Фаўст
Шрифт:
(Разглядвае знак.)
Нішто адвольна цэласці не рве, Усё ўзаемнай еднасцю жыве! Нябеснай сілай свецяцца паўсюды Быцця крыштальныя сасуды. І сіле той няма запруды — На крылах у гармоніі чароўнай Усе часцінкі і сасуды роўны. Які спектакль! У шклянцы бура! Дзе ж я схаплю цябе, бясконцая натура? Дзе ж я знайду цябе, жыцця крыніца, Што моц дае і небу, і зямлі? Калі ж таму, хто п’е з цябе, прыпаўшы ніцма, Астудзіш вусны смяглыя, калі?(Нецярпліва перагортвае старонкі, бачыць знак Духа Зямлі.)
Другая(Бярэ кнігу і вымаўляе таямнічае заклінанне Духа.)
Успыхвае барвовае полымя.
У полымі з’яўляецца Дух Зямлі.
Дух Зямлі
Хто зваў мяне?Фаўст (адварочваецца)
Жахлівы твар!Дух Зямлі
Маіх ты прагнуў сфер, з маіх піў чар! Нашто ж благаў, нашто прасіў, Калі цяпер…Фаўст
О боль! Глядзець нясіл!Дух Зямлі
Здзівіўся я: хто так упарта кліча? Хто хоча глянуць мне ў аблічча? Дай, думаю, прыму яго капрыз. І вось я тут, а Фаўст — раскіс! Цябе, звышчалавек, скруціў мізэрны страх. Дзе кліч душы? Няўжо зачах Той свет, які за доўгія гады У сэрцы выпеставаў ты, Каб потым цешыцца заўзята, Што з духамі ты стаў запанібрата! Дзе Фаўст наш горды, чый язык Данёс душы збалелай крык? Як разумець, што раптам ты Майго агню спалохаўся і твару І ўжо не хочаш стаць са мною ў пару, А толькі, знішчаны, трасешся ад жуды, Нібы чарвяк! О гэты вечны страх!Фаўст
Не страшна мне! Агонь мой не патух! Я — Фаўст! З табою роўны, Дух!Дух Зямлі
У бурах падзей, у жыццёвых вірах То — упаду, то — узлячу, То — назад, то — наперад імчу! Імкнуся я ўдаль! І жыццё, і смерць, І мора, і цвердзь — Як зменлівасць хваль! Так тчэцца на кроснах прыродных кругоў Жывое адзенне багоў.Фаўст
Ты маеш свет і тчэш адзенне бога, Які ж, Дух дзейны, блізкі я табе!Дух Зямлі
Ты блізкі Духу, свет якога Уразумеў! Не мне!..(Знікае.)
Фаўст (узрушана, з адчаем)
Табе не блізкі я?.. Каму ж тады?.. Богападобны вобраз я!{12} — Табе не блізкі, не?..Стук у дзверы.
О ліха!.. Лабарант мой — фамулюс{13}, Прыйшоў, каб галаву мне затлуміць І ў жылы зноў атруты ўліць — Сухі праныра і падступны хлус!Уваходзіць Вагнер у начным каўпаку і ў шлафроку з лямпай у руцэ. Фаўст з прыкрасцю паварочваецца да яго.
Вагнер
Прабачце, вы дэкламавалі нешта З трагедый грэчаскіх, відаць! І я не супраць у мастацтве, зрэшты, Каронаю трыумфу заўладаць. Камедыянт, хай грае вельмі ўдала, Не пераплюне кардынала.{14}Фаўст
Калі, канечне, поп ваш не са сцэны — Такія ў нас здараюцца падмены.Вагнер
Ах, ці не лепш утульны кабінет! З яго ў акенца мы глядзім у свет. Нібы ў падзорную трубу на неба. Дык як жа нам вучыць людзей як трэба?Фаўст
Мастацтва без душы — не адмыслова. Калі ў яго я ўкладваю душу, То шчырым і сардэчным словам Людзям я сэрцы ўзварушу. А вы! Сядзіце, выбірайце з місак Чужыя недаедкі на булён І дзьмухайце ў даўно астылы прысак — А мо жарынкай выблісне вам ён. Не дзіва, што не адрыгнецца Такая страва смачная, ані — І вы не злучыце ніколі з сэрцам сэрца Сваёй няшчырасцю і поліўкай з хлусні.Вагнер
Ах, толькі казань шчасце нам дае, Ды жаль, мне красамоўства не стае.Фаўст
А ты адразу хочаш стаць кумірам! Навошта пераймаць табе аслоў? Будзь простым, будзь заўсёды шчырым, Зрачыся звышразумных слоў. Сур’ёзнае паслухаць кожны рады, Калі яно без трэску, без бравады. А вашых фраз бліскучых — ані блізка! Ад іх аскома і настрой ліхі, Шумяць, бы ўвосень з поўначы вятрыска, Калі па лузе гоніць ліст сухі.Вагнер
Мой бог! Мастацтва без мяжы, без краю — Жыццё ж кароткае занадта ў нас. Вось мне, калі крытычна разважаю, Аж неяк страшна робіцца падчас. Шлях да вытокаў ісцін не кароткі — Змардуешся, пакуль сам знойдзеш сродкі, Глядзіш, прайшоў не больш як паўдарогі, Ды тут пара прыйшла выцягваць ногі.Фаўст
Няўжо твае пергаменты — крыніца, З якое можна мудрасці напіцца? Патолі не здабудзеш анідзе, Калі яна сама з душы не йдзе.Вагнер
А як прыемна часам у самоце Абмераць духам даўняе стагоддзе, Здаволена скептычным кінуць вокам На ўяўны розум колішніх прарокаў?Фаўст
О так! Удаль! Вышэй! Да зор! Мой друг, часоў былых прастор — Ёсць кніга пры сямі пячацях. А што вы духам часу завяцё,— Ёсць сам ваш дух, які жыццё Перадае ў людскіх паняццях. Як не заплакаць ад сумоты нуднай, Як не зняверыцца ў сваёй душы! — Пакажуць п’есу модную на кірмашы Сярод галечы, нэндзы і старызны бруднай — Фарс на дзяржаву, пошлыя маралькі,— Нібыта цешацца на сцэне лялькі!Поделиться с друзьями: