Ахвяры
Шрифт:
Золатаў уздрыгнуў, калі дзверы зямлянкі раптоўна адчыніліся і там угары, на паверхні зямлі, нехта кашлянуў зусім інакш, чым кашляў Брагінскі і кашляў ён, — там здаровы кашаль, тытунёвы.
— Можна, Аляксей Іванавіч?
— Давай, давай, Андрэевіч. Толькі не вельмі гудзі, тут некаторыя ўжо спяць.
У зямлянку ўпоўз, шорхаючы брызентавым плашчом, камандзір падрыўнікоў Каралёў. Чалавек гэты як бы ўвасабляў вобраз партызана — такога, якім уяўляў іх Золатаў у Маскве, — дзед згорблены, зарослы. А тут такіх убачыў нямнога, лічы, двух: вось гэтага Каралёва ды Дзядзюлю. Не, Дзядзюля, што загрымаваны
— Я на агеньчык, Іванавіч. Вярнулася маё войска.
— Без страт?
— Без страт.
— З удачай?
— Без удачы, — уздыхнуў Каралёў. — Дрэнныя нашы справы, Іванавіч. З мінамі. Зноў дала асечку.
— Не ўзарвалася?
— А добры эшалон прагрукаў з танкамі.
— Шкада?
— Табе — шкада. Ты не знаеш, колькі я пашкроб патыліцу. А хлопцы мала не плакалі. А можа, лічы, што і з удачай. Са злосці пеканулі па будцы, дзе іх варта. Колькі ссеклі — не змаю, але аднаго разяваку прыхапілі з сабой.
— Паліцая?
— Немца.
Золатава што выбухам падкінула на канапе. Уміг падхапіўся, адкінуўшы кажух, якім накрываўся, хоць у зямлянцы было душна.
— Вы прывялі немца? Палоннага? Давайце яго сюды!
Золатаў забыўся на ўсе свае болі. Хутка нацягнуў на голыя ногі пакарабачаныя ад сушкі боты.
— Навум? Спіш? Пад’ём! Работа табе! Баявая. А камісару нашаму — хоць з пушкі палі.
— Не бойцеся. Ваш голас мяне заўсёды будзіць, — пазяхаючы, адгукнуўся Ігар. — Ён у вас — як у старшыны майго. Той шэптам казаў: «Пад’ём!» — і ўся казарма прачыналася. Так і вы.
«Сапляк! — абурыўся Золатаў, — Голас ты мой чуеш, бо шпіёніш за мной. Толькі тонкая ў цябе кішка».
— А з якой прычыны пад’ём? — хрыплага ціхага голасу Каралёва Ігар не чуў.
— Андрэевіч палоннага прывёў.
— Ух ты! — Ігар падскочыў з болыпым спрытам, чым Золатаў. Цяжка паднімаўся Брагінскі: спірт сцішыў яго болі, і ён баяўся патрывожыць іх.
— Вядзі свой трафей, Андрэевіч.
Ман згроб нарыхтоўкі, лыжкі, разцы ў кош, схаваў пад канапу. Нават замёў венікам стружкі ў кут, дзе ляжалі дровы — далей ад буржуйкі. Падперазаў папругу з партупеяй, з пісталетам на баку. Сам пасля пасміхаўся: навошта такі парад? Але першы прывёў сябе ў вайсковую форму Золатаў, яму, мабыць, падражалі ўсе іншыя. Менш — самы вайсковы сярод іх Брагінскі: не абуўся нават, накрыў ногі шынялём і гімнасцёрку не падперазаў.
Палонны быў варты жалю: нізкарослы худы юнак, толькі рыжыя вусікі адрасціў, але яны брыдка вымаклі ад саплей; шморгаў носам, выціраў рукавом і размазваў соплі па ўсім твары. Глядзеў сабачымі вачыма, просячы літасці, шукаў позіркам старэйшага і, безумоўна, спыніўся на Золатаве, той быў у вайсковай форме і меў паважны выгляд. Ман і Брагінскі адразу па форме вызначылі, што салдат не нямецкі. А якога войска? Ёсць, кажуць, у Полацку фіны, у Мінску — венгры, а недзе на поўдні нават «браты славакі». Назбіраў Гітлер васалаў!
— Ду іст дойч? — у Брагінскага ёсць некаторы запас нямецкіх слоў, але сінтаксіс кульгаў і ў школе, і ў ваенным вучылішчы.
Салдат зразумеў і пакруціў галавой.
— Хто ж ты? Фін?
Што ты круціш галавой, як удод? — без злосці, са смяшком спытаў Ігар.— Мадзяр! — не спытаў, катэгарычна сцвердзіў Золатаў.
Салдат заківаў галавой.
— Мадзьяр, мадзьяр.
— Шпрэхен зі дойч? — спытаў Брагінскі.
Венгр нават гэтага пытання не разумеў, толькі пераключыў увагу з Золатава на Брагінскага.
— Ды ён жа па-нямецку — ні бэ, ні мэ, ні кукарэку, — засмяяўся Ігар, і салдат як узрадаваўся гэтаму смеху, пачаў лісліва ўсміхацца яму, паказваючы маладыя, па-дзявочаму прыгожыя зубы; гэтая чалавечая ўсмешка неяк пераўтварыла яго. Цяпер ён не здаваўся брыдкім: замёрзлы перапалоханы хлапчук. Але ў Золатава была свая ацэнка.
— Гаўно, — заключыў ён. — Нічога вы ад яго не вывудзіце, — і, страціўшы цікавасць, пачаў падкідваць у печку дровы.
Салдат пацягнуўся да цяпла, выставіў сінія адубелыя рукі насустрач полымю.
— Няцёпла ж іх надзяюць.
Мабыць, адчуўшы іх цяжкасць, палонны вырашыў памагчы:
— Славен.
— Славак? Ты — славак?
— Не, не ён, язык яго, — па-дзіцячаму смешна высалапіў свой ярка-чырвоны язык.
— Ах, ты гаворыш па-славацку?
Такому адкрыццю ўзрадаваліся. Гэта ўжо нешта. Кіпень гаворыць па-польску, Брагінскі — па-ўкраінску. Плюс руская і беларуская мовы — ледзьве не поўны славянскі набор.
Але і славацкі ведаў ён, відаць, на ўзроўні дыялекту суседняй задунайскай вёскі.
Камандзіры ўзмакрэлі, будуючы неверагодныя словазлучэнні з пяці моў, якімі калектыўна валодалі ў той ці іншай меры. Аднак выпыталі нямнога. Прозвішча, нумар часці, званні, прозвішчы камандзіраў; род войска так і не ўстанавілі, маглі толькі здагадацца, што нейкая ахоўная часць. Звесткі пра ўмацаванні на чыгунцы, пра колькасць кулямётаў, пра мінныя палі — кожны зразумеў па-свойму, між сабой да згоды не прыйшлі.
Салдат адагрэўся і павесялеў. Адказваў ахвотна, мнагаслоўна, але, жадаючы памагчы, таксама ўжываў такую моўную мешаніну, такую тарабаршчыну, што ніводзін венгерскі ці славацкі прафесар мовы не дайшоў бы да сэнсу. Ігар разумеў гэта і смяяўся. Смех зняў у палоннага страх, і ён хапаў камісара за рукі і рысаваў штосьці на яго далонях.
— Паваражыць хоча, ці што?
— А ў іх там цыганскія звычкі.
— Ды не, то — у румын.
Змарыліся.
Аляксей Іванавіч махнуў рукой.
— Вядзі ты яго, Андрэевіч.
Зморанага Каралёва лінгвістычнымі практыкаваннямі ўвагналі ў сон, ён моцна спаў, седзячы на падлозе. Ледзьве расштурхалі.
— Куды яго?
Сапраўды — куды?
Ман задумаўся.
— Няхай у нашай зямлянцы паспіць, — проста сказаў Каралёў. — Косцік павартуе, мы яго не бралі з сабой, выспаўся.
Золатаў зняважліва пасміхнуўся і, працягнуўшы руку, сарваў з цвіка ватнік. Апрануў і тут жа, падняўшы крысо, дастаў з кабуры пісталет, сунуў яго ў кішэню фуфайкі.
— У акоп яго! Дайце ліхтар.
Ад нечаканасці ўсе аслупянелі. Першы сарваўся з месца Ігар — загарадзіў палоннага ад маёра.
— Вы што! Не! Не! Не маеце права!
— А што ты думаеш рабіць з ім? Цалавацца? Сапляк! — ніколі яшчэ Золатаў не гаварыў з камісарам так груба, хоць заўсёды даваў зразумець розніцу ва ўзросце і званнях.