Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Ахвяры

Шамякін Іван Пятровіч

Шрифт:

— Каструлю не з’еш.

— Не турбуйся.

— Які наказ табе дала Хрысціна?

— То еш. Хопіць тут на чацвярых.

— Паеў — адступай у кут.

Чурсік сквапна аблізаў пальцы, але потым зноў выхапіў з каструлі два дранікі і тады адступіў ад пліты да акна.

— Не засланяй акно. I не дэманструй суседзям, што ты дома. Стань у куток!

— Ты і без таго загнаў мяне ў куток. Дружок!

— Я цябе заганю дзе Макар цялят не пасвіў.

— А дзе ён не пасвіў?

— Там пабачыш.

Шабовіч дацягнуўся рукой да каструлі, узяў дранік, адкусіў кавалачак, і надзвычайная смаката растала ў роце.

Чурсік не запіхнуў больш два дранікі ў

зяпу, еў гэтак жа павольна, як і яго вартаўнік.

Яны як бы спаборнічалі, хто лепш умее смакаваць і такім чынам вышэй ацэніць кулінарнае майстэрства гаспадыні. Калі Чурсік з’еў свае дранікі, Шабовіч дастаў аладку з каструлі і кінуў гаспадару:

— Лаві.

I той злавіў. Адразу, відаць, не падумаў, але потым дайшло: кідае, як сабаку ў яго доме. I стала паліцаю крыўдна, ён злосна пляснуў дранік аб сцяну, пасадзіўшы на шпалеры масляную пляму, і… заплакаў натуральным чынам; не адвярнуўся, не хаваўся, не выціраў слёз. Шабовіч ажно разгубіўся. Усяго чакаў, але што паліцай заплача — ніколі не думаў. Зразумеў Чурсікаў стан і па-чалавечаму пашкадаваў, паспачуваў. Але тут жа злосна тузануў сябе за такую слабасць: рассопліўся! Каб пазбегчы якіх бы ні было слоў з гэтай нагоды, злосна загадаў:

— Ану, тупай у залу!

Высокім словам «зала» называлі той галоўны пакой, дзе прынімалі гасцей, гулялі ў карты; жыў былы селянін па-гарадскому.

Увайшоўшы туды, пасаромлены ўласнымі слязамі і ўзлаваны за іх, за ўніжэнне, гаспадар уедліва спытаў:

— I што загадаеш мне рабіць тут? Гаўкаць? Лізаць табе боты?

— Сядай да стала і не вякай! Распусціў нюні! Наплачашся яшчэ, не спяшайся.

— Наплачамся ўсе. Судзьба… яна…

— Заткніся са сваёй судзьбой.

— Во, і ты яе баішся.

Стол, учора голы, калі гулялі ў карты, быў накрыты адмыслова вытканым палатняным абрусам, але на ім па-ранейшаму стаяла бляшаначка для акуркаў і ляжала калода карт.

Чурсік нейкі час сядзеў, закрыўшы твар далонямі, збіраў свае раскіданыя думкі. Потым апусціў рукі, убачыў карты і як бы ўзрадаваўся, што ёсць занятак. Колькі разоў ператасаваў калоду, потым пачаў задумліва раскладваць пасьянс.

Шабовіч хадзіў па пакоі, заглядваючы ў вокны, аднак не набліжаўся да іх. Мацней, чым упачатку, занепакоіла думка: што зрабіла Хрысціна — зачыніла дом ці пакінула адчыненым! I што лепш у яго становішчы — знаходзіцца пад замком ці мець свабоднае выйсце? Але марны занятак ламаць галаву над тым, што лепш, што горш, не ведаючы, што маеш.

Пайсці праверыць? А калі ў гэтага тыпа ёсць другі пісталет і іншая зброя?

Дзеці назіральныя, і малая, напэўна, звярнула б увагу, што маці, пакідаючы дом, не зачыніла яго. А такой замінкі не чуваць было — здзіўленага голасу Надзечкі. Выходзіць, зачыніла. Па логіцы павінна зачьгаіць, каб ніхто не ўвайшоў, ніхто не ўбачыў тут яго, Шабовіча: разумная ж жанчына. Ды ад такой нечаканасці любы разумны стане дурнем.

Думкі вірыліся, але ўсё роўна адчуваў страшэнную зморанасць. Ад сытых дранікаў, ці што? Нясцерпна хацелася сесці ці хаця б прытуліцца да вушака, да сцяны. Але ведаў: сядзе — засне. А заснуць нельга ні ў якім разе, нават на секунду. Паліцай сочыць за ім, хоць і заняты картамі. Верыць яму нельга. Дарэмна яны з Іванам ставілі мэту — уцягнуць яго ў сваю арганізацыю. Памыляліся. Не той чалавек. Глядзі, што, можа, наадварот: ён меў заданне прасачыць за імі, таму і пайшоў ахвотна на карцёжную дружбу.

Спыніўся перад сталом.

— Варожыш?

— Хочаш, і табе паваражу? Скажу, чым кончыцца твая авантура?

— Якая авантура?

— Ды гэтая…

— Ну, і гад

ты! Ну, і гад! А я лічыў, што ты чалавек. Думалі, паможаш нашым. Ведай жа… Калі ў тваім дурным кацялку сядзіць авантурнае, то раю выкінуць… Нашы ведаюць, да каго я пайшоў.

— Навошта ж ты Хрысціну паслаў?

— Іван ведае. А яму нельга паказвацца ў бальніцы. Цяміш?

— Іван таксама на волі? Як гэта вам удалося ўцячы?

— Ты дрэнна ведаеш нашы магчымасці.

— Ды дрэнна. Не верыў я, што ў вас такая арганізацыя.

— Пераканаўся? Вось таму і не паглядвай на маю кішэню, — паляпаў па пісталеце. — Выканае Хрысціна заданне маё — гарантую жыццё і спакой. Пры ўмове, канешне.

— Пры якой?

— Што развітаешся з паліцыяй. Будзеш служыць ды яшчэ калі прадасі нашых ці ў карнай акцыі паўдзельнічаеш — літасці не чакай. Цябе, дурня, не шкада. Надзю шкада. Яна невінаватая!

Чурсік згроб раскладзеныя кархы, твар яго збялеў, ён утаропіўся ў стол.

Шабовіч павярнуўся да акна, аглядзеў вуліцу. Пуста і ціха.

— Замок у цябе ўнутраны ці вісячы?

Чурсік неяк адразу павесялеў, нават зларадна ашчэрыўся.

— Баішся, што зачыніла цябе Хрысціна, а сама ў паліцыю пабегла? Тут немцы побач.

— Хрысціна не такая дурная, як ты.

I зноў ён сцяўся, змізарнеў, палонны ва ўласным доме.

«Бач, гад, пра замок змаўчаў. Хоча нагнаць страх, — падумаў Шабовіч. — А небяспека, можа, якраз у тым і схавана, што Хрысціна недурная».

Даўно заўважыў, што цяжэй за ўсё прадбачыць учынкі жанчыны, вельмі ж нечаканыя яны бываюць, іх думкі, іх дзеянні.

А сон, змора ціснулі непасільным цяжарам на галаву, на плечы, на вейкі, гнулі да долу, заплюшчваліся вочы. Ажно галюцынацыі пачаліся: ложкі, многа ложкаў, белыя падушкі, горы падушак. Во ў чым найболыная пагроза — заснуць так, што яго абяззброяць, звяжуць. А яму ж трэба пратрымацца да вечара. Заставацца тут і тады, калі вернецца Хрысціна, забярэ дачку. Хоць тады, бадай, бяспекі будзе больш. Калі яна не выдасць яго цяпер, то тады яе можна не баяцца, а пры ёй і Чурсік глупства не зробіць.

Ён прыйшоў сюды таму, што не было іншага выйсця, што трэба было заблытаць СД, зрабіць неверагодны ход, пра які не мог падумаць самы вопытны сышчык. Ён верыў Хрысціне. Праўда, там, на Камароўскім, больш, чым цяпер. Не верыць і цяпер, бо добра прыгледзеўся ў часе карцёжнай гульні да гаспадыні, у размове і справах яна выяўляла народны розум. А разумныя не выдаюць сваіх. Чурсік больш прымітыўная істота: баязлівец. Але на гэта ён, Шабовіч, і спадзяваўся. I на тое, што не вылазіў з яго пераконаны вораг. Выглядваў прыстасаванец. Хітры, але неразумны. Кулацкім паходжаннем ён ніколі не пахваліўся, скрываў яго і ў акупацыі, ва ўсялякім разе ад карцёжных сяброў, а пра сваё ўменне жыць казаў неаднойчы. Часам так пачынаў хваліцца, што жонка абрывала яго.

Аднак як пакутліва хадзіць ад сцяны да сцяны! Ногі наліваюцца свінцом, дзеравянеюць, не гнуцца ў каленях. Пратаптаў ужо прыкметную сцежку: гразь на ботах падсохла і асыпаецца на фарбаваную падлогу. Падумаў, як вылае яго гаспадыня: «Во натаптаў, няўклюда». Думкі накшталт гэтай — дробныя, ірваныя, як матузы, зблытаныя. Варта выцягнуць у Чурсіка якія-ніякія звесткі, можа, ведае што пра аблаву. Наўрад ці скажа. Але не таму не хацелася гаварыць з паліцэйскім, што той мала што можа паведаміць, а таму, што здавалася: сур’ёзная размова зусім знясіліць. Стаміліся не толькі ногі. Стамілася галава. Ад думак. Урэшце ўся нагрузка была на яе, на галаву, — ад гульні ў карты да… гульні ў «кошкі-мышкі» з тым жа ўчарашнім карцёжным праціўнікам.

Поделиться с друзьями: