Шамякін Іван Пятровіч

Шрифт:

Але чыста папрацавалі яго ворагі. Адабраных камандзіраў разведвальна-дыверсійных г. руп прыняў сам Берыя. Паспрабаваў бы ён сказаць наркому, што ляцець у Мінск не можа — «паляцеў» бы ў лепшым выпадку радавым на фронт.

А цяпер вымагаюць разведдадзеных. Другое ўпраўленне, другое начальства, а тактыка тая ж: кінуць яго, як сухое палена, у паравозную топку. Прыходзіцца сачыняць дадзеныя. Але ж гэта не менш рызыкоўна. Аднойчы ён адвярнуўся ад шыфравальшчыка, і радыёграму прачытаў Кіпень і — што падазрона — змаўчаў, ні слова не сказаў, а Ману, безумоўна, перадаў, таму той уедліва пасміхаецца. А Кіпень ходзіць у яго па пятах. Выказвае дружбу, захапленне, а што ў думках — хутчэй за ўсё аднаму Ману вядома. Дзікая сітуацыя: сярод сваіх адчуваеш сябе, як сярод ворагаў. А яго людзі,

якіх ён накіроўвае ў Мінск, не вяртаюцца. Трэці не вярнуўся. Як у прорву. А яшчэ хочуць, каб ён сам пайшоў.

Прымусіў сябе звярнуцца за дапамогай да Мана: трэба інфармацыя Цэнтру пра становішча ў Мінску, а яму няма ўжо каго пасылаць (пакінуў ён пры сабе самых верных — для ўласнай аховы, і засталося іх усяго двое, калі не лічыць радыста, якому ён не вельмі верыў — чужы чалавек, з таго ўпраўлення, якое цяпер камандуе ім, Золатавым, чорт ведае што ён там шыфруе, можа, адсябяціну). Ці не можа ён, Ман, паслаць сваіх людзей, яны лепш ведаюць хады і выхады?

— О, не! Мае не спецыялісты па Мінску. Гэта ў Дзядзюлі ёсць спецыялісты. Давай з’ездзім да яго.

Нібыта сварацца, падумаў Золатаў, а жыць адзін без аднаго не могуць. Абы зачэпка, каб з’ездзіць да Дзядзюлі. Але чорт з ім! Дзядзюля дык Дзядзюля. Калі іншай крыніцы няма, да чорта ў балота палезеш, не толькі да паяца і нахабніка Дзядзюлі.

…На гэты раз Дзядзюля яму спадабаўся. Калі размова пайшла пра справы ў Мінску — пераўтварыўся чалавек: зрабіўся сур’ёзны як ніколі, засмучаны — калі пачаў расказваць пра падзеі апошніх двух месяцаў, ажно голас задрыжэў.

— Трагедыя там у іх. У канцы верасня арыштавалі па сутнасці ўсё падпольнае кіраўніцтва, — і пачаў пералічваць прозвішчы людзей, і пра кожнага гаварыў так, быццам ведаў асабіста. Але не мог жа ведаць усіх. З болем гаварыў, назваў больш дзесяці чалавек. — Геройскія людзі!

— Вы ведалі каго-небудзь з кіраўнікоў?

— Аднаго ведаў, пра іншых даведаўся пасля іх арышту, на шчасце, група, з якой я звязаны, уцалела, і людзі з гэтай групы паведамляюць мне час ад часу аб тым, што там творыцца. Дваццаць восем чалавек павешаны. А колькі расстралялі — ніхто не ведае.

— А хто кіруе вашай групай?

Дзядзюля прыжмурыўся і да крыўднага скептычна агледзеў маёра.

— Наіўнае пытанне для чэкіста.

— Чаму наіўнае? — зусім шчыра пакрыўдзіўся Золатаў. — Вы не давяраеце мне?

— Чаму не? Веру. Такому чалавеку не верыць? — гэта было сказана са здзекам, тым, дзядзюлеўскім, блазнаватым.

Золатаў не толькі адчуў гэта па яго тоне, але і ўбачыў хітрую ўсмешку маўклівага Мана-Манюка.

Але Дзядзюля, угледзеўшы крыўду Золатава, раптам пасур’ёзнеў:

— Можаш паверыць, таварыш маёр, што сам не ведаю яго сапраўднага прозвішча, такі закон канспірацыі. А падпольная клічка яго — для мяне і маіх людзей — Жук. Жук — сорак ножак — сорак рук. Вось такі гэта Жук, — і Дзядзюля засмяяўся не то задаволены жартам, не то чалавекам, які выконвае небяспечнае заданне.

— А ў чым прычына такога масавага правалу?

Для Золатава такое пытанне мела істотнае значэнне: адказ на яго мог бы растлумачыць і апраўдаць правал яго людзей. Спасылка на Дзядзюлю дало б яму апраўданне перад начальствам, якое ледзьве не адкрытым тэкстам патрабавала, каб ён асабіста наведаў Мінск і высветліў становішчій. Лёгка ім там, седзячы ў Маскве, камандаваць! А тут такі хітры ліс, які адусюль «цягае курэй», не адважваецца прабірацца ў горад; Дзядзюля самакрытычна прызнаўся ў гэтым на самым пачатку размовы.

Над такім пытаннем камандзір зноў сур’ёзна задумаўся.

— Каб я, браце, ведаў прычыну, то, можа, ратаваў бы многіх нашых людзей. Арышты працягваюцца і цяпер. А чуткі і думкі — яны самыя розныя. Тыдзень назад была ў мяне тут адна маладзічка. Перадала і такое, што адзін з арыштаваных кіраўнікоў падполля, — Кавалёў, — правакатар, выдае сваіх. Ды гарадскія кіраўнікі яе, сувязной нашай, лічаць, што гэта правакацыя эсдэ, каб дэмаралізаваць падпольшчыкаў. Масавыя арышты зусім не азначаюць, што нехта выдае. Змена чалавекам кватэры — ужо падстава для арышту. I я згодзен са сваімі хлопцамі. Не веру, што Іван правакатар. Асабіста ведаю гэтага чалавека, праўда,

па даваеннай рабоце. Ён быў сакратаром райкома, блізкага ад Мінска. Гэта сапраўдны бальшавік!

Дзядзюля не верыць, што Кавалёва маглі зламаць фашысты. А ён, Золатаў, адразу паверыў, бо ведаў, як лёгка «расколваліся» такія «бальшавікі» на допытах у іх, а ён шчыра быў перакананы, што асабіста яго допыты былі гуманныя, ва ўсялякім разе з фашысцкімі іх не параўнаць.

Адным словам, інфармацыя пра Кавалёва яго амаль узрадавала. Гэта якраз тое, што трэба, што апраўдвае яго ў вачах начальства, — не хаваецца ён у атрадзе, а дзейнічае асцярожна, прадбачліва, неразумна лезці ў пастку зверу, калі ён так ашчэрыўся, абкружыўся правакатарамі. Многа значылі і прозвішчы Караткевіча, Нікіфарава, іншых, гэта пацвярджэнне грунтоўнасці інфармацыі, можа здарыцца, што ён першы назаве гэтых людзей, добра было б, каб пра іх і Панамарэнка не ведаў, пра дзейнасць якога Лаўрэнцій Паўлавіч адазваўся на інструктажы скептычна, хоць тут жа агаварыўся, што, маўляў, гэта тычыцца разведкі ў Мінску, у іншых гарадах, а не баявых дзеянняў партызанскіх атрадаў. Карцела спытаць, ці перадаў Дзядзюля гэтыя «мінскія чуткі» ў ЦШПР [1] . Але тут жа сцяміў, што можа ў данясенні на Дзядзюлю не спасылацца, лепш сачыніць яго так, каб там, у Цэнтры, лічылі, што звесткі з Мінска прынёс чалавек яго групы. Праўда, такім чынам можна напрасіцца на яшчэ больш складанае заданне, напрыклад, на ўстанаўленне сувязі з тымі кіраўнікамі падполля, якія ўцалелі, але, як кажуць, рызыка — справа высакародная. Там зноў можа выручыць Дзядзюля. З гэтым чалавекам варта мець добрыя адносіны, дарэмна ігнараваў яго і нават як бы трохі баяўся — за яго ўедлівую саркастычнасць. Пахваліць яго трэба. Але ўмела, хітра, бо Дзядзюля з тых «іронікаў», калі «пераборам» у іх праслаўленні можна сапсаваць усю гульню.

1

Цэнтральны штаб партызанскага руху.

Золатаў вельмі ўзрадаваўся, калі за абедам, з чаркай, Дзядзюля ўсё ж «клюнуў» на тост аб яго народнай мудрасці, аб яго палкаводскіх якасцях.

— Такія людзі, як вы, Цімох Пятровіч, узначальвалі народныя рэвалюцыі. Як Разін. Як Пугачоў.

Не адбіўся сарказмам, сказаў сур’ёзна, што Разіна ён любіць, а Пугачова не вельмі: хаваючыся тут, у Беларусі, на яго радзіме — у Ветцы, Ямелька нюхаўся з польскай шляхтай.

У найлепшым настроі вяртаўся Золатаў у свой атрад. Атрымаў больш, чым спадзяваўся. Ёсць што перадаць Цэнтру. Ёсць чым апраўдаць сваё прабыванне ў атрадзе, а не ў Мінску.

А Ман чамусьці быў задумлівы, хоць гаварлівасцю ён ніколі не вызначаўся. Але заўсёды быў інтэлігентна ўважлівы да субяседніка. Пра што яны там шапталіся? Не маглі змовіцца падкінуць яму інфармацыю-ману? Не, не падобна. Золатаў ведаў сваю слабасць, якая абумоўлена спецыфікай прафесіі: нікому не давяраць — ні арыштаванаму, ні начальніку, ні сябру, ні жонцы, да ўсяго ставіцца з падазронасцю. Але тут не той выпадак і не тыя людзі. Ён часам радаваўся, што сярод партызан «хвароба» яго прытупілася — не верыць Ману, хоць ён і Манюк, Кіпеню, Брагінскаму нельга, тут яны, жывучы ў адной зямлянцы, выконваючы адну задачу, парадніліся што браты. Праўда, нярэдка ён дакараў сябе за аслабленне пільнасці, за паверлівасць. Такое ён не мае права дазваляць сабе, тут — тым больш. Трымаць вуха трэба востра: ворагі маглі пралезці і ў партызанскія атрады.

Пасля першых, даволі моцных маразоў і снегападаў, калі, здавалася, трывала лягла зіма, наступіла адліга, вярнулася цёплая восень. Снег сагнала. Часта ішлі дажджы. Зямля раскісла. Ехалі чацвёра — два маладыя партызаны, ахова камандзіра, яны заўсёды суправаджалі яго ў атрад Дзядзюлі. Між іншым, нават гэта выклікала ў Золатава падазронасць: чаму на баявыя заданні Ман-Манюк едзе з любымі іншымі партызанамі, а да Дзядзюлі толькі з гэтымі юнакамі, не самымі вопытнымі байцамі. Пашкадаваў, што не мог узяць свайго чалавека, але чалазек яго, Іваноў, па сутнасці адзіны, якому ён верыў, хварэў — фурункулы ўскочылі на такім месцы, што ён не мог сесці ў сядло.

Поделиться с друзьями: