Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Фаўст

Гётэ Ёган Вольфганг

Шрифт:

Другі мешчанін

На свята ці ў нядзелю мне прыемна Паслухаць гутарку аб сварках, войнах, Што ў Турцыі тамтэйшай неспакойна, Што людзі недзе рэжуцца ўзаемна. Сядзіш сабе з тым куфлем пад акном, Глядзіш — па рэчцы праплываюць баржы, А ўвечары ідзеш да жонкі ў дом, Спакойны, мірны і спаважны.

Трэці мешчанін

Якраз і я так думаю, суседзе: Хай б’юцца, душацца, наліха, Хай дагары нагамі ўсё паедзе, Абы — у нас было ўсё гладка, ціха.

Старая (дзяўчатам-мяшчанкам)

Ай, расфуфыры, ай, чапуры,— Ад кавалераў горда вернуць пысу, А самі ледзь не вылезуць са скуры: Не поп — не прыбірайся ў рызу.

Дзяўчына-мяшчанка

Бяжым адсюль! Баюся я, Агата, Каб не ўракла вядзьмарка
спадціха,
Хоць мне яна яшчэ да свята Наваражыла жаніха.

Другая

І мне майго паказвала ў крышталь — Не хто-які ён — станісты ваенны! Я ўсё яго шукала, ды, на жаль, Увесь мой клопат марны і дарэмны.

Салдаты

Вежы высокія, Вымураваныя. Чуйныя, зоркія Мы — чараваныя. Крэпасці цвёрдыя Войскам узяты! Хочуць салдаты Славай упіцца! Гучнымі трубамі У бітвы зазваныя. Цяжкімі згубамі Мы гартаваныя. Ласкі жаноцкія, Бітвы і страты, Радасці плоцкія — Знаюць салдаты. Хочуць салдаты Славай упіцца, Замкі, дзяўчаты Мусяць скарыцца!

Фаўст. Вагнер.

Фаўст

Сплылі па рацэ крыгі шумнай паводкі Пад ветразем добрай красуні-вясны — Даліны рунеюць, п’яніць пах лясны. Сівая зіма баль спраўляе кароткі Між горных уцёсаў і змрочных цяснін. Адтуль яна, лютая, злосна яшчэ Вятрыскамі, колкаю снежнай парошай Па ніве ўзрунелай і пашы сячэ, Ды сонца ўжо лашчыць праменнай раскошай. Бягуць ручаіны, гамоняць заўзята, Прыродзе і людзям аднолькава — свята. І хоць не цвітуць ні лугі, ні палі, Дык людзі затое паўсюль расцвілі. Глянеш з гэтае гары На вароты, на муры — Як са змрочных тых варот Валам валіцца народ! Сагрэцца пара, разгавецца з паста, Ўваскрэсенне адсвяткаваўшы Хрыста. І самі ўсе людзі ўваскрэслі нібыта. З хацінак закураных, нізкіх, гнілых, З майстэрань і крам, ад катла і карыта, З гарышчаў, скляпоў, ад памрочышчаў злых, Ад працы натужнай, халоднай галечы, Ад нудных, уедлівых хатніх турбот, Ад змрочна-ўрачыстай царкоўнай пустэчы Спяшае на ўлонне прыроды народ! Ты бачыш, як люд па раздольнай даліне Расплыўся — гуляюць, танцуюць, пяюць І як на рачной на паводкавай плыні Вясёлыя лодкі гарэзна снуюць. Апошняй лодка адплывае, Нагружаная цераз верх. І на сцяжынках гор лунае Залівісты, свавольны смех. Бруіцца гоман на паляне, І залівае радасць луг; Я ведаю, — там, дзе сяляне, Жыве мой чалавечы дух.

Вагнер

Мне, пане доктар, не на шкоду Вандроўкі нашыя пяшком; Але, на вашым месцы, зроду Не знаўся б з грубым мужыком. Варожыя іх песні, танцы, Іх скрыпкі, кеглі, карагод; Як чэрці ў пекле галадранцы, А вы мне кажаце — народ!

Сяляне (пад ліпаю; песні, гулянка)

На фэст прыбраўся раз пастух: Надзеў каптан і капялюх — Апошні шык, дый годзе! Пад ліпаю людзей-людзей!.. Музыкі, смех — аж дол гудзе! А смык той чортам ходзе! Вух-ха! Юх-ха! Вух-ха! І га-га-га! Хлапчына ў гурт бачком-бачком — І дзеўку злёгку плечуком Штурхель! — а сам не лысы. Яна зірнула строга: «Ах! А каб ты скіс, а каб ты спрах! Не адварочвай пысы!» Вух-ха! Юх-ха! Вух-ха! І ого-го! Адразу спетрыў спрытны зух, Пад пахі дзеўку, скок — у круг! І — дайце ж рады пары! Гараць іх шчокі, нібы мак, Рука ў руцэ — агонь юнак! …Сукенкі, локці, твары… Вух-ха! Юх-ха! Вух-ха! І гы-гы-гы! «Вам толькі б грэцца ля спадніц, Я знаю вас — шукай дурніц! Чаго тут заляцацца!» Ён ціха ўбок! — пад струнны зык — Ад ліпы, смеху і музык! А ўподручкі з ім… цаца! Вух-ха! Юх-ха! Вух-ха! І хі-хі-хі!

Стары селянін

Пан доктар, вы вучоны муж,— Тым болей радуемся мы, Што не пагрэбавалі зноў Прыйсці да нашае гурмы. Найлепшы кубак падаём: І асвяжальны наш напой Няхай патоліць смагу вам, Няхай у сэрца лье спакой,— І кропель колькі ў гэтым шкле, Хай столькі дзён вам бог пашле!

Фаўст

За
гонар дзякую. Я п’ю
За вашу дружную сям’ю.

Людзі збіраюцца навокал яго.

Стары селянін

Дальбог, мы рады ад душы, Што вы прыйшлі ў святочны час, Хоць, праўда, і ў благія дні Наведвалі вы часта нас! Нямала тут стаіць людзей, Якім калісь жыццё збярог Нябожчык бацька ваш, калі Прагнаць паморак дапамог; Яшчэ тады, бывала, з ім Хадзіў да хворых і юнак! Ах, колькі згінула ў той час,— Вас бараніў гасподзь, аднак. З нягод ліхіх, цяжкіх вы цэлы выйшлі, Збярог збавіцеля збавіцель вышні.

Усе

Няхай здароўе ваша, пане, Зарукай дапамогі стане!

Фаўст

Маліцеся Таму, які ўгары! — За веды, розум і дары!

(Ідзе з Вагнерам далей.)

Вагнер

Што адчуваеце вы, муж вялікі, Калі вітаюць вас натоўпу крыкі? Шчаслівы, хто пасля ліхіх турбацый Дажыў да гэтакіх авацый! Усе бягуць, нібыта ў ліхаманцы, Таўкуцца, з любасцю на вас глядзяць, Угору шапкі скрозь ляцяць, Змаўкае скрыпка, ціхнуць танцы. Народ на шпацыры, на пагулянцы Каб трохі — у святым маленні Прад вамі стаў бы на калені.

Фаўст

Давайце, дружа мой, з дарогі Мы адпачнём на тым каменні, Дзе ў пост галодны, пост убогі Я кленчыў чыста ў задуменні, З надзеяй верачы яму, Маліўся, слёзна ўзносіў рукі, Благаў, каб вызнаў нашы мукі І адагнаў ад нас чуму. Хвала натоўпу мне — дакор! Бо сэрца кажа: тая слава, Якою цешуся да гэтых пор, Мне так дасталася без права. Мой добры бацька праблукаў Каля таемнасці натуры, Свядома нішчыў дух пануры І думак строй па-свойму ткаў; Ён у кампаніі адэптаў На чорнай кухні мудраваў І ўедліва шукаў рэцэптаў, Як спрэчнае з’яднаць у сплаў. Лілея і залётнік — леў чырвоны, Вянчаныя ў купелі тут, Загнаныя ў агонь шалёны, Для шлюбнай тайнасці шукалі кут. І вось у фарбах дзіўных з’яў З рэторты юная царыца На пошасць выйшла падзівіцца.{18} Тым часам люд сабе канаў. І эліксірам тым пякельным мы Сярод лугоў, сярод тутэйшых гор Людзей лячылі ад чумы — Але атрутай не спынілі мор. І вось мяне, забойцу, славіць хор!

Вагнер

Нашто ўдавацца ў смутак і змартвенне? Няўжо, выдатны муж, таго вам мала, Што вы ў свой спрыт, які жыццё паслала, Уклалі добрае сумленне? Вы ў маладосці бацьку шанавалі — Навошта ж катаваць сябе за гэта. Цяпер, калі вы сутнасць распазналі, Няхай вас іншая турбуе мэта.

Фаўст

Шчаслівы, хто не выракся надзеі З балот маны зірнуць на свет! Ад вечных бед шукаем панацэі, Хоць дасягнуць не ўмеем блізкіх мэт. Аднак гадзіну шчасця і дабра Хай не азмрочыць недарэчны смутак! Глядзі, ужо вячэрняя зара Пазалаціла дахі хат і будак. Дзень згас. Скаціўся з неба сонца скрыль, Каб недзе там свяціць жыццёвым сілам. Чаму, чаму не даў, гасподзь, мне крыл, Каб мог ляцець я следам за свяцілам! У вечных промнях радасных хвілін Пабачыў бы ля ног я свет шырокі, І ззянне гор, і ціхі змрок далін, І ў срэбры й золаце аблокі. І не спынілі б мой бунтарскі чын Ні горы дзікія, ні змрок, ні скалы — І вось ужо блакіт ласкавы Марскую песціць далячынь… Сышоў магутны бог з нябёс у край імглісты. Мая мацнее прага, знішчыўшы жуду,— Спяшаюся, каб піць прамень вячысты, Пакінуў ноч і ў новы дзень іду, У ззянні зор пад гоман хваль чароўных. Як мара, мой прыгожы сон! Але, на жаль, На крылах плоцкіх чалавеку ўдаль Плыць нельга з духамі на роўных. Такі ўжо род наш чалавечы, Што мы імкнёмся ўгору без прынук, Калі над намі, знікнуўшы ў сінечы, Рулады звонкія вядзе жаўрук, Калі над стромымі гарамі Арлы лунаюць і калі Па-над палямі і марамі Ляцяць у вырай жураўлі.

Вагнер

І я, бывае, ў роспач упадаю — Але такіх дзівосных думак не прымаю. Абрыдне лес і луг, мне з імі цяжка ўжыцца, І не зайздросны мне ў палёце птах, Затое ж як чаруе кніжная паліца — Гартаць старонкі, корпацца ў тамах! Зімовай ночы мала мне, калі шукаю, І млосць такая ў целе, галаве; А то стары пергамент раскапаю — І літарка да літаркі плыве.

Фаўст

Поделиться с друзьями: